Лошади Пржевальского, которые находятся на грани вымирания, отлично чувствуют себя на территории нашей страны

Рэдкія скакуны

Коні Пржавальскага — здзічэлыя нашчадкі коней, якія жылі ў Азіі яшчэ да нашай эры. Іх адрозніваюць асліны хвост, кароткая грыва і цёмныя ногі. Сёння ва ўсім свеце налічваецца каля 2 тысяч чыстакроўных коней Пржавальскага, прычым большасць знаходзіцца ў няволі.


Апошні раз у дзікай прыро­дзе гэтых жывёл бачылі ў 1969 годзе ў Манголіі. Заолагі пастараліся выратаваць унікальны від, адправіўшы апошніх коней ў мясцовыя і замежныя запаведнікі і заапаркі. У канцы ХХ стагоддзя два дзясяткі коней былі выпушчаны ў чарнобыльскую зону Украіны. У 2007 годзе дзве самкі з самцом перайшлі на беларускую тэрыторыю. Так з часам у Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку сфарміравалася беларуская папуляцыя коней Пржавальскага. Па апошніх дадзеных, сёння на тэрыторыі нашай краіны пражывае больш за паўсотні асобін.

Табуны коней Пржавальскага выдатна адаптаваліся ў чарнобыльскай зоне. Выкарыстоўваюць напаўразбураныя будынкі выселеных населеных пунктаў, перш за ўсё закінутыя стайні і кароўнікі, для аховы ад непагадзі. Распрацавалі ўласную тактыку барацьбы супраць буйных драпежнікаў — рысі і ваўка. Прыстасаваліся да сілкавання мясцовымі відамі раслін. Коні Пржавальскага палюбілі асаку, пырнік, аўсяніцу, метлюжок. Зімой жывёл выратоўваюць галінкі яблынь-дзічак, маладых бяроз, вярбы, хвоі. Пасуцца коні большую частку дня, але аддаюць перавагу раніцы або поцемкам. Днём яны адпачываюць, стараючыся выбраць месца з добрым аглядам наваколля. Прадстаўнікі гэтага віду адрозніваюцца добрым зрокам, нюхам і слыхам.

Адметна, што сёння толькі дзве папуляцыі коней Пржавальскага знаходзяцца на свабодзе — у дзікіх умовах Манголіі і ў чарнобыльскай зоне на тэрыторыі Украіны і Беларусі.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter