Почему минский опыт социального такси пока буксует в регионах

Прыпынкi на маршруце

Не так даўно служба сацыяльнага таксі была асаблівасцю Мінска. Перадавы вопыт рэкамендавалі для пераймання па ўсёй краіне. Сёння паслуга, якую прадастаўляюць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, прапісалася ў рэгіёнах, аднак далёка не ўсюды гэты вопыт можна назваць паспяховым. Карэспандэнт «Рэспублікі» высвятляла, дзе сацыяльнае таксі прыжылося і па якіх прычынах укараненне практыкі пакуль прабуксоўвае.

У Гродне, як i ў большасці гарадоў, заяўку на сацыяльнае таксі трэба пакідаць не пазней за двое сутак да паездкі.
Чым глыбей у раён, тым недаступней паслуга

Пачнём з таго, што дакладнай статыстыкі, у якіх рэгіёнах працуе сёння сацыяльнае таксі, няма. Каб скласці хаця б прыблізнае ўяўленне пра актуальную геаграфію паслугі, давялося абзваніць больш за паўтара дзясятка абласных і раённых цэнтраў. 

Выснова першая — сацыяльнае таксі ў краіне пакуль застаецца прэрагатывай буйных гарадоў. Практыка мае ў асноўным прапіску абласных цэнтраў. Адна з прычын, чаму яна цяжка ўкараняецца ў малых гарадах, — складана знайсці выканаўцу паслугі — транспартную арганізацыю. Як правіла, цэнтры сацыяльнага абслугоўвання заключаюць дагавор з аўтапаркамі, якія маюць такія аўтамабілі ці гатовыя іх пераабсталяваць, і аплачваюць ім паслугі па дамоўленасці. 

Мы спрабавалі ўкараніць такую схему, рабілі запыт у мясцовы аўтапарк, — дзеліцца вопытам дырэктар Быхаўскага ТЦСАН Таццяна Пінчукова. — Аднак нам адмовілі з-за зношанасці машын. На балансе цэнтра ёсць свая «Газель» з электрапад’ёмнікам, тым не менш па існуючым заканадаўстве мы маем права скарыстоўваць яе толькі для мэт цэнтра, напрыклад, для перавозкі iнвалідаў, якія бавяць час у аддзяленні дзённага знаходжання. Пра транспартную паслугу ўсім астатнім будзем мець гаворку са з’яўленнем фінансаў і адпаведных заканадаўчых механізмаў.

Для калясачнiкаў ці не толькі?

Выснова другая — у краiне пакуль няма адзінага разумення, што ўвогуле сабой уяўляе сацыяльнае таксі. Адны пад гэтым тэрмінам разумеюць дапамогу па перавозцы выключна інвалідаў, перш за ўсё калясачнікаў, якія самі не ў стане рухацца і таму патрабуюць спецыяльна абсталяванага мікрааўтобуса з пад’ёмнікам, мацаваннямі для інвалідных калясак і гэтак далей. Ва ўяўленні іншых гэта транспарт для шырокага кола сацыяльна неабароненых грамадзян — пенсіянераў, ветэранаў, хворых дзяцей. У залежнасці ад гэтага і пералік тых, хто мае права скарыстацца паслугай, у кожным рэгіёне свой. Iнвалідаў 1-й групы, калясачнікаў, дзяцей з 4-й групай здароўя абслугоўваюць паўсюль. А ў дачыненні да астатніх грамадзян у кожным горадзе свае правілы. Тое ж самае тычыцца часу абслугоўвання, максімальнай колькасці паездак і платнасці-бясплатнасці паслугі.

Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны таксама могуць карыстацца паслугай.

Пасажыры не плацяць, плаціць па рахунках горад

Сацыяльнае таксі ў нашым горадзе існуе ўжо сёмы год, — расказвае загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Цэнтральнага раёна Гомеля Жанна Зуб. — Запатрабаванасць у насельніцтва большая, чым дазваляюць нашы арганізацыйныя магчымасці. На горад дзве машыны, і толькі прымацаваная да нашага раёна выконвае каля 20 заявак кожны дзень

Спіс тых, хто мае права карыстацца, строга рэгламентаваны. Гэта інваліды 1-й групы, дзеці з 3-й і 4-й ступеню страты здароўя, ветэраны ВАВ. Як паказвае жыццё, часцей за ўсё карыстаюцца хворыя, якім патрэбна працэдура гемадыялізу. 

Выклік сацыяльнага таксі для саміх гамяльчан бясплатны. За мінулы год выканана амаль 3,5 тысячы заявак, якія прафінансаваны ў памеры больш за 32 тысячы рублёў з гарадскога бюджэту. 

Падобная схема арганізацыі працуе і ў Гродне. Графік работы сацыяльнага таксі — з 8 раніцы да 8 вечара. 

Неабходная ўмова аказання паслугі — мясцовая прапіска, — канстатуе супрацоўніца ТЦСАН Іна Курыла. — Нярэдка да нас звяртаюцца асобы, якія жывуць у горадзе, а зарэгістраваны ў Мінскай вобласці. На жаль, мы вымушаны ім адмаўляць.

Перавозку даверылі прыватніку

У Бабруйску мясцовыя ўлады даверылі вакананне транспартнай паслугі прыватнаму перавозчыку — ПТУП «Імпульс-Аўта-Плюс», якое мела вопыт транс-парціроўкі інвалідаў у супра-цоўніцтве з мясцовым грамад-скім аб`яднаннем інвалідаў. Прымаюць заяўкі і накіроўваюць іх у службу таксі сацыяльныя работнікі. Як расказала дырэктар ПТУП Алена Краўчанка, у кастрычніку выканана 15 заявак, у лістападзе — менш. Невялікую колькасць прадпрымальніца тлумачыць «нераскручанасцю» паслугі. Супрацоўнічаць з цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання пачалі з канца жніўня, насельніцтва недастаткова інфар-мавана. 

Паездка працягласцю адна гадзіна абыходзіцца прыкладна ў 13 рублёў. Аплату за транспартную паслугу ажыццяўляе тэрытарыяльны цэнтр, аднак, падкрэслівае Алена, улічваючы тэхнічнае абслугоўванне аўтамабіля, дарожныя зборы, аб поўнай кампенсацыі затрат пакуль гаворка не ідзе. У якасці бонуса прыватніца мае пэўныя прывілеі ад выканкама па арганізацыі маршрутаў звычайнага таксі. 

Вазіць ці даць грошай на праезд?

У гарадах Брэстчыны паслуга транспарціроўкі на спецыяльным аўтамабілі платная. У Баранавічах, напрыклад, чалавек з абмежаванымі магчымасцямі плаціць 60 капеек за кіламетр. Як удакладніла дырэктар Баранавіцкага ТЦСАН Юлія Юрэня, гэта дазваляе толькі часткова кампенсаваць затраты на паслугу — менш за 40 працэнтаў. 

Існуючыя тарыфы на праезд, упэўнена Юлія Юрэня, не адштурхоўваюць тых, хто мае патрэбу ў паслузе. Таксі працуе 10 гадоў, і запатрабаванасць яго не падае. Кожны дзень выконваецца ў сярэднім 10 заявак.

А ў некаторых раёнах Міншчыны задаліся пытаннем: а ці варта наогул укараняць сацыяльнае таксі? У Салігорску былі неаднаразовыя спробы прадастаўлення такой паслугі, а ў рэшце рэшт ад яе адмовіліся. І справа не толькі ў недахопе сродкаў. 

За апошні час да нас ніхто з жыхароў не звяртаўся з такой просьбай, — канстатуе дырэктар ТЦСАН Веранiка Карповiч. — Мы прыйшлі да высновы, што больш мэтазгодна матэрыяльна кампенсаваць інвалідам затраты на праезд. Сёння такая магчымасць прадугледжана адпаведным рашэннем Мінаблвыканкама.

МЕРКАВАННЕ

Сяргей ДРАЗДОЎСКІ, iнвалiд-калясачнiк, дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю:

— Сацыяльнае таксі трэба разглядаць як адзін з варыянтаў ажыццяўлення бесперашкоднага перамяшчэння людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Калі грамадскі транспарт для іх недаступны, павінна быць кампенсацыйная магчымасць — напрыклад, у выглядзе сацыяльнага таксі. Ёсць альтэрнатыва — пакрыццё грашовых затрат на праезд. Дапусцім, хтосьці дабіраецца на працу на ўласным транспарце, і гэта абыходзіцца яму ў 1,5 рубля, а затраты сацыяльнага таксі складаюць 5—6 рублёў. Выбар віда-вочны.

Ідэя, якая першапачаткова ставілася пры ўкараненні сацыяльнага таксі, цалкам не рэалізавана. Планавалася, напрыклад, што гэта будзе таксі ў поўным разуменні гэтага слова — выклікаць машыну можна ўвечары і ў выхадныя. Пакуль мае месца жорстка абазначаны графік, што нярэдка становіцца прычынай для канфліктаў. 

З пункта погляду правоў інвалідаў не павінна быць і абмежаванняў па тэрытарыяльнай прыналежнасці. Не толькі тыя, хто мае прапіску, могуць заказаць такую паслугу, але i любы беларус з інваліднасцю, нават прыезджы. Дарэчы, грамадскія аб’яднанні гатовы абмяркоўваць з дзяржструктурамі пытанне аплаты. У многіх краінах гэта нармальная практыка — самі людзі з інваліднасцю аплачваюць да паловы кошту праезду. 

Хацелася б не абмя-жоўваць і пералік сацыяльна значных адра-соў, па якіх дазваляецца карыстацца транспартнай паслугай. Чаму, напрыклад, у спісе пераважна медыцынскія ўстановы? Для мяне асабіста большую сацыяльную значнасць мае маё месца працы, а не паліклініка, а для кагосьці найбольш прыярытэтны — тэатр. Калі мы за актыўны ўдзел у жыцці грамадства людзей з абмежаванымі магчымасцямі, то жорст-кіх рамак не павінна быць.

На мой погляд, наспела неабходнасць прааналізаваць вопыт Мінска і рэгіёнаў па аргані-зацыі сацыяльнага таксі і прывесці заканадаўчыя і аргані-зацыйныя механізмы да агульнага назоўніка.

ФАКТ

Практыка сацыяльнага таксі прадугледжана Дзяржаўнай праграмай па сацыяльнай абароне i cадзейнiчаннi занятасцi насельнiцтва на 2016—2020 гады, расказалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Але быць ці не быць такой паслузе ў пэўным горадзе ці раёне, па якіх алгарытмах працаваць, хто і колькі разоў на месяц можа скарыстацца і куды, не рэгламентуецца. Усё гэта вырашаюць мясцовыя ўлады. Крыніца фінансавання — выключна мясцовыя бюджэты.

kozlovskaja@sb.by

Фота з архiва Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна г. Гродна.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter