Раздзелены хутар

У СВОЙ час воляй лёсу класік рускай літаратуры Аляксандр Купрын трапіў на Палессе і быў вельмі ўражаны патрыярхальным побытам, самабытнасцю, багатымі ўнікальнымі традыцыямі гэтага глухога куточка. Вынікам незвычайнай вандроўкі ў палескую глыбінку стала вядомая аповесць «Алеся», якая прынесла пісьменніку вялікую славу. Аўтар захапляльна апавядае пра мясцовыя звычаі, праз літаратурныя вобразы паказвае характары жыхароў сяла Пераброды. Непадалёку ад яго ў драўлянай хатцы сярод ляснога гушчару жыла са старэнькай бабуляй галоўная гераіня аповесці — чараўніца Алеся.

Сям’і Стоўбаў са Століншчыны даводзіцца па некалькі разоў у дзень пераходзіць беларуска-ўкраінскую мяжу: іх дом знаходзіцца ў Беларусі, а гаспадарчыя пабудовы – ва... Украіне

У СВОЙ час воляй лёсу класік рускай літаратуры Аляксандр Купрын трапіў на Палессе і быў вельмі ўражаны патрыярхальным побытам, самабытнасцю, багатымі ўнікальнымі традыцыямі гэтага глухога куточка. Вынікам незвычайнай вандроўкі ў палескую глыбінку стала вядомая аповесць «Алеся», якая прынесла пісьменніку вялікую славу. Аўтар захапляльна апавядае пра мясцовыя звычаі, праз літаратурныя вобразы паказвае характары жыхароў сяла Пераброды. Непадалёку ад яго ў драўлянай хатцы сярод ляснога гушчару жыла са старэнькай бабуляй галоўная гераіня аповесці — чараўніца Алеся.

ДАГЭТУЛЬ захавалася ў Перабродах мураваная белая царква, каля якой адбываліся асноўныя падзеі аповесці. Так як і ў тыя часы багаты навакольныя мясціны на журавіны, грыбы, у канавах, рачулках, балотных азёрах водзяцца ўюны, ліні, карасі ды іншая рыба. Па традыцыі штогод да Тройцы тут збіраюць у навакольных лугах, барах, пералесках лячэбныя зёлкі і сушаць іх пад павецямі. Толькі вось пра вядзьмарак менш чуваць. Але народныя знахары на Палессі і дагэтуль загаворамі ды малітвамі здымуць рожу, адвядуць сурокі, а настойкамі траў прычаруюць, каго трэба. Таму едуць сюды людзі з розных мясцін за паратункам. Аматары экстрэмальных вандровак накіроўваюцца ў балотны край, каб адчуць асалоду пераадольвання векавой дрыгвы, паназіраць, як такуюць глухары, ці палюбавацца шлюбным рытуалам журавоў. У апошнія гады распрацаваны спецыяльны маршрут ад лельчыцкай поймы ракі Убарці да міжрэчча прыпяцкіх прытокаў Львы і Сцвігі. Ён пралягае праз некранутую чалавекам глухамань, густыя палескія пушчы і лугавіны.

Менавіта сюды, у схаваную сярод густога сасновага бору, больш падобную на хутар, невялічкую вёсачку Капані я і завітаў. Як і ў часы купрынаўскай вандроўкі, тутэйшыя жыхары і цяпер гавораць на каларытным палескім дыялекце, зблытаным з іншымі славянскімі мовамі.

Дзяржаўная ўкраінска-беларуская мяжа пралягла нават праз хутарскія падворкі. Хлявы бацькоўскай сядзібы Васіля Рыгоравіча Стоўбы апынуліся на ўкраінскай тэрыторыі, а хата засталася на беларускай. Цяпер хутар пустуе, а яшчэ некалькі гадоў таму тут кіпела жыццё. Стары гаспадар Рыгор Стоўба на ўсю акругу славіўся пчалярствам. Умеў разумна карыстацца багатай прыроднай данінай. Да яго, як да купрынаўскай гераіні, ехалі па чароўныя зёлкі, духмяны мёд, грыбы, ягады. Гаспадыня, бабуля Ганна, ледзьве паспявала частаваць гасцей. Такая шчырасць душы перадалася сыну Васілю і нявестцы Надзеі, якія паўвека таму абвянчаліся ў памежным украінскім сяле Удрыцк, ад якога рукой падаць да купрынаўскіх Перабродаў. Вянчаліся ў зімовую сцюжу, употайкі, каб не нашкодзіць бацьку нявесты, які тады займаў партыйную пасаду. Але ўсё тайнае некалі становіцца яўным. Пра вянчанне маладых даведаліся ў райкаме партыі. Выклікалі бацьку, які адпарыраваў, што дачка ўжо носіць прозвішча мужа і бацьку непадуладна. Так і абышлося. Украінка Надзея Леанавец стала жонкай беларуса Васіля Стоўбы.

ЗНАЁМЫ яны былі з маленства, хаця нарадзіліся і выраслі па розных баках украінска-беларускай мяжы, а пачыналі навучанне ў адной і той жа пачатковай школе з адзінай настаўніцай у невялікай украінскай вёсачцы.

І цяпер, на восьмым дзясятку гадоў, пенсіянеры Стоўбы часта ўзгадваюць тое далёкае школьнае дзяцінства. На ўсё жыццё запомніў Васіль Рыгоравіч, як вучыла яго настаўніца правільна вымаўляць словы па-ўкраінску. У гэтую школку хадзілі дзеці з усіх навакольных беларускіх і ўкраінскіх паселішчаў.

— Усе гады пачатковай школы я была выдатніцай, — ганарліва адзначае Надзея Уладзіміраўна. — Мяне настаўніца ставіла ў прыклад іншым вучням, сярод якіх большасць былі пераросткі. З-за вайны пазней звычайнага пайшоў у школу і Васіль. Да вучобы не надта падкі быў. Ён разам са старэйшымі хлопцамі сядзеў за апошняй партай, і яны больш дзяўчат пільнавалі. А я — за першай партай, каля настаўніцы, у якой на стале стаяла лямпа. На ўроках мы адказвалі толькі на ўкраінскай мове, а пасля школы гаварылі на палескім дыялекце, які і дагэтуль амаль аднолькавы на беларуска-ўкраінскім памежжы.

— Усяго некалькі кіламетраў ад нашага беларускага хутара да гэтай украінскай пачатковай школы, — узгадвае гаспадар Васіль Стоўба. — Мы і не ведалі, што праз наш хутар пралягае мяжа. Яе ніколі ніхто не прытрымліваўся. Статкі кароў, авечак хадзілі паўсюдна. І сена касілі, хто дзе выбіраў. Лес, балоты, лугавіна, — усё было агульным да распаду вялікай дзяржавы. І мы нават не ведалі, хто якой нацыянальнасці на якім хутары. Гэтыя сядзібы перадаваліся ў спадчыну ад бацькоў дзецям. Некалькі пакаленняў маіх продкаў выраслі на нашым хутары. Пчалярскія калоды на старых дубах яшчэ мае прадзеды дзяўбалі. З маленства ад бацькоў я вучыўся сялянскім справам. А калі ўсе дзеці пасля вайны пайшлі ў школу, то і мяне запісалі ў першы клас. Тады мне было каля дзесяці гадоў. Як шэсць класаў скончыў, бацькі больш у школу не пусцілі. Трэба было сваю жывёлу даглядаць, па гаспадарцы дапамагаць. Сястра ўвогуле ні адзін год ў школу не хадзіла. Так і засталася непісьменнай.

— А я пасля пачатковай школы пайшла ў сямігодку, — працягвае Надзея Уладзіміраўна. — І ў нас была вялікая хатняя гаспадарка, але мой бацька імкнуўся дзецям даць адукацыю. Кароў пасвіць наймаў пастухоў. Звычайна пасля завяршэння жніва мы ўжо пачыналі рыхтавацца да школы. Зямлі мелі многа. Збажыной засявалі, і калі ў час жніва самі не спраўляліся з уборкай, то наймалі жней і касцоў. Звычайна разлічваліся з імі зернем. Калі завяршалі жніво, маці рыхтавала святочны абед, і мы ладзілі хутарскія дажынкі. Жнеі вязалі з кветак і каласоў вянкі і абвязвалі ім бацькоў. Пачыналася застолле з песнямі, музыкамі.

— А што сеялі тады?

— У асноўным жыта, авёс і ячмень, грэчку, проса. Каля нашага падворка быў выпас, а поле — далей, за лесам, аж да самай ракі Гарыні. Землі добра апрацаваныя, урадлівыя. У нізінах каля ракі пасвілі жывёлу. Рака вельмі хуткацечная. Недзе каля Карпат пачынаецца і нясецца праз палескую нізіну да Прыпяці. Гарыні я з маленства баялася. А трэба было штораніцы, каб дабрацца ў школу, пераплываць яе на лодцы. У паводку, калі рака шырока разлівалася, я заставалася жыць на кватэры ў сваякоў. Вось так і закончыла сярэднюю школу. У тыя пасляваенныя гады ў нашых мясцінах рэдка хто меў такую адукацыю.

— Мо, і я закончыў бы сярэднюю школу, але далекавата было хадзіць з нашага хутара, — гаворыць Васіль Рыгоравіч. — Шлях пралягаў праз густы бор, а там было шмат ваўкоў у тыя першыя пасляваенныя гады. Бывала, што і на людзей нападалі. Таму бацькі вырашылі: мне хопіць і шасці класаў.

З МАЛЫХ гадоў Васіль стаў за плуг, хутка авалодаў касою і сякерай. Каржакаватага, шырокаплечага хутараніна прызвалі служыць на Балтыйскі флот. За чатыры гады марак Стоўба двойчы наведваў бацькоў, якія не маглі нацешыцца такім сынам.

А калі пасля вяселля маладая нявестка ўпрыгожыла хутарскую хату вышытымі рушнікамі, абрусамі, сурвэткамі і яшчэ стала добрай памочніцай, бацькоўскай радасці было не ўняць. Маладыя жылі душа ў душу. Доўгі час свайго абранага нявестка звала на ўкраінскі лад Васыль, а свёкра — тато.

— Адразу перайшлі на беларускую мову? — пытаюся ў Надзеі Уладзіміраўны.

— Цяжкавата спачатку было мякка вымаўляць — Васіль. Але паступова прызвычаілася. А калі наведвала сваіх бацькоў, то ўсё роўна пераходзіла на ўкраінскую мову. Дзеці нашы на двух мовах размаўляюць. І ўнукі маюць схільнасць да моў. Але зараз яны больш паміж сабою карыстаюцца рускай.

— А на якой мове вам лягчэй чытаць?

— Па-ранейшаму чытаю больш па-ўкраінску. Але рускую класічную літаратуру люблю спасцігаць у арыгінале. Тую ж аповесць Купрына ведаю да дэталяў. Столькі разоў перачытвала. Гэта мой любімы твор. Мо, таму, што нашым мясцінам прысвечаны. Чытаецца вельмі захапляльна і лёгка. А раённую газету «Навіны Палесся» без напругі чытаю па-беларуску. Спяваю часцей па-ўкраінску. Вельмі падобныя нашы тры славянскія мовы. Якое шчасце, што нам не патрэбны перакладчыкі. У нас агульныя вытокі, агульная хрысціянская вера. Тут, на Палессі, перапляліся мовы, культура трох народаў: рускага, беларускага і ўкраінскага. На вяселлях, іншых застоллях гучаць песні на гэтых мовах.

— Надзея Уладзіміраўна, калі вашы дзеці хадзілі ў беларускую школу, вам цяжка было ім дапамагаць?

— Я ў іх вучылася беларускай мове. Асабліва, калі дзеці вершы чыталі. І цяпер магу ўзгадаць урыўкі з «Новай зямлі» Якуба Коласа, ведаю «Спадчыну» Янкі Купалы. Па некалькі разоў перачытвала «Палескую хроніку» Івана Мележа. Амаль што пра нас гэта. Як сена на балоце касілі і жылі там у куранях, як за зямлю сварыліся. А вось калыханку ўнуку па-ранейшаму спяваю па-ўкраінску. Вельмі люблю чытаць украінскую літаратуру. Некалі дзецям, а цяпер і ўнукам чытаю на памяць вершы ўкраінскіх паэтаў. Калі бывае сумна, узгадваю творы нашай цудоўнай Лесі Украінкі ці Тараса Шаўчэнкі. А яшчэ я дапамагала і мужу асвойваць рускую класічную літаратуру. Ён усё ж такі атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі ў вячэрняй школе. Разам з ім пісалі сачыненні па рускай літаратуры.

Жывём у Беларусі, але муж з маладых гадоў і да выхаду на пенсію працаваў ва ўкраінскім лясніцтве. Але пенсію атрымлівае беларускую, як грамадзянін Беларусі.

— Надзея Уладзіміраўна, а чым вы, акрамя хутарскай гаспадаркі, займаліся?

— Да замужжа была бібліятэкарам, а калі прыйшла на хутар, то працавала паляводам у калгасе. Чацвярых дзяцей з мужам выхавалі, ні разу не была ў дэкрэтным адпачынку. Усёй сям’ёй дзяцей гадавалі, з гаспадаркай упраўляліся. Вунь колькі хлявоў і хлеўчыкаў, і ўсе заўжды былі напоўнены жыўнасцю. Па тры каровы, коней, валоў, авечак, свіней трымалі. Толькі мінулай вясною здалі карову. Каня і зараз маем, а яшчэ курэй, індзюкоў, гусей, парасят і зямлі амаль гектар.

Дзякуючы дзецям, унукам спраўляемся з гэтай вялікай гаспадаркай. Раней было добра, што ніякай мяжы з украінскімі сёламі не ведалі. У нас традыцыя была — кожнае лета каля манумента Дружбы ладзілася грандыёзная сустрэча жыхароў двух суседніх раёнаў — Столінскага Брэсцкай і Дубровіцкага Ровенскай абласцей. Гучалі беларускія, украінскія і рускія песні, народ шчыра святкаваў. Калі ж усталявалі дзяржаўную мяжу паміж Беларуссю і Украінай, стала не зусім зручна. Некалькі гадоў таму трэба было тэрмінова наведаць радню ў некалькіх кіламетрах ад нас. Давялося дзень патраціць толькі на дарогу. Гэтая мяжа для мяне вельмі балючая. Усе ж мае родныя побач, на суседніх украінскіх хутарах і ў вёсках, а каб патрапіць туды, трэба ехаць за паўсотню кіламетраў на мытню. Мы ж прывыклі жыць адной сям’ёй, ніколі не дзяліліся на чужых і сваіх.

Горка на сэрцы ад гэтага. Вось і хутар бацькоў мужа раздзялілі на дзве часткі: украінскую і беларускую.

Свёкар некалі жартаваў, што калі на ўкраінскіх землях раней зацвіталі сады, то яго пчолы насілі з Украіны ў Беларусь мёд. Хлеў адыйшоў пад Украіну, а хата засталася на беларускім баку.

— Неяк мне па службе давялося адправіцца ў камандзіроўку на Цярнопальшчыну, — узгадвае Васіль Рыгоравіч. — Толькі пачаў там гаварыць, а мне тут жа сказалі, што я беларус. Пазналі па мове. А вось на Кіеўшчыне мяне прызналі за свайго, настолькі нашы мовы падобныя.

– І ЎСЁ ж дзяржаўная мяжа вашу сям’ю не раздзяліла.

— І ніколі не раздзеліць. Як бы ні прыходзілася, але мы адзін да аднаго ездзім у госці, наведваемся па самых розных прычынах. Нашы сем’і змацаваны шматгадовай дружбай. У нас многа сяброў як у Беларусі, так і на ўкраінскай зямлі. Разам раслі, вучыліся, працавалі, і ніякая мяжа нашы сэрцы не раздзеліць. І зараз, калі даводзіцца, не так часта, але збіраемся з якой-небудзь нагоды, узгадваем самае памятнае. Як, на

прыклад, аднойчы з сябрамі пасвілі кароў і знайшлі ў акопе скрынку патронаў. Вырашылі імі ўвечары пужаць ваўкоў. Калі сцямнела, запалілі вогнішча і сталі кідаць па аднаму патрону ў агонь. Патроны гучна стралялі. Мы ляжалі ля вогнішча, расказвалі самыя неверагодныя гісторыі. З намі быў сабачка, які дапамагаў пасвіць кароў. Патрэсквалі смаловыя дровы, мы слухалі чарговую байку, падкідвалі па аднаму патрону, і раптам з цемры выскачыў воўк, прамільгнуў паміж нас і ўмомант схапіў сабачку. Пакуль мы ачомаліся, ён знік разам з сабачкай. Нават спужацца ніхто не паспеў.

— А я з ваўком нават білася, — дзеліцца ўспамінамі Надзея Уладзіміраўна. — Было гэта таксама ў дзяцінстве. Бацька паехаў малаціць снапы ў манеж. А мне загадаў пасвіць авечак, якіх у нас было многа. Я пагнала атару за ваколіцу, да маладога падлеску. Раптам з чароту выскачыў воўк, схапіў авечку — і давай цягнуць яе да лесу. Усё імкнуўся закінуць сабе на спіну. А я падумала, што гэта нейкі сабака, і ў крык на ўсё горла. А ён нясецца з авечкай далей. Каровы на лузе ўсхваляваліся, сталі рыкаць, коні захрыпелі. Я схапіла свой пастуховы дручок і кінулася даганяць авечку. Вельмі хутка ляцела і ўміг нагнала. Дручком стала лупіць па зверу. Адкуль у мяне тая смеласць узялася, той спрыт. Воўк вышчарыўся, кляц-кляц зубамі — і авечка ўпала, а ён пабег у хмызы. Я стала авечку гнаць назад, а яна вырывалася і за ваўком імкнулася бегчы. Ледзьве яе перахапілі. Калі мы ўвечары прыгналі дамоў атару, браты расказалі ўсё бацьку. Ён мне загадаў, каб болей ніколі так не рабіла, бо гэта ж люты звер, яго трэба бараніцца. Я ж ад страху, што дома мяне пакараюць за авечку, кінулася ў яе абарону. Вось такая я была храбрая дзяўчынка.

І ўнучка Хрысцінка ў нас такая ж расце. Капаем аднойчы ўвосень бульбу за падворкам. Побач корпаюцца куры. Раптам чуем, што Хрысцінка надта ўстрывожана крычыць. Мы кінуліся да яе і ўбачылі, як яна з пашчы лісы куру вырывала. Ліса пракралася з лесу і ўхапіла куру, а ўнучка смела ўратавала яе. Адчайная дзяўчынка, мой характар. Часта летам гасцюе яна ў нас. Увогуле, маем сямёра ўнукаў і тры праўнукі. І сёлета прыязджалі дзеці з унукамі, дапамаглі выкапаць паўгектара бульбы. На зіму ўсім хопіць. У нас склеп вялікі. Адсартавалі: што на насенне, частку жывёле на корм, і сабе адборнай назапасілі. Хутар усіх нас корміць.

Я лепшага месца на зямлі, чым наш хутар, не ведаю. Мо таму, што сама вырасла на хутары, які на пачатку мінулага стагоддзя купіў мой дзед. Дзеля гэтага ездзіў у Амерыку грошы зарабляць. Бацька расказваў, што дзед вярнуўся з пазаакіянскіх заробкаў у лапцях і світцы, але з грошамі, і прыдбаў вялікі надзел урадлівай палескай зямлі. Родам дзед з беларускай вёскі Дзераўная, адкуль некалі Багдан Хмяльніцкі сваё войска поўніў. А маці мая — чыстакроўная ўкраінка, з-за Дняпра. Так прыгожа спявала ўкраінскія народныя песні-балады. І мне гэта перадалося.

— А вашы карані, Васіль Рыгоравіч, тут, на Беларускім Палессі?

— Я карэнны беларускі паляшук. Дзяды, прадзеды тут ляды карчавалі, канавы капалі, каб паболей поля было. У мінулую вайну шмат давялося перажыць. Суседнюю з нашымі Капанямі вёску Варані фашысты спалілі дашчэнту разам з жыхарамі. Памяць аб ёй захоўваецца на Хатынскім мемарыяле. Вайна нямала гора прынесла і нашым хутаранам. З першых дзён акупацыі нямецкія салдаты соўгаліся па хутарскіх падворках, рабавалі ўсё, што на вочы траплялася. А ноччу хутаране партызанам чым маглі дапамагалі. Майго бацьку немцы прызначылі галавой у вёсцы. Бацька ўпотайкі параіўся з партызанскім кіраўніцтвам і даў згоду. Ён пастаянна перадаваў партызанам важныя звесткі пра размяшчэнне акупантаў.

— І мой бацька адразу ж пасля фашысцкай акупацыі падаўся ў партызаны, — дадае Надзея Уладзіміраўна. — Пра яго нават у адной кнізе расказваецца. Дарэчы, нашы бацькі былі ў адным атрадзе і сябравалі паміж сабой. І не выпадкова я трапіла ў сям’ю Стоўбаў. Гэта было агульнае жаданне нашых бацькоў. І цяпер, калі паўвека пражыта разам, я магу шчыра сказаць, што я шчаслівая.

ВОСЬ такое шчырае прызнанне. Надзея Уладзіміраўна і Васіль Рыгоравіч Стоўбы не кідаліся далёка ў пошуках гэтага самага шчасця. Усё жыццё шчыруюць на зямлі сваіх продкаў, выхавалі дзяцей, дачакаліся ўнукаў і нават праўнукаў. Па сямейнай традыцыі трымаюць у парадку ўсю хатнюю гаспадарку, вялікі сад з духмянымі антонаўкамі і мядовымі грушамі, агарод, на якім даспяваюць паласатыя кавуны і крутабокія гарбузы. Песцяць свайго любімага каня, якога выгадавалі з маленькага жарабяці. А калі выдаецца вольны час, любяць чытаць. Часта перачытваюць і любімую аповесць пра палескую чараўніцу Алесю, сцежкамі якой яны цяпер ходзяць. Напэўна, гэта і ёсць іх сапраўднае шчасце, якое проста так нікому не даецца. Яго трэба заслужыць.

Уладзімір СУБАТ, “БН”, Столінскі раён

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter