Птушыная сталіца. Другі год запар у Тураве ладзіцца фестываль кулікоў.

Завіталі на яго і нашы карэспандэнты.У апошнія гады гэты невялікі, але старадаўні гарадок усё часцей прыцягвае да сябе ўвагу. А арнітолагі, здаецца, яго ўжо лічаць птушынай сталіцай. У мінулым годзе ў Тураве нарадзілася ўнікальнае свята — фестываль кулікоў. Праз год сюды зноў “зляцеліся” і палешукі, і мінчане, і, напэўна, самі птушкі, якія ў Тураве заўсёды разам з людзьмі. Горад раскінуўся на самым беразе шырокай Прыпяці, сярод вялікіх лугоў, якія штогод, з вясны да восені, шматгалоса звіняць на кулічыны лад.

Завіталі на яго і нашы карэспандэнты.У апошнія гады гэты невялікі, але старадаўні гарадок усё часцей прыцягвае да сябе ўвагу. А арнітолагі, здаецца, яго ўжо лічаць птушынай сталіцай. У мінулым годзе ў Тураве нарадзілася ўнікальнае свята — фестываль кулікоў. Праз год сюды зноў “зляцеліся” і палешукі, і мінчане, і, напэўна, самі птушкі, якія ў Тураве заўсёды разам з людзьмі. Горад раскінуўся на самым беразе шырокай Прыпяці, сярод вялікіх лугоў, якія штогод, з вясны да восені, шматгалоса звіняць на кулічыны лад.

У першыя дні мая на розныя лады звінеў і сам гарадок: дзіва што, фестываль сабраў столькі гасцей! Дзятва, дзеля якой, здавалася, і ладзілася свята, снавала паўсюль. Малыя вучыліся ў майстар-класах, гулялі ў інтэлектуальныя гульні, арганізаваныя “Аховай птушак Бацькаўшчыны” (АПБ), удзельнічалі ў конкурсах, танцавалі пад музыку, што ўвесь дзень лілася са святочнай сцэны. Было на што паглядзець і на кірмашы: адны толькі вышываныя карціны жыткавіцкай майстрыхі Кацярыны Мішчук прыцягвалі столькі ўвагі, што да іх увесь час падыходзілі цікаўныя. І, наблізіўшыся, доўга разглядалі тонкія, акуратныя, вытанчана-каляровыя работы з выявамі салаўя, жорава, авяльгі. А найбольш удалай работай многія палічылі вышытую карціну з выявай вяртлявай чаротаўкі — птушка там як жывая!

Выстава-продаж работ палескіх майстроў, кніг пра беларускую прыроду, выставы насценгазет і работ Тураўскага дома дзіцячай творчасці, фатаграфаванне з “кулікамі” — усё гэта займала ўвагу гасцей свята на працягу дня. А калі пачаўся канцэрт, сотні пар уважлівых, заклапочаных, цікаўных вачэй з хваляваннем звярнуліся да сцэны. Бабулі, дзядулі і бацькі перажывалі за дзетак і ўнукаў-артыстаў, а малыя — за бабуль, дзядуляў і бацькоў. І канцэрт атрымаўся шчыры, трошкі па-вясковаму, па-палеску кранальны і зусім незвычайны. Бо ўсё, акрамя тэатральнай пастаноўкі на гістарычную тэму, у гэтым канцэрце было прысвечана птушкам і толькі ім. І неаднаразова я лавіла сябе на думцы, што раней і не здагадвалася, што ў беларускім фальклоры ёсць столькі дзівосных песень, найцікавейшых народных твораў пра птушак. Музычныя калектывы “Спасаўка” і “Абібок”, “Вянок” і “Рарох” здзівілі слухачоў як выразнасцю, пранікнёнасцю выканання, так і выдатна падабраным рэпертуарам песень. Здзівілі і надзвычай парадавалі.

А конкурс-дэфіле “Кулічыная мода” ўвогуле зрабіў фурор. І тут ужо юныя тураўчанкі паказалі сябе ва ўсёй сваёй палескай красе: моцныя, ужо загарэлыя, у пашытых самімі сукенках дзяўчаты ўпэўнена дэманстравалі сваю прыгажосць. Авацыі не сціхалі доўга, як да самага вечара не сціхаў і сам фестываль.

Разыходзіліся павольна: хто пешшу, а хто на самым папулярным на Палессі сучасным транспарце — на ровары. З пэўнай доляй шкадавання пакідалі Тураў і мы. Абнадзейвала адно: людзей, заклапочаных аховай беларускай прыроды і нашых птушак, штогод становіцца ўсё болей (гэта паказаў фестываль), а мы, ад’язджаючы, пакінулі пасля сябе светлы і добры след. Ды яшчэ ўпэўненасць, што абавязкова вернемся сюды наступнай вясной.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter