Праз Манпарнас — дадому...

Уражанні пасля наведвання выставы “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”Пасядзець у знакамітым кафэ “Ратонда” разам з вялікімі Пабла Пікаса, П’ерам Бернарам, Фернанам Лежэ, Амадэа Мадыльяні, а таксама з мастакамі Парыжскай школы з Беларусі? Палётаць разам з Маркам Шагалам і яго закаханымі над яго любімым Віцебскам? Лёгка! Падключайце толькі своечасова сваё ўяўленне — каб не выпасці выпадкова з чароўнай лодкі. А, што за лодка такая? Яна перавозіць нас у Парыж, на Манпарнас, на пачатак мінулага стагоддзя — гэтак на сто гадоў у даўніну. Яе для аматараў тонкіх мастацкіх адчуванняў і перажыванняў з трохі нават багемным шыкам (у так званай інтэрактыўнай частцы выставы — кавярні, стылізаванай пад парыжскую “Ратонду”, пад час вернісажу падавалі смачную каву і не толькі, можна было не проста пакаштаваць, але і паесці чырвонай ікры ды ўсялякіх іншых далікатэсаў…) змайстраваў Белгазпрамбанк. А “ветразі” ды ўсялякі там іншы такелаж для выставы-арт-праекта “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі. З карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка, музейных і прыватных збораў” дапамаглі змайстраваць спецыялісты Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і прыватныя калекцыянеры.
Карціны мастакоў Парыжскай школы з Беларусі ў Мастацкім музеіУражанні пасля наведвання выставы “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”
Пасядзець у знакамітым кафэ “Ратонда” разам з вялікімі Пабла Пікаса, П’ерам Бернарам, Фернанам Лежэ, Амадэа Мадыльяні, а таксама з мастакамі Парыжскай школы з Беларусі? Палётаць разам з Маркам Шагалам і яго закаханымі над яго любімым Віцебскам? Лёгка! Падключайце толькі своечасова сваё ўяўленне — каб не выпасці выпадкова з чароўнай лодкі. А, што за лодка такая? Яна перавозіць нас у Парыж, на Манпарнас, на пачатак мінулага стагоддзя — гэтак на сто гадоў у даўніну. Яе для аматараў тонкіх мастацкіх адчуванняў і перажыванняў з трохі нават багемным шыкам (у так званай інтэрактыўнай частцы выставы — кавярні, стылізаванай пад парыжскую “Ратонду”, пад час вернісажу падавалі смачную каву і не толькі, можна было не проста пакаштаваць, але і паесці чырвонай ікры ды ўсялякіх іншых далікатэсаў…) змайстраваў Белгазпрамбанк. А “ветразі” ды ўсялякі там іншы такелаж для выставы-арт-праекта “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі. З карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка, музейных і прыватных збораў” дапамаглі змайстраваць спецыялісты Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і прыватныя калекцыянеры.
Наконт таго, чаму цяпер — а не дзесяць гадоў таму зладзілі выставу. Бо кошт многіх з карцін, прадстаўленых на выставе, як гаворыцца, зашкальвае. Чытыры залы рарытэтаў. Прадстаўлены творы як сусветна вядомых ужо Марка Шагала, Хаіма Суціна, Восіпа Цадкіна, так і васьмі добра вядомых у Заходняй Еўропе, а ў Беларусі выстаўленых, бадай, упершыню ў такім маштабе Пінхуса Крэменя з Жалудка, Мішэля Кікоіна з Гомеля, Восіпа Любіча з Гродна, Сэма Царфіна са Смілавіч, Роберта Геніна з Клімавіч, Надзі Хадасевіч-Лежэ з вёскі Асецішчы пад Докшыцамі, Яўгена Зака з Магільна, Якава Балглея з Брэста. Не бяруся я лічыць, але гэта, пэўна, кошт невялічкага завода… Ну, калі карціны прадаць з аўкцыёнаў і канвертаваць, як нехта з эстэтаў пажартаваў, з мовы вобразаў на мову сучасных бізнесменаў. І дзякуй Богу, што ніхто не спяшаецца займацца такой “канвертацыяй”!
“Уладзімір Караткевіч, помніцца, у свой час гаварыў: маўляў, усё беларускае мастацтва значна пабагацее, калі ў нашым грамадстве з’явяцца новыя Савы Марозавы”, — згадвае словы сябра, задаволена ўсміхаючыся, прафесар Адам Мальдзіс. Ён, дарэчы, і сам нямала папрацаваў дзеля таго, каб адбылося такое вяртанне землякоў з Парыжа. Як і старшыня нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны, які таксама ў зале. У элітным асяродку і размова прафесара Мальдзіса па-нямецку з гэткай жа сівавалосай паненкай паважанага веку на фоне карцін вядомых парыжан з беларускім мінулым выглядае натуральнай. Такі цяпер час. Банкіры ўкладваюць грошы не толькі ў нерухомасць, але і ў карціны, кошты якіх растуць, будзем рэалістамі, пэўна, хутчэй, чым золата.
Мастацтвазнаўцы сцвярджаюць, што на выставе прадстаўлена каля 100 карцін, графічных твораў і адна скульптура нашых вядомых землякоў. А я б сказаў: у музеі адноўлена цэлая эпоха ў мастацкіх вобразах. Прычым з густам. Па-сучаснаму. І за тое — дзякуй усім: хто тварыў. Хто памятаў пра нашы скарбы ў Парыжы. І хто скупляў для Бацькаўшчыны тое, чаму, па праўдзе кажучы, няма цаны.
Дарэчы. Выстава арт-праект — вынік сумесных намаганняў фінансавых, дыпламатычных і культурных колаў. Пашчыравалі акцыянеры Белгазпрамбанка, якія вылучылі немалыя сродкі на набыццё твораў на еўрапейскіх аўкцыёнах, Нацыянальная камісія па справах ЮНЕСКА, Міністэрства культуры, пасольствы Беларусі ў Францыі, а таксама ў Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Нацыянальны мастацкі музей, Дом-музей Марка Шагала ў Віцебску, прыватныя калекцыянеры з Беларусі і замежжа. Вось такая талака! На выставе ўпершыню прадстаўлены творы Марка Шагала з калекцыі Мастацкага музея, гэта падарунак Белгазпрамбанка. Дзве акватынты майстра позняга перыяду, падпісаныя ім, з’явіліся ў Мінску толькі сёлета. Выстава яшчэ будзе дэманстравацца ў абласных гарадах краіны і там, дзе нарадзіліся прадстаўленыя на ёй мастакі. Ёсць падрабязны каталог і серыя паштовак, перавыдадзена кніга Уладзіміра Шчаснага “Мастакі Парыжскай школы родам з Беларусі”.

Іван Іванаў
На здымку:
Карціны мастакоў Парыжскай школы з Беларусі ў Мастацкім музеі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter