ПРЫВІТАННЕ, Зайцы і Котава!

Сустракаем свята разам з жыхарамі вёсак, што маюць назву сімвалаў надыходзячага года.

Першы адрас — вёска Зайцы Чэрвеньскага раёна. Маленькая, прыкладна на сорак двароў. Святло зараз гарыць толькі ў кожным чацвёртым. А вось улетку ўсе дамы ажываюць — бо прыязджаюць дачнікі. Большасць старажылаў вёскі — гэта падапечныя сацыяльнага работніка Галіны Горгун. Яна даглядае пяць адзінокапражываючых і сямейную пару. “Людзі заслужаныя, усё жыццё працавалі на зямлі, — расказвае Галіна Васільеўна. — І вельмі цікавыя, як пачнуць распавядаць пра сваё мінулае — заслухаешся. Амаль два гады працую з імі і ўсё адкрываю ў сваіх падапечных штосьці новае”.

Хтосьці з вяскоўцаў сустракае навагодняе свята дома, кагосьці забіраюць дзеці ў горад. Зайшлі на агеньчык да Малышавых. Ніне Дзям’янаўне і Міхаілу Рыгоравічу — ужо за восемдзесят. У мінулым даярка і даглядчык жывёлы, цяпер паціху корпаюцца па гаспадарцы, глядзяць тэлеперадачы, а больш адпачываюць.
Галіна Горгун раней была загадчыкам фермы, а не так даўно стала памочнікам і дарадцам для жыхароў Зайцоў. “Яны ў нас дагледжаныя”, — кажа жанчына, маючы на ўвазе сацыяльную дапамогу пажылым увогуле, а зусім не свае заслугі. А тыя ўдзячны перш за ўсё свайму сацыяльнаму работніку: “Уважлівая, старанная, з’явіцца на парозе — і ў хаце нібы пасвятлее”.
Галіна Васільеўна памыла падлогу і прапанавала: “Давайце дапамагу паставіць ёлачку”.
— А навошта яна нам, — запярэчылі Малышавы. — У Зайцах жывём —  лес  побач.
— А як будзеце святкаваць Новы год? — пацікавіліся мы.
— На стол збяром свае пачастункі, у аўталаўцы штосьці купім. Чарачку вып’ем за ўсё добрае, потым паслухаем выступленне Прэзідэнта... Канцэрт паглядзім — што старым яшчэ трэба...
Мы паспрабавалі адшукаць
яшчэ дзе-небудзь у краіне “заечую” вёску. Не атрымалася. Напрыклад, з  318 населеных пунктаў у Лагойскім раёне  ніводзін не носіць патрэбную вам назву. Хаця, пачакайце, ёсць там турыстычна-спартыўны комплекс “Заечая паляна” з выдатнымі лыжнымі і біятлоннымі трасамі. Калі ён будаваўся, то былі прапановы даць больш салідную назву. Але намеснік старшыні Лагойскага райвыканкама Галіна Драгунова сказала: “Няхай застаецца тая, да якой людзі прывыклі”. А што, прыгожа...
Затое ў Беларусі нямала вёсак з назвай Котава. Напрыклад, такія ёсць у Віцебскай і Мінскай абласцях.
У вёсцы Котава, што ў  Бярэзінскім раёне, адна вуліца па кругу, але яна большая за Зайцы ў два разы.
Анжэла Сушкевіч, начальнік тамтэйшага паштовага аддзялення, распавядае, што два паштальёны абслугоўваюць сем навакольных вёсак: дастаўляюць газеты, пенсіі, прымаюць аплату за электрычнасць, радыё, тэлефонную сувязь. І паслугі аказваюць: прывозяць прадукты, іншыя тавары. У самой вёсцы Котава ёсць магазін, пошта ды кантора. Школа і садок у вёсцы Уша — там ёлкі і святочныя мерапрыемствы. А котаўцы — і пажылыя, і моладзь — сустракаюць свята дома. Клуба няма, таму кожны сам сабе рэжысёр. Анжэла Іванаўна, напрыклад, будзе разам з бабуляй, дзядулем і дзецьмі.
Рыхтуюцца да свята і жыхары іншых вёсак з красамоўнымі назвамі. Вялікая Мядзведка — у Карэліцкім, шматлікія Барсукі — вёскі з такой назвай ёсць у Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях. А таксама Бабры і Бабраняты, славутыя Мышкавічы. Дзесьці свята пройдзе з размахам, дзесьці — сціпла. Але хіба гэта важна? Галоўнае, каб побач былі сапраўды блізкія людзі.Каб мы адчулі сябе адной вялікай сям’ёй...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter