Рамантык, улюбёны ў архівы

Вядомы расійскі гісторык, ураджэнец Масквы Станіслаў Думін быў вучнем знакамітага гісторыка-беларуса Міколы Улашчыка. А сам ён нядаўна дзякуючы пошукам у архівах дакапаўся і да беларускіх радаводных каранёў свайго бацькі.Народжаны ў сям’і патомных вайскоўцаў (бацька быў падпалкоўнікам авіяцыі), Станіслаў Думін з дзяцінства марыў стаць гісторыкам. І ў школе захапляўся генеалогіяй і геральдыкай. У звестках пра яго ў інтэрнэце — сціплы запіс: у 1975-м закончыў гістфак МДУ імя М. В. Ламаносава. А нядаўна ў рэдакцыю Станіслаў Уладзіміравіч паведаміў: адным з яго педагогаў у аспірантуры Маскоўскага дзяржуніверсітэта быў Мікола Улашчык.
Станіслаў Думін — наш суайчыннікВядомы расійскі гісторык, ураджэнец Масквы Станіслаў Думін быў вучнем знакамітага гісторыка-беларуса Міколы Улашчыка. А сам ён нядаўна дзякуючы пошукам у архівах дакапаўся і да беларускіх радаводных каранёў свайго бацькі.
Народжаны ў сям’і патомных вайскоўцаў (бацька быў падпалкоўнікам авіяцыі), Станіслаў Думін з дзяцінства марыў стаць гісторыкам. І ў школе захапляўся генеалогіяй і геральдыкай. У звестках пра яго ў інтэрнэце — сціплы запіс: у 1975-м закончыў гістфак МДУ імя М. В. Ламаносава. А нядаўна ў рэдакцыю Станіслаў Уладзіміравіч паведаміў: адным з яго педагогаў у аспірантуры Маскоўскага дзяржуніверсітэта быў Мікола Улашчык. Вялікі чалавек! Ураджэнец вёскі Віцкаўшчына Мінскага павета, прайшоў праз чатыры арышты і сталінскія лагеры — і ўсё ж адбыўся як асоба: стаў доктарам навук, вядучым спецыялістам па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Ён жыў і выкладаў у Маскве, а пахаваны на Чыжоўскіх могілках у Мінску. Бліжэй да продкаў… І на надмагільным камені яго высечаны знакамітыя радкі з купалаўскага верша: “Мне сняцца сны аб Беларусі…”.
Пашанцавала Думіну! Урывак з яго электроннага пісьма: “Паступіў у 1977 годзе ў аспірантуру на той жа кафедры, пашчасціла стаць вучнем М. М. Улашчыка, больш грунтоўна заняцца крыніцазнаўствам (у прыватнасці, Літоўскай метрыкай). У 1981 годзе я абараніў кандыдацкую дысертацыю пра Смаленшчыну ў складзе ВКЛ (1611—1654). Увогуле ў мяне шмат публікацый па ВКЛ, ёсць нататка пра мяне і ў Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”. Даследчык і цяпер “займаецца татарамі”: гісторыяй, генеалогіяй і геральдыкай сваіх продкаў ды іншых татарскіх родаў ВКЛ. А яшчэ генеалогіяй і геральдыкай расійскага, польскага, грузінскага і іншага дваранства “ды многімі іншымі сюжэтамі.”
Ды ўсё ж як вучоны-генеалог, вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага гістарычнага музея, прэзідэнт Расійскай генеалагічнай федэрацыі, Генеральны Сакратар Міжнароднай акадэміі генеалогіі і член Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі Станіслаў Думін адшукаў беларускія карані па бацьку? Старонка гісторыі адкрылася карыфею архіваў год таму. Пачалося ўсё з аднаго сямейнага дакумента. Праўда, і раней генны аналіз крыві, прызнаўся даследчык, “нечакана паказаў на сувязь з гэтым рэгіёнам”. А цяпер і дакумент аб паходжанні прадзеда ўсё паставіў на свае месцы. Аказалася: і род бацькі, як і род маці, мае карані ў вёсцы Некрашы Гродзенскага раёна. Яшчэ цытата з пісьма ў рэдакцыю: “Дарэчы, моцна падазраю, што і продкі бабулі па маці, Яўгеніі Пятроўны Альковіч, яны ж Альховічы, былі таксама “тутэйшыя” палякі. Гэта значыць, цяпер, калі вы пытаецеся, што мяне звязвае з Беларуссю, — магу адказаць: атрымліваецца, амаль усё”.
Сёння Нацыянальная бібліятэка Беларусі мае ў сваіх зборах салідны том “Літоўскія татары ў гісторыі і культуры”, выдадзены па-літоўску і па-руску ў Каўнасе. Гэта плён працы Станіслава Думіна і яго калег Галіма Сітдыкава і Адаса Якубаўскаса. Ад імя аўтара кнігу перадаў нядаўна “на гістарычную Бацькаўшчыну” аднаго з аўтараў (а можа і не аднаго!) даследчык радаводаў, пісьменнік і мецэнат Анатоль Статкевіч-Чабаганаў. Увогуле ж Станіслаў Думін апублікаваў звыш 800 работ, у тым ліку некаторыя і па-беларуску. У 1993 годзе ў Мінску пабачыла свет кніга Станіслава Думіна і Ібрагіма Канапацкага “Беларускія татары: мінулае і сучаснасць”.
У сямейным архіве даследчыка ёсць метрыка дзеда па маці: Аляксандр Мустаф’евіч Мухля, яна “выдадзена з Ляхавіцкай саборнай мячэці”. (Магчыма, тыя Ляхавічы — цяпер райцэнтр у Брэсцкай вобласці? — Аўт.). А нарадзіўся ён “з законнашлюбных бацькоў шляхцян магаметан Мустафы (Стэфана) і Фацьмы з Варановічаў Мухляў”. Станіслаў Уладзіміравіч ужо больш за 35 год працуе ў архівах Мінска і Гродна, “аб продках па бацьку звесткі знайшліся ў Гродне (з 1811 года) і ў Вільні (1789). Увогуле, архіўны пошук — занятак вельмі рамантычны, атрымліваю шмат эмоцый: шукаеш, знаходзіш…”

Іван Ждановіч
На здымку:
Станіслаў Думін — наш суайчыннік
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter