Прыгажосць — уласнымі рукамі

У мастацкім музеі “Сядзіба Сукачова” ў Іркуцку адкрылася выстава “Беларускае рамяство жыве ў Прыбайкаллі”Зладзіла экспазіцыю Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. У выставе задзейнічаны прыбайкальскія майстры, якія працуюць у тэхніках, характэрных для традыцыйных беларускіх рамёстваў.
У мастацкім музеі “Сядзіба Сукачова” ў Іркуцку адкрылася выстава “Беларускае рамяство жыве ў Прыбайкаллі”
Зладзіла экспазіцыю Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. У выставе задзейнічаны прыбайкальскія майстры, якія працуюць у тэхніках, характэрных для традыцыйных беларускіх рамёстваў. Так, на асобных стэндах прадстаўлены вырабы з саломкі — брылі і вазы, тканыя — у тэхніках “на дошчачку”, “у бярздэчку”, на кроснах. Цікавыя і вышываныя працягам і крыжыкам сурвэткі і абрусы, рэканструяваныя ўпрыгажэнні ХІІ стагоддзя крывічоў — фібулы і кольцы, а таксама выцінанкі.
Яшчэ на выставе ёсць рэчы з лямцу. А традыцыйная шарсцяная мужчынская шапка — магерка — увогуле выклікае асаблівы інтарэс: зімой у Сібіры такі цёплы галаўны ўбор, зразумела, не будзе залішнім. А ў асобным кутку, дзе заўсёды шмат дзяўчат, прыцягвалі ўвагу вырабы з бісеру і традыцыйныя лялькі са шматкоў тканіны.
Пад час выставы праходзяць майстар-класы па вырабе гузікаў з нітак, бісера- і саломапляценні. А ў завяршэнне пройдуць і “Беларускія вячоркі”, на якіх артысты з гурта “Ленушка” і маладзёжнага ансамбля “Крывічы” прадставяць аўтэнтычныя песні і танцы.

Алена Мамантава, г. Іркуцк
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter