Руплівец з Ізяслава

Павандраваўшы па свеце, ведаючы шэсць моваў, Пятрусь Капчык найвышэй цэніць родную, беларускуюПаважаная рэдакцыя! Звяртаюся да вас ад імя сяброў Петруся Капчыка, які ўзначальвае суполку беларускай культуры “Зорка Венера” ва ўкраінскім горадзе Ізяслаў, што ў Хмяльніцкай вобласці Украіны. Яму 23 красавіка спаўняецца 70 гадоў. Вось і хочацца расказаць чытачам пра сябра, даўняга аўтара “Голасу Радзімы”, адрасаваць яму праз газету нашае калектыўнае віншаванне на ўкраінскай мове. Але спачатку — пра адметны жыццёвы шлях юбіляра.
Павандраваўшы па свеце, ведаючы шэсць моваў, Пятрусь Капчык найвышэй цэніць родную, беларускую

Пятрусь КапчыкПаважаная рэдакцыя! Звяртаюся да вас ад імя сяброў Петруся Капчыка, які ўзначальвае суполку беларускай культуры “Зорка Венера” ва ўкраінскім горадзе Ізяслаў, што ў Хмяльніцкай вобласці Украіны. Яму 23 красавіка спаўняецца 70 гадоў. Вось і хочацца расказаць чытачам пра сябра, даўняга аўтара “Голасу Радзімы”, адрасаваць яму праз газету нашае калектыўнае віншаванне на ўкраінскай мове. Але спачатку — пра адметны жыццёвы шлях юбіляра.
Пятрусь Міхайлавіч нарадзіўся ў 1944 годзе ў вёсцы Раўнаполле Рудзенскага (цяпер Пухавіцкі) раёна, што недалёка ад Мінска. У 19-гадовым узросце пакінуў Беларусь, у Данецку асвоіў прафесію муляра. Потым было Макееўскае педвучылішча, школа-інтэрнат №2 у Канатопе, дзе наш зямляк працаваў старшым піянерважатым. Расказваў: тужыў па Беларусі, вярнуўся да яе, і з верасня 67-га працаваў выкладчыкам фізкультуры і тэхнічнай працы ў васьмігодцы вёскі Брадзяцін Маларыцкага раёна. А праз год ён ужо настаўнік беларускай мовы і літаратуры ды нямецкай мовы ў Карнюткаўскай васьмігодцы Валожынскага раёна. Дарэчы, з Валожыншчыны родам Пасол Беларусі ва Украіне Валянцін Вялічка, і ён таксама сёлета юбіляр: з 1944 года. Побач з Карнюткамі — вёска Пугачы, радзіма паэта Віктара Шніпа, галоўнага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Пятрусь Капчык пасябраваў з паэтам яшчэ ў той час, бываў у Пугачах, любіць паэзію Віктара і ягонае жонкі Людмілы Рублеўскай. Іхнія зборнікі вершаў з аўтографамі ёсць на выставе ў раённай бібліятэцы, якая там цяпер адкрыта.
І пасля Карнюткаў Пятрусь прадоўжыў пошукі свайго месца ў жыцці: у 69-м ён ужо студэнт Мінскага кааператыўнага тэхнікума, вучыцца на таваразнаўцу кніг. Памятае, як на практыцы ў мінскай кнігарні сустракаўся з многімі вядомымі беларускімі пісьменнікамі. Пятрусь і сам пачаў пісаць, ягоныя допісы змяшчалі “Літаратура і мастацтва”, “Чырвоная змена”, “Голас Радзімы”, “Мінская праўда”, іншыя газеты і часопісы. Потым была праца ў кніжным гандлі Століна і Вялікай Бераставіцы.
Ды ізноў захацелася Петрусю Капчыку “перамены месцаў”, і з 73-га ён падаўся ў свет. Вучыўся на філфаку Дагестанскага дзяржуніверсітэта, які скончыў з чырвоным дыпломам, папрацаваў журналістам у Таджыкістане — у абласной газеце “Кулябская правда”. Зноў Україна, дзе і ажаніўся, пусціў карані. І дзе б наш сябра ні жыў, ён не здраджваў беларускасці: родная мова, літаратура, культура, гісторыя — гэта важная частка яго жыцця. Суполка “Зорка Венера” ў Ізяславе пачыналася ў 1985 годзе — з гуртка “Мова нашых пабрацімаў” у сярэдняй школе №1. Там нястомны папулярызатар роднага слова працаваў да жніўня 2011-га, пакуль не выйшаў на пенсію. Хутка 30 гадоў, як Пятрусь Капчык падтрымлівае “полымя беларускасці” ў гарадку на рэчцы Гарынь: якая, дарэчы, нясе воды на Палессе, у Беларусь. У 2005-м наш кіраўнік суполкі стаў лаўрэатам конкурсу “Нашчадкі Скарыны”, а за папулярызацыю беларускай культуры і мовы сярод суайчыннікаў замежжа, шматгадовае супрацоўніцтва з газетай “Голас Радзімы” ў сувязі з 50-годдзем выдання Падзячны ліст атрымаў ад старшыні Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Саўміне Беларусі.
Пятрусь Капчык быў сябрам аргкамітэту па стварэнні Усеўкраінскага саюза беларусаў, ён сябра Галоўнай рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Валодае шасцю мовамі: беларускай, польскай, украінскай, рускай, нямецкай і французкай. А найвышэй цэніць родную, беларускую. На ёй, а таксама па-руску піша вершы, гумарэскі, апавяданні, перакладае з французкай і нямецкай на беларускую. Яго творы друкуюць мясцовыя выданні, перыёдыка замежжа. У 2011 годзе Пятрусь Капчык удзельнічаў у Першым фестывалі мастацтваў беларусаў свету, быў ушанаваны дыпломам лаўрэата, атрымаў Падзяку Міністра культуры Беларусі “за значны ўклад у захаванне і папулярызацыю беларускай культуры і традыцый за мяжой”.
Віншуючы сябра з блізкім юбілееем, дасылаем яму віншаванне на ўкраінскай мове, якую ён таксама вельмі паважае. З днем народження вітаємо сердечно нашого юбіляра Петруся Капчика! Бажаємо сонця, весняного цвіту,/ Хай ранки твої будуть сонцем зігріті,/ Нехай тобі, друже, у будні і свята/ Лиш радісні вісті приходять до хати./ Хай щастя рікою в житті твоїм ллється/ Хай хліб і до хліба у домі ведеться,/ Хай серце не знає печалі і болю,/ Бажаєм довіку щасливої долі!

Міхась Слабоцкі, сябра суполкі беларускай культуры “Зорка Венера”

На здымку:
Пятрусь Капчык
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter