Роднага слова загадкi разгадваць нам, маладым

Дзесяцiкласнiца вiлейскай школы № 3 Вольга Будзько — пераможца рэспублiканскай алiмпiяды па беларускай мове.

Дзяўчынка расказвала пра сябе са сцэны на сакавiтай, вобразнай, прыгожай роднай мове. Чуць яе было непрывычна — у будзённым жыццi мы звычайна карыстаемся распаўсюджанай трасянкай. Але выступленне Вольгi на школьным конкурсе не было толькi жаданнем выдзелiцца, нечым адрознiвацца ад iншых. На гэтай мове Вольга думае, размаўляе з сябрамi i бацькамi, з бабуляй i дзядулем. Яны, бадай, тая першакрынiца, з якой у яе мове з’явiлiся вобразныя, сакавiтыя, трапныя народныя выразы, слоўцы, параўнаннi. Ды i мама, журналiст раённай газеты, паспрыяла таму, што Волечка размаўляе па-беларуску.
Сама ж пераможца “вiноўнiцай” свайго сур’ёзнага захаплення роднай мовай лiчыць настаўнiцу Таццяну Аляксееўну Бруеву. А таму i перамогу падзяляе на дваiх.
А навуковая праца Вольгi пачыналася з... буквара. Бо гэтая кнiга, аказваецца, не толькi падручнiк для пачаткоўцаў, але i аб’ект сур’ёзнага даследавання.
У Вольгi так i атрымалася — тэма яе першай навуковай работы звязана з букваром. Спачатку дэтальна вывучала гэтую кнiгу, каб потым перайсцi да больш грунтоўных праблем роднай мовы.
Зараз тэма яе даследаванняў — вуснае паведамленне. Нiчога дзiўнага — шмат маладых людзей не могуць звязна размаўляць на матчынай мове, не ведаюць многiх яе слоў i выслоўяў. А Вользе так хочацца, каб усе яе сябры размаўлялi на роднай мове, каб не здзiўлялiся, калi яна ўжывае знаёмыя спрадвеку, але забытыя зараз словы.
Заданнi на рэспублiканскiм туры алiмпiяды падалiся Вользе лягчэйшымi, чым на абласным. Нi адно з iх цяжкасцi не выклiкала, выканала яна iх без сумненняў. Тым не менш пра тытул пераможцы не марыла. Не ведала, як адказвалi iншыя канкурсанты. I толькi калi абвясцiлi вынiкi, зразумела: яна — лепшая.
У будучым Вольга марыць звязаць свой лёс з журналiстыкай. Хаця не выключае, што можа заняцца i навуковай лiнгвiстыкай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter