Чаму павалілася арка XVI стагоддзя ў Старым замку Гродна

Развiтанне з каменным госцем

Стары замак у Гродне пазбавіўся адзінай разгрузачнай аркі падмурка, якая захавалася да нашых часоў з XVI—XVII стагоддзяў. Менавіта на гэтым месцы, на фоне руін старадаўніх сцен, любілі фатаграфавацца гараджане і турысты. Цяпер там засталася толькі куча цэглы ўперамешку з каменнем. Хто вінаваты і наколькі катастрафічная гэта страта?

Гэтага фота праз арку больш не зрабіць

Дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка пастараўся на яго адказаць:

— Усяго такіх арак было тры. Іх выявілі ў ходзе раскопак 1985—1988 гадоў пад кіраўніцтвам Алега Трусава. Іх стан ужо тады можна было назваць безнадзейным. Калі паглядзець на старыя фота, то выразна бачна, што зроблены аркі вельмі няякасна. Дзве з іх абваліліся так даўно, што гэтага нават ніхто не памятае. Таму, каб выкарыстоўваць апошнюю пры аднаўленні памяшканняў, яе ўсё роўна трэба было перабіраць і складваць па-новаму. Арка доўгія гады ледзь трымалася. Была зроблена падпорка, але, як бачыце, гэта яе не выратавала. Мы не выключаем, што абвальванне магло адбыцца па віне чалавека. Але, хутчэй за ўсё, вінаваты неспрыяльныя пагодныя ўмовы.

На думку Юрыя Віктаравіча, разгрузачныя аркі падмурка даўно страцілі свае апорныя ўласцівасці. На іх стаялі, хутчэй за ўсё, невялікія аднапавярховыя памяшканні. У розных крыніцах па-рознаму: ці то частка кухоннага комплексу, ці то жыллё кухараў. Падчас раскопак таксама не было выяўлена дакладных памераў будынкаў.

— Многія гродзенцы кажуць: «Пакіньце Стары замак такім, які ён ёсць». Ці згодныя вы з гэтым меркаваннем? — цікаўлюся ў суразмоўцы.

— Калі б мы жылі ў Італіі або Францыі — тады іншая справа. Але жыццё паказвае, што тыя замкі, якія ў свой час не адрэстаўравалі, сёння на мяжы ператварэння ў кучу камянёў. У нашых кліматычных умовах захоўваць помнік у выглядзе руін можна толькi некалькі дзясяткаў гадоў.

Стары замак чакае будаўнікоў.

Многіх гродзенцаў хвалюе той факт, што замак застаўся без ахоўнай тынкоўкі. Аднак, па запэўненнях навуковых супрацоўнікаў, па-іншаму ніяк нельга было адказаць на многія пытанні. Напрыклад, знайшлі шмат старых узроўняў, што паказваюць, якой вышыні павінны быць вежа, галерэя, на якім узроўні былі падаконнікі. Аказалася, што ў замку часоў Стэфана Баторыя вокны былі значна большыя, чым цяперашнія. Ва ўязной вежы на месцы маленькага акенца, якое мы бачым сёння, знаходзілася вялікае панарамнае. Хутчэй за ўсё, яго ўпрыгожвалі вітражы. Сёння дах у цэлым захоўвае сцены ад непагадзі, аднак той факт, што ў памяшканнях няма цяпла, выклікае сур'ёзную заклапочанасць работнікаў музея.

—Не планавалася, што старая вапна, якая змацоўвае старую цэглу, будзе заставацца пад адкрытым небам шмат часу, — выстаўляе версію дырэктар музея. — З года ў год выходзім на старт рэканструкцыі, але час ідзе, а вынікаў няма. Ніхто ж не дасць грошы на тое, каб збудаваць навесы, калі рамонтныя работы вось-вось пачнуцца. З самага пачатку ўсё гэта было дрэнна пабудавана. Пры Стэфане Баторыі замак узводзілі больш-менш якасна. Кладка таго часу больш роўная, хоць сама цэгла досыць нізкай якасці. Частка перагартавана, частка — наадварот. А ўжо тыя прыстройкі, што рабілі потым, можна параўнаць з гульнёй дзяцей пры будаўніцтве замкаў з пяску.

— Зразумела, што пасля рэканструкцыі гэта будзе зусім іншы замак. Што застанецца ад гістарычных сцен? — цікаўлюся ў захавальніка двух гродзенскіх замкаў.

Малодшы навуковы супрацоўнік Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Валерый КІТУРКА сцвярджае,
што абвальванне адбылося за адну ноч.


—Усё, што ў нас было пабудавана і ўпала, можна напрамую звязаць з няякаснай пабудовай. Ёсць выпадкі, калі мэтанакіравана займаліся разбурэннем. Маю на ўвазе Гальшанскі замак. Але ў большасці выпадкаў будаўнікі не мелі дастатковых інжынерных ведаў. У Старым замку Ніжняя царква, якой усе ганарацца, разбурылася не з-за маланкі, а таму, што яна была дрэнна пабудавана. Хаця, канешне, там быў пажар. Калі сцяна моцная? Калі цагліны ляжаць у пэўнай паслядоўнасці і змацаваны растворам. Тут цэгла змешвалася з валунамі, потым ішлі галаснікі і гэтак далей. У наш час зберагчы — гэта зрабіць па-новаму.

— Чым сёння жыве Стары замак?

—З увядзеннем бязвізавага рэжыму колькасць турыстаў значна павялічылася, — адзначае Юрый Кітурка. — Але яны ў асноўным праходзяць праз замак транзітам. Развярнуліся і пайшлі... Праўда, на сувенірах трохі атрымліваецца зарабіць. Ва ўсіх нашых адноўленых замках уваход на тэрыторыю платны. У нас прыходзяць і сыходзяць усе жадаючыя. Замацоўваем таблічкі з просьбамі не хадзіць па схілах, каб не ўтвараліся яры. Але гэта не дапамагае.

Нагадаем, што праект рэканструкцыі Старога замка ў цяперашні час праходзіць экспертызу ў Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва.

тanula.к@mail.ru 

Фота аўтара і БЕЛТА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter