Рэйкi i шпалы творчасцi

Краiна адзначыць 110-годдзе з дня нараджэння Мiхася Лынькова

Мiхасю Лынькову – 110

Адразу два раёны Вiцебшчыны — Вiцебскi i Лёзненскi — раўнiва прэтэндуюць на званне радзiмы народнага пiсьменнiка Беларусi Мiхася Лынькова. Справа ў тым, што ў розныя дзесяцiгоддзi вёска Зазыбы адносiлася то да першага, то да другога павета. Але ў любым выпадку не толькi вузкi рэгiён, але ўся краiна 30 лiстапада адзначаць 110-годдзе з дня нараджэння класiка нацыянальнай лiтаратуры.

Як даведаўся карэспандэнт «Р», у Крынкаўскай сярэдняй школе Лёзненскага раёна будзе эпiцэнтр свята. Менавiта тут створаны народны музей, прысвечаны жыццю i творчасцi Мiхася Лынькова, якога месцiчы лiчаць сваiм земляком. Дырэктарам музея з’яўляецца настаўнiца беларускай мовы i лiтаратуры Крынкаўскай сярэдняй школы Наталля Сударыкава. Яна валодае сапраўды энцыклапедычнымi ведамi пра знакамiтага земляка.

Сёння вёскi Зазыбы ўвогуле не iснуе на геаграфiчнай карце. Толькi на месцы былой хаты, дзе нарадзiўся будучы пiсьменнiк, устаноўлены мемарыяльны камень з адпаведным тлумачэннем. Але калi Зазыбы былi, то знаходзiлiся ўсяго ў шасцi кiламетрах ад чыгуначнай станцыi Крынкi, дзе вучыўся маленькi Мiхась.

Шмат пазней, а дакладней у 1936 годзе, Лынькоў напiсаў дзiцячую аповесць «Мiколка-паравоз». Згодна з цяперашнiмi меркаваннямi, яна стала бестселерам на ўвесь былы Савецкi Саюз. Некалькi пакаленняў родам з СССР жылi i выхоўвалiся на iдэалах прозы Мiхася Лынькова.

Нават у савецкiя часы нямнога руплiўцаў у прозе i паэзii маглi пахвалiцца высокiмi ўзнагародамi. А Мiхась Лынькоў, апрача прэстыжнага звання «Народны пiсьменнiк» i акадэмiк Акадэмii навук БССР, узнагароджаны ажно трыма (!) ордэнамi Ленiна, чатырма iншымi ордэнамi i шэрагам медалёў. Але галоўнай узнагародай як для самога Мiхася Лынькова, так i для нашчадкаў трэба лiчыць яго багатую лiтаратурную спадчыну.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter