Бывшая учительница открыла свой бизнес по продаже швейной фурнитуры с помощью госсубсидии

Прышпіліць гузiкi да справы

Часам водпуск па доглядзе дзіцяці становіцца не паўзай у працоўнай кар’еры, а своеасаблівай коскай, пасля якой у жыцці жанчыны пачынаецца зусім новы этап. Так адбылося і ў Вольгі Дзегцяровай з Ліды: атрымаўшы педагагічную адукацыю і адпрацаваўшы каля шасці гадоў у школе, пасля дэкрэтнага водпуску яна вырашыла крута памяняць сферу дзейнасці і адкрыць сваю справу, у чым ёй дапамагла дзяржаўная субсідыя.

У краме Вольгі Дзегцяровай можна набыць тканіны для адзення, дзіцячых пасцельных рэчаў, а таксама швейную фурнітуру.

— У мяне ёсць яшчэ адна вышэйшая адукацыя — юрыдычная, — здзіўляе суразмоўніца. — У ВНУ вывучала крымінальнае права. Праўда, прымяніць веды на практыцы не атрымалася: скончыўшы ўніверсітэт, адразу ж адправілася ў адпачынак па доглядзе дзіцяці. А затым — у другі дэкрэт. У выніку дзесьці пяць з паловай гадоў прысвяціла выключна сям’і і дзецям.

За гэты час Вольга прыняла рашэнне не вяртацца ў школу. Маму двух дзяцей бянтэжылі вялікая загружанасць на працы і не вельмі высокi даход. Рашэнне жонкі падтрымаў муж — у мінулым эканаміст, а зараз прадпрымальнік, які адкрыў у свой час краму будаўнічых матэрыялаў.

— Я заўсёды цікавілася творчасцю, з дзяцінства малявала, наведвала розныя гурткі. Ды і па першай адукацыі я не толькі педагог пачатковых класаў, але і кіраўнік студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, — расказвае Вольга Дзегцярова. — У педінстытуце асвойвала вязанне, саломапляценне, вышыўку. Мне гэта падабалася. У нас у Лідзе ўсяго пару магазінаў з добрым асартыментам тканін і фурнітуры. Памятаю, як муж, зайшоўшы туды па нейкую дробязь, паскардзіўся мне на чаргу. А паколькі я часта купляла розныя тканіны і фурнітуру, то ён жартаваў, што яму прасцей самому адкрыць такую краму, чым надоўга адпускаць мяне па пакупкі. Вось так жарт стаў праўдай.

Па заканчэнні водпуску па доглядзе дзіцяці Вольга звольнілася з ранейшага месца працы і адправілася ў службу занятасці. Там патлумачылі, як атрымаць субсідыю для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, паказалі ўзор бізнес-плана, які трэба было напісаць.

— Да гэтага мы з мужам усё пралічылі, прыцаніліся, вывучылі прапановы пастаўшчыкоў, — гаворыць пра падрыхтоўчы перыяд гераіня. — Я шмат сядзела ў інтэрнэце, даведвалася, якія гродзенскія і мінскія фірмы прадаюць тканіны і фурнітуру. 

Камісія зацвердзіла бізнес-план Вольгі Дзегцяровай. На матэрыяльную дапамогу ад дзяржавы наваспечаная прадпрымальніца набыла гандлёвыя стэлажы і касавы апарат. А на сямейныя зберажэнні на мясцовым рынку купіла павільён для будучага магазіна тканін і фурнітуры.

— Вы пытаецеся пра складанасці? Іх асабліва не было. Так, спачатку аб прыбытку толькі марыла. Наведвальнікаў было няшмат, бо я не давала рэкламы, а стварыла толькі групы ў сацсетках, — тлумачыць Вольга. —  Але паступова людзі пра мяне даведаліся, і вось праз паўгода работы крамы выйшла ў плюс.

У краме Вольгі Дзегцяровай з аўторка па нядзелю з 9 да 14 гадзін можна набыць тканіны для адзення, дзіцячых пасцельных рэчаў, а таксама швейную фурнітуру.

— Працую па графіку рынку, — дадае прадпрымальніца. — Мяне гэта задавальняе: у будні ёсць магчымасць і вячэру прыгатаваць, і дзяцей забраць з дзіцячага сада. У выхадныя ўнукамі займаецца бабуля — мая мама, якая цяпер на пенсіі. Бо мы з мужам абое працуем. Калі ёсць свая справа і хочаш нешта мець, трэба круціцца.

statkevich@sb.by

Фота з архіва гераіні матэрыялу
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter