Спявак Ігар Задарожны - пра схільнасць да рэтра-хітоў, магчымасці самарэалізацыіі і крыштальную арфу

Рэтрахіт супраць бугі-вугі

Незвычайны канцэрт адбудзецца ў Белдзяржфілармоніі 1 лютага. У незабыўную музычную атмасферу мінулага стагоддзя публіку верне стыльная вечарынка «Назад у СССР». Чакаецца своеасаблівы музычны батл — непрымальныя савецкай эпохай твіст і бугі-вугі супраць лепшых узораў тагачаснай песеннай эстрады. На сцэне сыдуцца ўдзельнікі гурта «Стиляги.by» з салістамі філармоніі і Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча. У цэнтры творчага паядынку — за адных і за другіх выступае спявак Ігар Задарожны, галоўная дзеючая асоба гэтага вечара.

Спявак Ігар ЗАДАРОЖНЫ
— Ігар, у сваёй творчасці песенным хітам мінулага стагоддзя вы надаяце асаблівую ўвагу. Чаму?

— Па-першае, як бы гэта ні здавалася старамодным, але ў гэтых песнях спалучаюцца асаблівы сэнс, глыбіня, шчырасць, сапраўдная музыка і паэзія, якіх часам не хапае на эстрадзе цяпер, на самай справе шэдэўры ў той час ствараліся. Таму гэтыя «старыя песні пра галоўнае» актуальныя заўсёды. Па-другое, напэўна, уплывае мая кансерваторская адукацыя і тое, што мае вакальныя даныя і магчымасці набліжаны да школы і манеры спеваў класічнай савецкай эстрады.

— За гэта і за непаўторны барытон вас нават празвалі беларускім Магамаевым...

— Так публіка ў свой час ахрысціла. Напэўна, невыпадкова, нейкія струны, мабыць, чапляю. Гэта «званне» для мяне прыемнае і ганаровае, таму ў кожнай сваёй праграме знаходжу месца такім песням, якія дазваляюць яго падтрымліваць. Муслім Магамаеў — адзін з тых выдатных артыстаў, на чыіх хітах я рос, як і многія савецкія дзеці, чуў часта па радыё, тэлевізары, мне яны падабаліся. Дарэчы, першая песня, якую яшчэ пачаткоўцам-вакалістам выканаў на сцэне ў родным Брэсце, была таксама з рэпертуару Магамаева — «Лепшы горад Зямлі». Я, тады студэнт музычнага вучылішча, менавіта яе выбраў для ўдзелу ў конкурсе, бо ў ёй ёсць і душа, і распеў, і магчымасць паказаць голас.

— Акрамя эстраднай класікі вы выдатна выконваеце оперныя арыі, рамансы, сучасныя кампазіцыі. Пры гэтым ужо восьмы год — вядучы саліст-вакаліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя    І. Жыновіча. Як такая розная музыка сумяшчаецца?

— Шыкоўна сумяшчаецца! Рэпертуар нашага аркестра нашмат шырэй, чым прынята лічыць. Вядома, народная песня, цымбалы — візітоўка, на іх усё трымаецца. Але пры прафесійным, правільным падыходзе, крэатыўных, арыгінальных аранжыроўках гучанне цымбалаў можна ператварыць у голас скрыпкі, віяланчэлі або гітары. Гэта дазваляе выконваць у суправаджэнні нашага аркестра вельмі розную музыку — класіку, рок, джаз, аперэту. Дарэчы, наш аркестр — паўнапраўны ўдзельнік і стыльнай вечарынкі.

— Ведаю, што спевы не адзіны ваш занятак на сцэне. Музыкант-інструменталіст, шоўмен, танцор... Працягніце спіс.

— Так, танцамі займаўся са школы, стэпам яшчэ ў студэнцтве захапіўся. А акрамя пералічанага, я яшчэ аўтар песень — тэкстаў і музыкі, інструментальных п'ес, арыгінальны жанр — адна з самых яркіх граняў майго жыцця, цыркавому мастацтву ў студыі вучыўся. Так што і чачотку біць, і жангліраваць, і фокусы паказваць магу, што і выкарыстоўваю разам са спевамі ў розных сваіх праграмах для дзяцей і дарослых.

— Маецца на ўвазе ваша дзейнасць вядучага вяселляў, юбілеяў, карпаратываў?

— У тым ліку. І гэта таксама адна з маіх магчымасцей самарэалізацыі. Лічу, праводзіць такія мерапрыемствы, дарыць людзям свята павінен прафесіянал — каб было стыльна, цікава, з густам. Таму — чаму б і не? Я раблю гэта з задавальненнем, прафесійна і якасна, мяркуючы па тым, што людзі звяртаюцца паўторна, перадаюць мяне з сям'і ў сям'ю. Для мяне ў гэтай справе галоўнае не пагоня за грашыма. Але матэрыяльна, вядома, таксама дапамагае. Маю вялікую сям'ю — жонку, трох сыноў, чацвераногага барбоса і папугая забяспечваць трэба.

— Мы не ўлічылі яшчэ адну вашу іпастась — мультыінструменталіст, чалавек-аркестр. Баян, саксафон, клавішныя, ударныя, меладычная гармоніка, дудка, жалейка, акарына і, канешне, крыштальная арфа, якую называюць яшчэ спяваючае шкло або арган анёлаў... 

— Гэта сапраўды цуд, які здзіўляе, ашаламляе і захапляе. Звычайныя крыштальныя бакалы ператвараюцца ў музычны інструмент, на якім можна выконваць нават самыя складаныя, віртуозныя творы. Крыштальная арфа карыстаецца нязменным поспехам у слухачоў, нават у самых спакушаных. Дарэчы, менавіта з гэтым нумарам пару гадоў таму на канале «Беларусь 1» я ўдзельнічаў у тэлевізійным шоу «Я магу!».

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter