Птушкі -- вестуны вясны

Адным з абавязковых абрадаў гукання вясны было выпяканне “птушак”. Як звычайна на золку гаспадыня распальвала печ, але пры гэтым звярталася да агню, як да жывой істоты, з кароткай формулай-замовай або малітвай. Затым з жытняй мукі рыхтавалася цеста, з якога трэба будзе выпечы значную колькасць “галушак” у выглядзе птушак (жаўранкаў, вераб’ёў, качак, “чырачак”).

Выпяканне птушак і найперш “жаўранкаў” тлумачыцца тым, што якраз гэтыя птушкі з’яўляліся першымі і самымі раннімі вестунамі набліжэння цяпла. Назіранні за паводзінамі птушак дапамаглі  нашым  продкам бездакорна арыентавацца ў зменах прыроды. Яны маглі прадказаць надвор’е як на некалькі дзён наперад, так і на больш аддаленую перспектыву, што было  для селяніна надзейным прадказальнікам для правядзення адпаведных земляробчых работ. Напрыклад, ранні прылёт ластавак прадказваў дружную вясну. Лічылі, калі гракі прыляталі раней святой Аўдакеі (14 сакавіка) -- быць лету мокраму. Лепшым тэрмінам прылёту гракоў лічылі 17 сакавіка -- дзень ушанавання святога Герасіма, на Беларусі казалі так: “Святы Герасім гракоў прыгнаў”;  “Калі гракі сядзяць ужо ў гнёздах -- вясна будзе дружная, праз тры дні можна выходзіць на поле; калі лётаюць бязмэтна або іх увогуле не відаць -- вясна будзе позняя”.
Вялікая колькасць прымет звязана з бусламі, шпакамі, варонамі, жураўлямі і некаторымі іншымі відамі птушак. Паралель прасочвалася самая непасрэдная. З далёкага выраю птушкі прыляталі ў пэўнай паслядоўнасці: “На Саракі, паводле народнага павер’я, вылятае з цёплага краю вястун вясны жаваранак; пасля  яго -- гракі, што бывае за 12 дзён да адкрыцця вады; потым качкі і журавы і нарэшце зязюля, якая, як кажа народ, пачынае кукаваць за 12 дзён да святога Георгія (6 мая)”. Апошнімі прыляталі салаўі -- птушкі кахання.
Да птушак беларусы ставіліся як да істот, якія звязаны з вы-Раем -- месцам знаходжання душ памерлых продкаў. Таму іх прылёт з Выраю ўспрымаўся абвесткай новага жыцця, адушаўлення-ажывання прыроды. Разуменне зместу дадзенай міфалагемы дазволіць нам патлумачыць некаторыя асаблівасці пэўных абрадавых дзеянняў.
Да выпякання “птушак” гаспадыня запрашала дзяцей. Яны пры дапамозе спецыяльных папяровых або драўляных форм выразалі з цеста выявы птушак і клалі іх на хлебную лапату або на капусныя лісты, а потым на патэльню. Колькасць “птушак” вагалася ў залежнасці ад мясцовай традыцыі -- недзе ад дваццаці да сарака. Такое вялікае разыходжанне тлумачыцца тым, што сорак галушак выпякалі ў тым выпадку, калі гуканне вясны праводзілася адначасова з Саракамі.
Палявыя запісы, зробленыя ў канцы 20-га ст. студэнтамі Гомельскага  дзяржаўнага універсітэта імя Ф.Скарыны пад кіраўніцтвам В.С.Новак, яскрава сведчаць пра тое, што фактычна  ў кожным  раёне Гомельшчыны  былі свае адметнасці ў выкананні абрадаў гукання вясны. Вось толькі некаторыя з іх:
-- у Рэчыцкім раёне птушак не выпякалі, а рабілі з гліны. Моладзь бегала з імі па вёсцы, падкідвала ўгару і спявала песні-вяснякі:
А святое Благавешчанне,
А святое Благавешчанне,
Благаславі, Божа.
Дай, Божа, вясну красну
Да на цёплыя лета,
Да на густыя жыта,
На густыя, ядраністыя,
Коласам каласістыя!
А ў полі -- капамі,
А ў клеці -- караблямі.
-- у Буда-Кашалёўскім раёне рабілі птушкі-свісцёлкі, у якія хлапчукі спачатку свісталі, а затым гучна казалі:
Прыйдзі, вясна, прыйдзі, красна,
Адамкні лецечка, замкні зімачку.
Адразу пасля таго як печыва дастануць з печы, гаспадыня выконвала абавязковае рытуальнае дзеянне -- кідала назад у печ адну “птушачку” -- прыносіла ахвяру, можа, вясне, можа, агню, можа, добраму духу хаты...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter