Пуцяводная “Звязда”

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Лукашэнка павiншаваў калектыў рэдакцыi газеты "Звязда" з 90-годдзем з дня выхаду ў свет першага нумара выдання. "Заснаваная яшчэ да Кастрычнiцкай рэвалюцыi, "Звязда" заўсёды была своеасаблiвым летапiсцам шматграннага жыцця нашага народа", — гаворыцца ў вiншаваннi. — I невыпадкова, што нядаўна адзiн з прыгажэйшых праспектаў беларускай сталiцы атрымаў iмя двойчы ардэнаноснай газеты "Звязда". Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што i далей калектыў рэдакцыi будзе трымацца выбранага курса служэння праўдзе жыцця, захавае вернасць свайму прафесiйнаму i грамадзянскаму абавязку.

Так могуць сказаць пра старэйшае беларускамоўнае выданне нашай краіны тыя, каго на працягу ўсёй гісторыі свайго існавання згуртоўвае яна ля сваіх старонак, — прадстаўнікі культурнага асяроддзя, усе, хто застаецца адданым роднай мове, цікавіцца мінулым Бацькаўшчыны і рэаліямі яе сучаснага жыцця.
Сёння штодзённая грамадска-палітычная газета “Звязда” адзначае свой 90-гадовы юбілей. Яе першы нумар выйшаў яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але, узгадваючы сталы ўзрост выдання, ніхто і гаворкі не вядзе пра старасць. Новыя пакаленні
журналістаў, чытачоў удыхаюць у яе старонкі няўрымслівасць маладосці.
Як гэта не дзіўна, але першы поўнакаляровы нумар газеты ў гісторыі беларускай журналістыкі з’явіўся яшчэ 3 ліпеня 1945 года. Гэта
была “Звязда”. Калі арыгінал такога нумара ўпершыню трапіў у рэдакцыю, супрацоўнікі доўгі час не маглі зразумець, як пры тых тэхнічных умовах яго маглі зрабіць каляровым. Ад рукі маляваць увесь тыраж — гэта ж немагчыма. Яснасць унёс старэйшы журналіст “Звязды” Янка Казлоў, які працаваў у  газеце з 1944 года і на працягу
40 гадоў. Аказалася, што газетную паперу на самалёце дастаўлялі на літаграфію ў Гродна, дзе аддрукоўваўся малюнак, а потым ужо ў Мінску на старонкі наносіўся тэкст”.
“Звязда” была сяброўкай славутых беларускіх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа. А для Кузьмы Чорнага выданне ўвогуле стала лёсавызначальным: ён пазнаёміўся ў рэдакцыі са сваёй будучай жонкай.
На “востраве беларускасці”
Да юбілею звяздоўцы рыхтаваліся задоўга да самой даты. Перш-наперш пачалі збіраць усе самыя памятныя для газеты рэчы ў музей “Звязды”. Ён знайшфоў сабе “прапіску” ў рэдакцыі, у маленькім пакойчыку. Абстаноўка там пакуль што не зусім музейная: няма экскурсавода, прадметаў пад шклом... Але галоўнае, кожны, хто завітае сюды, акунаецца ў атмасферу ўтульнасці, цеплыні, традыцый, што заўсёды былі ўласцівы газеце.
“Вось гэта — своеасаблівы летапіс “Звязды”, —  указваючы на тоўстую папку, у якой вілейскія школьнікі сабралі вытрымкі аб газеце з архіваў, з дакументаў па вайне, расказвае рэдактар аддзела мала-
дзёжнай палітыкі Вікторыя Целяшук. — Гэта амаль што сапраўднае навуковае даследаванне. І калі наш музейчык будзе адкрыты для ўсіх, то яго першымі наведвальнікамі стануць якраз гэтыя дзеці. Іх прага да гісторыі, якую абудзіла наша газета, вельмі ўражвае”.
У гістарычным куце музея асобнае месца займае стол, стылізаваны пад ранейшы рэдактарскі. На ім —  падшыўка газеты за 1948 год, друкарская машынка, тэлефон. Над сталом — у залацістай раме над сцягамі “Звяздзе” і “Чырвонай змене” вісіць адзін з ваенных нумароў выдання. Гэты нумар падпольнай “Звязды” захоўвала ўраджэнка вёскі Свіслач Асіповіцкага раёна Кацярына Рыгораўна Касьянава. У красавіку 2001 года яе пляменнік мінчанін Аляксандр Ціханавіч Краўцоў перадаў два экземпляры газеты-падпольшчыцы ў рэдакцыю “Звязды”.
Самае ганаровае месца ў музеі займае амаль што дакладны макет хаты Марфы Мігун, у якой на востраве Зыслаў у час вайны выдавалася “Звязда”. Унутры хаткі захоўваецца імітацыя друкарскага станка, на гарышчы — змайстраваны з дрэва ложак рэдактара, шрыфты. Выходзіла газета ў той час разам з “Чырвонай зменай”.
Асаблівы гонар музея — падарункі ад сяброў выдання. Ёсць сярод іх тыя, што былі ўручаны яшчэ трыццаць, сорак гадоў таму. “А пазаўчора з Вілейкі да нас прыйшоў падарунак — духмяны букет з цеста, — расказвае Вікторыя. — Нюхала ўся рэдакцыя. А гэта старое, але вельмі ўтульнае крэсла — для наведвальнікаў. У ім можна пасядзець, пачытаць свежую падшыўку “Звязды”.
У гісторыі газеты былі і сумныя старонкі. Як сведчанне таму — “іканастас”, на якім размешчаны фотаздымкі дваццаці дзевяці рэдактараў “Звязды”. Пад выявай амаль кожнага, хто кіраваў газетай у 30-я гады, чарнеюць словы “расстраляны, рэпрэсаваны і расстраляны...”
Дапамагчы простаму чалавеку
Сёння “Звязда” асвятляе пытаннi i праблемы грамадска-палiтычнага, сацыяльна-эканамiчнага i культурнага жыцця Беларусi, дзейнасць праваахоўных органаў, парламента i ўрада краiны, прафсаюзаў, партый i арганiзацый, мiжнароднае, фiзкультурна-спартыўнае жыццё.
Як расказаў намеснік галоўнага рэдактара Сяргей Протас, зместавае напаўненне выдання фарміруецца так, каб газета была цікавай усім  сацыяльным групам насельніцтва. Рознабаковая інфармацыя падаецца ў бясплатных укладках, напрыклад “Чырвоная змена”.
Выданне ставіць сабе за мэту дапамагаць простаму чалавеку ў яго жыцці, працы, у вырашэнні асабістых праблем.
Калектыў “Народнай газеты” віншуе калег з юбілеем, жадае выданню і надалей заставацца добрым сябрам усіх пакаленняў чытачоў.

Фота “звяздоўца” з 15-гадовым стажам Анатоля КЛЯШЧУКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter