Прагным да ведаў.

Аналагаў 12-томнай “Энцыклапедыі для школьнікаў і студэнтаў” няма ў свеце.

Аналагаў 12-томнай “Энцыклапедыі для школьнікаў і студэнтаў” няма ў свеце.

І хоць у выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” пакуль што выйшлі толькі тры тамы з новай серыі, кнігі паспелі ўжо зарэкамендаваць сябе як добры даведнік для дапытлівых і выдатны дапаможнік для падрыхтоўкі да экзаменаў. Максімум ведаў простай і даступнай мовай — што яшчэ можна жадаць цікаўным студэнтам і школьнікам, прагным да ведаў?!

— Гэтай энцыклапедыі можна даць характарыстыку навукова-папулярнага выдання, аналагаў якога няма ў свеце, — распавядае аўтар ідэі доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар БДУ Васіль Стражаў. — Існуюць энцыклапедыі агульныя, для ўсіх, ёсць энцыклапедыі для канкрэтных спецыяльнасцей, ёсць дзіцячыя энцыклапедыі. А вось такіх энцыклапедый для школьнікаў старэйшых класаў, студэнтаў яшчэ не было.
Выданні ўжо зарэкамендавалі сябе, імі актыўна карыстаюцца ў школах і ва ўніверсітэтах. Першая кніга “Інфармацыйнае грамадства. XXI стагоддзе”, якая выйшла ў 2009 годзе, была прысвечана пытанням тэлекамунікацыі, сучасным сістэмам сувязі, праграмным сродкам і прымяненню інфармацыйных тэхналогій у розных сферах дзейнасці чалавека. Выданне на “ўра” ўспрынялі студэнты філасофскіх аддзяленняў. Другі том, у якім раскрываюцца асновы сучасных фізічных уяўленняў аб прыродзе разнастайных з’яў, а таксама ключавыя матэматычныя паняцці, асабліва зацікавіў будучых фізікаў і матэматыкаў. Як расказаў Васіль Стражаў, студэнты БДУ, якія рыхтуюцца па гэтай кнізе да экзаменаў, здаюць іх усе без выключэння.
Трэці том “Зямля. Сусвет”, які толькі-толькі пабачыў свет і быў прэзентаваны на ХІХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе, прадстаўляе новую канцэпцыю ўтварэння Зямлі і Месяца, расказвае пра ўнутраную пабудову нашай планеты і яе будучыню, распавядае пра сонечную сістэму, зоркі і многае іншае.
— Плануецца, што з гэтага года пачнём выдаваць кнігі хутчэйшымі тэмпамі. Як бачыце, да гэтага тамы выходзілі толькі раз у год, — расказвае Васіль Стражаў. — А планаў у нас шмат! Думаем выдаць яшчэ дзевяць кніг. Чацвёрты том будзе прысвечаны свету тэхнікі, пяты — біялогіі і хіміі. Наступныя тамы “Энцыклапедыі для школьнікаў і студэнтаў” раскажуць пра гісторыю Беларусі, яе прыроду, літаратуру, мастацтва, моладзь у ХХI стагоддзі.
Энцыклапедыя пішацца не для прафесіяналаў, а для школьнікаў і студэнтаў, якія проста хочуць больш ведаць. Таму аўтарамі артыкулаў з’яўляюцца ў асноўным выкладчыкі ВНУ, якія, з аднаго боку, з’яўляюцца навукоўцамі, а з другога — умеюць растлумачыць і проста данесці досыць складаную інфармацыю.
— Стараліся пісаць даступна і папулярна, — расказвае адзін з аўтараў трэцяга тома “Зямля. Сусвет” загадчык лабараторыі тэарэтычнай фізікі Інстытута фізікі НАН Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук Юрый Курачкін. — Я і мае калегі былі адказныя за раздзел мікракосмасу ў трэцім томе. Што ў ім знаходзім? Пра элементарныя часціцы — цаглінкі сусвету, пра вялікія тэорыі ХХ стагоддзя... Магчыма, чытачы не адразу ўсё зразумеюць — часам разглядаюцца вельмі складаныя паняцці. Аднак галоўнае, каб у школьнікаў і студэнтаў было жаданне паглыбляць свае веды.
Тым больш што ў энцыклапедыі інфарматыўныя не толькі тэксты. Тут шмат малюнкаў, табліц, схем. Чытаць такія кнігі сапраўды цікава і прыемна. Варта было ўбачыць, з якім захапленнем разглядалі выданне студэнты, якія завіталі на прэзентацыю праекта. Ды і кошт выдання, калі ўлічыць, што гэта вялікая тоўстая энцыклапедыя, не надта кусаецца. У залежнасці ад тома яна каштуе ад 30 да 70 тысяч беларускіх рублёў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter