«Расце вяз і плача пра знесенае ветрам пакаленне...»

ГЭТА інтэрв’ю — апошняя праца Яўгена КАЗЮКІНА. Яўген Фёдаравіч амаль ужо дапісаў яго, як прыхапіла сэрца. У той жа дзень, менш двух тыдняў таму, Казюкіна не стала... Таленавіты журналіст цесна супрацоўнічаў з нашым выданнем. І мы яшчэ раз аддаем даніну павагі і памяці свайму калегу, друкуючы матэрыял...

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў здолеў паглядзець на лёс Айчыны вачыма сваіх продкаў

ГЭТА інтэрв’ю — апошняя праца Яўгена КАЗЮКІНА. Яўген Фёдаравіч амаль ужо дапісаў яго, як прыхапіла сэрца. У той жа дзень, менш двух тыдняў таму, Казюкіна не стала... Таленавіты журналіст цесна супрацоўнічаў з нашым выданнем. І мы яшчэ раз аддаем даніну павагі і памяці свайму калегу, друкуючы матэрыял...

— Анатоль Васільевіч, на пачатку нашай размовы, думаецца, трэба працытаваць радкі з вашай кнігі і ўзгадаць некаторыя факты з вашай біяграфіі.

«Адзін з самых яскравых успамінаў дзіцячай пары — на нашым надзеле, які адышоў ужо да калгаса, рос велічэзны, у некалькі абхватаў, вяз, пасаджаны маімі продкамі ў XIX стагоддзі. Дрэва стала любімым для мяне. Там я марыў пра будучыню, планаваў нешта, але часцей за ўсё пад гэтым вязам мы гулялі з вясковымі хлапчукамі. Дарэчы, на нашым вязе гняздзіліся буслы, і мы любілі назіраць, як птушаняты мацуюць крылы.

У 1960-я гады вяз хацелі выкарчаваць: вельмі ганарліва стаяў ён пасярод калгаснага поля і перашкаджаў сеяць кукурузу квадратна-гнездавым спосабам. Зачапілі яго двума магутнымі трактарамі-сталінцамі, пацягнулі, але тросы лопнулі — вяз выстаяў.

І вось аднойчы, прыехаўшы ў вёску, я ўбачыў, што вяза няма. Зваліўся ад старасці. Любага дрэва не стала, а з ім адышло нешта важнае, што так вабіла мяне ў Засмужжы. Я пачаў рэдка ездзіць у родную вёску, а зялёны сябра заўсёды стаяў перад вачыма.

Прайшоў час. І я захацеў пасадзіць вяз каля свайго новага дома. Якраз на Любаншчыну збіраўся мой сябар, і я папрасіў яго знайсці добрае дрэўца. Ён выканаў маю просьбу. Палюбаваўшыся на палескага прыгажуна, мы адразу пачалі пасадку...

На жаль, вяз не прыняўся: зайцы зімой кару аб’елі. Звычайна яны ласуюцца карой садовых дрэў, а тут чамусьці на вяз напалі. Але пра мару сваю я не забыўся. Мне падказалі, што ў адным зеленгасе ёсць рэдкае дрэва — вяз ніцы. Хоць і з цяжкасцю, але ўдалося яго набыць.

Цяпер недалёка ад пасаджанага раней дуба расце ніцы вяз як памяць пра расстралянага дзеда, пра ўсіх родзічаў, якім многае давялося перажыць у далёкія 1930-я гады. Расце ён і быццам плача пра страчанае і «знесенае ветрам» пакаленне беларускай шляхты…»

Гэта абразок з кнігі «Я — сын Ваш», летапісу беларускай шляхты, якую напісаў пісьменнік, даследчык айчыннай культуры, фундатар, які аказвае дапамогу ў аднаўленні разбураных храмаў і манастыроў, адзін з уладкавальнікаў помніка Святой Сафіі, княгіні Слуцкай, Анатоль СТАТКЕВІЧ-ЧАБАГАНАЎ. Ужо выйшлі чатыры тамы. Усіх будзе, напэўна, больш за дзесяць. Вядомы пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай літаратурнай прэміі Беларусі Уладзімір Ліпскі, прачытаўшы іх, сказаў: «Фундаментальнае выданне, у якім змешчаны дакументы і факты за пяць апошніх стагоддзяў. Аўтар даследаваў радаводы сваіх прамых продкаў: Сацкевічаў-Статкевічаў, Карафа-Корбутаў, Тычынаў, Ждановічаў-Гурыновічаў, Некрашэвічаў, Глінскіх-Ліхадзіеўскіх, Рэутаў, Забелаў, Татураў — і ўстанавіў родасныя сувязі з дзясяткам шляхецкіх родаў. Гэтая тытанічная праца стала сапраўдным духоўным подзвігам Анатоля Васільевіча».

Ну а сам аўтар серыі кніг больш сціпла кажа пра сваё даследаванне:

— Над тэмай беларускіх старажытных родаў я працую больш за 20 гадоў. Але цікавіўся імі з дзяцінства. Як цяпер памятаю пачатак восені 1952 года. На дварэ холадна, мокра, а ў нашай хаце светла і святочна: вярнуліся з арміі мае дзядзькі — Віктар і Мікалай. У час вайны яны падлеткамі пайшлі ў партызаны. Пасля роўна сем гадоў праслужылі ў Савецкай Арміі. Вярнуліся пасталелыя, узмужнелыя. Да высокіх чыноў не даслужыліся, але кожны меў на пагонах лычкі.

Пад вечар салдаты селі за стол. Як і належыць, выпілі па чарцы. Пачаліся цікавыя размовы, гарачыя спрэчкі. Я ляжаў на печы і ўважліва слухаў, пра што гавораць дарослыя. Многае з іх размовы мне было не зразумела, але некаторыя рэчы я ўсвядоміў і запомніў на ўсё жыццё. Мяне хвалявала, што дзядзькі яшчэ ў маленстве пабывалі дзесьці ў далёкай ссылцы, была з імі і мая яшчэ шасцігадовая мама. Здарылася гэта ў 1930-я гады. Мікалай і Віктар гаварылі, як было цяжка, колькі ім давялося перажыць. Мінулае моцна трывожыла іх душы. Яны неаднаразова вярталіся да гэтай тэмы. А я слухаў і запамінаў, хаця час быў такі, што адкрыта гаварыць пра гэта нельга было. У маёй цёткі Зоі нават дзённікі засталіся пасля ссылкі, яны адкрылі мне вочы на многія таемныя рэчы. Аказалася, мой дзед Міхаіл Іванавіч быў расстраляны разам са сваім стрыечным братам у так званым Бабруйскім выпраўдоме. Вось так перавыхоўвалі людзей, ставячы іх да сценкі. Дзядзька Ваня загінуў падчас ссылкі, некалькі старонак прысвечана яму ў маёй кнізе. Брат бабулі Георгій таксама быў расстраляны. Усё гэта фіксавалася ў памяці, трывожыла час ад часу.

Але сапраўдная і глыбокая праца мая пачалася падчас перабудовы. З’явілася магчымасць патрапіць у архівы. І асабліва — Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Таму што ўсе мае продкі, паколькі яны паходзілі з дваран, сутыкаліся з чэкістамі, якія вялі іх справы.

Акрамя таго, сярод маіх родзічаў знайшліся людзі, якія займаліся пошукам свайго радавода ў 20—30-я гады ХХ стагоддзя. Напрыклад, Ілья Карафа-Корбут і яго брат Павел, якія жылі да рэвалюцыі ў Малінава Глускага раёна, пакінулі вялікую схему роднасных сувязяў сваіх продкаў. Усё на ёй паказана дэталёва: склад сям’і, продкі кожнага, як аб’яднаныя, родныя, стрыечныя. Папера на два метры. Затым у Санкт-Пецярбурзе знайшоў невялічкую, але вельмі цікавую для мяне кніжку. Выдаў яе ў XIX стагоддзі адзін з маіх родзічаў Васіль Сеўрук.

Пошук вёўся гадамі. І людзі падрабязна апісвалі свой род. Некаторым з іх удавалася зазірнуць нават у XVI стагоддзе. І складалі радаводнае дрэва сваіх продкаў па дзесяць і болей каленаў.

Потым я прадоўжыў пошук у архівах Беларусі, Літвы, Санкт-Пецярбурга, Польшчы. Знаходзіў арыгіналы дакументаў пра маіх продкаў. Удалося распрацаваць больш за сорак дваранскіх родаў Беларусі. Па некаторых галінах ёсць матэрыялы аж да XV стагоддзя. А па Глінскіх і Астрожскіх — і глыбей.

Але галоўнае, да чаго я прыйшоў, працуючы над кнігай, — гэта ўсведамленне, што генеалогія, гісторыя роду, хто ад каго пайшоў — важна, але не істотна. Асноўнае — зразумець гісторыю Айчыны праз гісторыю роду. Паглядзець на яе вачыма продкаў. Думка такая гадоў дзесяць таму прыйшла да мяне. І я кіраваўся ёй пры рабоце над сваім даследаваннем. Некаторыя гісторыкі лічаць, што гэта новы погляд на гісторыю Беларусі. Паглядзець на гісторыю не праз падзеі, а праз канкрэтных людзей, праз іх род. А гісторыя жыцця кожнага чалавека, кожнага роду — гэта і ёсць гісторыя краіны.

— Анатоль Васільевіч, узгадайце, калі ласка, найбольш значных людзей з вашага роду, найбольш выбітных, якіх і гісторыя ведае, і людзі не забыліся?

— Усе мае продкі — людзі знакамітыя. Ёсць сярод іх такія, хто займаў значныя пасады, хто займаўся вялікай грамадскай працай. Былі ў нас у XV—XVI стагоддзях і першаіерархі Праваслаўнай царквы. Напрыклад, мітрапаліт Кіеўскі Грыгорый, архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры Іван, архіепіскап полацкі Яўхімій, ігумення полацкая Настасія. Усе яны са знакамітага кіеўскага роду Каленікавічаў і яго полацкай галіны.

Мая маці Аляксандра Міхайлаўна паходзіць са старажытнага беларускага шляхецкага роду Сацкевічаў-Статкевічаў. Цікава, што сярод яе продкаў Марыяна — дачка князя Мікалая Глінскага-Ліхадзіеўскага.

Род Сацкевічаў-Статкевічаў меў свой герб «Касцеша». Пра яго вядомы паэт, кнігавыдаўца і аўтар папулярнага ў XVII стагоддзі буквара Спірыдон Собаль нават стварыў оду «На герб их милостей панов Стеткевичов».

Адным словам, Сацкевічы-Статкевічы, якія ў XVI стагоддзі мелі прозвішча Сачкевічы, былі заможнымі людзьмі. З імі лічыўся нават Мікалай Радзівіл Чорны. Нашы землі «ўпіраліся ў сцены палаца Нясвіжскага». Суседзі вырашылі ўпарадкаваць свае «грунты». Перамовы вяліся складана. Яно і зразумела: нашы продкі заўсёды цяжка развітваліся з родавымі гнёздамі, якія былі дарагімі душы і сэрцу. І давялося Радзівілу аддаць наўзамен два маёнткі, а ў дадатак вялікую суму грошай. Гэтую здзелку блаславіў і зацвердзіў асабіста кароль Жыгімонт Аўгуст. Зроблена тое было 22 кастрычніка 1562 года. У мяне ёсць копія гэтага дакумента, змешчаны ён і ў кнізе.

— А дзе жылі вашы продкі?

— Многія з Сацкевічаў-Статкевічаў жылі каля Нясвіжа ў сваіх родавых маёнтках Валожыцы і Куковічы ажно да 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Аднак прадстаўнік нашага галіновага родавага дрэва Яўфім Статкевіч і яго сын Сямён перабраліся ў бойкае купецкае мястэчка Пясечнае ў Капыльскім княстве.

Не стану стамляць аповедамі, дзе жылі потым мае продкі, чаму перабіраліся з аднаго месца на другое. Шукалі лепшай долі, урадлівай зямлі. Нарэшце мой прадзед Іван Вікенцьевіч апынуўся на Любаншчыне, разам з родзічамі набыўшы «маёнтак Засмужжа па купчай крэпасці». Гэта была зямля князя Вітгенштэйна — чатыры тысячы дзесяцін, за якую князь запрасіў 30 тысяч рублёў срэбрам. Хутка мой прадзед разам са сваёй сям’ёй перабраўся на новае месца жыхарства.

У маёнтку Засмужжа сын Івана Вікенцьевіча, мой дзед Міхаіл Статкевіч, стаў лідарам сярод сваякоў. Яны абралі яго старастам. Малады гаспадар вылучаўся і ў воласці. Яго паважалі, запрашалі на ўсе нарады па зямельных пытаннях, а губернскае кіраўніцтва, якое бывала ў нашых краях, абавязкова наведвалася ў маёнтак Засмужжа.

Але ў 1917 годзе да ўлады прыйшлі новыя людзі, чужыя па натуры і духу. У Міхаіла Іванавіча і яго родзічаў абрэзалі землі, пакінуўшы толькі невялікі надзел. Тады з маім дзедам не расправіліся. Бяда пастукалася ў дзверы ў лютым 1930-га, і «члена антысавецкай банды», які аказваў супраціўленне арганізацыі калгасаў, агітаваў супраць улады бальшавікоў, кінулі за краты ў Бабруйскі выпраўдом. Выпраўленне скончылася расстрэлам. Расстралялі яго разам са стрыечным братам Іванам. А ўсю сям’ю «кулакоў» Статкевічаў, малых і старых, і іх шматлікіх родзічаў пагрузілі ў таварныя вагоны і павезлі ў Комі-Пярмяцкую акругу.

Карацей кажучы, лёс маіх продкаў трагічны. Кожны  пацярпеў  у  той  ці  іншай  ступені.  Некага расстралялі, нехта загінуў трагічна на чужыне, нехта патрапіў у ссылку. А маю бабулю двойчы арыштоўвалі, і яна адбывала пакаранне ў ГУЛАЗе да 1941 года. Толькі ў 1989-м усе члены маёй сям’і былі рэабілітаваныя.

— Анатоль Васільевіч, але вы і вашы родзічы, як напісана ў кнізе, не затаілі крыўду на савецкую ўладу. Маці ваша вывучылася і стала бухгалтарам. Дзядзькі ў час Вялікай Айчыннай змагаліся з ворагам у партызанах. Вы скончылі Любанскую сярэднюю школу з беларускай мовай навучання з залатым медалём, інстытут, вышэйшую школу кіравання пры АПК СССР, школу сусветнай эканомікі ў Вялікабрытаніі. Працавалі галоўным інжынерам на абарончым прадпрыемстве, начальнікам Глаўка Дзяржаграпрама БССР, старшынёй Беларускай аграпрамысловай біржы. Узнагароджаны Рускай праваслаўнай царквою ордэнамі Святой праведнай княгіні Сафіі Слуцкай, Свяціцеля Кірылы Тураўскага І ступені, Святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра ІІІ ступені…

Зараз вы — член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Аўтар серыі кніг па гісторыі старажытных беларускіх родаў, адна з якіх адзначана дыпломам І ступені ў намінацыі «За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны» на 51-м Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі», а таксама вылучана на атрыманне «Залатога Купідона» ў Рэспубліканскім літаратурным конкурсе «Лепшы твор 2011 года».

Адным словам, вы — даволі вядомы чалавек у краіне. А хто яшчэ з вашага роду пакінуў значны след у гісторыі нашай Айчыны, кім ганарыцеся?

— Дзякую на добрым слове. А што датычыць маіх родзічаў, то, як ужо адзначалася, многія з іх былі вядомымі людзьмі. Возьмем бліжэйшы мне род Карафа-Корбутаў. Мала хто ведае, але сапраўднае імя паэта Элегія Вуля — Элегій Францішак Корбут. З Корбутаў вядомы кампазітар і музыка Пятро Карафа-Корбут, які сябраваў з сям’ёй знакамітага Станіслава Манюшкі.

А калі ўзгадаць род Татураў, то з яго паходзіў археолаг Генрык Татур, краязнаўца, гісторык, павятовы маршалак дваранства, які з 1874 года вёў археалагічныя раскопкі ў Мінскай вобласці і склаў яе археалагічную карту з апісаннем усіх значных помнікаў. Да Генрыка Татура звяртаўся за парадамі князь Антоній Радзівіл, з ім супрацоўнічаў граф Чапскі, сябраваў Іван Луцкевіч і лічыў Татура сваім настаўнікам.

Назаву яшчэ некалькі выбітных асоб: Сцяпан Некрашэвіч — славуты беларускі мовазнаўца, старшыня Інбелкульта, віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР; генерал Аляксандр Казанкін, камандуючы паветрана-дэсантнымі войскамі СССР у пасляваенны час.

Пра іх і пра іншых прадстаўнікоў старажытных беларускіх родаў распавядаюць мае кнігі. Галоўнае для мяне — не страціць духоўнай сувязі з продкамі, а таксама паказваць жывую, непалітызаваную гісторыю Айчыны, якая складваецца з лёсаў кожнага чалавека.

Гутарыў Яўген КАЗЮКІН

Фота Рагнеда МАЛАХОЎСКАГА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter