Последнее интервью с гендиректором ОАО «Белагроздравница» Василием Судасом

«Родныя Аўцюкі прывабліваюць святасцю, чысцінёй»

Днямі заўчасна пайшоў з жыцця генеральны дырэктар  ААТ «Белаграздраўніца» Васіль Мікалаевіч СУДАС. Гэта навіна ашаламіла ўсіх, хто ведаў В. Судаса, працаваў і сябраваў з ім, а таксама землякоў. Пісьменнік Уладзімір Ліпскі ў дзень 55-годдзя задаў  Васілю Мікалаевічу 55 пытанняў.  Гэта інтэрв’ю  ўчора Уладзімір Сцяпанавіч прапанаваў нашай газеце, як толькі даведаўся аб трагедыі. Цяпер гэта інтэрв’ю — помнік дарагому, паважанаму Чалавеку. Як жа мы павінны даражыць адзін адным пры жыцці! Васілю Мікалаевічу 3 студзеня споўнілася толькі 56 гадоў.  Пахавалі яго ўчора на могілках у родных Аўцюках...



1.  Дзе вы нарадзіліся, у якую пару года?

— На свет з’явіўся ў вядомых цяпер на ўсю Беларусь Аўцюках — сталіцы народнага гумару. Першы мой жыццёвы жарт: нарадзіўся 1 студзеня, а запісалі 3-га. Доўга гулялі на Новы год, не было калі аформіць метрыкі.

2.  Што ведаеце пра радавод Судасаў?

— О, хацеў бы ведаць усё, але пакуль што толькі да пятага калена. Мы, Судасы, з вёскі, ад зямлі. Прадзед Піліп падарваў здароўе на ніўцы. Каня шкадаваў, матыкай, лапатай абрабляў поле… Судасы ёсць усюды: у Канадзе, Малайзіі, Маскве. Хачу дакапацца да глыбокіх каранёў.

3.  Хто вашы мама і тата?

— Мама — Ганна, бацька — Мікалай. Родам з Вялікіх Аўцюкоў. Сяляне. На жаль, яны ўжо небажыхары.

4.  Ці ёсць браты, сёстры, колькі іх?

— Я са шматдзетнай сям’і. Нас пяцёра ў бацькоў. Маё багацце — тры браты Мікалай, Уладзімір, Сяргей і сястра Галя.

5.  Што запомнілася з маленства?

— У пяць гадоў злавіў акуня на нашай рацэ Дымарцы. Па сёння ён перад вачыма — паласаты, яршысты. А яшчэ запомнілася, як аднойчы спаў са сваім сябрам Босым у яго сабачай будцы. А мяне ўсе шукалі…

6.  Які любімы колер?

— Абрыкосавы, цёплы колер. У нас у вёсцы шэсць абрыкосаў раслі. Аўцюкоўцы  што хочаш могуць вырасціць.

7.  Якія рысы свайго характару цэніце?

— Хутка забываюся на крыўду, незлапамятны.

8. Ці ёсць сябры? На чым замацавана сяброўства?

— Сябры, безумоўна, ёсць. Як жа без іх? Нас аб’ядноўвае агульнасць інтарэсаў, звычак, блізкасць па духу.

9.  Ці служылі ў арміі?

— Служыў два гады і чатыры месяцы. Быў радавым, цяпер капітан запаса. У мамы маёй дзявочае прозвішча Капітан. Распаўсюджанае аўцюкоўскае прозвішча.

10.  Якія маеце ўзнагароды?

— Шмат ганаровых грамат, знакаў, падзяк. Асабліва каштоўная для мяне баявая — медаль «За адвагу». Зарабіў, будучы ў Афганістане.

11.  Жонка што для вас: дар Божы, лёс, надзея, вера, каханне?

— Лёс! З Ірынай Міхайлаўнай Хмялёвай пазнаёміліся, яшчэ будучы студэнтамі. Трэці дзясятак гадоў разам!

12. Дзе вучыліся, хто па прафесіі?

— Закончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Эканаміст.

13. Ці баіцеся грому, маланкі, землятрусу, стрэлаў?

— Я адчайны, смелы чалавек. Але сказаць, што нічога не баюся, — значыць, схлусіць. Хто ж не баіцца укусу асы? Каго камары не выводзяць з цярпення?

14. Якое маеце вайсковае званне?

— Званні атрымліваюць тыя, хто служыць у арміі. У мяне ж цывільная служба. Маю форму капітана і адпаведнае званне.

15. Дзе і калі атрымалі першую зарплату?

— Было мне пятнаццаць гадоў. Усё лета працаваў у саўгасе «Галявічы» на сенакосе, на зернетаку. Першыя свае грошы трымаў у руках. Дык яшчэ і на экскурсію ў Ленінград саўгас паслаў.

16. Які аддзел у прадуктовым магазіне  часцей наведваеце?

— Хлебны! Пах хлеба люб мне. Прымаўку дзядоў маіх ведаю: «Нам бы хлебушка ўволю паесці…»

17. Ці ёсць асабістае аўто, колькі наездзілі кіламетраў?

— На сваім аўтамабілі наездзіў столькі кіламетраў, што можна было б даехаць да Месяца. А плюс яшчэ службовая машына. Увесь час на колах.

18. Ці любіце насіць гальштук?

— Не люблю, але нашу. Трэба!

19. Якія песні падабаюцца, ці любіце спяваць?

— Спяваць не люблю, бо не ўмею. Падабаюцца даўнейшыя, з майго юнацтва. Хаця б вось гэта: «Снег кружится, летает и тает…»

20. Як завуць дзяцей, хто яны?

— У нас з Ірынай Міхайлаўнай два сыны — Міхаіл і Андрэй. І ёсць пакуль што адна ўнучка Аліса.

21. Як склалася працоўная кар’ера?

— Паспяхова. Добра. Рост імклівы — ад падатковага інспектара Фрунзенскага раёна горада Мінска да начальніка аддзела, а далей высокая дзяржаўная служба. З сакавіка 2017 года генеральны дырэктар «Белаграздраўніцы».

22. Дзе з найбольшай асалодай працавалася?

— Усюды! Рад бачыць людзей, з якімі працаваў. І гэта ўзаемна.

23. Што з бацькавай, мамінай навукі найбольш спатрэбілася ў жыцці?

— Яны навучылі мяне не баяцца мазалёў. Злеплены з іх чыстага сумлення, сялянскай працавітасці.

24. Вам больш падабаюцца людзі вясковыя ці гарадскія?

— Я не дзялю людзей па сартах, па месцы жыхарства. Быў бы чалавек добры.

25. Які з падарункаў у большай цане для вас?

— Паштоўка ад саслужыўцаў у Афгане. Іх пажаданні.

26. Ці ўмееце плаваць?

— Яшчэ як! Навучыўся з пяці гадоў у нашай аўцюкоўскай канаве.

27. Як і чым накачваеце духоўныя мускулы?

— Чытаю кнігі. Шаную зносіны з духоўна багатымі, інтэлектуальнымі людзьмі.

28. Вашы адносіны да веры?

— Веру, што на свеце ёсць Бог. А храм мой не па нейкім адрасе, а ў маёй душы.

29. Ці адчуваеце сябе часцінкай прыроды?

— Так. Я вырас у яе чараўніцтве і жыву ў яе аўры.

30. Здароўе перадаецца па генах, даюць медыкі ці чалавек яго здабывае сам?

— Усё разам. Але веру, што здароўе ў нашых руках, у самадысцыпліне. Правільна кажуць: палюбі сябе — і ты будзеш здаровым.

31. Які самы дарагі для вас чалавек у жыцці?

— Мама!

32. Чым прываблівае родная вёска?

— Святасцю, чысцінёй, непасрэднасцю. А яшчэ — сакавітым, мудрым, народным гумарам.

33. Адкуль чэрпаеце жыццёвыя сілы?

— Ад прыроды, зямлі, аднавяскоўцаў.

34. Якія кніжкі любіце чытаць? Ці ёсць на іх час?

— Часу, на жаль, мала на аматарскае чытво. Усё болей па родзе службы трапляюцца пад рукі афіцыйныя паперы. Калі дарываюся да кніжнай паліцы, то найперш бяру фантастыку і казкі.

35. Як успрынялі новае кар’ернае прызначэнне?

— З хваляваннем. Хачу апраўдаць высокі давер.

36. Ваш кумір у працы і жыцці?

— Як ні дзіўна, казачныя персанажы, якія заўсёды дабром перамагаюць зло. Яны — мудрыя, рашучыя, любяць справядлівасць.

37. Што б хацелі перадаць у спадчыну сваім дзецям?

— Каб дастойна прадоўжылі род Судасаў, каб паболей пакінулі спадчыннікаў. І каб ніколі не мянялі Беларусь на іншую зямлю.

38. Якая пара года найбольш падабаецца? Чаму?

— Канец вясны — пачатак лета. Усё цвіце, духмяна пахне. Жыццё зараджаецца па-новаму. Усё ў яркіх, сакавітых і насычаных фарбах. Адчуваецца моц і сіла прыроды. Усё жывое, што нас акружае, імкнецца да свайго працягу.

39. Вы рыбак, грыбнік, паляўнічы, падарожнік?

— Рыбак і грыбнік. Мае рэкорды: трактарны прычэп баравікоў у юнацтве, вылаўленыя таўсталобік на дзевятнаццаць кілаграмаў, сом — на адзінаццаць, шчупак — на дзевяць.

40. Якія дні для вас найбольш запамінальныя?

— Час, праведзены ў коле родных, блізкіх па духу людзей.

41. Што вы пажадалі б сабе на стагоддзе?

— Здароўя!

42. Ці любіце паспаць?

— У шэсць гадзін раніцы я ўжо на нагах. І так кожны дзень, як бы позна ні клаўся спаць.

43. Якія праграмы тэлебачання глядзіце?

— Навіны, культурна-забаўляльныя.

44. У якіх краінах свету бывалі і дзе хацелі б пабываць?

— Быў у Ізраілі, Аўстрыі, Італіі, Венгрыі, Румыніі, іншых краінах. Хацеў бы пабываць на Камчатцы, пабачыць дзеючыя вулканы, у гейзерах выкупацца.

45. Вы любіце жарты? Раскажыце свой любімы.

— Які ж аўцюковец не любіць жартаў? Падабаецца кемлівасць нашых Каласкоў і Калінак. Каб свіння хутчэй вырасла, цэментуюць заднія ногі, і карыта з ежай кожны дзень адсоўваюць далей і далей. За месяц яна выцягваецца на ўвесь хлеў.

46. Вашы адносіны да грошай, каштоўных металаў?

— Грошай павінна быць столькі, каб хапіла на жыццё і духоўнае развіццё. І не болей! Бацькі вучылі, жыві з тым, што маеш, паболей радуйся жыццю.

47. Ці ёсць у вас ворагі, непрыяцелі?

— Не ведаю. Думаю, што няма. Але гэта трэба спытаць у іх.

48. Як ставіцеся да сяброў нашых меншых?

— Адношуся добра, але супраць знахо- джання іх у кватэрах, бо гэта здзек над жывёламі.

49. Як арганізоўваеце свой адпачынак?

— Люблю бываць на дачы, дома. Ездзіў у санаторый пару разоў. Адпачываць, гуляць без патрэбы бацькі не вучылі.

50. Ваша любімая страва?

— Патроўка. Паўчыгуна мяса, паўчыгуна сушаных баравікоў, спецыі, цыбулька — усё гэта ў вясковую печ. Ператушыцца — і атрымліваецца патроўка. Смаката!

51. Якое надвор’е лепш падабаецца?

— Залежыць ад настрою і сітуацыі. А ўвогуле, у прыроды няма дрэннага надвор’я. У гэта трэба паверыць!

52. Якімі бачацца беларускія санаторыі праз пяцьдзясят гадоў?

— Цяжка сказаць. Але давайце ўявім, што ўсе хваробы чалавек некалі пераможа. І будуць людзі ездзіць у санаторыі, каб сустрэцца з жывой прыродай ды адзін з другім.

53. Што б вы хацелі пераняць у вашага папярэдніка, генеральнага дырэктара «Белаграздраўніцы» Івана Фёдаравіча Аверчанкі?

— Дзелавітасць, рашучасць. Кіпучую энергію. Веру ў лепшае жыццё і веру ў людзей. У Івана Фёдаравіча можна многаму павучыцца. І я вучуся!

54. Што галоўнае ў санаторыі: сталовая, дыскатэка, лячэбны корпус?

— Усё! Трэба гэтым карыстацца спаўна, тады пуцёўка «не згарыць».

55. Якой уяўляецца Беларусь праз сто гадоў?

— Развітой краінай з высокім культурным і навукова-вытворчым патэнцыялам. Хачу, каб нашу Беларусь любілі і паважалі ва ўсім свеце.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter