Нават у стылай восені ёсць свая прыгажосць, — перакананы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзіслаў Цыдзік

Пугi на ўсiх не хопiць

Нават у стылай восені ёсць свая прыгажосць, — перакананы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзіслаў Цыдзік


НАМЕСНІК старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па аграрнай палітыцы Уладзіслаў ЦЫДЗІК акрамя напружанай парламенцкай дзейнасці знаходзіць час на іншыя важныя справы, без якіх жыцця не ўяўляе. Заўтра разам з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам збіраецца ў Вілейку на асвячэнне новага праваслаўнага храма, будаваць які актыўна дапамагаў. Па ініцыятыве парламентарыя побач з прысталічнай вёскай Прылукская Слабада на трох гектарах былога пустыра закладзены дэндрапарк. У кніжным выдавецтве рыхтуецца да выдання яго фотаальбом “Беларуссю зачараваны”. У юнацтве хутарскі хлопчык захапляўся музыкай, актыўна займаўся спортам. З адзнакаю закончыў Гродзенскі фізкультурны тэхнікум. Але і бацькоў не хацеў расчароўваць, якія бачылі яго ў будучыні аграномам. Вышэйшую адукацыю атрымаў на агранамічным факультэце Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута. Вучоны савет прарочыў паспяховаму выпускніку працяг вучобы ў аспірантуры, але маладога рамантыка клікала поле. Пачынаў з калгаснага спецыяліста на Гродзеншчыне, узначальваў агранамічную службу Чэрвеньскага раёна, займаў адказныя пасады ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, кіраваў Камітэтам дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці. Узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”, шматлікімі граматамі, знакам Камітэта дзяржкантролю Беларусі “За добрасумленную працу”, адзначаны знакам “Выдатнік фінансавай міліцыі”.

ХАЛОДНАЙ восенню, калі заціхала праца на палях, у Панямонні надыходзіў час гулянняў. Гукі гармоніка, скрыпкі, бубна луналі над хутарскімі сядзібамі далёка за поўнач. Музыку вядомых у наваколлі братоў Пагажэльскіх падлетак Уладзіслаў Цыдзік вызначаў адразу, і не ўтрымаць было яго. Ляцеў, каб наталіцца цудоўнымі пералівамі мелодый. Гледзячы на самадзейных віртуозаў, міжволі перабіраў пальцамі, быццам іграў на гармоніку. Бацькам суседзі-хутаране казалі, што сын расце музыкам. На сямейнай нарадзе вырашылі прадаць карову і купіць баян. Так і зрабілі.

Летнім днём Уладзіслаў пасвіў статак і ўбачыў, як з чыгуначнай станцыі Жытамля крочыць бацька з вялікім чамаданам у руках. Кінуўся насустрач. Шчаслівага сына было не суняць. Тут жа, на лузе, расцягнуў мяхі баяна. Здзіўленая жывёла як па камандзе ўтаропілася на гарэзлівага музыку. Самастойна асвойваў хлопчык новы інструмент. Хутка навучыўся ладна іграць не толькі на баяне, але і на гармоніку. Захапляўся і фатаграфіяй. Здымаў родных, сяброў. Чараваў над растворамі для праяўкі фотастужак і вырабу здымкаў. Захапіўся і спортам. У Жытамлянскай сярэдняй школе, куды хадзіў на заняткі за чатыры кіламетры ад хутара, роўных яму па скачках у вышыню не было. Схільнасць падлетка да лёгкай атлетыкі заўважыў настаўнік фізкультуры Уладзімір Лебедзеў і прапанаваў займацца ў спартыўнай секцыі. А фізікай здольнага вучня захапіў настаўнік Уладзімір Шышко. Дарэчы, абодва гэтыя вясковыя педагогі мелі званне заслужаных настаўнікаў БССР. Вучнем іх быў і вядомы беларускі вучоны-агароднік Аляксандр Аутка. 

Галоўны аграном чэрвеньскага калгаса «Дзясяты з`езд Саветаў»
Уладзіслаў ЦЫДЗІК. 1981 год.

Пасля заканчэння дзесяцігодкі апантаны спортам Уладзіслаў употайкі ад бацькоў падаў дакументы ў Гродзенскі фізкультурны тэхнікум. Паспяхова здаў уступныя экзамены, і калі на хутар завітаў паштальён з асабістым лістом для Уладзіслава, бацькі даведаліся пра паступленне сына, якога ўяўлялі будучым аграномам. Ніякія ўгаворы не падзейнічалі. Некалькі месяцаў вучыўся ў тэхнікуме і атрымаў позву ў армію. Служыў у Ваенна-касмічнай акадэміі імя А. Ф. Мажайскага ў Ленінградзе. Індывідуальна займаўся спортам на стадыёне імя Леніна. Пасля заканчэння службы запрашалі застацца ў арміі, але вырашыў вярнуцца дамоў і закончыць фізкультурны тэхнікум. 

— Выкладчыкі прыязна сустрэлі мяне. У час вучобы я яшчэ працаваў і фоталабарантам у тэхнікуме. Шмат часу ўдзяляў трэніроўкам на гродзенскім стадыёне, дзе звычайна разміналіся гімнастка Вольга Корбут і вядомы штангіст Аляксандр Курловіч, якія потым праславілася на ўвесь свет.

— А вы якіх вяршынь у спорце дасягнулі?

— Найвышэйшае дасягненне — бронзавы чэмпіён чэмпіянату СССР па лёгкай атлетыцы сярод сельскагаспадарчых вышэйшых навучальных устаноў. Ад рэкорда алімпійскага чэмпіёна Валерыя Брумеля, які пакарыў вышыню ў два метры 28 сантыметраў, мой найлепшы вынік на шаснаццаць сантыметраў меншы. 

— Пасля фізкультурнага тэхнікума бацькоў ашчаслівілі вучобай у сельскагаспадарчым інстытуце?

— Пасля атрымання дыплома з адзнакай аб заканчэнні фізкультурнага тэхнікума падаў дакументы ў Гродзенскі педагагічны інстытут імя Янкі Купалы. Але потым перадумаў і вырашыў паступаць на агранамічны факультэт Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута. Пайшоў па дакументы, а мне іх не аддалі. Іх адклалі асобна. У сельгасінстытуце расказаў пра сітуацыю. Мяне выслухалі і прапанавалі напісаць заяву на паступленне. Здаваў адзін уступны экзамен, атрымаў выдатную адзнаку і быў залічаны ў студэнты. 

З першага курса захапіўся спецыяльнымі дысцыплінамі. Цікава было пад мікраскопам разглядаць дзяленне раслінных клетак, вывучаць фотасінтэз, спасцігаць таямніцы багатага свету прыроды, сярод якой вырас. Мой прадзед Тамаш Гамулецкі, карані роду якога вядуць да геніяльнага Адама Міцкевіча, атрымаў хутар у спадчыну ад праўнучкі паэта Марылі. Гаспадарка перайшла дзеду Пятру, у якога нарадзілася чатыры дачкі. Мая маці Браніслава Пятроўна Пырская атрымала ў пасаг ад бацькоў 13 гектараў зямлі, у тым ліку тры гектары лесу. Вяселле на нашым хутары Адалек гучнае зладзілі. Шмат шляхетных гасцей гуляла. 

На гэтым хутары ўсе мы і нарадзіліся. Цеснавата было ў невялікай дзедавай хатцы. Снежнымі зімамі сумёты дасягалі даху, і мы коўзаліся з даху ў снег. Бацька ўзяўся за будаўніцтва новага дома. Канём з пушчы нацягаў смалістых сосен і збудаваў пяцісценку. Абнавіў хлявы і гаспадарчыя пабудовы. Трымалі дзве каровы, цялят, чараду авечак, свіней, розную птушку. Быў свой вараны конь. Каля хутара сеялі збажыну, садзілі бульбу. Летам бацька садзіў дрэвы ўздоўж чыгуначнага палатна, а зімою ўладкоўваўся вартаўніком у Гродна. Хутаране запрашалі яго калоць свіней. Так спрытна разбіраць тушы ніхто не ўмеў. Свежаніна часта была на нашым стале. 

Мае бацькі са шляхетнага роду. Маці да вайны закончыла сямігодку. Магла далей вучыцца, але пайшлі дзеці, шмат часу адымала хатняя гаспадарка, працавала на калгасным полі. Жняяркі касілі каля нашага хутара збожжавыя, і механізатары спыняліся на адпачынак. Маці частавала іх абедам, а яны ўзгадвалі, як у школе яна заўсёды першай рашала матэматычныя задачы. Будучы цяжарнай, надта ператамілася на жніве, і народжаны мой старэйшы брацік Віктар доўга не пажыў… 

— Працы на хутары хапала ўсім. Што ў вас лепш атрымлівалася?

— Старэйшая сястра Вяслава ў асноўным дапамагала маці, а я з малых гадоў каля дзеда Пятра, а потым і каля бацькі вучыўся сялянскім справам. Малодшаму брату Люцыяну бацькі давалі больш лёгкія даручэнні. Мы пасвілі жывёлу, бульбу акучвалі, палолі агарод. Пасля васьмігодкі на летніх канікулах чыгуначнікі прынялі мяне ў брыгаду. Мяняў шпалы, забіваў кастылі. Аднойчы раненька мяне падняў брыгадзір рамонтнікаў Анцулевіч і папрасіў хуценька сабрацца. Трэснула рэйка, і неабходна было аператыўна, каб не парушыць рух на чыгунцы, ліквідаваць паломку. Мяне адправілі насустрач цягніку — выставіць на ўсялякі выпадак петарды. З рамонтам хутка справіліся.

На станцыі Жытамля была свая стайня. Уздоўж чыгункі мы нарыхтоўвалі сена для гурта коней. Мяне паставілі ў пакос першым і пачалі касьбу. Дужыя мужыкі моцна касу ў руках трымалі і думалі, што не спраўлюся. Толькі і чуў ззаду шаханне кос, але доўгі пакос закончыў першым.

— Ад бацькі перанялі ўменне касіць?

— І дзядуля Пятро браў мяне на сенажаць. У нашай сям’і без справы ніхто не быў. Яшчэ ў сёмым класе я сам накасіў сена карове на зіму. Бацьку-франтавіку яшчэ з вайны балела спіна, і яму ў пачатку лета выпала пуцёўка ў санаторый на Каўказ. А на лузе травы прасіліся ў пакос. Перад ад’ездам бацька папрасіў швагра Рамана прыехаць з суседняга хутара і выручыць з касавіцай. Пакуль дзядзька Раман з’явіўся, я справіўся з касавіцай. Маці любавалася пакосамі і адзначала, што лепш за бацьку навучыўся касіць. Побач з сенажаццю невялікая рачулка Пыранка, што ўпадае ў бурлівы прыток Нёмана — рэчку Котра. Вада ратавала ад спякоты. Надвор’е стаяла сонечнае, сухое, і мы ўдваіх з маці паспелі паварочаць пакосы, высушыць сена і зграбсці. Бацька прыемна здзівіўся, калі вярнуўся і ўбачыў каля падворка стажок.

Часта да нас на хутар завітвала малодшая сястра маці — цётка Чэся. У яе не было дзяцей, і да нас яна ставілася як да родных. Дапамагалі ёй па гаспадарцы. Калолі дровы, сена касілі, агарод палолі. Перакусвалі і зноў браліся за справу, што вельмі стамляла. А побач сябры так заманліва ў футбол гулялі. Як бачылі, што на падворак набліжаецца цётка Чэся, імкнуліся чымсьці важным заняцца, каб не трапляць ёй на вочы. 

Такія мае вытокі, я да іх неабыякавы. Пісьменнік Уладзімір Ліпскі дапамог высветліць, што прозвішча Цыдзік паходзіць з мясцін сучаснага Люблінскага ваяводства суседняй Польшчы. Сустракаецца яно ў дакументах 1415 года і азначае чалавека, які спрыяльна адносіцца да зямлі. 

— Гэта высветлілі ў сталыя гады. А раней не шкадавалі, што памянялі спартыўную кар’еру на аграномію?

— Са спортам я і ў студэнцкія гады сябраваў. Сяджу за мікраскопам на занятках, разглядаю дзяленнне клетак, і раптам выкладчык Алена Карпач нагадвае, што мне неабходна ісці адпачыць перад трэніроўкай. Залікі здаваў першым у групе. За пяць гадоў вучобы толькі два семестры не атрымліваў павышаную стыпендыю. На святочных дэманстрацыях мне давяралі сцяг інстытута, сябры жартавалі: “Слава Славе!” 

На вытворчай практыцы ў бераставіцкім калгасе імя Горкага распрацаваў сваю тэхналогію механізаванай апрацоўкі цукровых буракоў. Спецыялісты з іншых раёнаў Гродзеншчыны пераймалі гэты метад. Мяне запрасілі пасля заканчэння вучобы на працу ў гаспадарку і паабяцалі службовую аўтамашыну і жыллё. Пасля атрымання дыплома прыехаў у калгас. Чакаў абяцанага, але лёс падарыў большае — сустрэчу з прыгожай гродзенскай студэнткай Людмілай Дудзіцкай, якая была камісарам будаўнічага атрада, што летам працаваў у калгасе імя Горкага. Людміла прысутнічала на планёрцы, якую я праводзіў. Усе разышліся, а калгасны дыспетчар падышла да мяне і сказала, што гэтая прывабная дзяўчына — мая будучая жонка. Парыраваў, што мне яшчэ пра гэта рана думаць. Праз некалькі дзён у гаспадарку прыехаў куратар пацікавіцца справамі будатрада. Гэта аказаўся выкладчык фізкультуры, з якім мы вучыліся ў тэхнікуме. Са студэнтамі ўвесь той вечар спявалі пад гітару, жартавалі, і так умацавалася сяброўства з камісарам будатрада Людмілай Дудзіцкай. Доўга у гэтай гаспадарцы не затрымаўся і пераехаў у Чэрвеньскі раён. А Людміла пасля заканчэння вучобы атрымала размеркаванне ў Мінск. Сустракаліся некалькі гадоў і вырашылі ажаніцца.

— Вяселле гулялі на вашым хутары?

— Двойчы збіралі гасцей: на радзіме нявесты каля Гродна ў Парэччы і ў Скідалі, дзе бацька збудаваў новы дом. Хутарскую сядзібу купіў у нас калгас “Шлях да камунізму” Гродзенскага раёна. Мы з жонкай прыехалі ў Чэрвень і атрымалі кватэру.

— З чаго пачыналі агранамічную дзейнасць у Чэрвеньскім раёне?

— З адбору якаснага насення. У гаспадарцы “Дзесяты з`ез Саветаў”, дзе я кіраваў агранамічнай службай, ніхто не верыў, што за кароткі тэрмін абнаўлю насенны фонд. Гаспадарка спецыялізавалася на вырошчванні збожжа, і сеялі на 150 гектарах лён. Удалося навесці парадак. Па выніках года мяне прызналі лепшым аграномам Чэрвеньскага раёна і прапанавалі ўзначаліць агранамічную службу ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама. Укараняў усё самае сучаснае, трымаў моцную сувязь з беларускімі вучонымі-селекцыянерамі. У многіх гаспадарках вызначылі доследныя ўчасткі і смела прымянялі новыя тэхналогіі. Расла культура земляробства. Увесь свой час аддаваў працы. Сям’і амаль не бачыў. Клопаты па выхаванні дачкі Юліі і сына Віктара ляглі на плечы жонкі. 

У гарачы час жніва з поля паступала зерне, а сушыльны агрэгат у адной з гаспадарак прастойваў з-за паломкі рухавіка. Абзваніў галоўных інжынераў гаспадарак раёна і знайшоў запасны рухавік. У трэцяй гадзіне ночы паехалі за ім на склад у калгас імя Мічурына. Па дарозе нас спынілі міліцыянеры і былі здзіўлены, калі даведаліся, за чым мы едзем. Даставілі запчастку, і да раніцы КЗС аднавіў працу. Упершыню Чэрвеньскі раён выйшаў на ўраджайнасць 30 цэнтнераў збажыны на круг. Гэта было наша агульнае дасягненне.

З Чэрвеня мяне запрасілі ў апарат Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, дзе пачынаў з начальніка пададдзела лугавой кормавытворчасці, быў начальнікам упраўлення кормавытворчасці. Паўтара дзясятка гадоў працаваў у сістэме Камітэта дзяржаўнага кантролю.

— Не шкадуеце, што так выкладваліся на працы?

— Шкадую, што мала ўдалося зрабіць. Зараз акрамя дэпутацкіх абавязкаў у Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь імкнуся як мага болей займацца дабрачыннасцю. У Дзяржынскім раёне, дзе мяне выбіралі дэпутатам, арганізаваў навядзенне парадку на сямейных могілках у вёсцы Дзягільна вядомага этнографа і літаратара Адольфа Янушкевіча, які стаў нацыянальным героем Казахстана. Змуравалі там капліцу. Мясцовыя жыхары ў час нашай працы прыносілі ежу, каб маглі падсілкавацца. 

Займаюся дэндрапаркам у Прылукскай Слабадзе і атрымаў падтрымку Мінскага райвыканкама. Там будзе месца для культурнага адпачынку людзей. Аднаўляем помнік ХVI стагоддзя — Кальвінскі збор у вёсцы Першамайская Уздзенскага раёна, дзе ў сцяне пахаваны адзін з нашчадкаў магнацкага роду Міхась Радзівіл.

— Як намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па аграрнай палітыцы якой вы ўяўляеце перспектыву развіцця аграпрамысловага комплексу Беларусі? 

— Неабходна вызначыцца з формамі ўласнасці. Пугі на ўсіх не хопіць. У парламенце гатовы абмяркоўваць гэтае важнае пытанне. Трэба так наладзіць справу, каб дзяржава толькі дырыжыравала законамі і падаткамі. 

— Уладзіслаў Станіслававіч, што не паспелі зрабіць яшчэ?

— Абараніць кандыдацкую дысертацыю. Калегі лічаць мяне вучоным. У інстытуце прапаноўвалі аспірантуру, але прагнуў самастойнай працы на зямлі. І пра навуку не забываў. Рыхтаваў каментарыі, праводзіў даследаванні. Выдаў шмат навуковых артыкулаў, звыш 30 кніг.

— Ваша любімая пара года?

— Усе. Нават у стылай восені ёсць свая непаўторная прыгажосць. Чаму не палюбавацца на крыштальную кропельку дажджу?..

Уладзiмiр СУБАТ

Фота аўтара і з сямейнага архіва Уладзіслава ЦЫДЗІКА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter