Да канца 2018 года ўсе лямпачкі ў мiнскіх пад'ездах памяняюць на святлодыёдныя

Прыходзяць светлыя дні

Пад'езды ў Мінску ўжо пераводзяць на новае асвятленне. Карэспандэнт «Р» даведалася, як гэта адаб'ецца на штомесячнай аплаце жыхарамі камунальных паслуг.

Свяцільні ў месцах агульнага карыстання ў мінскіх пад'ездах мяняюць за кошт бюджэтных сродкаў.

Раней у пад'ездах усталёўвалі свяцільні з лямпай напальвання, што звычайна абыходзілася ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» ў 10 рублёў за штуку. Кошт усталявання святлодыёднай свяцільні — 20 рублёў. Узнікае лагічнае пытанне: улічваючы немалую розніцу ў кошце, ці прывядзе замена свяцільняў да эканоміі сродкаў гараджан? 

— Па-першае, новыя свяцільні дазваляюць знізіць спажыванне электраэнергіі да 40%. Магутнасць такіх прылад — 6 ват, лямпачак напальвання — 40 ват, — тлумачыць Сяргей Шчыглеўскі, намеснік дырэктара па эксплуатацыі жыллёвага фонду ЖКГ Савецкага раёна. — Па-другое, звычайныя лямпы часта выходзяць са строю праз тыдзень ці месяц, а тэрмін службы святлодыёднай — аж 3 гады. Прычым у нас ёсць гарантыя ад завода, і ў выпадку выхаду прыбора са строю арганізацыя павінна правесці яго замену.

Магчыма, за адзін месяц мінчане адразу і не заўважаць эканомію, разважаюць камунальнікі, але праз паўгода яна будзе адчувальнай. Трэба адзначыць, што раней у большасці мінскіх пад’ездаў усталёўвалі асобна лямпу напальвання і асобна датчык руху, а новая свяцільня адразу мае ўсе неабходныя датчыкі. У некаторых старых дамах, нагадвае Сяргей Шчыглеўскі, святло яшчэ трэба тушыць з дапамогай выключальнікаў, пра якія жыхары часам забываюцца і лямпа можа гарэць і днём, і ноччу, калі ніхто па пад'ездзе не ходзіць. Эканомія пасля ўсталявання святлодыёднай свяцільні ў гэтым выпадку значная.

У выпадку крадзяжу свяцільні не змогуць прадаць: яны антывандальныя і маюць лагатып «Толькі для ЖКГ».

Пакуль назіраю, як Уладзімір Халус, работнік ЖЭУ № 4, мяняе лямпу напальвання на святлодыёдную ў пад'ездзе па вуліцы Тургенева, 1, цікаўлюся пытаннем захаванасці новых прылад. Калі звычайныя лямпы выкручваюць, ці не будзе паўтарацца такая ж гісторыя з новымі, якія і эканомней, і даражэй?

— 6-ватавыя лямпы УП «Святлопрыбор» вырабляе спецыяльна для нашай арганізацыі. У выпадку крадзяжу іх ніхто не зможа потым прадаць, таму што свяцільні антывандальныя і маюць лагатып «Толькі для ЖКГ». Таксама яны зроблены так, што пры дэмантажы проста выйдуць са строю, — абвяргае маю асцярогу Сяргей Васільевіч.

Свяцільні ў мінскіх пад’ездах мяняюць за кошт бюджэтных сродкаў у месцах агульнага карыстання: на незадымляемых лесвіцах, каля ліфта, ва ўваходнай групе пад'езда, на лесвічных маршах. Супрацоўнікі ЖКГ прапаноўваюць жыхарам таксама абнавіць свяцільні і ў тамбурах, але ўжо за іх кошт. У Савецкім раёне Мінска ўсталявалі ўжо каля 4000 святлодыёдных свяцільняў.

Юлія МАТУЗАВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter