Прабачэнне ад крытыка

За  заўвагi  Анатолю  Сабалеўскаму  кажуць  дзякуй  i  акцёры,  i  рэжысёры

За  заўвагi  Анатолю  Сабалеўскаму  кажуць  дзякуй  i  акцёры,  i  рэжысёры

Упершыню я ўбачыў Анатоля Вiкенцьевiча Сабалеўскага больш за трыццаць гадоў таму, калi быў студэнтам Беларускага тэатральна-мастацкага iнстытута. Мы, маладыя, вельмi захаплялiся яго лекцыямi па гiсторыi беларускага тэатра. Чытаў iх Анатоль Вiкенцьевiч палымяна, пераканаўча, узнёсла, з вялiкай верай у беларускае тэатральнае мастацтва. Без усялякiх канспектаў, папер ён лiтаральна цалкам браў нас у палон, таму нiхто не мог займацца на лекцыях iншымi справамi. 

пасля заканчэння iнстытута я зразумеў ужо, што Бог надзялiў настаўнiка не толькi дарам пiсьменнiка, тэатразнаўца, выкладчыка, але i высокiмi чалавечымi якасцямi. Пры кожнай сустрэчы мне адкрывалiся ў яго асобе ўсё новыя рысы — дабрыня, iнтэлiгентнасць, чуласць, гатоўнасць заўсёды прыйсцi на дапамогу чалавеку. У час вучобы ў аспiран­туры давялося звярнуцца да Анатоля Вiкенцьевiча па кансультацыю. Ён не толькi запрасiў мяне дахаты i пачаставаў вячэрай, але i настаяў, каб госць  застаўся на начлег. Пры гэтым зазначыў: «Вось вам мой пакой, тут адпачывалi кан­дыдаты, дактары навук, зной­дзецца месца i аспiранту». Такая ж гасцiннасць уласцiва ўсёй сям’i Сабалеўскiх, таму дзверы iх ква­тэры заўсёды адчынены для творцаў. 

Пры неаднаразовых сустрэчах з Анатолем Вiкенцьевiчам заўважалася яго сцiпласць: ён проста апранаецца, не засяроджвае ўвагi на сваiх вучоных «пагонах», не выхваляецца iмi, не любiць пампезнасцi. Антаганiчна не прымальныя для настаўнiка такiя рысы, як сквапнасць i зайздрасць. Ён не мае цягi да матэрыяльнай раскошы. Самае каштоўнае яго багацце — кнiгi. Тэатральная бiблiятэка Анаталя Вiкенцьевiча займае палову кватэры, для некаторых кнiг не хапае i палiц. Гэты скарб тэатразнавец збiраў на працягу многiх гадоў. 

Давялося мне завiтаць i на радзiму Анатоля Вiкенцьевiча, безумоўна, па яго запрашэннi, у невялiчкую вёску-хутар Андрыеўшчыну, што на Дзяржыншчыне, адкуль з простай сялянскай сям’i выйшаў вядомы дзеяч тэатральнага мастацтва. 

Паводле маiх назiранняў, меркаванняў i высноў, Анатоль Вiкенцьевiч Сабалеўскi — гэта Чалавек з вялiкай лiтары. Пра гэта сведчаць выказваннi пра яго вядомых творцаў Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Янкi Купалы. 

Рэжысёр Уладзiмiр Савiцкi: «Яго заўвагi, прапановы як крытыка былi для мяне падтрымкай, накiроўваючым «вектарам» у рэжысёрскiх работах. Ён перасцерагаў ад неабдуманых i паспешных крокаў, прапаноўваў цiкавыя п’есы. Заўважу, што ён не толькi, як крытык, бачыць спектакль, але надзелены незвычайнай здольнасцю да рэжысуры, знутры бачыць усю тэхналогiю пастаноўкi спектакля i ў размове не крытыкуе, а размаўляе на рэжысёрскай мове i дае парады i прапановы менавiта як рэжысёру». 

Народны артыст Беларусi, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Генадзь Гарбук: «Мяне заўсёды здзiўлялi яго тэатразнаўчыя артыкулы, захапляла ўдумлiвасць i канкрэтнасць аўтара. Часта бывае, што крытык перакажа змест п’есы, спектакля, пералiчыць акцёраў i ўсё. У Сабалеўскага ж заўсёды iдзе аналiз, тонкая разборка сiтуацый, канцэпцый, вобразаў. Заўсёды вялiкая дапамога, калi яго артыкул пачытаеш пра свой спектакль, ролю, бачыш свае недахопы, i, галоўнае,  Сабалеўскi паказвае, як iх выправiць. Гэта якраз крытыка тая, якая прызвана дапамагаць артысту, дапамагаць мастаку». 

Напярэдаднi юбiлею (27 мая Анатоль Сабалеўскi адзначыў 75-годдзе) прыйшла да яго яшчэ адна аўтарытэтная ўзнагарода. Як сведчыць афiцыйны запiс, «за выдатны ўклад у развiццё мастацтвазнаўчай навукi, выхаванне спецыялiстаў мастацкай культуры высокай квалiфiкацыi i актыўны ўдзел у прапагандзе iдэй мiру, дружбы i супрацоўнiцтва памiж народамi» Анатолю Вiкенцьевiчу Сабалеўскаму, доктару мастацтвазнаўства, прафесару, прысвоена званне лаўрэата  мiжнароднай прэмii «Адзiнства».  Узнагарода заслужаная. Сабалеўскi — адзiн з вядучых даследчыкаў айчыннага тэатра i драматургii. У яго навуковым арсенале вялiкая колькасць артыкулаў i манаграфiй. Пад яго кiраўнiцтвам абаранiлi дысертацыi шмат маладых вучоных не толькi з Беларусi, але i з-за мяжы. Ён быў адным з iнiцыятараў заснавання часопiса «Тэатральная Беларусь». З-пад яго пяра выйшлi ў свет кнiгi «Жыццё тэатра», «Сучаснасць i гiсторыя», «Асоба мастака», «Вечная крынiца», «Кандрат Крапiва», «Барыс Платонаў», «Глеб Глебаў» i iншыя. Пад агульнай рэдакцыяй А. Сабалеўскага ўбачыла свет грунтоўная ёмiстая энцыклапедыя «Тэатральная Беларусь». I гэта далёка не поўны пералiк напiсаных iм кнiг. 

Трэба заўважыць, што Анатолю Вiкенцьевiчу ўласцiвая яшчэ адна якасць, якой нам у большасцi не хапае, — гэта здольнасць прызнаваць свае пралiкi, памылкi. У доказ гэтага прыгадаю выказванне майстра купалаўскай сцэны, якога, на жаль, ужо няма сярод нас, народнага артыста Беларусi, лаўрэата Дзяржаўнай прэмii Валянцiна Белахвосцiка: «Калi мы ажыццявiлi спектакль «Чалавек з легенды», прыйшоў на прэм’еру Анатоль Сабалеўскi i пасля прагляду даў адмоўную рэцэнзiю. Мы ж параiлi крытыку прыйсцi на пятнаццаты спектакль, калi той набярэ сваю мастацкую сiлу. Сабалеўскi прыйшоў, убачыў, а пасля папрасiў прабачэння ў трупы i даў у прэсу станоўчую рэцэнзiю, таксама з прабачэннем. За гады служэння тэатру я не памятаю крытыкаў, якiя б прызналi сваю памылку менавiта праз прэсу». 

У час сваiх рэжысёрска-святочных гастроляў па Беларусi я сустракаю даволi значную колькасць тэатральных творцаў, вучняў Анатоля Вiкенцьевiча i чую з iх вуснаў словы ўдзячнасцi настаўнiку. Дзейнасць гэтага выдатнага тэатразнаўца i чалавека, бясспрэчна, заслугоўвае асобнай змястоўнай кнiгi, таму хочацца спадзявацца, што творцы-тэатралы, яго вучнi ў далейшым больш поўна i глыбока напiшуць яго творчы партрэт. Я ж ставiў мэтай ухапiць хоць нейкiя штрыхi з яго багатай жыццёвай i творчай бiяграфii. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter