"Нiколi не iграю напаўсiлы..."

Актрыса Зоя Белахвосцік рыхтуецца да каралеўскіх роляў Вось ужо больш за дваццаць гадоў амаль кожны дзень яна спяшаецца ў Купалаўскі. У тэатр, які стаў для яе другім (а можа, і першым, галоўным) домам. Бо, як прызнаецца сама, без яго не ўяўляе свайго жыцця і лёсу. Дый і сцэну Купалаўскага, напэўна, цяжка ўявіць без яе, вядучай актрысы Зоі Белахвосцік, і створаных ёю жаночых вобразаў. Колькі іх за гэты час было сыграна-перажыта – ад неўміручай юнай Паўлінкі да нядаўняй дзіўнай місіс Сэвідж!.. Калі падлічыць, з паўсотні, не менш. І ў гэтыя сакавіцкія дні яна зноў жыве прэм’ерай. У Купалаўскім — новая пастаноўка. Спектакль “С. В.” паводле чэхаўскага “Вішнёвага саду”. У ім Зоя Белахвосцік іграе галоўную жаночую ролю – памешчыцу Ранеўскую.
“Жаночае шчасце, безумоўна, у каханні” — Зоя, а ці часта здараецца вам іграць у звычайным жыцці? — Я думаю, у нейкія паўсядзённыя моманты любому чалавеку даводзіцца іграць. Шчыра сказаць, я рабіць гэта не люблю. І калі здараецца, то хіба толькі самую крышачку – каб нешта захаваць у сакрэце ці перамаўчаць... — Якая з вашых гераінь найбольш падобная, блізкая да вас сваімі характарам, праявамі, учынкамі? — Напэўна, ні адна. Хаця, безумоўна, тое, што адбываецца з імі на сцэне, – гэта маё, зыходзіць ад мяне, такой я магу быць. Але... Памятаю, неяк кінарэжысёр Міхаіл Пташук пасля знаёмства са мной сказаў расчаравана: “Ну я ж думаў, яна такая ўзрыўная, жвавая, а яна гэткая ціхая, ледзь шавеліцца...” Магчыма, сапраўды пасля “выбухаў” на сцэне такім чынам спрацоўвае закон захавання энергіі. Хаця і па прыродзе сваёй чалавек я вельмі спакойны, даволі замкнёны, закрыты. — Гэта азначае, што ў вас мала сяброў? — Складанае пытанне. Сярод акцёраў, безумоўна, ёсць людзі, чые думкі і меркаванні для мяне вельмі цікавыя, значныя, важныя. Але, думаю, самыя лепшыя мае сябры – мама, сястра, муж, дачка. Яны мяне і падбадзёрваюць, і крытыкуюць. Гэтым людзям я цалкам давяраю. — Ваш муж — акцёр і рэжысёр Аляксандр Гарцуеў. Як ужываюцца ў адной сям’і дзве творчыя асобы? — Разам мы ўжо амаль дваццаць гадоў, і мне з ім проста і цікава. Я ўпэўнена, што Саша мяне заўсёды зразумее. Нам з ім ёсць пра што пагаварыць, чым падзяліцца, параіцца і паспрачацца. Калі ж узнікае нейкая праблема, то нават пры двух розных поглядах на яе рашэнне будзе адно і агульнапрынятае. — Між тым акцёрскія сем’і прынята лічыць не надта трывалымі. — Думаю, гэта памылковае меркаванне. Магчыма, такое ўяўленне ад таго, што людзі нашай прафесіі больш навідавоку, да іх прыватнага жыцця больш цікаўнасці. Я, напрыклад, ведаю нямала цудоўных тэатральных сем’яў. — У чым, па-вашаму, жаночае шчасце? — Безумоўна, у каханні. — У вашым жыцці яно ёсць? — Ёсць. Хаця, на жаль, вельмі часта бывае, калі шчасце ў каханні — не заўсёды сямейнае шчасце... — Якой была гісторыя вашага кахання? — Адначасова і драматычнай, і рамантычнай, бо і ў Сашы, і ў мяне гэта другі шлюб. Першыя атрымаліся няўдалымі. Я цяпер нават не заўсёды і памятаю тое сваё ранняе замужжа – так хутка ўсё скончылася, быццам і не было ніколі... А наша з Сашам гісторыя пачалася ў Купалаўскім тэатры. Я там працавала ўжо, калі ён прыйшоў. Зблізілі нас песні. Ён сачыняў музыку і спяваў, я пісала тэксты, мы разам часта ўдзельнічалі ў выязных шэфскіх канцэртах. Словам, спявалі і даспяваліся... “Не застаецца часу прыслухоўвацца да плётак” — Вы прадстаўніца знакамітай купалаўскай акцёрскай дынастыі. Дзед – адзін з пачынальнікаў Купалаўскага тэатра, славуты акцёр Глеб Глебаў, бацька – народны артыст Беларусі Валянцін Белахвосцік. Стаць актрысай вам было наканавана? — На гэта ніхто мяне ніколі не нацэльваў і не падштурхоўваў. Наадварот, родныя вельмі радаваліся маім поспехам у маляванні, лепцы. Я вучылася ў мастацкай школе, і меркавалася, што актрысай не стану і ў тэатральны інстытут буду паступаць на факультэт графікі. Але я для сябе вырашыла інакш. Ціхая, спакойная, але тут зрабіла свавольства: калі надышоў час паступаць, аднесла дакументы на акцёрскі факультэт. І не паступіла... Затое мяне прынялі на рэжысуру ў інстытут культуры. Адтуль я праз некалькі гадоў перавялася ў тэатральны. — Знакамітае прозвішча ў творчым лёсе дапамагала? — Хутчэй наадварот. І патрабаванні да мяне нярэдка былі асаблівыя, і ў здольнасцях той-сёй сумняваўся. Усе ж памятаюць, што на дзецях вялікіх прырода адпачывае... Даводзілася даказваць адваротнае, кожны раз выходзячы на сцэну. — І ў вас гэта выдатна атрымлівалася. Сёння вы — прыма купалаўскай сцэны, вас называюць яе каралевай і, напэўна, зайздросцяць? — На жаль, іншы раз сапраўды гэта адчуваю. Часам нешта далятае, даносіцца, хоць стараюся не чуць, не бачыць. Дакладней, я стараюся больш працаваць. Мне гэта цікава, у гэта я ўкладваю ўсе мае думкі, сілу, волю, і мяне проста не застаецца на тое, каб прыслухоўвацца да плётак ці, як мой бацька-нябожчык гэта называў, розных “казала-мазала”. Я ведаю, што ўсё, чаго дасягнула, зрабіла сама. Нікому ніколі дарогу не пераходзіла. — Вы капрызная прыма? — Можа, людзі што гадкае і скажуць, але я думаю, што не. Хутчэй я капрызная ў адносінах да самой сябе – працуючы над ролямі, вельмі многа і жорстка ад сябе патрабую. Таму мучаюся сумненнямі, бывае, як нешта не выходзіць, абвінавачваю сябе ў бяздарнасці, шмат калі плачу... Але ж стараюся, каб тое не адбівалася на іншых. Бяру сябе ў рукі, працую, шукаю — і ўсё атрымліваецца. — Сёння ў вас дастаткова роляў? — Хацелася б, канечне, больш. Той час, калі я кожны вечар выходзіла на сцэну, прайшоў. Але не шкадую, лічу, што гэта нармальна. Мне 44 гады, многае яшчэ можна зрабіць, але многае ўжо і нецікава. Хочацца роляў іншых, узроставых, якіх-небудзь бабулек, але іх пакуль многа іграць не дадуць. Так што момант даволі складаны. Аднак я стаўлюся да яго спакойна, бо не зусім жа без роляў, ёсць і прэм’еры, і антрэпрызы, да таго ж ёсць цікавая праца ў Акадэміі мастацтваў. — Дарэчы, выкладаеце студэнтам вы не адзін ужо год. Як вам тэатральная моладзь? — Па-мойму, як і заўсёды, – ёсць яркія, таленавітыя маладыя людзі, але ёсць і такія, хто не надта разумее, куды прыйшоў і якую прафесію выбраў. Наогул, я вельмі рада магчымасці працаваць з моладдзю. Мне з імі цікава, яны мысляць сённяшнімі думкамі, побач з імі не адстаеш ад часу, жыцця. Шчыра сказаць, для мяне гэта праца не менш любімая, адказная, хвалюючая, чым іграць на сцэне. — Зараз у вас прэм’ерны спектакль. А што далей? — Далей – усё па-каралеўску. Рэпецірую ў Валерыя Раеўскага невялікую, але цікавую ролю каралевы-ўдавы ў п’есе “Эрык ХІV” паводле Стрынберга. Разам з тым рыхтуюся да пастаноўкі “Івона” Аляксандра Гарцуева. Там я таксама каралева. — Іграць у спектаклях, пастаўленых мужам, прасцей ці складаней, чым працаваць з іншым рэжысёрам? — Думаю, мне складана заўсёды. Я ніколі сабе не патураю, не даю схалтурыць, працаваць на- паўсілы. Ну а калі роля яшчэ і ў мужа-рэжысёра, то я павінна зрабіць яе лепш, чым хто. Каб у злых языкоў не было падстаў сказаць, маўляў, ай-яй-яй, жонцы ролю аддаў... “У Крыме мяне спакушалі райскімі ўмовамі...” — Як пры ўсёй занятасці вам удаецца паспяваць з хатнімі справамі? — Ну трэба ж неяк спраўляцца. Таму стараюся рабіць усё вельмі хутка і якасна. Калі нешта не паспяваю, дапамагае муж. Наогул, лічу, у доме павінна быць утульна, прыгожа, ціха, каб было прыгатавана паесці. Люблю парадаваць дамашніх пірагамі, блінамі. — Але ж лічыцца, што актрысы да бытавых спраў няздатныя... — Няпраўда, ва ўсякім разе, у нашым тэатры актрысы і пякуць, і выдатна вяжуць, шыюць. — У вас, гавораць, цэлая калекцыя пашытых уласнымі рукамі лялек? — Калекцыя ёсць. Я збіраю розных тэатральных чалавечкаў – клоунаў, паяцаў, блазанаў. Аднойчы пашыла ўсіх персанажаў нашага спектакля “Ідылія”. У асноўным жа шыю ці малюю нешта для падарункаў. Люблю дарыць штосьці арыгінальнае. — Якому адпачынку вы аддаяце перавагу? — Ведаеце, адпачываць я якраз і не ўмею. Напэўна, самае лепшае, калі выпадае гастрольная ці фестывальная паездка, тады я магу і іграць, і спектаклі іншых глядзець, і з новымі мясцінамі знаёміцца. Вось гэта для мяне выдатны адпачынак. Прычым няважна, куды гэтая паездка — у далёкую краіну ці блізкі Крым. — Дарэчы, разам з тым, што вы заслужаная артыстка Беларусі, вы яшчэ і заслужаная артыстка Аўтаномнай Рэспублікі Крым. Можа, для вас там апартаменты на ўзбярэжжы трымаюць? — Не, нічога не трымаюць. А такое экзатычнае званне з’явілася ў мяне гадоў шэсць таму, пасля паездкі нашага тэатра на Дні Беларусі ў Рэспубліцы Крым. Мы там вельмі спадабаліся, ганаровыя званні нам прысвоілі. А ўжо як тады мяне ў тамтэйшы тэатр пераманьвалі!.. Райскія ўмовы абяцалі і кватэру, якую пажадаю... Але ж куды ехаць – усё маё тут. Як гаворыцца, дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. — Ці пазнаюць вас на вуліцах? — Пазнаюць. Едучы ў метро, я адразу гэта адчуваю – людзі ўсміхаюцца, паглядваюць, некаторыя падыходзяць. Ёсць і паклоннікі, якія чакаюць пасля спектакля з кветкамі каля службовага ўваходу. Не буду хлусіць, усё гэта вельмі прыемна. — Вы сказалі, што ездзіце ў метро? — Пакуль так. Але як толькі настане сапраўдная вясна, пачну спрабаваць свае сілы ў якасці вадзіцеля ўласнага аўто. Ужо і правы ёсць. Паглядзім, што з таго атрымаецца. — Мы сустракаемся з вамі напярэдадні 8 Сакавіка. Як вы ставіцеся да так званага жаночага свята? — Шчыра сказаць, без нейкіх асаблівых хваляванняў: ёсць мужчынскае свята — 23 лютага, няхай будзе і жаночае. Уласна я для сябе нічога асаблівага ад яго не чакаю. Больш важнае і значнае для мяне другое сакавіцкае свята — Дзень тэатра. — І тым не менш віншуем, зычым вясновага настрою, удачы і натхнення.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter