Памяць пра Фердынанда Рушчыца ўшанавалі ў вёсцы Багданава Валожынскага раёна

Родны кут знакамітага мастака

Памяць пра Фердынанда Рушчыца ўшанавалі ў вёсцы Багданава Валожынскага раёна 

Добрая справа, так павялося ў беларусаў, пачынаецца з малітвы. Так было і 10 снежня, пад час ушанавання памяці Фердынанда Рушчыца. Адзначаліся 145-я ўгодкі знакамітага земляка, мастака, пейзажыста, графіка, прафесара трох мастацкіх акадэмій. У багданаўскім касцёле св. Міхала Арханёла пад час імшы, якую цэлебраваў ксёндз Ігар Лашук, маліліся за Фердынанда Рушчыца і яго памерлых сваякоў. У храме ёсць памятная дошка, прысвечаная мастаку. Дарэчы, не ўсе ведаюць: старабеларускае прозвішча мастака — Рошчыч, а шляхетныя продкі яго паходзілі з Кобрынскага павета.


Фердынанд Рушчыц

Пасля імшы рушылі на вясковыя могілкі. Падняліся на пагорак, дзе пахаваны прадстаўнікі роду Рушчыцаў, памаліліся за супакой іх душаў, усклалі кветкі, запалілі свечкі. Далей — на чыгуначную станцыю Багданава. Прыпыніліся там, дзе стаяла сядзіба Рушчыцаў: дом згарэў пад час Другой сусветнай вайны, а ў канюшні яшчэ і пазней трымалі калгасных коней. Засталіся парэшткі цагляных слупоў ад гаспадарчых пабудоў. На станцыі ў аднапавярховым будынку працуе філіял Вішнеўскай дзіцячай школы мастацтваў: пастараліся мясцовыя ўлады. Там і плануецца стварыць музей мастака. На ганку гасцей віталі дзяўчаты ў народных строях, з караваем на рушніку, музыка граў на дудзе. 

Гасцей было многа. Прыехалі пасол Літвы Эвалдас Ігнатавічус, дырэктар Мастацкага музея Літвы Рамуальдас Будрыс, дэлегацыя Вільнюскага раёна на чале з мэрам самакіравання Марыяй Рэкст, часовы ўпаўнаважаны ў справах Польшчы ў Беларусі Міхал Хаброс. Быў на свяце гендырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў. Прыйшлі мясцовыя краязнаўцы, прыехалі прадстаўнікі Валожынскага райвыканкама разам са старшынёй Сяргеем Глінскім.


Ф.Рушчыц. Вясна.1897 г.

У светлай утульнай зале гучала музыка: ансамбль “Ars Longa” выконваў старадаўнія мелодыі. Потым Віктар Шніп, ураджэнец Валожыншчыны, чытаў сваю баладу, прысвечаную Фердынанду Рушчыцу. Можна было пагартаць першы альбом з творамі майстра. Мінскія мастакі падаравалі Багданаўскай школе мастацтваў свае малюнкі: з пленэру ў ваколіцах вёскі. Польская амбасада падаравала мультымедыйную тэхніку. Спадар Міхал Хаброс павіншаваў усіх з культурнай падзеяй, сказаў: знакаміты зямляк, яго мастацтва паспрыяюць развіццю турызму ў гэтых мясцінах. Эвалдас Ігнатавічус нагадаў пра вялікую ролю Рушчыца ў культурным жыцці Вільнюса і прапанаваў сумесна з Беларуссю і Польшчай адзначыць і 150-я ўгодкі мастака яшчэ шырэй. Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Валожынскім і Вільнюскім раёнамі падпісалі Сяргей Глінскі ды Марыя Рэкст. Будуць развівацца стасункі не толькі ў галіне культуры, але і ў сферы адукацыі, эканомікі, у інтэграцыі моладзевых праграм. У літоўскім горадзе Рудаміна ёсць гімназія імя Фердынанда Рушчыца, яна сябруе з Валожынскай дзіцячай школай мастацтваў.

Дэманстраваўся ўрывак з новага дакументальнага фільма пра мастака “Нябеснае і зямное”. Уладзімір Бокун, кіраўнік здымачнай групы, гаварыў: цікава было працаваць, бо дзённікі Фердынанда Рушчыца раскрываюць рысы магутнай асобы, паказваюць, як мацнеў яго дух і талент дзякуючы вялікай працы.


Ф. Рушчыц. Дом у Багданаве. 1902 г.

Уладзімір Пракапцоў і Рамуальд Будрыс таксама падпісалі пагадненне — паміж мастацкімі музеямі, працай якіх кіруюць. Уладзімір Пракапцоў сказаў: марыць пра аднаўленне сядзібы Рушчыцаў. Ён высока ацэньвае мастака як грамадзяніна сваёй зямлі, асветніка, прапагандыста прыгажосці. Настаўніца 1-й валожынскай школы Ала Макарэвіч расказала, што пяць гадоў Валожынская дзіцячая школа мастацтваў праводзіць пленэры “Зямля і неба Фердынанда”. Вялікую дапамогу пры расшукванні матэрыялаў пра Рушчыца яна атрымала ад супрацоўнікаў польскай амбасады і польскіх музеяў, а Інстытут польскі перадаў для будучага музея альбом жывапісу.

Сустрэча ў Багданаве завяршылася, а мы з фотамайстрамі Мікалаем Ліннікам і Васілём Кузьмічкіным, супрацоўніцай радыё “Культура” Яўгеніяй Арцюшкевіч накіраваліся ў Краязнаўчы музей Валожына. Там размешчана выстава фотаработ “Шляхамі Фердынанда”. Аб’ява пра выставу — на фоне здымка той багданаўскай мясціны, дзе мастак у 1898-м пісаў знакамітую карціну “Зямля”. Усе фотаздымкі майстры зрабілі там, дзе бываў Рушчыц: будынак у Мінску (у ім была гімназія, у якой мастак вучыўся), мінскі касцёл Дзевы Марыі, мясціны Валожына, Вішнева, ваколіцы Багданава... Агульнае ўражанне: якая ж прыгожая наша зямля! Яе краявідамі проста немагчыма не натхняцца.

Будзем спадзявацца, што праца па ўшанаванні памяці земляка прадоўжыцца. І мы зможам яшчэ глыбей асэнсаваць як каштоўнасць мастацкай спадчыны Фердынанда Рушчыца, так і веліч яго асобы.

Ядвіга Рай

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter