Рознакаляровыя пялёсткі шматэтнічнага букета

У Гродне ў дзявяты раз ладзіцца Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Шмат сюрпрызаў чакае гасцей гэтага ўнікальнага форуму.З асаблівым хваляваннем рыхтаваліся да сёлетняга фэсту артысты армянскага ансамбля танца “Эрэбуні”. Кіраўнік суполкі Георгій Егіазаран зазначае, што гродзенскі фэст стаў ці не асабістым святам для кожнага з іх. “Калектыў удзельнічаў яшчэ ў першым фэсце, з таго часу не прапусціў ніводнага, — гаворыць Георгій Аванушаванавіч. — Кожны з нас быў сведкам, як з году ў год форум рос і набіраў моц, станавіўся ўсё больш папулярным”.
Заўсёды дружна сустракаюць Гродзенскі фэст прадстаўнікі розных нацыянальнасцяўУ Гродне ў дзявяты раз ладзіцца Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Шмат сюрпрызаў чакае гасцей гэтага ўнікальнага форуму.
З асаблівым хваляваннем рыхтаваліся да сёлетняга фэсту артысты армянскага ансамбля танца “Эрэбуні”. Кіраўнік суполкі Георгій Егіазаран зазначае, што гродзенскі фэст стаў ці не асабістым святам для кожнага з іх. “Калектыў удзельнічаў яшчэ ў першым фэсце, з таго часу не прапусціў ніводнага, — гаворыць Георгій Аванушаванавіч. — Кожны з нас быў сведкам, як з году ў год форум рос і набіраў моц, станавіўся ўсё больш папулярным”.
І сапраўды, калі ў 1996-м у гродзенскім фэсце ўдзельнічалі 11 нацыянальных супольнасцяў, то ў мінулым — ужо 33. Сёлета да іх далучыліся венесуэльцы, іспанцы, афрыканцы.
Спаўняецца фэсту толькі 15 гадоў, але ён паспеў стаць сапраўднай культурнай падзеяй у жыцці розных суполак Беларусі. Яго чакаюць, да яго рыхтуюцца. Бо гэта паказ таго, як на беларускай зямлі ў згодзе і дружбе жывуць прадстаўнікі розных народаў. А іх, паводле перапісу 2009 года, больш за 140. Нягледзячы на такую этнаразнастайнасць, у краіне няма канфліктаў на нацыянальнай і канфесійнай глебе. “Мір і спакой абумоўлены як гістарычнымі абставінамі, так і менталітэтам нашага народа, — упэўнены намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Уладзімір Ламека. — Паказальны прыклад Іўя, дзе на адной вуліцы ўзведзены і царква, і мячэць, і касцёл… І пасля службаў жыхары ходзяць адзін да аднаго ў госці, і няма паміж імі аніякага непаразумення”.
Вядома ж, каб іншых разумець і паважаць, трэба больш ведаць пра культуру, традыцыі іншых народаў. Вось пазнаёміцца з людзьмі, што па волі лёсу аказаліся ўдалечыні ад сваёй этнічнай радзімы, падзівіцца іх культурнымі здабыткамі і можна ў Гродне. Сёлета сярод мноства этнічных падворкаў, якія будуць вітаць гасцей фэста, у цэнтры горада ўладкуецца, нібы своеасаблівы востраў дружбы, інтэрнацыянальны гарадок. У ім міжнацыянальны каларыт і ўтульнасць будуць ствараць гурт “Барысаўскае шматгалоссе”, у якім спяваюць, граюць, танцуюць прадстаўнікі аж чатырнаццаці нацыянальнасцяў, і ансамбль інтэрнацыянальнай дружбы Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. На інтэрпадворку можна будзе пабачыць вырабы народных майстроў, пазнаёміцца з музыкай і абрадамі, пачаставацца стравамі з розных краін. Упершыню пройдзе і кінафэст, на якім пакажуць дакументальныя фільмы пра гістарычныя радзімы прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў, іх творчасць.
На ІХ Фестывалі нацыянальных культур гасцей чакае шмат навінак. Самыя адметныя з іх — гала-канцэрт творчых калектываў Беларусі, Расіі і Казахстана, выстава гаспадарчых дасягненняў, фестываль адзінаборстваў, конкурс асілкаў…
Цікава, што ўсе падворкі аб’яднаны тэмай вясны. І ўсе супольнасці складуць у Гродне непаўторнай прыгажосці букет. Нездарма ж і эмблема фэсту зроблена ў выглядзе кветкі з рознакаляровымі пялёсткамі. Так, і ў кожнай нацыянальнасці — свае колер і адмеснасці. Але яны як нідзе яскрава раскрываюцца ў атмасферы дружбы і паразумення. Так адбываецца на свяце ў горадзе над Нёманам.

Кацярына Мядзведская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter