Прыгожа шыць не забароніш

На цырымоніі адкрыцця Гульняў форма зборнай Беларусі выклікала фурор. Заказы на яе паступаюць з усяго свету
Парадны лук

— Нашы хлопцы і дзяўчаты самыя стыльныя! — думала я, калі глядзела адкрыццё Алімпіяды. Малочна-шэрыя штаны, чырвоныя пінжакі, майкі з нацыянальным арнаментам, сліпоны...

Аказалася, што так думала не толькі я. Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця летніх Гульняў у Рыа-дэ-Жанейра амерыканскі партал USA Today склаў рэйтынг лепшых касцюмаў нацыянальных каманд. Беларускія спартсмены ўвайшлі ў дзясятку самых цікавых.

“Гэта выглядае як звычайны касцюм, але паглядзіце на мужчынскія кашулі. Арнамент той жа, што і на сцягу, ён распрацаваны на аснове мясцовых раслінных і кветкавых матываў”, — напісалі пра беларускую форму замежныя эксперты.

Больш за ўсё спадабалася майка. Хачу такую ж! У “СВ” пра­чытала, што форма хутка паступіць у вольны продаж. Гугл у дапамогу — пошукі прывялі ў шоу-рум аўтара параднай калекцыі Юліі Латушкінай. Туды я і адправілася выбіраць модны алімпійскі лук.


Рознакаляровыя “вышымайкі”

Трапіць на прымерку можна толькі па папярэднім запісе — кантакты ёсць на сайце latushkina.by. Прыходжу да прызначанага часу. У шоу-руме прасторна і светла. Сярод шаўковых спадніц, вя­чэрніх сукенак і летніх сарафанаў — тыя самыя запаветныя майкі.

— Бяруць на ўра. Дзяўчыны часцей купляюць сукенкі, хлопцы разбіраюць футболкі-пола. Самыя хадавыя размеры S і M, — расказала адміністратар моднага дома Анастасія Рудкоўская.

— Чырвоную ці сінюю? — мне працягнулі дзве “вышымайкі”.

Па задумцы дызайнера чырвоны — не толькі колер беларускага арнаменту, але і сімвал жыцця, полымя алімпійскага агню. Сіні — увасабленне чысціні і ранішняй свежасці краіны азёр, якую называюць Сінявокай. Узор нагадвае знаёмую кожнаму беларусу кветку — васілёк.

Майкі эластычныя, выдатна садзяцца па фігуры і не скоўваюць рухаў. У такой і на работу не сорамна прыйсці, і ўвечары з сяброўкай зайсці ў кафэ.

— Купіць штаны і пінжачок з параднага касцюма можна?

— Без праблем. Але гатовых няма. Пашыем у індывідуальным парадку.

Майку выбрала чырвоную. Цана для дызайнерскай рэчы невысокая — 1,6 тысячы расійскіх рублёў. Прашу загарнуць яшчэ адну — будзе арыгінальны і стыльны падарунак для стрыечнай сястры, што жыве ў Ізраілі.

— Наша адзенне “разляцелася” па ўсім свеце. Рэчы ўніверсальныя, спалучаюцца з усімі элементамі вопраткі, — расказала Анастасія.

Будзь адной камандай

Пакуль круцілася каля люстэрка, дзяўчына купіла майку мужу:

— Дзіма — прафесійны спартсмен, шматразовы чэмпіён Беларусі па акадэмічным веславанні. Цяпер захапляецца кросфітам. Трапіць на Алімпіяду для яго таксама было ў свой час марай, якая, на жаль, не спраўдзілася. У гэтай спартыўнай абноўцы ён зможа адчуць сябе часткай каманды.

На наступны дзень убачыла фота маёй суразмоўніцы ў інстаграме. На яе мужу была тая самая “алімпійка”. У каментарыях — адны кампліменты.

Крысціна Хілько
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter