Радзіма там, дзе васількі

Якой паўстае наша краіна ў СМІ беларускай дыяспары?

Пытанне аб асаблівасцях канстатацыі рэальнасці сёння адным з першых стаіць у спісе экзаменацыйных пытанняў па прадмеце “Асновы журналістыкі”. І не-   дарма. Засвоіўшы яго, можна ніколі не здрадзіць прафесійнаму абавязку гаварыць праўду.
А можна расказваць усяму свету аб неіснуючых фактах, даносіць чытачу, слухачу, гледачу падзеі ў перавернутым выглядзе.

На жаль, сёння канстатацыя фактаў, якія не адпавядаюць рэальнасці, сустракаецца ўсё часцей. Як адзначыў прэс-сакратар апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Міхаіл Рыбакоў, зараз стаіць задача спрыяць таму, каб беларусы за мяжой не адчувалі сябе ў баку ад жыцця краіны, умелі адстойваць свае інтарэсы.
— Мы павінны прадаставіць ім магчымасць атрымліваць інфармацыю аб сваёй Бацькаўшчыне з дакладых крыніц, — сказаў ён. — У Расійскай Федэрацыі, напрыклад, па афіцыйных даных сёння пражывае больш за 714 тысяч беларусаў, у Эстоніі— каля 21 тысячы, у Літве — амаль 56 тысяч, у Латвіі — больш за 90 тысяч, а ў свеце — каля 3,5 мільёна. З намі сёння супрацоўнічаюць больш чым 200 грамадскіх аб’яднанняў этнічных беларусаў, што жывуць за мяжой. Адным з напрамкаў іх дзейнасці з’яўляецца ўдзел у спецыялізаванай выставе “СМІ ў Беларусі” Практычна ў кожнай рэспубліцы постсавецкай прасторы, у многіх краінах далёкага замежжа беларуская дыяспара выдае свае сродкі масавай інфармацыі.
Узбагачае іх дзейнасць і тое, што над іх стварэннем працуюць не толькі этнічныя беларусы, але і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. Так, напрыклад, у жыцці Беларускага культурнага таварыства ў Польшчы прымаюць удзел рускія, украінцы. Як адзначыў Дарыюш Жданук, прадстаўнік беларускага аб’яднання ў Польшчы, часопіс “Праваслаўны агляд” друкуецца адразу на польскай, украінскай, рускай, беларускай мовах. СМІ беларускай дыяспары ў Польшчы выходзяць тыражом больш за 5 тысяч экземпляраў у месяц і разыходзяцца па ўсім свеце.
— На старонках нашых газет мы расказваем аб тым, як жывуць беларусы ў Польшчы, —сказаў ён. — Часопіс “Пушча і людзі” аб’ядноўвае сваімі матэрыяламі і беларусаў і палякаў, што жывуць у рэгіёне Белавежскай пушчы.
Багатая інфармацыйная ніва і ў беларускай дыяспары Латвіі.
— Мы ганарымся тым, што вось ужо на працягу 15 гадоў выпускаем такую газету, як “Прамень”, — адзначыла старшыня аб’яднання беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова. — Над стварэннем гэтага выдання працуюць журналісты, многія з якіх скончылі беларускія ВНУ. Цудоўна, што для беларускай дыяспары ў Латвіі на 4-м радыёканале вядзецца вяшчане беларускамоўных праграм. Акрамя гэтага, мы праводзім фестывалі беларускай песні. Упэўнена, што нават у Беларусі не ўсе ведаюць, што такое беларускі раманс. А ў нас вечары, прысвечаныя гэтаму песеннаму жанру, сталі традыцыйнымі. У будучым мы плануем стварыць фільм аб беларусах Латвіі. Ужо праведзены перамовы з кіраўніцтвам Белтэлерадыёкампаніі аб размяшчэнні ў эфіры праграм аб беларусах, якія жывуць у нашай краіне.
Беларускае аб’яднанне ў Літве існуе ўжо больш за дзесяць гадоў. Яго дзейнасць не абмяжоўваецца ўдзелам у фестывалях. Значная падтрымка аказваецца беларусам, якія не хочуць згубіць свае традыцыі, звычаі. І сёння ў Літве мноства дзяцей этнічных беларусаў жадаюць вывучаць беларускую мову і вучыцца на ёй. Многія выпускнікі літоўскіх школ становяцца студэнтамі беларускіх ВНУ.
— Хачу падзякаваць нашаму любімаму таварыству па сувязях з суайчыннікамі “Радзіма”, — сказала прадстаўнік Беларускага аб’яднання ў г. Вісагінасе (Літва) Ірына Кузняцова. — Мы з імі працуем ужо шмат гадоў. Праз іх пасябравалі з беларусамі іншых краін.
Дзякуючы часопісу “Крым-Беларусь” не перарываецца сувязь і паміж беларусамі, якія жывуць на гэтым паўвостраве. Сёння іх 29 тысяч 400 чалавек. Як расказала старшыня нацыянальна-культурнага аб’яднання беларусаў Еўпаторыі, галоўны рэдактар часопіса “Крым-Беларусь” Дзіна Шаўчэнка, у гэтым годзе ў Крыме адбудзецца фестываль беларускай культуры.
— Я — беларуска па нацыянальнасці, — расказвае Дзіна Шаўчэнка. — Сінявокую краіну вельмі люблю, хоць па волі лёсу жыву ў Крыме. Усё роўна мая радзіма там, дзе цвітуць васількі.
Часопіс “Крым-Беларусь” выдаецца на працягу сямі гадоў і з’яўляецца адзіным сумесным органам друку Беларусі і Украіны. Нядаўна пры выданні была арганізавана суполка воінаў-вызваліцеляў Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
— Ветэраны Украіны ўжо вывучылі песню “Молодость моя — Белоруссия” і гатовы ехаць з выступленнем у Беларусь, — сказала Дзіна Рыгораўна. — Мы ў сваю чаргу запрашаем вас на фестываль беларускай культуры, які адбудзецца ў Крыме.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter