Выявіць меланому за адзін прыём: што паказала акцыя па прафілактыцы раку скуры

Развiтанне з радзiмкай

Меланома і рак скуры — толькі за мінулы год выяўлена амаль 10 тысяч новых «злаякасных» выпадкаў. Але ранняя дыягностыка і рэгулярны скрынінг выяўляюць «балячкі» на першых стадыях. Карэспандэнт «Р» за-зірнула да анколага падчас рэспубліканскай акцыі здароўя.

Прынялі без папярэджвання


На гадзiннiку 8.00, а ў рэгістратуры галоўнага корпуса РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава ўжо шумнавата. Людзі прачнуліся раней, каб пракансультавацца ў лепшых анколагаў краіны. Нават праліўны дождж не спыніў пацыентаў, якія з’ехаліся ў цэнтр з розных куткоў.

Не паспела я нават азірнуцца, як да мяне падляцела прыемная асоба ў белым халаце і накіравала да стала даведак. Тут паведамілі: спачатку вы павінны завесці амбулаторны ліст, а потым можна ісці на прыём. Да мяне ў чарзе па імправізаваную медыцынскую карту стаялі тры чалавекі, таму рухалася хваля неймаверна хутка. Пяць хвілін — і я з медлістом у руках падымаюся на другі паверх да патрэбнага спецыяліста.

Тут ужо з наплывам людзей складаней… Справа ў тым, што каля дзвярэй анколагаў, якія прыступілі да працы раней прызначанага часу (акцыя планавалася з 10.00), сумавалі ўжо некалькі дзясяткаў ранішніх першапраходцаў. Некаторыя з іх запісаліся на прыём загадзя. На тэлефоннай лініі перад акцыяй дзяжурылі чатыры дыспетчары. Аднак папярэдзіць аб візіце зрабілі ласку ўсяго 13 чалавек.  

Пакуль чакаю сваёй чаргі, падбіваю на размову Ірыну Валяр’янаву з 22-гадовым сынам Аляксандрам. Маці вельмі здзіўляецца якасцю арганізацыі: «Па вышэйшым разрадзе нас абслужылі: і сустрэлі, і карту зрабілі, і нават на прыём завялі».

— Пра акцыю бацька недзе вычытаў у газеце і прапанаваў схадзіць. Проста ў мяне шмат радзімак у розных месцах, даўно хацеў праверыцца, — дзеліцца тым, што найбольш хвалюе, Аляксандр. — На шчасце, урачы сказалі, што ўсё добра. Наконт болек можна не хвалявацца. Адзінае, трэба было бліжэй да абеду ехаць, каб чаргі такой не было.

Спецыялісты малекулярна-генетычнай лабараторыі канцэрагенезу выяўляюць генетычную схільнасць да разнастайных захворванняў

Аляксей таксама выйшаў з кабінета задаволены. Некалькі гадоў таму ў яго з’явілася адчувальная пухліна пад каленам. Да спецыялістаў звярнуўся па гэтым пытанні ўпершыню:

— Усе асцярогі аказаліся дарэмнымі. Канешне, вельмі шчаслівы, што ўсё абышлося. Урач сказаў, гэта дабраякаснае ўтварэнне, якое ўзнікла падчас інфекцыйнага працэсу.

Увага! Падазроны кліент


На жаль, не кожнаму сёння пашчасціць выйсці ад анколага з добрым настроем. Камусьці паставяць непрыемны дыягназ адразу, другім вынесуць іншы прысуд — падазрэнне на злаякаснасць. Што адбываецца пасля? Аналізы «падазроных» пацыентаў адпраўляюць у Рэспубліканскую малекулярна-генетычную лабараторыю канцэрагенезу.

— Тут мы правяраем генетычную схільнасць да меланомы. Нават калі чалавек здаровы, але хтосьці з родных ужо сур’ёзна хварэў ва ўзросце 30—40 гадоў, варта абследавацца. Гэта сапраўды карысна, — шчыра запэўнівае загадчык лабараторыі Ганна Парцянка. — Калі ёсць спадчынныя злаякасныя пухліны, імавернасць захворвання дзіцяці каля 100%.

Адразу пасля прыёму ў анколага ў аддзяленне амбулаторнай хірургіі адпраўляюць пацыентаў з дабраякаснымі папіломамі
Фота аўтара

Сёння можна па крыві выявіць пухліну на розных стадыях. Калі чалавек праявіць жаданне праверыць сябе на схільнасць да некалькіх анкалагічных захворванняў, яму прапануюць у лабараторыі пэўны комплекс. Вынік — праз 10 дзён. Кошт таксама розны: ад 100 да 220 рублёў, у залежнасці ад гена. У лабараторыі выяўляюць схільнасць і да неанкалагічных захворванняў, а таксама праводзяць тэсты на эксклюзіўныя хваробы.

Цяжка паверыць, але адразу пасля прыёму ў анколага можна трапіць на хірургічны стол. Адразу ў аддзяленне амбулаторнай хірургіі адпраўляюць пацыентаў з дабраякаснымі папіломамі. Іх прыпякаюць лазерам або выдаляюць хірургічным шляхам. За дзень можа праходзіць каля 20—30 такіх аперацый.

Выдыхнуць з палёгкай


Крыху хвалюючыся, пераступаю парог кабінета. Далей усё хутка і проста: аддаю карту, паказваю радзімку на шыі, з грукатам сэрца чакаю прысуд. Урач бярэ сваю суперлупу і разварочвае да святла.

— У вас усё добра, не хвалюйцеся. Гэта звычайная дабраякасная папілома. Яе можна выдаліць хоць заўтра. Але гэта не абавязкова, — дадае анколаг, прачытаўшы шалёны спалох у маіх вачах. — Мы раім выдаляць радзімкі, якім замінаюць ланцужкі, бялізна ці іншыя асабістыя прадметы. Усё таму, што вялікая рызыка запалення ў выпадку, калі неспадзявана траўміруеш утварэнне.

Пасля падрабязнай кансультацыі пытаюся наконт вялікай колькасці радзімак на руках. «Паверце, гэта яшчэ не шмат. Ды і не радзімкі гэта, а рабацінне, хутчэй. Сонца вас надта любіць», — з такімі словамі ўрач мяне адпускае. Фух, узрадавана выдыхаю.

Падчас акцыі ў РНПЦ хваляваліся разам са мной каля 100 чалавек. У траіх выявілі анкалагічныя захворванні. Яшчэ ў 7 — падазрэнні. На шчасце, сёння меланома на першай і другой стадыі выяўляецца ў 85% выпадкаў. Раней, калі яшчэ не праводзілі рэгулярных акцый, гэта было 80%. Эфектыўнасць такога скрынінгу відавочная.

Калі меланому заўважаюць на позніх тэрмінах, шансы на выздараўленне зводзяцца да мінімуму. І працягнуць жыццё нават на некалькі гадоў аказваецца сур’ёзнай праблемай. Дык навошта цягнуць і знемагаць у невядомасці? Больш за 100 радзімак ужо фактар рызыкі. Правяраецца гэты фактар вельмі проста: у кабінеце анколага і пад чулым наглядам.

КАМПЕТЭНТНА

Алег СУКОНКА, дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава:  


— Мы рэгулярна праводзім акцыі па прафілактыцы меланомы, раку скуры, малочнай залозы, шыйкі маткі, прастаты і іншых. Усімі метадамі імкнёмся да ранняга выяўлення раку. Мы не можам вылечыць анкалогію да канца, пакуль атрымліваецца толькі працягнуць жыццё. Больш шансаў на гэта адкрываецца толькі на першых стадыях хваробы. Галоўная праблема і задача сёння — ранняе выяўленне раку. Зараз мы ствараем навуковую групу, якая будзе займацца вузкім накірункам — вывучэннем пухлін скуры, мяккіх тканак і касцей. Неэфектыўнымі ў сённяшніх рэаліях аказваюцца прафагляды. Іх варта замяніць скрынінгам пухлін, якія найбольш сустракаюцца ў пацыентаў.

veronulas@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter