Птушкі і людзі

Мінчане кормяць качак і не здагадваюцца, што вельмi шкодзяць ім

Мінчане кормяць качак і нават не здагадваюцца, што вельмi шкодзяць ім

Не кожная птушка даляціць да сярэдзіны Дняпра ці збярэцца ў вырай, асабліва калі яе і тут нядрэнна кормяць. Такой логікай кіруюцца і качкі, якiя прызвычаіліся да смачных пачастункаў з рук мінчан. Гэта непажадана, папярэджваюць эколагі. Карэспандэнт «Р» праверыла, ці ведаюць пра гэта жыхары сталіцы?

Вуліца Першамайская. Недалёка Свіслач. Уздоўж берага прагульваюцца маладыя матулі, на лаўках сакочуць бабулі. Заўважаю ля парапета хлопца, якi кідае ў ваду кавалачкі хлеба. Падыходжу да яго.

— Зараз карміць качак непажадана, — кажу.

— Чаму? — здзіўляецца ён. — Па праўдзе кажучы, упершыню гэта раблю: з дзяўчынай пасварыўся, вось і няма настрою. А калі кармлю іх, адпачываю. Я жыву ў Малінаўцы. Праходзіў побач, убачыў качак, забег у краму па хлеб і вырашыў іх пачаставаць.

Далей на шляху — маці з дзіцем. Падыходжу да іх.

— Мы з дачкой з «Пушкінскай» прыехалі, каб качак пакарміць. Узялі паўбуханкi хлеба: прысмакаў птушкам хапіла хвілін на 15, — дзеліцца ўражаннямі Вольга. — Але хлеб елі толькі дзве качкі, астатнія нават дзюбай не павялі ў наш бок.

Мо іх чымсьці іншым мясцовыя жыхары частуюць? Але ж не: ва ўсіх, хто прыйшоў пакарміць птушак, а іх тут чалавек сем, у руках хлеб або батон. Ці качкі ўжо сытыя: на гадзінніку чатыры.

Адсюль скіроўваю ў парк Горкага. Невялікі ручай абступілі бацькі з малымі.

— Ужо гады два з кастрычніка па красавік, асабліва ў моцныя маразы, прыходзім сюды раз на тыдзень, — гаворыць Віталь. — У нас ёсць нават свае птушкі — вунь адна з шэрай грудкай, а другая з плямай ля дзюбы. Яны, як толькі нас убачаць, адразу падплываюць.

Рухаюся ўздоўж берага. Заўважаю ля вады бабулю.

— Кожны дзень у парк прыязджаю, каб качак пакарміць, — распавядае Ірына Іванаўна. — З сабой дзесьці 400 грамаў батона або хлеба, парэзанага на дробныя кавалачкі. Мы яшчэ ў 1950-я сюды з бацькам прыходзілі. Ён у блакадным Ленінградзе жыў, вось і імкнуўся пасля гэтага ўсіх накарміць.

Здалёк заўважаю дзвюх дзяўчын, якiя весела смяюцца і кідаюць у ваду кавалачкі хлеба.

— Кормім качак другі раз. Гэта, напэўна, стане нашай студэнцкай традыцыяй, — усміхаецца Марына. — Некалі прыйшлі сюды перад кантрольнай, пакармілі птушак і атрымалі «выдатна». Вось і сёння перед важнай пісьмовай працай забеглі. Праверым, ці дапаможа нам падзяка качак.

Але якімі б галоднымі, як нам здаецца, не былі качкі, усё ж варта прыслухацца да рэкамендацыі спецыялістаў. Бо часам, калі мы хочам зрабіць як лепш, атрымліваецца як заўсёды. А то і горш.

-------------------------------------------

Каментарый у тэму

Віктар ФЯНЧУК, дырэктар грамадскага аб’яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны»:

— Зараз карміць качак непажадана, бо гэта ўплывае на іх міграцыйны працэс. З надыходам маразоў у гэтых вадаплаўных птушак ўзнікаюць цяжкасці ў пошуку корму, і яны ляцяць у вырай. Калі людзі іх кормяць, то спрыяюць таму, што птушкі застаюцца зімаваць дома.

Увогуле, не карміць іх лепш да таго моманту, пакуль слупок тэрмометра не пакажа 15 — 20 градусаў марозу. Дарэчы, усяго на тэрыторыі Беларусі зімой застаюцца 4— 5 тысяч качак.

А вось вераб’ёў або сініц трэба падкормліваць заўсёды.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter