Праўда Пасхi

Пастырскi лiст на Вялiкдзень 2005 года

Пастырскi лiст на Вялiкдзень 2005 года

“Не бойцеся тых, хто забiвае цела. I пасля гэтага не можа больш нiчога зрабiць”

(Лк 12, 4)

Калi ў Вялiкую пятнiцу Пiлат пачуў вызнанне Хрыста: “Я на тое нарадзiўся i на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе” (Ян 18, 37), то задаў Хрысту пытанне: “Што такое праўда?” (Ян 18, 38). Пытанне Пiлата ў Вялiкую пятнiцу засталося без адказу. Гэты адказ Пiлат i Ерузалем пачулi на трэцi дзень пасля Вялiкай пятнiцы — ранiцай у Велiкодную нядзелю — i, на жаль, ён не быў прыняты нi Пiлатам, нi старазапаветным Ерузалемам. А гэта быў надзвычайны адказ, якi ўразiў увесь Ерузалем i па сённяшнi дзень уражвае ўсё чалавецтва. Хрыстус, асуджаны Пiлатам на смерць, укрыжаваны i пахаваны, уваскрос! Яго грабнiца пустая!
Вось вялiкая праўда, пра якую засведчыў Хрыстус, уваскрослы ў Велiкодную ранiцу. Для таго Ён нарадзiўся i для таго прыйшоў на свет, каб, прынёсшы сябе ў ахвяру на крыжы за чалавечыя грахi дзеля адкуплення роду людскога, перамагчы смерць i адкрыць для людзей брамы да вечнага жыцця. Чалавек будзе жыць вечна!
Жыццё чалавека нельга закрыць у цесных рамках ад нараджэння да смерцi. Чалавек павiнен сапраўды сысцi ў магiлу, але з гэтай магiлы ён, напэўна, выйдзе. Нiхто i нiшто не можа забiць чалавека назаўсёды, навечна. Пра гэтую Пасхальную праўду Хрыстус сведчыць у Касцёле, якi Ён сам заснаваў i ў якiм ужо на працягу дваццацi стагоддзяў няспынна прысутнiчае ў Боскай Эўхарыстыi.
Уваскрослы Хрыстус кажа: “Не бойцеся тых, хто забiвае цела, i пасля гэтага не можа больш нiчога зрабiць” (Лк 12, 4). Гэтае настаўленне датычыць розных праяваў адносiн i дзеянняў, накiраваных супраць паасобных людзей, а таксама супраць розных чалавечых супольнасцяў.
Такiм чынам, не бойцеся хваробаў, якiя нiшчаць зямное жыццё чалавека. Не бойцеся калецтва, старасцi, якiя чыняць чалавека слабым i бездапаможным. Не бойцеся ўсяго таго, што знiшчае цела. Гэта праўда, што боль i цярпенне — цяжкi крыж, чалавек не жадае iх прымаць i ў меру сваiх фiзiчных сiл абараняецца. Але ў святле Велiкоднай ранiцы ўсе гэтыя зямныя выпрабаваннi змяншаюцца i слабнуць. Пакуты зямнога жыцця нельга параўнаць з хвiлiнай, якая чакае нас у будучым жыццi ў вечнасцi: “Радуйцеся i весялiцеся, бо вялiкая ўзнагарода вашая ў нябёсах” (Мц 5, 12).
Таксама не бойцеся людзей, якiя вас мучаць, можа, нават здзекуюцца з вас. Гэта могуць быць суседзi, але могуць быць таксама i члены сям’i. Не бойцеся тых, хто прычыняе вам духоўную цi матэрыяльную крыўду, хто прымушае вас плакаць. Сам Пан Езус зведаў усё гэта. Яго бiчавалi, укаранавалi цернем, усклалi крыж на плечы, укрыжавалi, паклалi ў грабнiцу. I вось Ён уваскрос i дасягнуў радасцi паяднання з Богам Айцом у небе. Святы Павел у сваiм лiсце да Рымлянаў пiша: “Той, Хто ўваскрасiў Хрыста з мёртвых, ажывiць i вашы смяротныя целы Духам сваiм, што жыве ў вас” (Рым 8, 11).
Не бойцеся тых, хто знiшчае духоўныя каштоўнасцi, не прызнае праўды, злоўжывае справядлiвасцю, абмяжоўвае свабоду, сее нянавiсць, забiвае нявiнных. Прыйдзе час, калi праўда, свабода, справядлiвасць i любоў перамогуць, калi запануе Валадарства Хрыста Уваскрослага.
I ўрэшце, не бойцеся сатаны i яго вераломства. Бо князь гэтага свету, якi шнарыць у пошуках, каб звесцi каго-небудзь са шляху праўды i любовi, ужо быў асуджаны Хрыстом Уваскрослым. Няма такога граху i такога зла, ад якога дзякуючы Хрысту Уваскросламу немагчыма было б вызвалiцца i атрымаць вечнае шчасце. Бо дабро мацнейшае за зло, ласка мацнейшая за грэх, свабода мацнейшая за няволю, любоў мацнейшая за нянавiсць, жыццё мацнейшае за смерць.
Гэта тая вялiкая праўда, якая грунтуецца на факце Змёртвыхпаўстання Пана. Аднак трэба прызнаць, што праўду прымаць часам цяжка. Сёння мы часта шукаем праўду, аднак плануем наперад, якой яна павiнна быць. А калi яна не адпавядае нашым разумовым магчымасцям, мы яе не прымаем. Пасхальнай праўды немагчыма пазнаць толькi з дапамогай розуму, асаблiва ў цяперашнi час, калi людзi дастаткова часта аддаляюцца ад Касцёла, ад веры, ад Бога. Гэтую праўду можна пазнаць i прыняць толькi i выключна з дапамогаю веры. I таму, мiж iншым, Пiлат, хаця ўжо ў Вялiкую нядзелю меў адказ на сваё пытанне, гэтай праўды не прыняў. Не зразумеў. Яму не хапiла веры.
I яшчэ адно варта ўсвядомiць: вера ў Змёртвыхпаўстанне Хрыста нарадзiлася не з наiўных жаданняў; не са сведчання варты, што стаяла каля грабнiцы Езуса; не з чутак, якiя разносiлi жанчыны; не са слоў Магдалены, якая Яго любiла; не з вестак, што кружылi сярод легкаверных людзей. Наадварот, навiна пра Змёртвыхпаўстанне Хрыста сутыкалася з недаверам апосталаў да словаў жанчын, Магдалены, а св. Тамаш цэлы тыдзень супрацiўляўся, казаў, што не паверыць, пакуль не дакранецца да ранаў i боку Езуса.
Вера ў Змёртвыхпаўстанне Езуса выйшла з самога Хрыста. Ён сваiмi неаднаразовымi з’яўленнямi пасля паўстання з грабнiцы, а таксама сваiм выразным i рашучым словам абгрунтоўваў у свядомасцi вучняў упэўненасць, што сапраўды перад iмi iх уваскрослы Настаўнiк. Толькi са шматразовых аб’яўленняў i прадказанняў Святога Пiсання нарадзiлася вера ў Хрыста, якi ажыў. Пасля зразумення гэтага надзвычайнага факту ў апосталаў з’явiлася гатоўнасць памерцi за Хрыста, як i Хрыстус памёр за iх i за ўсiх людзей. Яны набылi таксама ўпэўненасць у тым, што як Хрыстус перамог смерць, так i яны атрымаюць вечнае жыццё.
Такiм чынам, вялiкая Нядзеля Змёртвыхпаўстання Пана сталася фундаментам хрысцiянскай веры. Кожны, хто хоча паглыбiць веру, павiнен прыходзiць да пустой грабнiцы Езуса, дзе ляжалi толькi “палатнiна i хуста, што была на галаве Яго” (пар. Ян 20, 7). Умацаванне веры — гэта не што iншае, як нястомныя пошукi Хрыста Уваскрослага, гэта жаданне сустрэцца з Iм.
Няхай гэтая Пасхальная праўда — Змёртвыхпаўстанне Хрыста Пана — ажыўляе нашую веру ў Яго прысутнасць да сканчэння вякоў у перамененых постацямi хлеба i вiна ў святой Iмшы, у святой Камунii i ў табэрнакулюмах каталiцкiх святыняў.
Няхай Уваскрослы Хрыстус, якi пастаянна прабывае сярод нас у Эўхарыстыi, будзе крынiцай хрысцiянскай мужнасцi, каб мы не баялiся, але смела перамагалi ў нашым жыццi i паводзiнах усялякiя цяжкасцi i перашкоды — як цялесныя, так i духоўныя, — згодна з Пасхальнай праўдай аб тым, што чалавек жыве вечна, што любоў мацнейшая за ўсялякае зло, а жыццё перамагае смерць.
Будзем жа непарушна з’яднаныя з Езусам Хрыстом Уваскрослым, заўсёды прысутным у Эўхарыстыi, бо гэта ўмацоўвае нас у выпрабаваннях зямнога жыцця i з’яўляецца задаткам нашага З1мёртвыхпаўстання да хвалебнага жыцця ў вечнасцi.
Такiя мае Велiкодныя пажаданнi вам, дарагiя дыяцэзiяне, i да iх я далучаю сваё пастырскае благаслаўленне.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter