Прыгажосць натхняе на шэдэўры

У народзе кажуць: не бывае дрэннага надвор’я, а бывае дрэннае адзенне. Сёння я запрашаю ўсіх на своеасаблівы моўна-модны праменад.Справа ў тым, што некаторыя словы з галіны моды толькі нядаўна ўвайшлі ва ўжытак і не зусім зразумелыя. Дарэчы, беларускіх слоўнікаў па моднай тэрміналогіі я, прынамсі, пакуль не сустракала. Ведаю, выдаваліся такія ў Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі. Ёсць пераклад на рускую мову “Слоўніка мовы” Крысціяна Дыёра. Мы ж узгадаем найбольш актуальнае. Кожны нераўнадушны да моды сочыць за трэндамі і па магчымасці выбірае брэндавыя рэчы. Трэнд — ад адпаведнага англійскага слова, абазначае модную тэндэнцыю. Ад яго ўтварылася найменне асобы трэндсетар. Прасцей кажучы, гэта заканадаўца мод. Чалавек, які тонка адчувае перамены ў модных тэндэнцыях і загадзя, нават да трансляцыі іх на модных паказах, ведае, што будзе модна заўтра.
У народзе кажуць: не бывае дрэннага надвор’я, а бывае дрэннае адзенне. Сёння я запрашаю ўсіх на своеасаблівы моўна-модны праменад.
Справа ў тым, што некаторыя словы з галіны моды толькі нядаўна ўвайшлі ва ўжытак і не зусім зразумелыя. Дарэчы, беларускіх слоўнікаў па моднай тэрміналогіі я, прынамсі, пакуль не сустракала. Ведаю, выдаваліся такія ў Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі. Ёсць пераклад на рускую мову “Слоўніка мовы” Крысціяна Дыёра. Мы ж узгадаем найбольш актуальнае. Кожны нераўнадушны да моды сочыць за трэндамі і па магчымасці выбірае брэндавыя рэчы. Трэнд — ад адпаведнага англійскага слова, абазначае модную тэндэнцыю. Ад яго ўтварылася найменне асобы трэндсетар. Прасцей кажучы, гэта заканадаўца мод. Чалавек, які тонка адчувае перамены ў модных тэндэнцыях і загадзя, нават да трансляцыі іх на модных паказах, ведае, што будзе модна заўтра.
Карані назоўніка брэнд — у старажытнаскандынаўскай мове. Першапачаткова адпаведны корань меў значэнне “агонь, пекчы”. Так называлася кляймо, якім уладальнікі дамашняй жывёлы памячалі яе. Для сучаснага ж чалавека брэнд — амаль тое ж, што і таварны знак або гандлёвая марка. Тэрмінам брэнд многія абазначаюць не ўсякі таварны знак, а толькі шырока вядомы.
Самыя модныя тэндэнцыі сезона называюць тэрмінам маст-хэв. Хто ведае англійскую мову, здагадаецца, што слова адтуль. Маст — гэта ‘павінен’, а хэв — ‘мець’. Атрымліваецца, маст-хэв —рэчы, якія павінен мець кожны заўзяты моднік.
Прыгажуні любяць пакапацца ў гардэробе мамы ці бабулі з мэтай адшукаць вінтажную рэч. Здаецца, французскі тэрмін вінтаж знаёмы ўсім. Але складана вызначыць, колькі гадоў павінна быць рэчы, каб яна лічылася вінтажнай. Удакладняем: сапраўды вінтажнымі лічацца рэчы, якім больш за 15 гадоў.
Яшчэ адзін папулярны стыль — нью-лук. Таксама слова англійскае, літаральна: новы позірк, новае аблічча. Гэта элегантны, жаноцкі, рамантычны стыль адзення, прапанаваны Крысціянам Дыёрам яшчэ ў 1947 годзе.
І выраз прэт-а-партэ часта можна чуць сёння. Ён з французскай мовы і абазначае адзенне, гатовае для нашэння. Прэт-а-партэ — гэта калекцыя адзення для масавай вытворчасці. Прадаецца ў маленькіх буціках салонаў “высокай моды” і ў буйных магазінах.
Дарэчы, пра высокую моду. Ці, як яшчэ кажуць, моду ад куцюр. Гэта сапраўднае швейнае мастацтва высокай якасці. Сюды адносіцца творчасць вядучых салонаў мод. Гэта і ўнікальныя мадэлі, што ствараюцца ў знакамітых салонах мод на заказ кліента. Паняцце ад куцюр узнікла ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, калі з’явіліся першыя салоны мод і першыя мадэльеры. Мода ад куцюр абавязана сваім з’яўленнем Чарльзу Фрэдэрыку Уорту. У 1858-м гэты англійскі мадэльер адкрыў у Парыжы свой Дом мадэляў і першым размеркаваў калекцыі па сезонах.

Падрыхтавала Вераніка Бандаровіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter