Ксёндз Кирилл Бардонов: о духовной практике «испытание совести»

Рахунак сумлення

У каталіцтве сярод разнастайных духоўных практык асабліва вылучаецца рахунак сумлення, ці выпрабаванне сумлення. Гэта асабліва актуальна падчас Вялікага посту, які зараз працягваецца ў католікаў і праваслаўных.

Рахунак сумлення з’яўляецца малітвай. Гэта малітоўны позірк у глыбіню свайго сэрца і разважанне над сваім жыццём у святле сумлення. Сумленне — гэта ўнутраны голас, які, як компас, паказвае кірунак жыццёвай дарогі. Сумленне дапамагае нам даць маральную ацэнку сваім штодзённым выбарам.

Некаторыя зводзяць рахунак сумлення толькі да падрыхтоўкі да споведзі і ўспамінання сваіх грахоў. У такім выпадку рахунак сумлення можа пераўтварыцца ў самабічаванне. Мэтай дохоўнай практыкі з’яўляецца адкрыванне слядоў Бога ў рэчаіснасці, практыкаванне ўмення знаходзіць Яго ва ўсім. Наш грэх і наша правіннасць — гэта не самае галоўнае ў гісторыі нашых адносін з Богам. Таму рахунак сумлення — гэта не толькі кантраляванне сябе паводле нейкіх норм, але і справаздача, як я адказаў на тыя дары, якія мне даваў Бог. Рахунак сумлення — гэта не толькі і не столькі канцэнтрацыя на сабе, але на сваіх адносінах з Богам.

Часцей за ўсё вернікі задаюць сабе пытанні, адказваючы на якія і атрымліваецца выпрабаванне сумлення. Шэраг такіх пытанняў найперш пачынаецца з адносін з Богам: «Ці я веру ў тое, што Бог прагнуў майго існавання, што Ён мяне любіць і цікавіцца маім жыццём?», «Ці я веру, што Ён можа прабачыць мне любы грэх, які я вызнаю?», «Ці не жыву я так, як быццам Бога няма?», «Ці я памятаю аб тым, што заўсёды патрабую размовы з Богам?», «Ці скіроўваю да Бога толькі просьбы?», «Як даўно я чытаў Біблію?», «Ці не давяраю я забабонам?», «Ці дзякую Богу за тое, што маю, нават тады, калі іншыя маюць больш?».

Рахунак сумлення можна практыкаваць як вечаровы аналіз перажытага дня на працягу некалькіх хвілін. Некаторыя называюць такі метад «15 хвілін шчырасці, малітва любячай увагі, прагляд дня». У такой форме рахунак сумлення падыходзіць не толькі католікам як карысны спосаб саманазірання. Многім не хапае такіх момантаў супакою і рэфлексіі.

Усе пытанні, звернутыя да сябе ў рахунку сумлення, можна звесці да двух: «Што я зрабіў дрэннага?» і «Што добрага я мог зрабіць, але не зрабіў?». Вялікі пост — добрая магчымасць пачаць ставіць перад сабой гэтыя пытанні.

Ксёндз Кірыл Бардонаў

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter