Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Выстава прац вядомага акварэліста Фёдара Кісялёва прайшла ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры

Рамантык з пэндзлем

“У глыбінях зямлі нашых душ карані…” — так называлася выстава, і гэта радок з глыбокага верша Ніла Гілевіча. Як сведчаць мастацтвазнаўцы, у акварэльным жывапісе Фёдара Кісялёва лірычныя матывы цесна спалучаны з рамантычным гучаннем. Тэма Радзімы, краявіды з помнікамі даўніны, дыханне часу — усё гэта ёсць у творах майстра. Як і моцная сувязь з літаратурай. У прыватнасці, серыя “Пасожская балада” прысвечана пiсьменнiкам Пасожжа — Віктару Карамазаву, Аляксею Пысiну, Міхасю Стральцову. Мастацкі цыкл “З глыбiнь мiнулага” дае магчымасць узгадаць імя знакамітага паэта Адама Міцкевіча. Заслугоўвае ўвагі таксама й серыя “У краi азёрным”, якая ўключае працу з характэрнай назвай: “Бычкi. На радзiме В. Быкава”. Серыя “Шлях да паэта” прысвечана выдатнаму Песняру Янку Купалу і тым мясцінам, дзе ён жыў.

У прэс-рэлізе, дасланым з музея, гаворыцца: акварэліст Фёдар Кісялёў нарадзіўся 15 верасня 1946 года ў вёсцы Іванава Слабада Клімавіцкага раёна Магілёўшчыны. У 1971-м закончыў мастацка-графічны факультэт Віцебс­кага педінстытута, з 1978-га ён — сябра Беларускага саюза мастакоў. Фёдар Сцяфанавіч — прадстаўнік Віцебскай акварэльнай школы, вучань вядомых акварэлістаў Фелікса Гумена ды Івана Сталярова. Асноўныя жанры творчасці мастака — пейзаж і нацюрморт. Найбольш блізкія тэмы творчасці — гэта Прыдняпроўскі край, Паазер’е, матывы Бацькаўшчыны, помнікі гісторыі ды культуры.

Голас Радзімы № 29 (3533), чацвер, 3 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter