«Сельская газета» і Саюз пісьменнікаў Беларусі абвяшчае новы літаратурны конкурс

Радок пра родны куток

ШТО такое малая радзіма? У лёсе кожнага чалавека яна шматаблічная. Для многіх з нас — гэта вёска, пасёлак ці аграгарадок, дзе першым словам навучыла маці, дзе прайшлі лепшыя дзіцячыя гады, дзе зрабіў свае крокі ў самастойнае жыццё. Малая радзіма — гэта кавалачак дзікай прыроды, які радаваў вока і дарыў пачуццё напоўненасці і спакою, той куточак, куды заўсёды хочацца вяртацца, для якога хочацца зрабіць шэраг карысных спраў.

Мы вырашылі, што такім добрым учынкам можа быць вершаванае прысвячэнне малой радзіме, у гонар якой абвешчаны 2018 год. Таму, заручыўшыся падтрымкай Саюза пісьменнікаў Беларусі, “Сельская газета” пачынае новы праект.

Гэта конкурс вершаў “Радок пра родны куток”. Для нас важна пачуць голас не толькі жыхароў вёсак, але і выхадцаў з глыбінкі, якім ёсць што сказаць пра мінулае і сучаснасць малой радзімы, яе прыгажосць і перспектыўнасць. Упэўнены, усе без выключэння змогуць паразважаць на тэму роднай зямлі, якой патрэбна энергія і любоў кожнага, вера ў сваю краіну і клопат аб ёй. Таму для нас не існуе абмежаванняў па ўзросце, сферы дзейнасці і геаграфіі ўдзельнікаў.

Пераможцаў творчага спаборніцтва вызначым 26 красавіка. А сувеніры ад рэдакцыі ўручым у маі падчас XХII Міжнароднай спецыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі”. Аўтары лепшых твораў стануць гасцямі стэнда аб’яднанай рэдакцыі газеты “Советская Белоруссия”.

Паважаныя чытачы! Запрашаем вас паказаць свой талент на старонках «СГ». Лісты дасылайце, калі ласка, на адрас: г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а. А таксама на электронную скрыню uskova@sb.by (з пазнакай “На конкурс”). У сваіх лістах пазначайце кантактны нумар тэлефона, прадстаўляйце сябе і раскажыце гісторыю стварэння вашага верша пра малую радзіму.

uskova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter