Праз сумненні да зорак

Маючы такую маці, як у Івана Стральцова, у многія дзверы можна ўваходзіць без стуку
Маючы такую маці, як у Івана Стральцова, у многія дзверы можна ўваходзіць без стуку. Але яшчэ ў падлеткавым узросце хлопец папрасіў бацькоў не дапамагаць яму, і тыя далі сыну амаль поўную свабоду. Іван сам ішоў, спатыкаўся, ішоў далей. Вельмі цяжка шукаў свой шлях, гузакоў набіў нямала. Галоўнае — знайшоў. Мала хто з мінулагодніх выпускнікоў акадэміі мастацтва можа пахваліцца адной-дзвюма добрымі ролямі ў тэатры. У Стральцова іх значна больш.



Пятнаццацігадовы Іван, як яму здавалася, дакладна бачыў сваё жыццё: баскетбол і яшчэ раз баскетбол. Спачатку чэмпіянат Беларусі, потым Еўраліга і пік кар’еры — НБА. У падлеткавым узросце іншых захапленняў у яго не было, таму ў вольны ад школьных заняткаў час заўсёды трэніраваўся. І хутка апынуўся ў прафесійным клубе «Мінск-2006». Здавалася б, першы крок на шляху да мары зроблены. Наш герой чэсна прызнаецца:

— Я тады няправільна расставіў прыярытэты. На першы план выйшлі сябры, дзяўчаты, клубы, што зусім не стасуецца са спортам.

Ён развітаўся з баскетболам. Шкадавання ніякага не было, як не было ніякіх іншых планаў на жыццё. Выпускныя экзамены засталіся ў мінулым, а што наперадзе? Раптам Івану захацелася быць падобным на старэйшага зводнага брата, які з чырвоным дыпломам скончыў факультэт міжнародных зносін БДУ. Перспектывы супрацоўніцтва з замежнікамі, вывучэнне некалькіх моў — гэтыя думкі грэлі маладога чалавека, і ён накіраваўся вучыцца ў прэстыжны польскі ўніверсітэт.

Вытрываў амаль два гады, зноў памыліўся з выбарам. Сумна, нецікава. Вярнуўся ў Мінск, знайшоў вясёлае месца — уладкаваўся арт-дырэктарам караоке-клуба.

— Іван, усё гэта несур’ёзна, — маці зразумела, што наспеў час дапамагчы сыну з выбарам прафесіі. — Чаму б табе нарэшце не паспрабаваць увасобіць дзіцячую мару ў рэальнасць?

Дзіцячая мара — гэта іграць на сцэне, здымацца ў кіно. У Стральцова быў пэўны школьны вопыт. Галоўныя ролі Івану ніколі не давалі, на думку настаўнікаў у класе былі больш здольныя дзеці. Ён жа, як сам прызнаецца, у падлеткавым узросце быў вельмі зажатым, сціплым.

Сказаць, што ў 19 гадоў, калі вырашыў паступаць у акадэмію мастацтваў, стаў ужо вельмі разняволеным — няпраўда. Сумненні — гэта тое, што праследуе яго на працягу ўсяго жыцця. Ён падаваў дакументы ў апошні дзень работы прыёмнай камісіі і распрацаваў план «Б»: калі не акцёр, тады перакладчык.



На папярэднім экзамене чытаў Ясеніна. «Які цікавы хлопчык», — шэптам сказала адна выкладчыца іншай. Іван гэта пачуў, у яго быццам выраслі крылы. На першы экзамен ён на іх і ляцеў. А калі ўбачыў нумар, які яму дастаўся, — 124 — сказаў сам сабе: «24 — мая любімая лічба. Я абавязкова паступлю!» Але вынікі, якія ўвечары з’явіліся на стэндзе акадэміі, расчаравалі, бо сярод сарака дапушчаных у наступны тур, Івана Стральцова не было. Затое была чароўная незнаёмка Ганна Стральцова, якая атрымала найвышэйшы бал.

Памылка з іменем хутка была выпраўлена. Наперадзе новы іспыт — песні і танцы. Пра яго малады акцёр узгадваць не любіць, гаворыць, дагэтуль не разумее, за што заслужаная артыстка Беларусі Зоя Валянцінаўна Белахвосцік паставіла яму сем балаў.

— А чаму маці з табой перад экзаменам не папрацавала? — я шчыра здзіўлена тым, што заслужаная артыстка Беларусі Іна Афанасьева (так, так, яна маці Івана) не дапамагла сыну ў такі складаны момант.

— Я ніколі не прашу ў яе дапамогі, хачу сам зразумець, ці правільнай дарогай іду.

І калі Іна Афанасьева, можна сказаць, засталася ў баку, то Зоя Белахвосцік прыняла ў лёсе гэтага хлопца самы актыўны ўдзел, узяла яго на свой курс. Нават у тыя часы, калі Іван звяртаўся да яе са сваімі сумненнямі наконт правільнага выбару прафесіі, яна заўсёды сцвярджала: «Іван, гэта тваё!»



Сумненні нахлынулі на хлопца на трэцім курсе, калі ён закахаўся ў сваю аднакурсніцу. Ён чамусьці верыў, што будзе заўсёды атрымліваць асалоду ад жыцця з гэтай дзяўчынай, і не быў упэўнены, што тое ж будзе і са сцэнай. Яна яго маніла і пужала адначасова.

Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што пачатак акцёрскай кар’еры Стральцова вызначыла рэжысёр горкаўскага тэатра Валянціна Ерынькова. Ёй у «Песняра» патрэбен быў Максім Багдановіч, бо акцёр, на якога яна разлічвала, раптам звольніўся з тэатра. Яна пайшла шукаць маладога хлопца ў акадэмію. Сярод чацвёртакурснікаў па тыпажы — высокі, прывабны — лепш за іншых падышоў Стральцоў. Рэпеціравалі доўга і цяжка. 

За гэты час пачынаючаму акцёру даверылі сур’ёзную ролю ў італьянскай пастаноўцы «Viva Commedia!», праўда ў другім складзе. Але першы так выдатна яе адпрацаваў, што «запасныя» акцёры засталіся без справы.

Вынік — вось-вось на носе адкрыццё чарговага тэатральнага сезона, а ў маладога акцёра ніводнай нават маленькай ролі (Багдановіч — не лічыцца, бо спектакль тады яшчэ толькі рыхтаваўся да прэм’еры). Наступіў чарговы этап сумненняў. Праўда, цягнуўся ён нядоўга. У той дзень, калі было аб’яўлена аб пачатку летняга адпачынку, рэжысёр тэатра Сяргей Кавальчык адправіў навабранца вучыць ролю Чацкага.

Месяц напружанай працы над «Горам ад розуму», дэбют на вялікай сцэне, шчырыя апладысменты калег і гледачоў — сумненні аб правільнасці абранай прафесіі цяпер назаўсёды развеяны. У 24 гады ў Івана Стральцова чатыры значныя ролі і яшчэ некалькі маленькіх. Пачатак проста выдатны. Так і хочацца сказаць: «Карэту, Стральцову, карэту!»

Наталля СЦЯПУРА

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter