Палацава-паркавы комплекс Сапегаў у Ружанах дапамагаюць аднаўляць валанцёры з замежжа

Ружанскі палац запрашае

Палацава-паркавы комплекс Сапегаў у Ружанах дапамагаюць аднаўляць валанцёры з замежжа


Цяпер вядомаму помніку культуры XVI-XVII стагоддзяў дзякуючы клопатам дзяржавы, рэалізацыі вялікай праграмы “Замкі Беларусі” вяртаецца былая прыгажосць. Размешчаны Палацава-паркавы комплекс Сапегаў у гарадскім пасёлку Ружаны — гэта Пружанскі раён Брэсцкай вобласці. Дырэктар комплексу Руслан Кніга паведаміў: сёлета, па добрай ужо традыцыі, на ўнікальным аб’екце працавалі і валанцёры з розных краін.


Палацава-паркавы комплекс Сапегаў у гарадскім пасёлку Ружаны прыгожа глядзіцца з вышыні птушынага палёту

Летам у Ружанах можна пачуць розныя мовы: мясцовы палац прафесійным будаўнікам дапамагаюць рэканструяваць валанцёры міжнароднага маладзёжнага атрада “Спадчына Сапегаў”. У ім працуюць маладыя людзі з Беларусі, Нідэрландаў, Чэхіі, Славакіі ды Расіі. Для тых, хто захоча паўдзельнічаць у праекце, на будучыню падкажам: атрад арганізуецца пры падтрымцы рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА” і Пружанскага райвыканкама. Сёлета больш за 20 чалавек у пяты раз прыехалі ў Ружаны. Бо гэта ж так цікава: хоць трошкі зрабіць для аднаўлення рэзідэнцыі знакамітага княжацкага роду, а таксама царквы Пятра і Паўла, касцёла святога Казіміра. Паводле слоў Руслана Кнігі, валанцёры ачышчалі ад будаўнічага смецця падвал у паўночным корпусе старажытнага замка. А гэта ж не проста нейкае падзямелле: там раней размяшчалася казна Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага!

Акрамя працы, у Ружанах маладыя валанцёры, узрост якіх ад 19 да 35 гадоў, удасканальваюць сваё веданне англійскай мовы (бо зносіцца даводзіцца пераважна на ёй), знаёмяцца з іншымі гістарычнымі, культурнымі мясцінамі Беларусі. У прыватнасці, для іх ладзіліся экскурсіі ў Косава, Слонім, Лыскава, Жыровічы. Жылі валанцёры вельмі рамантычна: у былым будынку манастыра базыльян, які, дарэчы, таксама прызнаны помнікам архітэктуры XVIII стагоддзя. Між тым, паведаміў Руслан Кніга, яшчэ адзін падобны валанцёрскі атрад быў створаны і ў Нясвіжы. Там таксама цікава і папрацаваць, і агледзець мясцовыя славутасці, сярод якіх галоўная — Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, ці знакамітая рэзідэнцыя князёў Радзівілаў. Ён, дарэчы, унесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.


Старажытныя сцены помняць росквіт і багацце магнацкага роду

Вернемся, аднак, у Ружаны. Рэстаўрацыйныя работы ў старажытнай рэзідэнцыі Сапегаў пачаліся ў 2008 годзе. Ужо адноўлены ўязная брама, бакавыя флігелі, адкрыты музей. У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай “Замкі Беларусі” на 2012-2018 гады на рэканструкцыю Ружанскага палацава-паркавага комплексу выдзелена паўтара мільярда беларускіх рублёў. Цяпер асноўныя работы вядуцца ва ўсходнім корпусе: некалькі стагоддзяў таму дзейнічаў там адзін з лепшых тэатраў Еўропы. З часам, плануецца, там адкрыюцца гатэль і рэстаран. А гасцей у Ружанскі палац прыязджае ўсё больш: сёлета яго наведалі ўжо больш за 40 тысяч турыстаў, у тым ліку і з Польшчы, Ізраіля, Германіі, Францыі, краін Балтыі ды СНД.

Аляўціна Чарнаволава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter