"Помнi iмя сваё...”

У стосе пiсем, якiя прыйшлi на адрас сумеснага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i рэдакцыi нашага выдання “Помнi iмя сваё...” напярэдаднi жаночага свята, былi, вядома ж, i светлыя лiсты з успамiнамi пра маладосць i першае каханне. З трапяткiмi радкамi, цёплымi словамi i нярэдка шчырымi просьбамi аб прабачэннi. Найбольш такiх пiсьмаў прыходзiць ад жанчын, якiя хочуць даведацца пра сваiх даўнiх паклоннiкаў. Iм, як i многiм з людзей старэйшага пакалення, здаецца, што ў часы маладосцi i сонца ярчэй свяцiла, i хлопцы былi больш уважлiвыя, чулыя, сарамлiвыя, адданыя. А можа, так яно i было?

Агарнулi ўспамiны i Алу, прозвiшча свайго яна прасiла не называць. Яна хоча адшукаць сябра ранняй маладосцi Аляксандра Аляксандравiча ТАЧЫЛУ, 1948 года нараджэння, ураджэнца вёскi Баяры Полацкага раёна Вiцебскай вобласцi. “Пазнаёмiлася я з iм у 1964 годзе ў Полацкiм лясным тэхнiкуме. Ён вучыўся на другiм курсе, а я на першым. З-за пэўных абставiн я паехала з Полацка, i больш мы не бачылiся. У 1967 годзе (гэта год заканчэння вучобы Аляксандра) я прыязджала ў Полацк i ад яго цёткi, у якой ён жыў падчас вучобы ў тэхнiкуме, даведалася, што пры размеркаваннi ён быў накiраваны на працу ў Горацкi лясгас. Цётка параiла мне наведаць Аляксандра, тым больш што ён iшоў у армiю. Праўда, пасля медкамiсii па стану здароўя яго вярнулi дамоў. Паехаць да яго я так i не рашылася, хаця вельмi марыла сустрэцца, — прызнаецца жанчына. — У 1984 годзе, апынуўшыся ў Полацку, я зноў зайшла да яго цёткi, але яна памяняла месца жыхарства. I я страцiла надзею. Але цяпер, калi з’явiўся ваш праект, спадзяюся даведацца пра лёс Аляксандра, дзе ён жыве, кiм працуе. Ён для мяне — першае каханне, пра якое я часта ўспамiнаю, нягледзячы на тое, што мiнула многа гадоў, а можа, ужо i жыццё. Ён тады мне не верыў i думаў, што я насмiхаюся з яго. Я i зараз не саромеюся i не пабаюся сказаць яму пры сустрэчы: “Прывiтанне, маё першае каханне!”
ДАПАМАЖЫЦЕ АДШУКАЦЬ
“Я шукаю брата Васiля Iванавiча КРАМАРЧУКА, 1951 года нараджэння, ураджэнца сяла Касцiльнiкi Бучацкага раёна Цярнопальскай вобласцi Украiны. Сувязь з iм абарвалася ў 1986 годзе. У той час я жыў у Данецкай вобласцi, а Васiль у горадзе Коўдары Мурманскай. Я пiсаў туды, але адказу не было. Звяртаўся на праграму “Жди меня” — на маю просьбу там увагi не звярнулi. Уся надзея на вас. Дадаткова паведамляю, што ў брата была жонка Людмiла Iванаўна i двое сыноў, Iван i Аляксандр. Уладзiмiр Крамарчук, горад Чэрвень”.
Панфiл Iванавiч Яфiмчык просiць дапамагчы адшукаць месца жыхарства сябра студэнцкiх гадоў Аляксандра Акiмавiча ПАЎЛIЧЭНКI. “Ён быў для мяне як родны брат. У 1965 годзе мы  закончылi вучобу ў Мiнскiм педагагiчным iнстытуце iмя Горкага i рассталiся. Аляксандр паехаў у Баранавiчы, а я — у вёску Старыя Цярушкi Салiгорскага раёна. Перапiсвалiся. У гонар нашага сяброўства Аляксандр падараваў мне фотаздымак свайго сына Алежкi, якому быў годзiк. Потым па невядомых прычынах перапiска спынiлася”.
Станiслава Фёдараўна Казачонак хоча даведацца пра лёс выхаванцаў Круглянскай школы-iнтэрната, дзе яна адпрацавала 41 год i ў 1944-м прымала ўдзел у арганiзацыi спецыяльнага дзiцячага дома.
АДГУКНIЦЕСЯ!
“Хачу знайсцi чалавека, якога страцiлi ў мiрны час. Справа ў тым, што 13 чэрвеня 1982 года ў сталiчным раддоме № 2 нарадзiўся хлопчык, але праз 3 днi ён стаў сiратой пры жывой мацi. Яна ад яго адмовiлася, баючыся цяжкасцей. У той час яна была студэнткай 4-га курса педiнстытута iмя Максiма Горкага. Каханы чалавек пакiнуў яе, а з бацькамi дзяўчына сувязей не падтрымлiвала. Яны i не ведалi, што яна цяжарная, а тым больш што ў iх з’явiўся ўнук. Дзяўчыну выпiсалi з радзiльнага дома 20 чэрвеня. На развiтанне яна пакармiла дзiця i пайшла... Хлопчыка назвалi Валерам, прозвiшча далi матчына — Бобкiн. А праз тыдзень хлопчык зноў стаў сыночкам — яго ўсынавiлi. Зараз яго iмя Мiкалай, прозвiшча Дарожка. Жыве ў Мiнску i вельмi хоча ўбачыць жанчыну, якая дала яму жыццё — Нэлю БОБКIНУ (прозвiшча дзявочае). Хоча ён убачыць i сваю бабулю. Вельмi просiм iх адгукнуцца i будзем рады сустрэчы з новай раднёй... Не ведаю, што i каму прынясе мой лiст. Можа, каму радасць, а каму i непрыемнасцi. Але ад свайго нiкуды не дзенешся, нават праз столькi гадоў. Я звяртаюся да тых жанчын, якiя хочуць вырачыся сваiх дзетак. Перад тым, як такое зрабiць, уявiце сябе на месцы гэтага чалавечка. Што яму прыйдзецца перажыць! I яшчэ адно хачу сказаць: дзецi-адмаўленцы помсцяць усяму свету супраць сваёй волi. Дзе каго нi сустрэнеш — усе ў адзiн голас скардзяцца, што дзецi п’юць гарэлку, крадуць. Што заклалi бiялагiчныя бацькi, тое дасталося нам. Не дарэмна ж кажуць у народзе: яблык ад яблынi коцiцца недалёка. Я вельмi прашу адгукнуцца на мой лiст Нэлю Бобкiну. Хачу, каб мой сыночак, гледзячы перадачу “Жди меня”, плакаў толькi ад радасцi за тых, хто знайшоў i хто знайшоўся. Цяпер жа ён плача ад душэўнага болю, а я, гледзячы на яго, ад таго, што нiчым не магу яму дапамагчы. З павагай Янiна Iосiфаўна Дарожка, горад Мiнск”.
Мы спадзяёмся, што гэтае пiсьмо нiкога не пакiнула раўнадушным i таму звяртаемся да чытачоў з просьбай: калi вам што-небудзь вядома пра лёс Нэлi Бобкiнай, абавязкова напiшыце нам. А калi пiсьмо прачытала яна сама — адгукнiцеся. Вас вельмi хоча бачыць сын.
З ВЕРАЙ I НАДЗЕЯЙ
“Я шукаю сына Васiля  Аляксеевiча ПIЛIЕВА, 1952 года нараджэння. Пасля школы ён паступiў у Ленiнградскае мараходнае вучылiшча. Потым працаваў у Рыжскiм параходстве i жыў у Рызе. Апошнi раз прыязджаў дадому ў 1990 годзе. Пасля развалу Савецкага Саюза сувязь з iм абарвалася. Вельмi спадзяюся на вашу дапамогу. З павагай Iна Канстанцiнаўна Пiлiева, горад Стоўбцы”.
“Да вас звяртаецца мацi прапаўшага сына Сяргея Уладзiмiравiча МАРЫНIНА, 1965 года нараджэння. Вясной мiнулага года ён паехаў на заробкi ў Салiгорск, i па сённяшнi дзень ад яго няма вестак. Вольга Мiхайлаўна Бiрукова, горад Баранавiчы”.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
Вера Рыгораўна Лабкоўская з Оршы шукае бацьку Рыгора Прохаравiча ЛIЗУНОВА, 1915 года нараджэння. Пасля вайны сям’я атрымала паведамленне, што ён загiнуў у снежнi 1944 года. Вера Рыгораўна хоча адшукаць месца яго пахавання, а таксама даведацца, пры якiх абставiнах загiнуў яе бацька. Спадзяецца, што адгукнуцца ветэраны, якiя ведалi яго i разам з iм ваявалi.
У 1944 годзе прапаў без вестак брат Лiдзii Пiлiпаўны Нiкалаенкi (Драздовай) Iван Пiлiпавiч ДРАЗДОЎ, 1919 года нараджэння, ураджэнец Лёзненскага раёна.
Марыя Фёдараўна Свiта просiць дапамагчы адшукаць без вестак прапаўшага ў 1945 годзе брата Мiкалая Фёдаравiча ЛIТВIНЕНКУ, 1926 года нараджэння, ураджэнца горада Пугачова Саратаўскай вобласцi. Жанчына пiша, што яе брат  добраахвотнiкам пайшоў у армiю. З мая 1943 года — партызан атрада iмя Кутузава брыгады “Буравеснiк”.
“Да вайны мы жылi ў горадзе Ржэве, адтуль бацька Iван Iванавiч ДАВЫДАЎ, 1905 года нараджэння, i пайшоў на вайну, — паведамляе Марыя Iванаўна Шышпар з Крупскага раёна. — Мне здаецца, ён служыў у чыгуначных войсках, бо пакуль наш горад не быў акупiраваны фашыстамi, мы з мамай хадзiлi на сустрэчу з iм на вакзал (ён прыязджаў туды на санiтарным цягнiку, дастаўляў параненых). А ў 1943 годзе ён прапаў без вестак”. Марыя Iванаўна спадзяецца атрымаць звесткi пра бацьку ад яго таварышаў па службе або тых, хто яго ведаў.
“Пасля вайны мы атрымалi паведамленне, што наш бацька Павел Ерафеевiч ПАНКОЎ, 1912 года нараджэння, якi ў Чырвонай Армii быў з 1941 года, загiнуў у 1943-м на тэрыторыi Беларусi, а дзе дакладна, мы не ведаем. А так хацелася б пабываць на магiлцы, пакланiцца, пакласцi букет кветак, i на душы стала б лягчэй ад таго, што мы яго знайшлi, а ён дачакаўся нас: дзяцей, унукаў, праўнукаў. Таццяна Паўлаўна Башарымава, Быхаўскi раён”.
Звесткi пра брата Iосiфа Васiльевiча ДЗЯМЕНЦЕВА (прозвiшча напiсана неразборлiва), 1916 года нараджэння, шукае Ганна Васiльеўна Ксянзова з Талачынскага раёна.
“Вельмi прашу вас дапамагчы адшукаць якiя-небудзь звесткi пра брата Мiкалая Фёдаравiча МАРОЗАВА, 1925 цi 1926 года нараджэння, ураджэнца вёскi Новiкава Лiтвiноўскага сельскага Савета Полацкага раёна Вiцебскай вобласцi. Падчас нямецкай акупацыi 1942—1943 гадоў па даносе аднаго з жыхароў ён быў адвезены палiцаямi ў камендатуру горада Полацка. Старэйшы яго брат Сцяпан у той момант знаходзiўся ў партызанскiм атрадзе. Яшчэ да гэтага здарэння абяцаў, што забярэ да сябе i Мiкалая. Але не паспеў. З таго часу мы i не ведаем, што адбылося з Мiкалаем. Можа, з дапамогай вашай перадачы пашчасцiць даведацца пра яго лёс. З павагай Вера Фёдараўна Гудкова, горад Вiцебск”.
Васiль Рыгоравiч Марчук з Давыд-Гарадка спадзяецца адшукаць звесткi пра бацьку Рыгора Фёдаравiча МАРЧУКА, 1905 года нараджэння. У баi пад Смаленскам ён трапiў у палон. У 1942 годзе знаходзiўся ў канцэнтрацыйным лагеры горада Хелма. А восенню 1944 года родныя атрымалi паведамленне, што бацька прапаў без вестак на тэрыторыi Польшчы. Аўтар пiсьма дзiвiцца, як магло атрымацца, што ў 1941 годзе бацька быў прызваны на фронт, у 1942-м трапiў у палон, а ў 1944-м прапаў без вестак на тэрыторыi Польшчы? Мы паспрабуем разабрацца ў гэтым.
“Я, Валянцiна Пiлiпаўна Поклад (Нямера), шукаю сваiх братоў, якiя нарадзiлiся ў вёсцы Ладзенiкi Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласцi. Яўген Пiлiпавiч НЯМЕРА, 1923 года нараджэння, у 1944—1945 гадах быў прызваны на вайну, а дамоў так i не вярнуўся. Родныя атрымалi лiст, што ён прапаў без вестак. Мiхаiл Пiлiпавiч НЯМЕРА, 1925 года нараджэння, вярнуўшыся з фронту, паехаў у Маскву на працу. I больш пра iх мы нiчога не ведаем”.
Мiнчанку Лiлiю Мiкалаеўну Бiруля цiкавiць, дзе загiнуў i пахаваны яе дзядзька Iван Мiхайлавiч БIРУЛЯ, 1907 года нараджэння. У кнiзе “Памяць”, па яе словах, напiсана, што ў 1944 годзе ён прапаў без вестак. Лiлiя Мiхайлаўна накiравала лiст у архiў у Падольск, але адказу пакуль што не атрымала. Будзем спадзявацца, што, можа, сярод нашых чытачоў — ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны знойдуцца тыя, хто ведаў Iвана Мiхайлавiча Бiрулю i быў сведкам тых трагiчных падзей.   
Алена Пiлiпаўна Гвоздзева хоча даведацца пра дзядулю Яфiма Яфiмавiча ЯСЬКОВА. Падчас Вялiкай Айчыннай вайны ён прапаў без вестак, i пра яго лёс сям’i нiчога невядома. Нарадзiўся ён у 1906 годзе ў горадзе Ветцы Гомельскай вобласцi. Быў на партыйнай i дзяржаўнай рабоце. Перад  вайной — першы сакратар райкама партыi горада Узда. З пачаткам вайны ён капiтан, камiсар знiшчальнага батальёна.
Жыхар горада Жыткавiчы Сяргей Адольфавiч Альвiнскi прыгадвае выпадак, якi адбыўся падчас Вялiкай Айчыннай вайны, а дакладней, у студзенi 1944 года. Сем сем’яў (21 чалавек) былi вымушаны пакiнуць свае хаты i пайсцi ў лес, бо немцы, даведаўшыся, што хтосьцi з сям’i ў партызанах, расстрэльвалi ўсю сям’ю. Аднак знайшоўся здраднiк, якi выдаў фашыстам схованку. Немцы акружылi i расстралялi ўсiх. Пра трагедыю даведалiся партызаны (сваякi загiнуўшых). На месцы трагедыi яны ўбачылi 21 труп. Жывой засталася толькi параненая ў нагу дзяўчынка ГАЛЯ 5—6 гадоў. Яе мацi Валянцiна Мароз, ратуючы дачку, упала на яе i зберагла ад смерцi. Дзяўчынку самалётам накiравалi на “Вялiкую зямлю”. Вось гэту дзяўчынку, якой сёння ўжо больш за 60 гадоў, i адшуквае Сяргей Адольфавiч.
Удзельнiк Вялiкай Айчыннай вайны Аляксей Мiкiтавiч Нiкiцiк са Свiслацкага раёна Гродзенскай вобласцi просiць дапамагчы адшукаць брата Васiля Мiкiтавiча НIКIЦIКА, 1921 года нараджэння, ураджэнца горада Разань Расiйскай Федэрацыi. Потым брат з бацькамi пераехаў у Беларусь. Падчас фашысцкай акупацыi працаваў качагарам на спiртзаводзе вёскi Вярдомiчы. Восенню 1943 года за сувязь з партызанамi быў арыштаваны, вывезены ў Гданьск, затым быў у канцлагеры Асвенцым, Бухенвальд, дзе i знаходзiўся да вызвалення Савецкай армiяй. Дадому не вярнуўся. Ёсць меркаваннi, што ён жыве дзесьцi за мяжой.
“Мой дзядуля Мiтрафан Клiмавiч БУТАРАЎ нарадзiўся i вырас у Беларусi. У 1939 годзе ён са сваёй сям’ёй пераехаў у Заходнюю Сiбiр. Калi пачалася вайна, дзядуля пайшоў на фронт. У 1944 годзе бабуля атрымала паведамленне, што яе муж прапаў без вестак. Калi закончылася вайна, бабуля вярнулася ў Беларусь. У  1950 годзе наш сусед жыў у Ленiнградзе i паведамiў, што бачыў майго дзядулю. Праўда, бабулi тады ўжо не было на гэтым свеце. А мы пачалi шукаць яго, але безвынiкова. Напэўна, у яго iншая сям’я. I тым не менш мне вельмi хочацца адшукаць сваiх родных. Наша прозвiшча вельмi рэдкае, можа, i пашчасцiць знайсцi дзядулю. З павагай Алена Мiкалаеўна Бутарава, горад Магiлёў”.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей, хочаце даведацца пра лёс сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых, землякоў, аднапалчан — звяртайцеся: у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул.Б.Хмяльнiцкага, 10а, з паметкай “Помнi iмя сваё...”.
Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.com
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё:
220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная,4, перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter