На Витебщине сохраняют и берегут традиционное искусство росписи ковров

Райскі сад на зямлі

Так, як на поўначы Беларусі, дываны больш не малююць нідзе. Віцебскія маляванкі зачароўваюць сваімі азёрамі і рэкамі, стракатымі кветкамі, раслінным арнаментам. Паўночны рэгіён Беларусі багаты на вадаёмы. Не дзіва, што водная стыхія часта сустракаецца на дывановых пейзажах. У 2014 годзе маляванкі Віцебскага Паазер’я папоўнілі спіс гісторыка-культурных каштоўнасцеў Беларусі. Спрыяла гэтаму і Святлана Скавырка — народны майстар Беларусі, загадчык Глыбоцкага Дома рамёстваў і кіраўнік гуртка выяўленчага мастацтва і роспісу па палатне.

Разам са Святланай зберагае традыцыі і дачка Ксюша.
Фота з асабістага архіва Святланы Скавырка
На пачатку ХХ стагоддзя маляванкі можна было ўбачыць амаль у кожнай вясковай хаце. Запатрабаванымі былі дываны, якія стваралі на льняным палатне маслянымі або акрылавымі фарбамі. Звычайна яскравыя вырабы замаўлялі ў якасці сямейнага абярэга на вяселле, нараджэнне дзіцяці. Майстры ненадоўга прыпыняліся ў адной хаце, малявалі дыван і ішлі да другіх гаспадароў. За гэта ім рэдка давалі грошы, звычайна «плацілі» хлебам, крупамі і ўспрымалі такіх майстроў, хутчэй, як дзівакоў і летуценнікаў.

Вялікі ўплыў на развіццё маляванак Віцебскага Паазер’я аказала дзейнасць Язэпа Драздовіча. Самабытны майстар, які на пачатку ХХ стагоддзя займаўся гэтым промыслам, услаўляў у сваіх малюнках прыгажосць роднага краю. Сёння на радзіме славутага беларускага жывапісца адраджаюць дзіўныя ўзоры, развіваюць даўнюю традыцыю і перадаюць навыкі малодшаму пакаленню.

Маляванкі — асаблівы гонар Глыбоцкага Дома рамёстваў. Святлана Скавырка стварае іх ужо каля 15 гадоў. Першы раз яна ўзяла ў рукі пэндзлік яшчэ ў школе, у родным горадзе Нароўля на Гомельшчыне. Пасля чарнобыльскай бяды яна з бацькамі пераехала за 400 кіламетраў, у горад Глыбокае, які стаў для яе другой малой радзімай.

— Дзякуй маёй маме, Вользе Дзмітрыеўне, — распавядае Святлана Скавырка. — Менавіта яна перадала мне любоў да прыгажосці, навучыла любіць і шанаваць кожны пражыты дзень. У яе няма прафесійнай мастацкай адукацыі, але яна выдатна малюе. Маме 80 гадоў, аднак да гэтага часу яна дзеліцца сваім бачаннем прыгажосці, і я ведаю, што заўсёды магу атрымаць ад яе карысную параду.

Знаёмства з Глыбоцкім Домам рамёстваў у Святланы адбылося з яскравай калекцыі маляванак мясцовага майстра Галіны Таляронак.

— Прызнацца, калі першы раз убачыла дываны, яны мне не адразу спадабаліся, — гаворыць жанчына. — Спатрэбіўся час, каб маляванкі ўвайшлі ў маё жыццё. Дываны-малюнкі — гэта ўзор народнага мастацтва ў яго традыцыйным разуменні. На жаль, доўгі час яны былі незаслужана забытыя і заставаліся ў цені афіцыйна прынятага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сваімі працамі я хачу паказаць, што маляванкі вельмі натуральна ўпісваюц­ца ў сучаснасць — гэта цудоўныя ўзоры, над якімі час не мае ўлады.

Сярод раслінных арнаментаў распаўсюджаны пейзажныя, анімалістычныя, сюжэтныя матывы, выявы гісторыка-культурных помнікаў Віцебшчыны. Вось старажытны горад Глыбокае. Пазнаць яго можна па мясцовых архітэктурных «блізнятах» — касцёлу Святой Тройцы і сабору Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы ў стылі віленскага барока. На дыванах можна ўбачыць азёры ў абрамленні чароту. Паўночны рэгіён краіны багаты на вадаёмы, якія, нібы мазаіка, складаюцца ў вялікае Беларускае Паазер’е.

— Раней маляванкі адцягвалі ўвагу ад жыццёвых клопатаў, упрыгожвалі сялянскі быт, стваралі радасны настрой, — кажа майстар. — Мастакі-самавучкі пісалі, хай наіўна, затое інстынктыўна, вобразна і эмацыянальна, як самі адчувалі. Мне здаецца, для стварэння маляванак гэта самае галоўнае.

На працах майстра можна пабачыць наіўныя малюнкі казачных гарадоў, прыгожых кветак, дзіўных звяроў.
Фото  БЕЛТА

Сёння працы з маляўнічымі сюжэтамі купляюць не толькі дзеля ўпрыгожвання памяшканняў, гэта і адметны падарунак, абярэг для дзяцей і ўнукаў. Прычым глыбоцкія маляванкі можна сустрэць не толькі ў Беларусі, але і ў краінах блізкага і далёкага замежжа: Кітаі, Аўстраліі, Літве, Латвіі, Польшчы, Расіі, Ізраілі. Дываны выдатна ўпісваюцца ў інтэр’ер драўляных хат, аграсядзіб.

Працэс стварэння маляваных дываноў патрабуе цярпення. Роспіс вялікага палатна можа заняць да чатырох тыдняў. Ды і з невялікімі клопатаў не менш — асаблівая ўвага надаецца прапрацоўцы дробных дэталяў. Сюжэты ў Святланы самыя разнастайныя: сярод іх — трыпціх «Райскі сад», велічныя храмы, вогненныя жар-птушкі, казачныя звяры.

Малюе майстар на ільняной тканіне. Спачатку кавалачкам мыла наносіцца распрацаваны на паперы эскіз. Крэйда для адбітку контураў будучага малюнка не падыходзіць, трэба каб «чарнавік» добра змываўся вадой. Наступны этап — нанясенне грунтоўкі з клею і водаэмульсіёнкі, каб фарба не ўбіралася ў тканіну і не цямнела.

У размаляваных насценных дыванах можна заўважыць арнаментальныя элементы традыцыйнага ткацтва, вышыўкі і роспісу. Нашы продкі стваралі дываны на саматканым палатне. Цяпер, вядома, працаваць зручней і прасцей.

Нягледзячы на ​​наіўныя формы, у маляванкі нібы ўпісаны сакральны код каштоўнасцяў. Простыя матывы падкупляюць шчырасцю і свабодай самавыяўлення. Нядзіўна, што маляванкі вешалі ў хаце на самым ганаровым месцы. Яны былі не толькі ўпрыгожваннем, але і талісманам-абярэгам. Ёсць такая праца і ў Святланы. Гэта своеасаблівая інтэрпрэтацыя райскага саду Алёны Кіш. У вобразах каларытных львоў мастачка адлюстравала сябе, мужа і дзяцей, знайшлося месца на палатне і ўтульным хаткам ля возера, і лебедзям — сімвалу вернасці і неразлучнасці. Дарэчы, усе работы глыбачанкі аздоблены драўлянымі рамкамі, якія афармляе муж Святланы Уладзімір.

Своеасаблівы талісман-абярэг сям’і Скавырка — маляванка з генеалагічным дрэвам.
Фота аўтара

Адна з самых дарагіх для жанчыны маляванак — генеалагічнае дрэва сям’і Скавырка. З аднаго боку — вішнёвыя галіны, з другога — дубовыя, унізе цячэ паўнаводная рака Прыпяць.

— Я нарадзілася ў вёсцы Вішанька і так сімвалічна паказала жаночы пачатак роду. Праўда, у месцы з мілагучнай назвай мы жылі не доўга, бацькі неўзабаве пераехалі ў Нароўлю на беразе Прыпяці. Магутны дуб сімвалізуе мужчынскую лінію, працяг роду, — тлумачыць Святлана. — Упэўнена, дачка і сын упішуць у наша радавое дрэва імёны сваіх дзяцей і ўнукаў.

Разам з вучнямі майстар нярэдка здабывае каштоўную інфармацыю аб народнай творчасці з першакрыніц — старэйшае пакаленне ў вёсках яшчэ памятае шмат цікавага. Стварае маляванкі і дачка Ксюша. Святлана падкрэслівае, што для яе вельмі важна, каб традыцыя не перарывалася:

— Цешыць, што цікавасць да маляванак адраджаецца. Нацыянальную памяць трэба зберагаць і захоўваць!

Маляваныя дываны майстра можна пабачыць на беларускіх і замежных фестывалях і конкурсах. 

— Спадзяюся, гэты год будзе больш багаты на фестывалі і сустрэчы. Канешне, ніхто не можа сказаць дакладна, калі наша жыццё вернецца ў ранейшае рэчышча, калі мы зможам зноў збірацца разам, адзначаць святы і без боязі хадзіць адзін да аднаго ў госці. Так, з-за пандэміі нам усім няпроста, але ўпадаць у роспач не трэба. Кожны павінен свядома ставіцца да таго, што адбываецца, берагчы сябе і блізкіх, — упэўнена Святлана Скавырка.

hilkok@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter