"Этот праздник дает новые эмоции для творчества": наши знаменитые литераторы - о том, почему они едут на День белорусской письменности

Родныя старонкi

На працягу двух дзён у Іванаве будзе гучаць наша роднае слова. На свята беларускага пісьменства з’едуцца літаратары з розных куткоў нашай краіны, а таксама замежныя госці. Мерапрыемстваў у гэтыя дні — вочы разбягаюцца. Мы папрасілі некаторых герояў свята расказаць, што іх цягне ў Іванава. Такім чынам даведаліся і пра самыя цікавыя імпрэзы Дня беларускага пісьменства.

Жыхары Iванава з нецярпеннем чакаюць свята.
Фота Сяргея ЛАЗЮКА

Я песню вам спяю пра родны край


Георгій МАРЧУК, пісьменнік, сцэнарыст, драматург, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі:


— Я ўжо не ўяўляю свайго жыцця без гэтага свята. З кожным годам Дзень беларускага пісьменства ўсё цікавей, усё маштабней. І, што галоўнае, усё бліжэй да кнігі і ўсяго, што з ёй звязана. Прыемна, што свята знаходзіць водгук у людзей, сюды едуць дыпламаты, пісьменнікі з рэгіёнаў, прадстаўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, звычайныя людзі. 

Урачыстае адкрыццё кожны год праводзіцца на самым высокім узроўні, удзельнічаюць артысты розных жанраў, заўсёды цікава напісаны сцэнарый. Тое, што было ў Полацку, зусім не падобнае на тое, што праходзiла ў Рагачове. І так заўсёды. Упэўнены, будзем здзіўлены сёлета і ў Іванаве. Мне пашчасціла, што на свяце адбудзецца прэм’ера маёй песні на музыку народнага артыста Беларусі Эдуарда Ханка «Родны край». Там гучыць і тэма Палесся, і тэма малой радзімы, а таксама і тэма нашай вялікай радзімы — Беларусі. Прыемна, што выканае яе заслужаная артыстка краiны Ірына Дарафеева.

Я сёлета еду ў Іванава яшчэ і як намінант на Нацыянальную літаратурную прэмію. Гэта таксама асаблівая падзея ў жыцці любога літаратара, гонар. Там мы атрымліваем адзнаку сваёй працы за апошнія гады. Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі вылучыла на конкурс маю кнігу «Святло вышыні», у якой надрукаваны чатыры п’есы, тры з іх прысвечаныя нашаму першадрукару і асветніку Францыску Скарыну, а яшчэ адна — жыццю маладога віцебскага князя Альгерда. Гэта сур’ёзныя біяграфічныя творы, над якімі я працаваў апошнія два гады. Вывучаў гістарычныя матэрыялы, каб быць дакладным, але, як звычайна і бывае ў мастацкім творы, нешта я дамыслiў. Звестак пра княжанне Альгерда ў Віцебску вельмі мала, я крыху назбіраў, штосьці дадаў, і атрымалася першая п’еса пра гэты персанаж у Беларусі. 

Штогод падчас Дня беларускага пісьменства на высокім узроўні праходзіць Міжнародны круглы стол. Хачу там пабываць і сёлета. Гэта цікавы абмен думкамі. Усе краіны, якія да нас прыязджаюць, перажываюць аднолькавыя праблемы: дрэнная папулярызацыя кнігі, недастатковая экранізацыя твораў, адсутнасць тэлевізійных перадач на гэтую тэму і г.д. Вельмі мне падабаецца і фінал конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», дзе дзеці з розных куткоў краіны чытаюць вершы нашых знакамітых паэтаў. Наогул, вельмі добра, што да такога свята далучаюцца простыя людзі. У іншы час іх складана сабраць, а тут у нас сапраўды з’яўляецца аўдыторыя. 

У Іванава збіраюся з трапяткімі пачуццямі: не быў там гадоў трыццаць. Ведаю, што мясцовыя ўлады ўпрыгожылі горад да свята, зрабілі спецыяльны знак, які яшчэ шмат гадоў будзе нагадваць пра Дзень беларускага пісьменства. Заўсёды цікава прыязджаць у такія мястэчкі, асабліва людзям, якія самі некалі выйшлі з правінцыі, але аселі ў Мінску. Я з такіх. У гэткія моманты быццам бы душой вяртаюся ў маладосць, і шчыміць сэрца ад думак пра родныя мясціны. 

Фестываль кліча


Анатоль БУТЭВІЧ, былы мiнiстр культуры i друку, пісьменнік, перакладчык:


— Дзень беларускага пісьменства для мяне пачаўся яшчэ 29 жніўня, калі я выправіўся ў Рэспубліканскую навукова-асветніцкую экспедыцыю «Дарога да святыняў» з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга. Гэтай акцыі, як і самому святу, сёлета дваццаць пяць гадоў. Я ўдзельнічаў у самай першай экспедыцыі, калі быў міністрам культуры i друку, потым на некалькі гадоў з’язджаў за мяжу на дыпламатычную работу, а ў апошнія гады зноў далучыўся да сваіх калег, якія штогод выпраўляюцца ў шлях па роднай Беларусі. Народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, археолаг Фёдар Лысенка, іншыя сёлета таксама тут, і я побач з імі. Кожная экспедыцыя — гэта амаль тысяча кіламетраў, за ўсе гады пройдзена каля трыццаці тысяч кіламетраў. Усіх удзельнікаў — не злічыць. Гэта дзясяткі тысяч чалавек. Сёлета наш маршрут пачынаўся ад Свята-Духава кафедральнага сабора і ішоў праз Лагойск, Свіслач, Рудзенск, Дзяржынск, Клецк, Ружаны, Целяханы, Лагішын. Традыцыйна наведвалі не толькі святыя месцы, але заходзілі ў школы, бальніцы, да хворых людзей. Яны атрымліваюць ад нас іскру надзеі, а мы зараджаемся эмоцыямі на будучыню. Наша экспедыцыя заўсёды заканчваецца ў горадзе, які прымае Дзень беларускага пісьменства, сёлета гэта Іванава. Цудоўнае свята, дзе ўшаноўваецца беларуская мова, якую мы павінны захоўваць, шанаваць і перадаваць. 

Я запрашаю ўсіх жыхароў горада і яго гасцей на традыцыйны фестываль кнігі і прэсы. Там заўсёды можна сустрэць шмат цікавых людзей, пазнаёміцца з беларускай літаратурай. Сёлета там буду і я. Выдавецтва запрасіла мяне зрабіць прэзентацыю сваіх кніг. Найперш гэта «Таямніцы Мірскага замка», «Таямніцы Нясвіжскага замка», «Таямніцы Крэўскага замка», будуць і іншыя творы. Падчас фестывалю звычайна адбываецца шмат цікавых мерапрыемстваў. Прыходзьце — не пашкадуеце: зможаце пазнаёміцца з творцамі, набыць кнігі і ўзяць аўтограф у аўтара.

Бачу Беларусь такой


Уладзіслаў ЦЫДЗІК, грамадскі дзеяч, фотамастак:


— Мне вельмі прыемна сёлета мець дачыненне да Дня беларускага пісьменства. Некалькі разоў бываў на гэтым свяце і кожны раз расчульваўся. Некалькі гадоў таму зрабіў фотаальбом «Зачараваны Беларуссю», дзякуючы радкам нашых літаратараў, якія аздобілі кожны здымак, альбом можна нават назваць фотапаэтычным. Прыемна, што кніга мела добрыя водгукі, з’явілася ў розных пасольствах. Як вядома, у такой справе запал прыходзіць пасля поспеху, таму хутка з’явілася ідэя зрабіць наступны альбом. Намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах прыдумала вельмі слаўную назву — «Бачу Беларусь такой...». Гэта ілюстраваны альбом, які паказвае ўсю прыгажосць нашай краіны. У першую чаргу гэта наша прырода, жывёльны свет. Вядома ж, і архітэктура. І, канечне, нашы людзі. На працягу двух гадоў я наведваў розныя куткі Беларусі, назіраў, здымаў. А пасля, як і з папярэднім выданнем, да здымкаў падабралі вершы вядомых нам людзей. Але альбомы не падобныя адзін да аднаго, там зусім розная структура. А якія прозвішчы! Навум Гальпяровіч, Анатоль Зэкаў, Мікола Мятліцкі, Генадзь Пашкоў і многія іншыя — усяго больш за шэсцьдзясят аўтараў.

Гэты альбом найперш прысвечаны Году малой радзімы. Вядома ж, узгадваюцца там і мясціны майго дзяцінства — Гродзенскі раён. Як і кожнага чалавека ва ўзросце, мяне зноў цягне на радзіму, туды, дзе некалі ў футбол ганялі і рыжыкі збіралі. Думаю, што многія, гледзячы на гэтую кнігу, узгадаюць, а магчыма, і пазнаюць свае родныя мясціны. Многія вершы, якія суправаджаюць ілюстрацыі, кранаюць за душу, навяваюць успаміны з дзяцінства. Таму ўсіх, каму блізкая гэта тэма, запрашаю другога верасня ў чатырнаццаць гадзін на галоўную сцэнічную пляцоўку гарадскога парку Іванава, дзе і пройдзе літаратурна-мастацкая дзея «Бачу Беларусь такой…». Вядомыя творцы будуць не толькі чытаць вершы, але і спяваць песні, прысвечаныя нашай краіне, яе людзям.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter