У Цэнтры мовы і культуры “Беларусь”, які дзейнічае ў Еўразійскім нацыянальным універсітэце, гаварылі пра жыццё і культуру беларусаў у Казахстане

Роднае слова жыве ў Астане

У Цэнтры мовы і культуры “Беларусь”, які дзейнічае ў Еўразійскім нацыянальным універсітэце, гаварылі пра жыццё і культуру беларусаў у Казахстане

Наша газета расказвала, як па-рознаму адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы ў Беларусі, а таксама ў беларускіх суполках замежжа. Заслугоўвае ўвагі ды пашырэння і досвед супляменнікаў у Казахстане: да свята ў Еўразійскім нацыянальным універсітэце імя Льва Гумілёва ладзіўся круглы стол на тэму “Беларускі этнас: захаванне мовы і развіццё культуры ў поліэтнічным соцыуме Казахстана”. Важна, што круглы стол праходзіў у Цэнтры мовы і культуры “Беларусь” пры ЕНУ (галоўны корпус, 242 аўд.). Мэта мерапрыемства вызначалася як “садзеянне развіццю традыцый этнакультурнага ўзаемаабмену ў полікультурным грамадстве Казахстана”. Прысвячалася імпрэза Дню роднай мовы і 20-годдзю ўніверсітэта.


Фота на памяць: удзельнікі круглага стала разам з артысткамі беларускага гурта “Вясёлка” і казахскага “Эжелер”

Адкрыў круглы стол Першы сакратар Пасольства Беларусі ў Казахстане Алег Вансяк. Удзельнікаў вітаў прарэктар ЕНУ па сацыяльна-культурным развіцці Дыхан Камзабекулы. Асноўны даклад зрабіў старшыня Беларускага культурнага цэнтра “Радзіма” Дзмітры Астаньковіч — пра ролю Міжнароднага дня роднай мовы ў Беларусі ды Казахстане. Доктар навук, загадчыца кафедры тэарэтычнай і прыкладной лінгвістыкі Яўгенія Жураўлёва распавяла пра нарматыўна-прававую базу дзяржпадтрымкі захавання і развіцця родных моў у Казахстане. Яе калега Атыркуль Агманава гаварыла, як у Казахстане ідуць працэсы моўнага і этнакультурнага ўзаемадзеяння. Дырэктар Казахстанска-Беларускага цэнтра навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва Карлыгаш Баргекава расказала пра тое, як развіваюцца двухбаковыя адносіны паміж Казахстанам і Беларуссю. Цікава было паслухаць і студэнтак універсітэта Аіду Кайруліну і Алію Кубекаву: яны навучаліся некаторы час у Беларусі, распавялі пра яе моўныя і культурныя асаблівасці.

Круглы стол уключаў і выступленні самадзейных артыстаў. Гарманічна ўпісаліся ў праграму сустрэчы беларускі гурт “Вясёлка” (ім кіруе Тамара Батрак) і казахскі “Эжелер” (у перакладзе  “Бабулі”). У круглым стале ўдзельнічалі загадчыкі, дацэнты шэрагу кафедраў, дэканы факультэтаў, дырэктар Дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва ЕНУ. Былі прадстаўнікі беларускай дыяспары і студэнты.

Дзмітры Астаньковіч нагадаў: Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца па рашэнні ЮНЕСКА з 2000 года. “У гэты дзень усе мовы прызнаюцца роўнымі, паколькі кожная з іх — унікальная, кожная — гэта жывая спадчына, якую варта ахоўваць, — гаварыў казахстанец з беларускімі родавымі каранямі, які асвойвае мову продкаў. — Мовы аказваюць шматбаковы ўплыў на самабытнасць, камунікацыю, сацыяльную інтэграцыю, адукацыю і развіццё, граюць стратэгічна важную ролю ў жыцці людзей. Тым не менш у сілу розных прычын многім з іх пагражае заняпад, нават поўнае знікненне. І тады губляецца багатая палітра культурнай разнастайнасці свету, губляюцца традыцыі, памяць, унікальныя формы мыслення і самавыяўлення”. На думку спецыялістаў, родная мова знаходзіцца пад пагрозай знікнення, калі ў супольнасці яе перастаюць вывучаць больш за 30 працэнтаў дзяцей. Лічыцца: мова “сыходзіць”, калі на ёй гавораць менш за 100 тысяч чалавек. Мяркую, варта памятаць пра тое ўсім актывістам беларускай дыяспары, выбудоўваючы сваю культурна-асветніцкую дзейнасць.

Мовы, гаварыў Дзмітры, гэта самы моцны інструмент захавання і развіцця матэрыяльнай і духоўнай спадчыны. Усё, што робіцца для пашырэння родных моў, не толькі спрыяе моўнай разнастайнасці, шматмоўнай адукацыі, пашырэнню ведаў пра культуру іншых краін. Гэта яшчэ і ўмацоўвае салідарнасць, заснаваную на ўзаемаразуменні, памяркоўнасці, дыялогу, гэта дае магчымасць даведацца пра нашы адрозненні, рассеяць стэрэатыпы, якія спараджаюць нацыянальную варожасць. Як прыклад краіны, дзе ёсць павага да розных моваў і культур, Дзмітры прывёў Беларусь, дзе жывуць прадстаўнікі каля 140 народаў і народнасцяў. Паводле перапісу насельніцтва 2009 года, 53,2 адсоткаў насельніцтва (звыш 5 мільёнаў) назвалі роднаю мовай беларускую. Пры тым беларускую ў якасці мовы дамашніх зносін выкарыстоўвалі 23,4 адсоткаў насельніцтва (26,1 адсоткаў беларусаў). Рускую ж мову назвалі роднаю 41,5 адсоткаў насельніцтва. Доля тых, хто выкарыстоўвае рускую мову ў якасці асноўнай мовы зносін дома, склала 70,2 адсоткаў. Дзмітры нагадаў, што дзяржаўнымі мовамі ў Беларусі з’яўляюцца беларуская і руская. Канстытуцыя краіны дае кожнаму грамадзяніну права карыстацца роднаю мовай, выбіраць мову зносін. Асноўныя мовы навучання і выхавання ў Беларусі — беларуская і руская, прычым пры атрыманні адукацыі вывучэнне беларускай мовы — абавязковае.

Дзмітры Астаньковіч таксама распавёў, што ў Казахстане цяпер адзначаюць штогод нават два моўныя святы: 21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы і 22 верасня — Дзень моваў народаў Казахстана. Магчыма, такі досвед варта было б пераняць і Беларусі. Дарэчы, у Канстытуцыі Рэспублікі Казахстан запісана, што беларуская мова з’яўляецца ў краіне сярод некаторых іншых моваю міжнацыянальных зносін. Ва ўсіх школах дзеці вывучаюць акрамя казахскай мовы яшчэ і рускую. “Родная мова — гэта адначасова і культура, і лад думак, — слушна адзначыў Дзмітры Астаньковіч. — Разнастайнасць моваў — вялізны здабытак нашай цывілізацыі, а іх прызнанне, павага да кожнай ёсць ключ да захавання міру на Зямлі”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter