Радавыя Перамогі.

“Калі была ў Мінску, даведалася аб праекце “Помні імя сваё” і вельмі парадавалася, што рыхтуюць яго мае землякі. На вашу памяць і мая надзея.

“Калі была ў Мінску, даведалася аб праекце “Помні імя сваё” і вельмі парадавалася, што рыхтуюць яго мае землякі. На вашу памяць і мая надзея.

Я даўно шукаю месца пахавання бацькі. Знаёмы прыслаў мне кнігу, якая называецца “Ён не прапаў. Ён загінуў за Радзіму!”. На адной з яе старонак ёсць звесткі пра дарагога нам чалавека. Кнігу я панесла ў храм, і там маліліся за яго. Мой бацька Мікалай Сямёнавіч ХАРЫТОНАЎ, ураджэнец Касцюковіцкага раёна, калі ішоў на фронт, сказаў нашай маці: “Загіну, але ворагам не здамся”. Пахавальную атрымалі ў канцы вайны. Памятаю, матуля плакала. Мы, тры тады малыя дачушкі, абнялі яе за калені і таксама плакалі. Я і зараз успамінаю гэта і плачу. Закончылася вайна. Падымалі з руін гаспадарку. Памятаю, як цягалі на сабе і плуг, і барану. Толькі дзед Архіп, наш сваяк, сядзеў на пагорачку і курыў самакрутку. Аднойчы ён сказаў нам, што з суседняй вёскі прыходзіў мужчына, які быў на фронце разам з нашым бацькам. Ён паведаміў, што наш татка, вельмі мужны, смелы чалавек, страляў і каціў гармату. Але бой быў вельмі жорсткі. Здавалася, змяшаліся зямля і неба, у рацэ закіпала вада. У тым баі і загінуў наш бацька. Вера Ніканаўна  Зяленкіна, Данецкая вобласць (Украіна)”.
“Шукаю звесткі пра ваенны лёс бацькі Івана Купрыянавіча ГІСІЧА. Ён жыў у Смаргонскім раёне, быў інвалідам Першай сусветнай вайны, таму ў час Вялікай Айчыннай яго на фронт не накіравалі. У 1943 годзе бацьку схапілі фашысты, і ён знаходзіўся ў турме ў Вільнюсе. Больш пра яго лёс нічога невядома. Маргарыта Іванаўна Краўчанка, Мар’іна Горка”.
“Шукаю звесткі пра лёс Леаніда Макаравіча ТРОЦКАГА. Вёска, у якой ён жыў, зараз называецца Лугавая, і знаходзіцца яна ў Баранавіцкім раёне. У час фашысцкай акупацыі Леаніда Макаравіча забрала паліцыя, і пра яго далейшы лёс нічога невядома. Магчыма, наш дарагі чалавек выйшаў з няволі і дзесьці жыў. Можа, адклікнуцца яго дзеці, унукі. Галіна Віктараўна Булыга, Баранавічы”.
“Мой бацька Анатоль Аляксеевіч АЛЯКСАНДРАЎ жыў у Башкірыі, працаваў дырэктарам школы ў сяле Пакроўскае. У час вайны быў накіраваны на фронт, дадому пасля перамогі не вярнуўся. Загінуў у 1942 годзе. Хачу даведацца пра яго ваенны лёс. У бацькі былі два браты, Аляксандр і Леанід. Пра родных ведаю мала, бо маці мая выйшла замуж за другога, і мы пераехалі з Башкірыі ў Смаленскую вобласць. Зараз жыву ў Беларусі. Пра тое, што мой бацька загінуў, мне доўга не казалі. Калі даведалася пра гэта, пачала шукаць. Любоў Анатольеўна Лехава (Аляксандрава), Мсціслаўскі раён”.
“Мой дзядзька Сяргей Лукіч КАВАЛЁЎ загінуў 19 сакавіка 1945 года ў Польшчы. Я звярталася ў савецкі Чырвоны Крыж, і мне сказалі, што можна наведаць яго магілу, толькі для гэтага трэба падрыхтаваць неабходныя дакументы. Але ў нас здарылася бяда: згарэў дом і маёмасць. А потым захварэў мой бацька, інвалід Вялікай Айчыннай вайны. Давялося адкласці ўсе справы і даглядаць яго. Але больш за ўсё мяне хвалюе тое, што на помніку ў роднай вёсцы дзядзькі няма яго прозвішча. Старшыня сельсавета сказаў, што ён звяртаўся ў райваенкамат і адтуль паведамілі: сапраўды, быў такі абаронца Айчыны, і ў хуткім часе яго прозвішча будзе ўвекавечана. Я ж хачу як мага больш даведацца пра дзядзьку Сяргея. Можа, адгукнецца хто-небудзь з яго баявых сяброў. Маці мая расказвала, што пасля вайны бабулі прыносілі тоўстае пісьмо. Яна не ўзяла яго. Матуля мая жыла далёка і нічога пра пісьмо не ведала. А калі даведалася, было ўжо позна. Таццяна Ягораўна Акуленка, Быхаўскі раён”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter