В Минске 850 балконов требуют ремонта

Праблема ў падвешаным стане

Аказваецца, на зямлю падаюць не толькі зоркі і яблыкі, але і балконы. Менш за тыдзень таму абваліўся балкон на трэцім паверсе дома № 5 на вуліцы Талбухіна ў Мінску, а года паўтара таму такое здарэнне адбылося на вуліцы Валгаградскай. На шчасце, ахвяр і сур’ёзных разбурэнняў гэтыя падзенні не выклікалі, але прыемнымі інцыдэнты не назавеш. Карэспандэнт «Р» даведалася, ці варта чакаць працягу такіх падзей і якія меры прымаюцца, каб «балконапад» не стаў рэгулярнай з’явай.


У Заводскі раён Мінска мы накіраваліся невыпадкова: менавіта тут палову жыллёвага фонду, амаль 500 будынкаў, складаюць хрушчоўкі і нават дамы даваеннай пабудовы, якія абсталяваны менавіта балконамі, а не лоджыямі. З апошнімі прасцей: іх сцены трывала замацаваны, паколькі з’яўляюцца элементамі апорных канструкцый. Акрамя таго, большасць з іх зашклёныя, што ратуе ад снегу і дажджу. Звычайныя праблемы лоджый — мелкія пашкоджанні тынкоўкі або працяканне казыркоў на верхніх паверхах. Гэта не вельмі прыемна, але жыццю і здороўю жыхароў не пагражае. Іншая справа — балконы. Іх металічныя агароджы могуць праржавець, сцягванне і гідраізаляцыя — сапсавацца. Асабліва гэта датычыцца тых, што не зашклёныя.

— Балконаў, якія знаходзяцца ў аварыйным стане і пагражаюць абваліцца, у нашым раёне няма! — упэўнена Алена Каляга, якая выконвае абавязкі намесніка дырэктара па эксплуатацыі жыллёвага фонду Заводскай ЖКГ. — Ёсць тыя, што маюць патрэбу ў бягучым рамонце — замене драўлянай падлогі ці абшыванне, умацаванні агароджы.

Такога рамонту чакаюць некаторыя балконы дома № 7 на вуліцы Цэнтральнай. Дарэчы, гэты дом, як і некалькі яго суседзяў, пабудаваны яшчэ ў 1936 годзе і з той пары стаіць без капітальнага рамонту. Нічога дзіўнага, што драўляная падлога балконаў ужо састарылася і патрабуе замены. Дошкі з вялікімі шчылінамі відаць з вуліцы няўзброеным вокам. Ліквідацыя гэтых недахопаў пачнецца ў хуткім часе. Увогуле ж на сённяшні дзень рамонт у Заводскім раёне патрабуецца 33 балконам.

Па інфармацыі ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка», у гэтым годзе ў Мінску запланаваны рамонт 850 балконаў.

Мы з Уладзімірам Гарбацэвічам, вядучым інжынерам вытворчага аддзела, няспешна крочым па дварах вуліц Народнай, Жылуновіча, Партызанскага праспекта, разглядаючы балконы. Тут амаль па-вясковаму ўтульна — ціха, шмат зеляніны, бадай усе суседзі ведаюць адзін аднаго. Многія балконы ўпрыгожаны кветкамі і носяць сляды свежай фарбы або тынкоўкі — яны ўжо прайшлі бягучы рамонт. Вока спатыкаецца на такім, што нагадвае звалку. Уладзімір Фёдаравіч заўважае маю зацікаўленасць:

— На жаль, часта век уласных балконаў скарачаюць самі жыхары. Чаго толькі не ўбачыш у гэтых імправізаваных каморах: і старыя халадзільнікі, і нейкія скрыні, і проста хлам, і будаўнічыя матэрыялы, агульная вага якіх перавышае ўсе дапушчальныя нагрузкі на закладныя дэталі і загараджальныя канструкцыі. Дадайце сюды снег, дождж — вось і падставы для хуткага старэння балконаў. У выніку перагрузкі адбываюцца скрыўленні пліты і нават абрушэнні. Мы, зразумела, настойваем на ачыстцы. Калі яе не выконваюць, пратаколы складаем. Бывала нават, што самі прымусова хлам вывозілі…

Яшчэ адна бяда — калі пры добраўпарадкаванні балкона гаспадары пазбаўляюць яго натуральнага ўхілу ў бок вуліцы. Ён, незаўважны воку, абавязкова прысутнічае на ўсіх балконах, каб вада з падлогі сцякала на вуліцу, а не да сцен кватэры. На жаль, гэта ведаюць не ўсе, плітку ўкладваюць па ўзроўні, а пасля скардзяцца на мокрыя сцены і вільготнасць у пакоях…


Як жа спецыялісты даведваюцца пра дрэнны стан балконаў, якія застаюцца нябачнымі?

— На падставе аглядаў, — падказвае Алена Каляга. — Балконы аглядаем чатыры разы на год. У час агульных асенніх аглядаў фарміруецца план рамонту на наступны год, у час вясновых — пацвярджаем планы і карэкціруем іх. Плюс планавыя агляды канструктыўных элементаў. Спецыялісты ходзяць па кватэрах: яны павінны літаральна патрымацца за канструкцыі, праверыць, ці няма на іх іржы, карозіі, адслаення тынкоўкі, расколін. Вось толькі стапрацэнтна даследаваць балконы немагчыма. Чаму? Многія гаспадары прадстаўнікоў ЖКГ проста не пускаюць. Напрыклад, зрабілі яны ў кватэры несанкцыяніраваную перапланіроўку і баяцца штрафаў. Тады спрабуем паглядзець з вуліцы, з суседніх балконаў. Відавочныя разбурэнні заўважым…

Бывае, што занепакоеныя жыхары самі выклікаюць камісію для агляду сваіх балконаў. Тады да іх завітваюць спецыялісты ЖКГ — звычайна вядучы інжынер, майстар, рабочы па комплексным абслугоўванні. Калі яны выяўляюць сур’ёзныя недахопы, якія пагражаюць абрушэннем, балкон прызнаецца аварыйным. Яго апячатваюць, а жыхарам кватэры выдаюць прадпісанне туды не выходзіць. Такую ж параду атрымоўваюць суседзі знізу. Таксама абгароджваецца тэрыторыя пад балконамі. Аварыйны рамонт робяць неадкладна, літаральна на працягу адных-двух сутак.


Тут Алена Міхайлаўна робіць рэмарку: маўляў, прадпісанні прадпісаннямі, але людзі нярэдка іх парушаюць, ігнаруючы ўласную бяспеку.

Справа зацягваецца даўжэй, калі балкону патрэбна рэканструкцыя. Яе без праектна-каштарыснай дакументацыі не зробіш. Калі неабходна замена пліты, закладных канструкцый, падставай для работ з’яўляецца заключэнне спецыялізаванай праектнай арганізацыі, як правіла, «Белжылпраекта».

З вопыту Алены Міхайлаўны самыя распаўсюджаныя дэфекты балконаў — карозія металічных агароджаў і лат, якая выпраўляецца зварачнымі работамі, а таксама абсыпанне тынкоўкі, у выпадку чаго сценка ўмацоўваецца сеткай і занава атынкоўваецца. Такі рамонт вядзецца пастаянна, па меры выяўлення недахопаў.

nevmer@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter