Дзе лепш займацца развіццём малога: дома, у садку ці дзіцячым цэнтры?

Разумны не па гадах

Усе бацькі хочуць, каб іх дзіцё было самае0самае. І каб гаварыць пачало раней за суседскіх малых, і каб песні спявала, і вершыкі чытала, і алфавіт ведала... І не важна, што яму яшчэ няма і паўтара года. Жаданне паскорыць фарміраванне дзіцяці распальваюць рэкламы разнастайных цэнтраў развіцця, гатовых прыняць у абдымкі нават немаўлят. Абяцаюць не толькі займальныя гульні, але і развіццё гутаркі, увагі, мыслення, вывучэнне розных замежных моў. Наколькі карысныя цэнтры развіцця для маленькіх дзяцей? Ці можа мама даць малышу тое ж, што і выхавацелі ў садках? І чым небяспечна для малога частае знаходжанне ў дзіцячым калектыве? Давайце разам шукаць адказы на гэтыя пытанні.


Фота БелТА

Чым меншы, тым прасцей


З пункту гледжання псіхолагаў, мастацтву зносін з аднагодкамі малога трэба вучыць з ранняга дзяцінства. Эпізадычныя кантакты з дзецьмі заахвочваюцца ўжо з 9—12 месяцаў, а пасля 1,5—2 гадоў наведванне дзіцячага калектыву на рэгулярнай аснове лічыцца і зусім добрай практыкай. Ёсць меркаванне, што чым раней малыш пойдзе ў дзіцячы сад, тым хутчэй ён навучыцца знаходзіцца ў калектыве і стане самастойным. А яшчэ заўважана, што дзіця больш малодшага ўзросту, скажам, у паўтара года, лягчэй адаптуецца да новага калектыву, чым трохгадовае. Малое за гэты час так прывязваецца да мамы, што першыя некалькі тыдняў знаходжання ў садку яго літаральна даводзіцца адрываць ад бацькоў, якія прыводзяць сына ці дачку ў групу.

Вядома, не ўсіх дзяцей у паўтара года аддасі ў садок ці хаця б пакінеш на пару гадзін у школе ранняга развіцця. Трэба добра ведаць характар і стан здароўя дзіцяці. Педыятры, як правіла, негатыўна настроеныя супраць ранніх “развівалак”.

— На жаль, апошнім часам бацькі стараюцца як мага раней аддаць дзіця ў садок — у 1,5—2 гады. І не таму, што маме трэба выходзіць на працу, а для таго, каб дзіцё развівалася. Але няўжо выхавальнік у дашкольнай установе з двума дзясяткамі дзяцей дасць канкрэтна вашаму малому нешта большае і лепшае за вас? — разважае ўрач-педыятр філіяла № 5 Гомельскай цэнтральнай гарадской дзіцячай паліклінікі Аксана Варламава. — Садкі ў першую чаргу павінны навучыць дзіцё жыць у соцыуме. Але я лічу, што засваенне гэтых навыкаў павінна адбывацца пазней. Можна яшчэ зразумець сітуацыю з маленькімі групамі, дзе мамы знаходзяцца побач з дзецьмі. Але і там дзеці інфіцыруюцца. У выніку — выклік за выклікам, антыбіётык за антыбіётыкам. Дык што ж хочуць развіць у сваім дзіцёнку бацькі: імунны статус да трох гадоў ці нешта іншае? Сёння ў кожным доме з маленькімі дзецьмі ёсць мора цацак і дзіцячых кніг — развівайце дробную маторыку, спявайце песні, чытайце вершы.


Фота Аляксея Бібікава

Усё добра ў меру


Чаго грашыць — многія мамы менавіта так і робяць: стараюцца даць дзіцяці па максімуму ў хатніх умовах. Як, напрыклад, Вераніка Грышкова з Мінска, мама двухгадовай Алены, — у год і тры яе дачка пачала гаварыць, самастойна хадзіць на гаршчок і праяўляць цікавасць да лічбаў. А ў паўтара распавядала на памяць казку “Тараканішча”.

— І вось тут я зразумела, што мае ідэі па далейшаму развіццю дзіцяці скончыліся, я проста стала займацца з ёй па шаблону. Тады ўпершыню і падумала пра школу ранняга развіцця, — успамінае Вераніка. — Стала вывучаць пытанне, і аказалася, што пробныя заняткі ў большасці такіх цэнтраў бясплатныя. Тады мы сталі хадзіць і выбіраць, а разам з тым збіраць у скарбонку ведаў ідэі для заняткаў дома. Магу сказаць, што скачок у развіцці дачкі быў відавочны нават ад разавых заняткаў: дзесьці мы падхапілі песеньку, у іншым месцы — танец, у трэцім убачылі кінетычны пясок, гелевыя шарыкі, паглядзелі, што ўжо можна пачынаць ляпіць. Увогуле, ідэй назбіралі шмат, а ў лепшым з цэнтраў засталіся — там дачка магла і з дзеткамі пагуляць, і авалодаць навыкамі самастойнасці. Развучыла новыя песенькі і танцы, пачала маляваць. Пасля мы ў гэтай жа школе ранняга развіцця пайшлі ў дзіцячы міні-сад. Без слёз і капрызаў, а з радасцю і цікавасцю.

Напрошваецца выснова: хатняе навучанне, школы ранняга развіцця і садкі могуць выдатна дапаўняць адзін аднаго. Галоўнае зразумець, калі прыйшоў час канкрэтна для вашага дзіцяці пазнаёміцца з нечым новым і, захапіўшыся, не перабраць меру з раннім развіццём. Тут, лічыць вядомы ўрач-педыятр Яўген Камароўскі, як і з лекамі, усё вызначаецца дозай: “Ва ўмеранай колькасці — суцэльная карысць, але калі, замест таго каб бегаць і скакаць, дзіця вучыць прозвішчы амерыканскіх прэзідэнтаў, — гэта ўжо паталогія. Прычым паталогія таго, хто арганізоўвае падобнае ранняе развіццё”.

ХАТНІЯ ЗАБАВЫ

Пяць простых гульняў з малымі да 3 гадоў

Дарога. Выкладзіце сцежку з алоўкаў, кубікаў, кегляў ці чагосьці іншага і прапануйце дзіцяці пахадзіць па ёй. З кожным разам рабіце сцежку больш доўгай і звілістай. Ускладняючы заданне, папрасіце дзіця прайсці па сцежцы на пальчыках, пятках або скачкамі.

Колер дня. Папрасіце дзіця выбраць любы колер (калі яно яшчэ не гаворыць, можа паказаць на малюнку) і ўвесь дзень акружайце сябе гэтым колерам. Напрыклад, калі дзіцёнак выбраў чырвоны колер, для пачатку апраніцеся ў чырвонае. Затым паснедайце кашай з клубнічным варэннем, зрабіце сумесны малюнак чырвоным алоўкам, палічыце ў доме ўсе чырвоныя прадметы.

Што знікла? Пакладзіце на паднос 5 прадметаў (ключ, мячык, лыжку, кубік, крэйду альбо нешта іншае). Папрасіце дзіця вывучыць прадметы і назваць кожны з іх (можаце дапамагчы яму ў гэтым). Цяпер малыш заплюшчвае вочы. За гэты час вы павінны схаваць адзін з прадметаў у кішэню, а дзіця, зноў паглядзеўшы на паднос, — назваць, чаго ж не хапае. Паступова можна дадаваць на паднос новыя рэчы.

Ходзім па балоце. Стварыце на падлозе “купіны” — раскладзіце тоўстыя кнігі ці кольцы ад вялікай пірамідкі. Дзіцяці трэба прайсці па іх да мэты, напрыклад, да любімай цацкі, не “замачыўшы” ног. Ускладняючы задачу, адсоўвайце “купіны” адну ад другой і памяншайце іх памер.

Грузы на галаве. Прапануйце малышу панасіць на галаве розныя прадметы, напрыклад, шырокі пластмасавы слоічак або кольцы ад пірамідкі, а зверху мячык або маленькую падушачку. Калі атрымаецца, то яму можна дайсці да люстэрка і паглядзець на сябе.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter