Посмотрели, как необычно освящают новый урожай яблок в церкви XVII века под Брестом

Прыйшоў Спас — адыходзіць лета ад нас

У жнiўнi праваслаўныя вернiкi адзначаюць тры Спасы. Мядовы выпадае на 14 жнiўня, Яблычны святкуецца на Праабражэнне Гасподняе — 19-га, Арэхавы — 29-га. Яблычны Спас — развiтанне з летам, сустрэча восенi, мяжа памiж летнiмi i восеньскiмi работамi на зямлi. У Спаса-Праабражэнскай царкве, якая стаiць на месцы ўпадзення ракi Лясной у Заходні Буг недалёка ад Брэста, Яблычны Спас — прастольнае свята. Паглядзелi, як нязвыкла — не ў кошыках, а на галiнках дрэў — тут асвячаюць новы ўраджай. 

Хрэсным ходам прыхаджане тры разы абышлi вакол царквы.

З лакалiзацыяй царквы — блытанiна. Адны даведнiкi называюць вёску Шумакi, другiя — Кацельню-Баярскую. Мiж тым прыход — Церабуньскi. Царква стаiць наводшыбе памiж вёскамi. Пабудавана ў стылi готыкi i рэнесансу, занесена ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Беларусi. Iснуе легенда, што храм узвялi з цэглы палаца Радзiвiлаў, якi быў прайграны Iаану Шуйскаму. Так гэта цi не, сказаць сёння цяжка. 

Вядомы гiсторык i краязнавец Анатоль Гладышчук з версiяй пра цэглу з палаца не пагаджаецца:

— Нехта аднойчы такое напiсаў, i цяпер з тэксту ў тэкст легенда перадаецца. Якi Радзiвiл? Якi палац? Нiякай канкрэтыкi. Царква пабудавана ў 1609 го­дзе дзякуючы Iаану Шуйскаму, сваяку расiйскага цара Васiля Шуйскага, якi пасялiўся паблiзу Брэста i назваў урочышча Церабунь. Яна была прысядзiбнай. Магчыма, будавалася як царква-крыпта. На падлозе на адной з дошак можна ўбачыць радавы герб Шуйскiх. Дарэчы, прозвiшча Шуйскiя ў нашай мясцовасцi не рэдкасць, мы нават i не падазраём, колькi нашчадкаў Рурыкавiчаў можа жыць у Брэсце.

Традыцыя асвячэння яблыкаў перадаецца ад старэйшых малодшым.

Айцец Аляксандр, настаяцель храма, упэўнены: у ХVII стагоддзi ў падзямеллi царквы хавалi Шуйскiх. Гэта пацвярджаюць i новыя адкрытыя пасля капiтальнага рамонту факты. Па-першае, лагi падлогi размяшчаюцца на нязвыкла шырокай адлегласцi — паўтара метра. Па-другое, у зямлi былi знойдзены чалавечыя астанкi.

Мы размаўляем, а паблiзу над полем кружаць буслы. Кажуць, калi яны ляцяць у вырай да Яблычнага Спаса, то зiма будзе ранняй i марознай, калi пасля Спаса — зiма позняй, а вясна халоднай. 

На прастольнае свята ў царкву прыходзяць сем'ямi.

Людзей у царкве i каля царквы сабралася многа, нягледзячы на будны дзень. Прыхаджане з галiнкамi дрэў, на якiх нанізаны яблыкi, грушы, вiнаград. Пытаюся, адкуль такi звычай. Цi не прасцей пакласцi яблыкi ў кошык, дачакацца, калi святар акропiць святой вадзiцай, i дахаты? На вуснах усмешкi. Традыцыя перадаецца ад бабулi ўнукам, ад мацi — дзецям i гэтак далей. 

Вакол храма прыхаджане прайшлi з цудатворнай iконай.

Заўважаю, як сталага веку мужчына з жанчынай дзеляцца адзiн з адным сакрэтамi пошуку галiнак на пяць яблыкаў. 

Знайшоў нейкi корч, з усiх бакоў абмацаў, вось глядзi, якую галiнку выразаў, — хвалiцца прыхаджанiн, паказваючы свой святочны набор з яблыкаў i груш. 

Пытаюся, якое дрэва найлепш пады­ходзiць для нанiзвання пладоў. Кажуць, тая галiнка, якая мае многа адросткаў. Бу­дзе гэта лiпа, ясень цi вярба — тут ужо няма рознiцы. 

Айцец Аляксандр чытае Евангелле i акрапляе людзей i плады новага ўраджаю вадой.

Хрэсны ход тройчы абыходзiць царкву. Падчас асвячэння пладоў людзi падымаюць галiнкi ўверх, да неба, як бы частуючы Усявышняга. Нiхто не ведае, адкуль такая народная традыцыя i хто яе прыдумаў. Але выглядае гэта проста фантастычна. 

kozlovich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter