Вядомы беларускі мастак адзначыў 60-гадовы юбілей прэзентацыяй этапнай персанальнай выставы

Прастора і час Уладзіміра Масленікава

Вядомы беларускі мастак адзначыў 60-гадовы юбілей прэзентацыяй этапнай персанальнай выставы


Было ўрачыста і шматлюдна, калі адкрывалася яго выстава ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў Мінску. У гонар аўтара экспазіцыі і юбіляра было сказана шмат цёплых слоў: за творчую індывідуальнасць, за педагагічную дзейнасць, за чалавечыя рысы. А на самой выставе  экспануецца больш за 70 твораў, якія ўяўляюць з сябе своеасаблівую рэтраспекцыю работ  мастака скрозь прастору і час. Гэта партрэты 1980-х, пейзажы 1990-х і пачатку 2000-х. Аднак большая частка экспазіцыі прысвечана творчасці апошніх гадоў. На выставе дамінуе пейзаж.


Уладзімір Масленікаў (справа) разам з мастаком Мікалаем Апіёкам

У жывапісца склаўся свой вобразны стыль пейзажа, для якога характэрна імкненне да адлюстравання бязмежнай прыроднай прасторы. Вельмі часта такія жывапісныя панарамы праразаюцца прывольнай плынню рэк, у якіх пазнаюцца характэрныя асаблівасці Заходняй Дзвіны, Дняпра, Нёмана, Бярэзіны. Сваімі выгінамі, паваротамі яны зачароўваюць гледача і вабяць за сабою ў нязведаныя, загадкавыя далячыні.

Уладзімір Масленікаў вядомы таксама як таленавіты партрэтыст. У гэтым жанры ён праявіў сябе назіральнікам і тонкім псіхолагам. Мастак паказвае людзей, якіх добра ведае і любіць. Ён заўсёды выяўляе ў сваіх мадэлях самыя лепшыя якасці. Яго партрэтная галерэя пастаянна папаўняецца новымі цудоўнымі вобразамі сучаснікаў.

А яшчэ, гледзячы на работы выставы,  можна сказаць, што Уладзімір Масленікаў адзначыў юбілей, упісаўшы аўтапартрэты, падзеленыя часавай дыстанцыяй, у прастору сваіх пейзажаў. 1976 год — студэнт, 1996-ы — дацэнт. 2016-ы — прафесар. 5 гадоў Масленікаў кіруе адной з вядучых кафедр у Акадэміі мастацтваў. Гэта ён, па сутнасці, сёння вызначае для студэнтаў, што такое добра ў жывапісе. Педагог не супраць усякіх “-ізмаў”. Але сам як мастак адданы толькі рэалізму.

Сярод ранніх — партрэт тэатральнага рэжысёра Валерыя Маслюка, з нядаўніх — футбольнага трэнера Эдуарда Малафеева. Гэта ўсе прыяцелі мастака, якому, усё ж, бліжэйшы іншы жанр. З малых гадоў ён прападаў на беразе Дняпра з бацькам — класікам пейзажнага жывапісу Паўлам Масленікавым. Эцюднік, прызнаўся, і цяпер заўсёды ляжыць у багажніку аўтамабіля.

У інстытуце пейзаж яму выкладаў Віктар Грамыка. Цяпер ён найстарэйшы народны мастак — яшчэ з часоў БССР. І тут якраз такі ёсць нябачная лінія паміж юбілярам і тым, чыё імя дадзена галерэі. Настаўнік Масленікава — аднакурснік народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага.

Гэта, дарэчы, дзясятая персанальная выстава Уладзіміра Масленікава.. Праўда, упершыню аўтар адышоў ад свайго прынцыпу: маўляў, у экспазіцыі — толькі новыя работы. Старыя ў сталіцу  прывезлі  з Магілёўскага мастацкага музея імя Паўла Масленікава. “Музея Масленікава”, як гавораць самі магілёўцы.

Прозвішча Масленікавых шырока вядомае ў асяродку беларускіх мастакоў, у коле аматараў жывапісу. Імпульс гэтаму, безумоўна,  даў Павел Масленікаў, які атрымаў званне народнага мастака Беларусі. Але сёння  яго сын з’яўляецца яркім прадаўжальнікам мастацкіх традыцый бацькі. Вядома ж, Уладзімір мае сваё творчае аблічча, работы яго вядомыя. Хоць ад паняцця “дынастыя” ніяк не адысці, тым больш што ў сям’і ёсць і новыя пераемнікі мастацкай спадчыны Паўла Масленікава. Але пра гэта крыху пазней.

Безумоўна, Уладзімір Масленікаў належыць да таго пакалення беларускіх мастакоў, творчасць якіх увабрала лепшыя традыцыі нацыянальнай жывапіснай школы. Кожнае яго палатно напоўнена колеравай гармоніяй, жывапісная палітра аўтара стрыманая і сугучная спакойнаму каларыту беларускай прыроды.

Зрэшты, свет прыгажосці прысутнічае ва ўсіх яго творах — ці гэта партрэты, ці эпічныя пейзажы.

Ужо больш за трыццаць гадоў Уладзімір Масленікаў з пэндзлямі і фарбамі даследуе вядомыя і разам з тым яшчэ не зведаныя прасторы. Ён шукае і знаходзіць усё новыя матывы, паколькі даўно зразумеў для сябе, што родная зямля здольная пастаянна здзіўляць вока мастака незвычайнымі прыроднымі ландшафтамі. У гэтага несумненна  таленавітага жывапісца так шмат індывідуальных знаходак, што яму ўсё больш лёгка адкрываюцца зу-сім нечаканыя творчыя перспектывы. Ідэя бязмежнай прасторы, вобразна закадзіраваная ў пейзажных рашэннях Уладзіміра Масленікава, абавязкова прадугледжвае ўвя­дзенне ў карцінную плоскасць высокага неба, якое зачароўвае сваім невычарпальным касмічным блакітам. Ёсць у мастака і такія сімвалічныя кампазіцыі, дзе нябесныя вяршыні прачэрчаныя “велічэзнымі горамі” цёмных хмар або працятыя сонечнымі промнямі, што прарываюцца скрозь воблачнае марыва. Такая вобразная стыхія надае абліччу роднай зямлі ў жывапісным яе бачанні вялікую значнасць і выразнасць, што адпавядае яе натуральнай прыгажосці, чысціні і першапачатковасці.


Уражанні ад выставы юбіляра — у самых розных праяўленнях

З гутаркі з Уладзімірам Масленікавым у майстэрні мастака:

— Што стала вызначальным для вас у выбары прафесіі? Калі гэта прыйшло?

— Вызначальным стала тое, што бацька быў мастаком. А калі прыйшло? У чатыры гады я яшчэ не маляваў, але ўжо гаварыў, што буду мастаком і шафёрам. У выніку так і атрымалася:  стаў мастаком і заядлым вадзіцелем-аматарам. На машыне езджу з трынаццаці гадоў.

— Напэўна, складана знаходзіцца ў святле такой зоркі, як  народны мастак Беларусі Павел Масленікаў. Разам з тым, вы — мастак Уладзімір Масленікаў. Як вам удаецца мець свой стыль, сваю вядомую манеру пісьма?

— Пачнём з таго, што гэта вельмі складана. Асабліва калі ты малады мастак, толькі што скончыў ВНУ. Практычна паўжыцця даводзілася даказваць, што я не толькі сын Паўла Масленікава, але і сам з сябе нешта ўяўляю. Таму, калі скончыў інстытут, першыя гады прынцыпова не выстаўляўся на выставах пейзажаў. Выстаўляўся ў асноўным партрэтамі: каб не параўноўвалі з бацькам. Потым паступова прыйшоў да пейзажа, таму што гэта блізка мне. Партрэты пішу таксама.

— Чым вы захапляліся ў творчасці бацькі?

— Захапляўся працаздольнасцю. Ён напружана працаваў усё жыццё. Мяне на эцюды ўсё дзяцінства вазіў з сабою. Так і праявілася любоў да пейзажа. Мы аб’ездзілі ўсю Беларусь. Калі ехалі ў Крым, таксама абавязкова везлі з сабою палотны, кардон, эцюднікі. Неяк у Гурзуф паехалі — усе людзі на пляж, а мы ў горы на эцюды. Па чатыры эцюды ў дзень пісалі. Настолькі гэта прывілася, што я ўжо сам нікуды без эцюдніка не езджу. Калі з  жонкай паехалі ў Крым, яшчэ маладыя былі, таксама эцюднік узяў, ужо ніхто мяне не прымушаў.

— Вы шмат пішаце беларускую прыроду. Адчуваеце блізкасць да сваёй зямлі? Скажам так: хочаце выказаць свае  пачуцці ў  работах? Або проста пішаце тое, што падабаецца?


— Я практычна цяпер не выязджаю з Беларусі: сям’я, лецішча, вёска. Але ў нашай краіне  ёсць такія цудоўныя і разнастайныя месцы: і раўніны, і азёры, і ўзгоркі… Кожны стан  прыроды прыгожы па-свойму: і снег, і дождж, і сонца. Я вельмі люблю сваю радзіму.


На адкрыцці выставы было шматлюдна

Уладзімір Масленікаў успрымае беларускую прыроду як першакрыніцу невычарпальных творчых азарэнняў, дзе вядучай дамінантай з’яўляецца імкненне да ўзнёслага, гарманічнага адчування рэальнасці.  Такая сутнасць творчага мыслення аўтара.  Яна апраўдвае сябе пастаянным абнаўленнем жывапісных  прыёмаў. Напрыклад, каларыстычнае сугучча  матываў роднай зямлі падкрэсліваецца  станам іх вясновага, летняга росквіту, калі яркія колеры ажываюць у золаце сонца і зеляніны палёў, тонуць у глыбокай сіні неба. Уладзімір Масленікаў — адзін з нямногіх сучасных беларускіх мастакоў, які ў дасканаласці валодае градацыяй цёплых і халодных колераў і яму па-майстэрску ўдаецца перадаць паветраную прастору, пералівы сонечных промняў у лістоце дрэў, у палявых “хвалях” маладых каласоў, у жывым люстэрку воднай гладзі. Таму яго жыццесцвярджальныя па сваім вобразным і каларыстычным стане пейзажы заўсёды блізкія і трапяткія. Яны натуральна выхоўваюць пачуццё прыгожага.

Акрамя неаглядных панарам, мастак часта звяртаецца да больш камерных матываў ціхіх заток, лясных сцяжынак, бярозавых гаёў. Гэтыя сюжэты напоўнены тонкім унутраным станам. Іх можна назваць “астраўкамі” прыродных уражанняў, што часта адкладаюцца ў памяці з ранняга дзяцінства. Такія жывапісныя матывы запатрабаваны сучаснікамі, многія з якіх часцяком адарваныя ад натуральнага прыроднага асяроддзя: жывуць у даволі аднастайным гарадскім асяроддзі. Гэтую праблему чуйна ўсведамляе  жывапісец і спрабуе па магчымасці рассунуць рамкі “бетоннай рэальнасці”. Вярнуць, дзякуючы творчаму дараванню, пачуцці і эмоцыі сваіх шматлікіх прыхільнікаў у зялёнае царства прыроды.

— Вы любіце пісаць вялікія палотны або памер палатна не мае значэння?

— Я пішу розныя памеры. Але мне чамусьці падабаюцца вялікія палотны. Там можна размахнуцца. У мяне сюжэты ў большасці эпічныя: пейзажы — панарамныя, далёкія. Яны прадугледжваюць і фармат вялікі.

— Бацька бачыў вашы работы? Быў нейкі творчы абмен думкамі або настаўленні? Як адбывалася ўсё?

— Бацька  быў вельмі скупы на пахвалу. Ён лічыў, што, калі ты скончыў інстытут, гэта яшчэ не значыць, што стаў прафесійным мастаком. Усё роўна павінен напрацоўвацца досвед. І нават калі да мяне сталі прыходзіць першыя поспехі, бацька — мы працавалі ў адной май-стэрні — не ўмешваўся ў маю творчасць. Пакуль я не спытаю што-небудзь. Ён быў валявы чалавек, але далікатна паводзіў сябе. Пахвала заключалася ў нейкай іншасказальнасці. Напрыклад, мог прыйсці з выставы і заявіць: “Мае хлопцы сказалі (а  хлопцы — гэта яго пакаленне мастакоў): “Павел, ты ведаеш, твой сын выдзяляецца”. Гэта азначала вышэйшую пахвалу.

— Напэўна, было прыемна чуць гэта?

— Вядома. Тым больш, ведаючы характар бацькі, я разумеў, што гэта пахвала. Гэта нейкае прызнанне. Я настолькі з павагай ставіўся да  бацькі, што самая вышэйшая пахвала для мяне — ад яго. Калі ён прызнаў, значыць гэта нядрэнна. Як і маё меркаванне важнае для сыноў. Калі старэйшы (Павел Масленікаў — Аўт.) вучыўся ў Акадэміі мастацтваў, я прыйшоў на прагляд і сказаў: “Ты так вырас”. А яму паставілі не вельмі добрыя адзнакі. Ён тады адказаў: “Хоць першы раз ад цябе пачуў, што добрыя работы. А то ў мастацкай школе  добрыя адзнакі ставілі, а ты мяне ўвесь час дакараў”.

— Вось і  сын  таксама ідзе тым жа шляхам. Значыць  дынастыя Масленікавых як мастакоў працягваецца. Але як  думаеце: чаму ваш сын таксама стаў мастаком?

— Больш за тое, у мяне малодшы сын Аляксей цяпер на дызайнера вучыцца. І нявестка — мастак. Што датычыцца Паўла, то калі яму было пяць гадоў, я яго не мог выцягнуць з майстэрні. Напэўна, было ўжо наканавана. Яшчэ такі момант. Я ў гэтай справе магу яму нешта падказаць, накіраваць. Натуральна, нешта і ў яго атрымліваецца. Я ў дзяцінстве гаварыў, што буду мастаком, хоць не вельмі разумеў, што гэта такое. Бацька тады яшчэ ў тэатры працаваў мастаком-пастаноўшчыкам: я вырас можна сказаць у Оперным тэатры. Калі прыклад перад вачамі, гэта вельмі ўплывае.

— Калі пісаў ваш бацька, быў адзін час, цяпер іншы.  Ці мяняецца творчы працэс?

— Можа быць. Калі ўзяць апошнія 30 гадоў, то больш напрамкаў раскрылася. Я рэаліст, але  лічу, што гэта добра, калі шмат напрамкаў у творчасці. Добра, што мы не аднолькавыя.


“Бабіна лета”. 2015

— Менавіта сённяшні час спрыяльны для творчасці?

— У савецкі час былі дзяржзаказы. Камусьці падабалася. А цяпер усё вельмі індывідуальна. Нехта запатрабаваны, нехта не вельмі. Для мяне гэты час спрыяльны для творчасці. І дзяржава падтрымлівае, і работы набываюцца. Гэта добра, што мастацтва запатрабаванае.

— Наколькі вы ўлічваеце кан’юнктуру? Калі пішаце карціну, вы хочаце, каб яна спадабалася? Або вы пішаце толькі тое, што хацелі  выказаць?


— У мяне, на шчасце, супадае: тое, што хачу пісаць, падабаецца іншым. Гэта шчасце.

— Якое творчае крэда мастака Уладзіміра Масленікава?

— Праўда жыцця.

— Несумненна, вы мастак, больш схільны да рэалістычнага выяўленчага мастацтва. У чым яго сутнасць?

— Я пішу з натуры. Мною напісаны сотні эцюдаў у розных кутках Беларусі. Як маленькія раўчукі збіраюцца ў вялізную раку, так і натурныя эцюды з’яўляюцца асновай у рабоце над вялікім кампазіцыйным пейзажам, які адлюстроўвае прыгажосць  роднай прыроды. Галоўнае, каб вынік быў прыкладна такім:  паглядзелі на работу, і вам захацелася прайсці туды, да берага ракі. У мяне быў  выпадак. Я напісаў пейзаж, скампанаваны поўнасцю, без натуры. Назваў “Лепельскія азёры” (рэгіён у Віцебскай вобласці. — Аўт.). Прыйшоў вадзіцель, які возіць карціны на выставы, і пытае: “Гэта што?” Я гавару: “Лепельскія азёры”. “Сапраўды. Я там рыбу лавіў”, — сказаў ён. Але ж гэта было ўяўнае месца.

У рабоце павінен быць пазнавальным стан. Адсюль і жаданне прайсці па адлюстраваным полі. Я асабістыя адчуванні і  эмацыйнае ўспрыманне прыроды імкнуся праз свае творы перадаць будучаму гледачу.

— І  лёгка гэта атрымліваецца?

— Па-рознаму. Бывае, работа вельмі хутка атрымліваецца, бывае, мучышся, перарабляеш, перакампаноўваеш. А можаш мучыцца і ў выніку нічога не даб’ешся. Такое рэдка, але бывае.

— Па-вашаму, сёння рэалістычная манера не здае сваіх пазіцый? Вядома, што ў Еўропе жывапіс больш імкнецца да абстрактных формаў. Як па-вашаму, мы павінны ганарыцца тым, што ў нас дастойная школа рэалістычнага жывапісу існуе і што  ёсць прыклады мастакоў, якія высокапрафесійна ў гэтай сферы працуюць?

— Я думаю, што мы можам ганарыцца гэтым. Хоць, па праўдзе кажучы,  рэалістычны жывапіс  пакрыху здае пазіцыі. Моладзь усё менш і менш гэтым мастацтвам валодае. Нават калі нехта і займаецца, то на слабым узроўні. Але я не прыхільнік падзелу: рэалізм — не рэалізм. Галоўнае, каб было прафесійна. Прафесійнае і граматнае мастацтва павінна быць. А ў якім жанры і ў якім напрамку ты працуеш — гэта не важна. Да мяне неяк прыязджалі італьянцы. Якая была школа жывапісу ў Італіі! Усё, нічога няма. У нас яна ёсць! І ў Акадэміі мастацтваў падрыхтоўчая школа вельмі добрая.

— Вам прасцей ацэньваць, таму што вы самі шмат гадоў займаецеся педагагічнай работай. Напэўна, бачыце, хто  падрастае, якая змена. Як  ідзе справа з заўтрашнім днём у выяўленчым мастацтве?

— Я лічу, трэба чалавека навучыць. Як ён будзе працаваць, калі стане прафесіяналам, гэта ўжо яго справа, але школу ён атрымаць павінен прафесійную. Павінен усё ўмець. Трэба ісці ў іншыя напрамкі не ад таго, што ты ўмееш, а ад таго, што ты сваім розумам прыйшоў да гэтага. Што ты жадаеш менавіта так працаваць!

— А як ставіцеся да ўдзелу ў выставах?


— Я як скончыў мастацкі інстытут, то ўдзельнічаў практычна ва ўсіх рэспубліканскіх выставах: і групавых, і персанальных, якіх у мяне было ўжо не менш за пяць. Выстаўляюся пастаянна і лічу, што гэта трэба, каб уба-чыць сябе сярод іншых. Часам работа як бы і нічога, а на выставе яна падаецца малацікавай. Або наадварот. Выставы патрэбныя, каб ацэньваць сябе рэальна і аб’ектыўна.

— З улікам таго, як развіваецца сфера выяўленчага мастацтва, яго заўтрашні дзень якім  уяўляецца? Гэты працэс не абрываецца?

— Я думаю,  усё будзе нармальна. Старэйшае пакаленне гаворыць: вось мы былі такія, а моладзь не такая. Ды такая ж моладзь, як і мы былі раней. Я аптыміст.

— Вы самакрытычныя?

— Вельмі. Нават часам мне гэта перашкаджае.

— А што вы лічыце галоўным у сваёй творчасці?

— Удасканальвацца ў тым жа напрамку, у якім  працую. Няма мяжы дасканаласці. Я хачу працаваць і ў пейзажы, і ў партрэце, і, магчыма, у нацюрморце.  Імкнуся ў розных жанрах сябе спрабаваць. Вельмі падабаецца пісаць партрэты: розныя вобразы, розныя характары.

— Можаце напісаць партрэт любога чалавека?

— Так. Але пішу звычайна тых, хто мне цікавы. Больш за ўсё пісаў сваіх блізкіх — бацьку, маці, дзяцей, сястру. Калі чалавек цікавы не толькі духоўна, але і знешне ёсць цікавыя вобразы, тады, вядома, цікавей пісаць.


“Мая Беларусь”. 2008

 Уладзімір Масленікаў праявіў сябе як назіральны і вельмі тонкі псіхолаг у жанры партрэта. Ён паказвае людзей, якіх добра ведае. Заўсёды знаходзіць у іх самыя лепшыя чалавечыя якасці. Яго партрэтная галерэя пастаянна папаўняецца новымі вобразамі сучаснікаў, якія хочуць бачыць сваё жывапіснае пераўвасабленне, давяраючыся таленту мастака.

— Ці знаёмае вам такое паняцце, як творчая няўдача або застой?

— Няўдачы бываюць, вядома. Але яны адносныя. Я магу палічыць нейкую работу няўдалай, а глядач гэтага і не заўважыць. І наадварот. А застой? Працаваць проста трэба, вось  і ўсё. Як гавораць, будзеш чакаць натхнення, можна і не дачакацца. Прыйшоў, узяў пэндзаль у рукі — натхненне прыйдзе.

— Ёсць музей імя вашага бацькі ў Магілёве. Музей запатрабаваны? Работы даюць людзям магчымасць даведацца больш пра мастака Паўла Масленікава?


— Гэта абласны мастацкі музей імя Масленікава. Там шмат работ бацькі. Ёсць крыло, дзе знаходзіцца персанальная галерэя народнага мастака Беларусі Паўла Масленікава. Там тры залы і мемарыяльны пакой. Вельмі вялікія фонды. Таму што бацька сам шмат сваіх работ туды перадаў. Пасля яго смерці я яшчэ перадаў больш за сорак жывапісных работ, эскізы дэкарацый, касцюмаў — вельмі шмат усяго. Я лічу, што там яго самыя лепшыя работы знаходзяцца. Бо ён практычна перадаў усю сваю выставу, прысвечаную васьмідзесяці-годдзю. А гэта, безумоўна, этапныя работы. Ён раней у Мінску выстаўляўся, а потым у Магілёў паехаў і падарыў усё гэта гораду. Спачатку галерэю адкрылі, потым музею імя прысвоілі, калі ён памёр. Я кожны год туды езджу. Там праходзяць міжнародныя пленэры па жывапісе. На пленэры прыязджаюць мастакі з усіх краін СНД, з далёкага замежжа: Францыі, Аўстрыі, Сербіі, Балгарыі, Польшчы ды іншых краін. Прыходзяць на экскурсію школьнікі. Усе вельмі захапляюцца. Потым нават праводзяць выязныя выставы з лекцыямі. Там работа ідзе. Будынак музея вельмі цікавы, з мінулага стагоддзя. Добрую рэстаўрацыю зрабілі, рамонт. І маіх там работ ужо больш за сорак.

Жывапісныя пошукі даюць магчымасць яму знаходзіць адказы і на філасофскія пытанні, звязаныя з крытэрыямі творчасці. Не будзе перабольшаннем сказаць, што сёння Уладзімір Масленікаў з’яўляецца адным з самых уражлівых беларускіх майстроў сучаснага пейзажа. Аўтар такіх значных кампазіцый, як “Беларускія прасторы”, “Полацкія далі”, “Азёрны край”, мэтанакіравана распрацоўвае эпічны цыкл, прысвечаны беларускай прыродзе. Ён знаходзіцца ў росквіце сваіх творчых сіл, і кожны новы твор прыўносіць у мастацкі багаж майстра новыя жывапісныя старонкі.

— Сёння мастак можа сваімі карцінамі зарабляць на жыццё? Як вы гаварылі, раней былі дзяржзаказы, сёння іх няма. Гэта горш або лепш для мастака?

— Калі былі заказы, тады вельмі мала набывалася работ па-за імі. Цяпер  заказаў няма, але ў мяне, напрыклад, больш набываюць карцін, чым раней: арганізацыі, проста грамадзяне ў галерэях. Калі мастак не будзе прадаваць свае работы, мала таго, што сям’ю не забяспечыць, а проста не забяспечыць сябе матэрыяламі, каб напісаць новую работу, не зможа аплачваць творчую майстэрню.

— Вам удаецца адсочваць мастацкі працэс, які працякае ў іншых краінах?

— Я магу меркаваць пра гэта толькі зыходзячы з пленэраў, якія праводзяцца ў нас. Мастакі розных краін працуюць у розных напрамках сучаснага жывапісу. Але традыцыі рэалістычнай школы ўсё ж найбольш моцныя ў Расіі, Беларусі, Украіне. Беларускія мастакі дастойна прадстаўляюць рэалістычную школу і паказваюць высокі прафесійны ўзровень.

Усё-такі нездарма так шмат мы гаворым пра пейзажы Уладзіміра Масленікава. Пейзажы, якія ён пісаў і якія стварае сёння, — гэта паэтычныя навэлы аб роднай зямлі, напісаныя з майстэрствам, з бездакорным мастацкім густам. Сярод іх асабліва добрыя тыя, у якіх тонка, дакладна, з на дзіва вострым адчуваннем жыцця прыроды, яе станаў апяваецца вобраз роднай зямлі.

Пейзажы — не проста любімая тэма мастака. Гэта поўнае адлюстраванне яго творчай асобы, яго пошукаў і дасягненняў. Гэта тое непасрэднае і паэтычнае, чым зачароўвае яго мастацтва і знаўцу, і простага гледача. Пейзажы яго праўдзівыя, поўныя стрыманага лірызму, вобразныя. Аўтара пазнаеш адразу, без подпісу, па адметным характары жывапісу, у якім гарманічна спалучаецца дакладнасць адлюстравання  з глыбокай паэтычнасцю, вернасць малюнка — з прыгажосцю каларыту. А галоўнае, па тым нацыянальным каларыце, які пранізвае ўсю творчасць Уладзіміра Масленікава.


“Вясновае разводдзе”. 2005

Мастак так добра выву­чыў родную прыроду, ба­чыць у ёй столькі цудоўнага, што яму няма чаго далёка хадзіць. Невычарпальныя багацці матываў, станаў, тонкіх жывапісных адносінаў ён адкрывае пад Мінскам, на Магілёўшчыне. І штораз гэта нешта новае, што ўзбагачае гледача, прымушае яго больш пільна ўзірацца ў навакольны свет, мацней яго любіць.

— А вы не навязваеце сваю манеру каму-небудзь іншаму?

— Не, ні ў якім разе. Я не хачу, каб усе так пісалі. За апошняе дзесяці-годдзе вельмі шмат сустракаў копій сваіх работ у розных месцах. Навошта навязваць сваё? Наадварот, мастаку трэба пастарацца знайсці сваю нішу. Я ўсіх заклікаю займацца сваёй справай ды імкнуцца ў сваім напрамку ўдасканальвацца і дамагацца поспехаў. Чым больш розных мастакоў, тым лепш.

— Бывае, у ранніх работах мастака часам знаходзіш больш цікавага, чым у яго далейшай творчасці. Як адбывалася ў вас? Калі вы былі маладзейшыя, успрыманне  было іншым?

— У студэнцкія гады многае ўспрымалася інакш. Адзін час вельмі пада-баўся Рэната Гутуза, я нават кампазіцыі рабіў пад яго, пад яго стылістыку. Усё рабіў тады менш асэнсавана. Былі хістанні: туды-сюды... Чурлёніс вельмі падабаўся — рабіў рэчы пад яго. Гэта быў пошук. Але ўсё роўна я прыйшоў да таго, што раблю сёння. З гадамі я ўдасканальваюся. Калі ўзяць мае работы  30-гадовай даўнасці — яны намнога слабейшыя, чым тое, што я зраблю цяпер. Непараўнальна. Думаю, што правільнай дарогай іду. Без усялякіх скачкоў, паступова.

Эцюд эцюду розніца. Бываюць эцюды, якія нічога не гавораць ні розуму, ні сэрцу гледача, у іх пануюць выпадковасць у выбары матыву і знарочыстая нядбайнасць формы. Эцюды Уладзіміра Масленікава іншыя. Яны выдаюць вялікую жывапісную культуру майстра, беспамылковую вастрыню вока.

— Не надакучае пісаць?

— Атрымліваю задавальненне ад гэтага. Лічу, што я — шчаслівы чалавек. Як і многія мастакі, якія займаюцца  любімай справай. Ім  падабаецца і яшчэ часам грошы за гэта плацяць.  Бывае — перапрацаваўся, тады  ўлетку еду на лецішча. Там таксама ў мяне ёсць майстэрня. Бываюць перапынкі, часам цэлы тыдзень за пэндзаль не бяруся. Я не рыбак, не паляўнічы, адно хобі — аўтамабілі. Калі я тыдзень не парулю, рукі свярбяць.

— У вашых работах ёсць зборны вобраз?

— Так, вядома. Я лічу, што на такіх вялікіх фарматах, як у мяне, не можа быць натурнай работы. Гэта ўжо кампазіцыйная карціна, напрыклад, такая (паказвае работу, якая вісіць у майстэрні). Яна называецца “Мая Беларусь”. Зборны вобраз — нашы прасторы, азёры. У мяне, можна заўважыць, практычна ўсюды прысутнічае вада. Азёры, лясы і далі — усё гэта наша Беларусь.


“Сям`я”. 2016

— Напэўна, аўтарская выстава да многага абавязвае?


— Персанальную выставу трэба рабіць не спантанна. Я звычайна яе канцэпцыю прадумваю за год. Павінен ведаць, у якім памяшканні яна пройдзе, якой плануецца экспазіцыя, якія работы мне патрэбныя. А патрэбныя розныя работы, каб яны гарманіравалі паміж сабою. Адным словам, персанальная выстава — гэта вельмі складаны працэс і да яго трэба падыходзіць творча.

Цікавы спосаб перадачы прасторы ў пейзажах Уладзіміра Масленікава. Амаль заўсёды моцна сцвярджаецца першы план, а за ім разгортваюцца далі, прасторы. Мастак  умее адшукваць у прыродзе  непаўторныя рысы, яе нацыянальны характар. Зрэшты, гаворачы пра карціны Уладзіміра Масленікава, нельга не вяртацца зноў і зноў да таго яркага нацыянальнага каларыту, якім афарбавана ўся яго творчасць.


Уладзімір Масленікаў
нарадзіўся ў 1956 годзе ў Мінску. У 1980-м скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працуе ў станковым жывапісе ў жанры пейзажа, партрэта, нацюрморта. Член Саюза мастакоў з 1989 года. З 1996 па 2014 год прыняў удзел у 18 міжнародных пленэрах па жывапісе. Правёў 9 персанальных выстаў. З 2011-га — загадчык кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар. У 2012-м узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Гомельскім абласным краязнаўчым музеі, а таксама ў прыватных галерэях і калекцыях у Расіі, Беларусі, Італіі, Германіі, ЗША, Ізраілі, Францыі, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Кітаі.

Веніямін Міхееў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter