"ПОМНI IМЯ СВАЁ..."

Пачатак гэтай цiкавай, але пакуль што заблытанай гiсторыi быў пакладзены ў канцы лета: яна прагучала па радыё, а затым была надрукавана ў “НГ” 11 жнiўня ў рамках сумеснага пошукавага праекта “Помнi iмя сваё...”. Валянцiна Сяргееўна Грынюк з Мiнскай вобласцi адшуквала свайго бацьку Сяргея Мiкалаевiча Вiнаградава. Па некаторых звестках, падчас вайны ён трапiў у палон, потым збег i падаўся да партызан. Сам ён нарадзiўся ў Расii, а ў партызанах быў у Беларусi, магчыма, у атрадзе “Патрыёт Радзiмы” iмя Варашылава. Што з iм здарылася, родныя не ведаюць.

IДЗЕ ПОШУК
Гэтую праграму пачула жыхарка Баранавiч Аляксандра Адамаўна Столяр i патэлефанавала калегам на радыё. У гады Вялiкай Айчыннай вайны яе бацька быў звязаны з партызанамi. Жылi яны тады ў вёсцы Вялiкiя Лукi Ляхавiцкага раёна. Сярод партызан быў Вячаслаў (Слава) Вiнаградаў. Хоць яна тады была зусiм яшчэ дзяўчом, аднак добра памятае таго прыгожага салдата. Аляксандра Адамаўна падумала, што менавiта яго адшукваюць родныя, i вырашыла дапамагчы. Пошукi месца пахавання Вiнаградава аб’ядналi дзесятак вёсак Брэстчыны (Баранавiцкага i Ляхавiцкага раёнаў). Аднак цi той гэта Вiнаградаў, якога шукае дачка Валянцiна Сяргееўна Грынюк?
— Разам яшчэ з адным афiцэрам Халiмавым яны шмат разоў былi ў нашым доме. Вiнаградаў быў у разведцы. Мой бацька iх называў “нашы хлопцы”. А Вiнаградава тата зваў “таварыш камандзiр” або “таварыш афiцэр”, — прыгадвае Аляксандра Адамаўна. — Ведаю, што гэты прыгожы малады камандзiр загiнуў у 3—4 кiламетрах ад нашай вёскi. Уся сям’я плакала, ён быў нам, як родны. Пахаваны ў Свяцiцы. Але ж у вас пазначана, што Сяргей Мiкалаевiч, а там В.I. Другога такога не было ў нашым раёне, каб там пахаваны. Можа, калi пайшоў у партызаны, iмя памяняў i так запiсалi.
Старшыня Вялiкалуцкага аддзялення ветэранскай арганiзацыi Мiхаiл Сцяпанавiч Дрозд удакладнiў месца пахавання партызана Вячаслава (Славы) Вiнаградава.
— Я таксама жыў у дзяцiнстве ў Ляхавiцкiм раёне. I бабуля мне расказвала пра Вiнаградава, — успамiнае Мiхаiл Сцяпанавiч. — Ён да яе часта заязджаў удваiх з Халiмавым. Бабуля мне расказвала, што забiлi яго ў Новых Луках, там засада нямецкая была. Цела выкралi партызаны i завезлi да бабулi ў двор, яна развiталася з iм. Пасля званка Аляксандры Адамаўны я звязаўся са старшынёй раённай ветэранскай арганiзацыi, ён патэлефанаваў у Ляхавiчы, таксама ў ветэранскую арганiзацыю, адтуль пазванiлi ў штаб былога партызанскага злучэння вёскi Свяцiца. Там i знайшлi прозвiшча Вiнаградава В.I.
Калегi з радыё патэлефанавалi Валянцiне Сяргееўне Грынюк, каб удакладнiць, цi той гэта Вiнаградаў, якога яна шукае, хоць iмя i iмя па бацьку не супадаюць. Але па нумары тэлефона, якi яна пакiнула, нiхто не адказвае. Спадзяёмся, што Валянцiна Сяргееўна звяжацца з намi.
А таксама мы звяртаемся да ўсiх, каму хоць што-небудзь вядома пра родных Вячаслава ВIНАГРАДАВА: абавязкова паведамiце, калi ёсць якiя-небудзь звесткi.
У ДАСТОЕВА, ДА АБЕЛIСКА
 Вера Мiхайлаўна Кухарчук падчас настаўнiчання ў Дастоеўскай школе некалькi гадоў вяла пошукавую работу. “Я адшуквала родных загiнуўшага i пахаванага ў нашай вёсцы салдата Барыса (Сяргеевiча цi Сцяпанавiча) РЫСЁВА. Аднак з кожным годам рабiць гэта станавiлася ўсё складаней. Хачу паведамiць гiсторыю, я пачула яе ад свайго свёкра. Барыс Рысёў быў ваеннаслужачым i ў 1941 годзе жыў у вёсцы Дастоева Iванаўскага раёна па суседству з сям’ёй Кухарчук. Як ён там апынуўся, не ведаю. Праз некаторы час Кухарчукi падалiся ў партызанскi атрад, з iмi пайшоў i Барыс. Ён быў вельмi мужны салдат. Хадзiў на заданнi. Неяк расказаў, што ў Расii засталася яго сям’я: бацькi, жонка i дзецi. I вельмi прасiў, калi што з iм здарыцца, каб паведамiлi родным. Аднак адрас, што ён пакiнуў, згарэў падчас пажару ў доме Кухарчукоў, якi спалiлi немцы. Барыс загiнуў. Яго iмя пазначана на абелiску ў вёсцы Дастоева. Пасля вайны штогод прыязджалi родныя i блiзкiя салдат, якiя таксама загiнулi i пахаваны ў нашай вёсцы. А яго родных не было. Бо, мабыць, нiхто не ведае, што здарылася з Барысам Рысёвым”.   
З УДЗЯЧНАСЦЮ I НАДЗЕЯЙ
“Мой бацька Васiль Мiхайлавiч ДЗЯДЗЮК, 1922 года нараджэння (вёска Кулякi Iванаўскага раёна), служыў на Першым Беларускiм фронце (прызываўся Iванаўскiм райваенкаматам) i дайшоў да Берлiна. Аднойчы мы атрымалi лiст ад яго сябра, у якiм паведамлялася, што бацьку адправiлi ў разведку, ён падарваўся на мiне, вельмi цяжка паранены. Гора сям’i нельга было перадаць. Праз некалькi дзён атрымалi другi лiст ад таго ж сябра, у якiм ён выказваў спачуваннi мацi i нам, дзецям, — бацька памёр. Той чалавек абяцаў пасля вайны прыехаць i ўсё расказаць нам. Але мы яго так i не дачакалiся, можа, таксама недзе загiнуў. А калi ён застаўся жыць, цi хто з яго блiзкiх ведае гэту гiсторыю, хай паведамяць. Мы ўдзячны гэтаму чалавеку, што ён быў неабыякавы да сям’i свайго саслужыўца, i вельмi хочам сустрэцца з iм, каб даведацца, дзе пахаваны тата. Ганна Васiльеўна Глаўко”.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
Аляксандра Адамаўна Столяр просiць знайсцi яе брата. Мiхаiл Адамавiч ЖЫТКО нарадзiўся ў 1919 годзе ў вёсцы Гукова (Гукава) Альхоўскага сельсавета Ляхавiцкага раёна. Служыў на Украiне, у пяхоце. “Пачалася вайна, i праз два тыднi iх прывезлi да Кiева на фронт. Ён прыслаў нам запiску, што з iм было 17 чалавек з Ляхавiцкага раёна. Запiска не захавалася. Пасля вайны прыслалi паведамленне, што брат загiнуў пад Кiевам у 1945 годзе. Можа, адгукнуцца тыя, хто з iм ваяваў?
Марыя Якаўлеўна Цiткова (прозвiшча напiсана неразборлiва) адшуквае сваiх родных i блiзкiх. Бацьку Якава Герасiмавiча КРАЎЦОВА, 1910 года нараджэння. У кнiзе “Памяць” ёсць звесткi, што ён загiнуў 5 верасня 1944 года. Аднак родныя не ведаюць, дзе ён пахаваны. Тым больш што ў студзенi 1945 годзе ён даслаў дадому пiсьмо. Зваротны адрас быў п/п 49862 “А”. Таму звесткi ў кнiзе могуць быць недакладнымi. Марыя Якаўлеўна хоча даведацца таксама, як склаўся лёс сям’i Аляксандра ЗАГРАБЕЛЬНАГА, яго жонкi Людмiлы i сына Вiктара. Яны жылi ў ваенным гарадку Бабровiчы Калiнкавiцкага раёна. Пасля расфармiравання часцi з’ехалi ў горад Белая Царква (Украiна) на радзiму Аляксандра. З таго часу пра iх нiчога невядома. Адшуквае яна i стрыечных сястру Веру Панцялееўну МАСКАЛЕВIЧ i брата Андрэя МАСКАЛЕВIЧА (быў сынам палка). Прыкладна ў 1946—1947 годзе яны паехалi ў вёску Бародзiчы Зэльвенскага раёна.
Нiна Мiхайлаўна Бурмiстронак хоча даведацца, дзе дакладна пахаваны яе бацька Мiхаiл Iгнацьевiч БАКАНАЎ. Сям’я атрымала паведамленне, што ён загiнуў у лiпенi 1943 года i пахаваны ў горадзе Варонежы. Родныя звярнулiся ў ваенны камiсарыят Варонежа. Там паведамiлi, што ў спiсах пахаваных у брацкай магiле ён не пазначаны. “У лютым 1943 года тэрыторыя Варонежскай вобласцi была вызвалена ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў. А ў лiпенi таго ж года ваенныя дзеяннi вялiся на Курска-Арлоўскай дузе. Таму ён мог змагацца з ворагам толькi на той тэрыторыi, а не ў Варонежы. Аднак нiхто дакладнага месца пахавання не пазначае. Можа, засталiся аднапалчане Мiхаiла Iгнацьевiча Баканава?”
“Да вас звяртаюся як да апошняй iнстанцыi. Справа ў тым, што падчас вайны прапалi без вестак мае родныя. Бацька Мiкалай Пятровiч ШЭВАРОЎ, 1897 года нараджэння (вёска Кiшчыцы Дрыбiнскага раёна), пайшоў на фронт на пачатку лiпеня 1941 года. Ваяваў у артылерыi, быў наводчыкам. Яго часць разбiлi фашысты на тэрыторыi Расii (пад Ельняй цi Ельцам). Многiх савецкiх салдат тады захапiлi ў палон. Ад бацькi нiякiх звестак мы не атрымлiвалi. Дзядзька Мiкалай Дзмiтрыевiч СЫРАДОЕЎ, 1911 года нараджэння, ураджэнец вёскi Ордаць Шклоўскага раёна, прапаў без вестак. Яшчэ адзiн дзядзька Якаў Дзмiтрыевiч СЫРАДОЕЎ, 1914 года нараджэння (таксама вёска Ордаць), тэрмiновую службу праходзiў у горадзе Выбаргу. Перад пачаткам вайны даслаў толькi адзiн лiст. Што здарылася з iм потым — не ведаем.
Яшчэ хачу расказаць гiсторыю, якая адбылася прыкладна 12 лiпеня 1941 года. Немцы збiлi двухматорны савецкi самалёт. Ён упаў ля вёскi Галабурды Дрыбiнскага раёна. Усе тры пiлоты загiнулi. Iх пахавалi ў вёсцы. Дакументы былi толькi ў аднаго — лейтэнанта Сцяпана Пiнаева з Курскай вобласцi. Пасля вайны прыязджала яго сястра. Хацелася б даведацца iмёны астатнiх. А на могiлках у вёсцы Кiшчыцы пахаваны пагранiчнiкi. Там быў бой. Немцы iшлi ў вёску, якую абараняў атрад пагранiчнiкаў (у зялёнай форме). Забiлi двух немцаў, а фашысты захапiлi траiх пагранiчнiкаў i расстралялi. Мае землякi пахавалi безыменных герояў. Можа, хто застаўся у жывых сярод тых пагранiчнiкаў i можна ўстанавiць iмёны загi-нуўшых? Вiктар Мiкалаевiч Шэвароў, Краснаполле”.
БАЛIЦЬ СЭРЦА Ў МАЦI
“Пiша вам мацi адзiнаццацiгадовага хлопчыка Андрэя Аляксандравiча ХРУПАКОВА, якi прапаў 30 красавiка. I вось ужо больш за пяць месяцаў мы нiчога пра яго не ведаем. Ён нарадзiўся 27 мая 1995 года ў вёсцы Бяседавiчы (назва напiсана неразборлiва) Хоцiмскага раёна. На выгляд гадоў 10—11, хударлявага целаскладу. Валасы цёмна-русыя. Быў апрануты ў зялёную кашулю з белымi клеткамi (зашпiльваецца на замок), спартыўныя штаны, красоўкi. Асаблiвыя прыкметы: на правай руцэ на кiсцi шрам ад аперацыi. Што цi хто прымусiў яго пакiнуць дом — я не ведаю. Мы жывём у вёсцы, родных у горадзе няма, таму нават i не здагадваюся, куды  мог паехаць (пайсцi) Андрэй. Толькi на вас спадзяюся, а яшчэ на добрых людзей: можа, хто бачыў хлопчыка з такiмi прыкметамi, паведамiце. Людмiла Уладзiмiраўна Хрупакова, Хоцiмскi раён”.  
“У 2002 годзе прапала мая дачка ТАКАЕЎСКАЯ (цi Танаеўская, пазначана недакладна, дзявочае прозвiшча Яначкiна) Таццяна з унукам Кiрылам. Не магу знайсцi сабе месца, кожную хвiлiнку думаю, што з iмi здарылася. Буду ўдзячная за любую iнфармацыю. Еўдакiя Мiхайлаўна Яначкiна, горад Мiнск”.
ДА ВОЗЕРА НЕ ДАЕХАЎ
“8 чэрвеня 2003 года мой сын Аляксандр (iмя па бацьку напiсана неразборлiва) НIКIЦЕНКА, 1963 года нараджэння, разам са школьнымi сябрамi паехаў у Маскву на працу. Уладкаваўся на чыгунку — станцыя Мыцi-шчы. Аднойчы пасля працы ён з сябрамi на электрычцы паехаў на возера. На патрэбнай станцыi не выйшаў. I да гэтага часу нiчога пра яго невядома. Мая душа рвецца на часткi ад невядомасцi i цiшынi. Я перанесла iнсульт. Можа, хто бачыў майго сыночка, адгукнiцеся. Можа, ён страцiў памяць цi цяжка захварэў? Таццяна Мартынаўна Нiкiценка”.
РОДНЫЯ ЛЮДЗI
“Адшукваю родных Аляксандра Сяргеевiча ПАТАПЕНКI. Мая цётка была замужам за яго бацькам Сяргеем Патапенкам. Аднак яны разышлiся. I больш пра Сяргея нiчога невядома. Толькi, здаецца, у Гомелi засталася яго родная сястра Вольга Лукiнiчна Патапенка. Я хачу, каб яна сустрэлася са сваiм пляменнiкам Сашам. У яго зараз дзве дачкi Наташа i Каця, а таксама ўнучка Веранiчка. Тамара Ягораўна Вялiчка, Магiлёўская вобласць”.
“Я шукаю сваiх родных па прозвiшчы КУЦIНЫ. Яшчэ да вайны бацькаў брат Антон паехаў на працу за мяжу. Даслаў некалькi пiсьмаў. А потым сувязь абарвалася. Мой бацька Рыгор Iванавiч Куцiн прапаў без вестак у гады Вялiкай Айчыннай вайны. Таму родных па яго лiнii амаль не засталося. Дакладней, я пра iх нiчога не ведаю. Хай адгукнуцца ўсе Куцiны, можа, я знайду сваiх родных. Павел Рыгоравiч Куцiн, Брэсцкая вобласць”.
ПРАЗ АДЛЕГЛАСЦЬ I ЧАС
I.А.Арлоў адшуквае знаёмую РОЗУ, з якой ён працаваў у хлебапякарнi ў Слуцку. Там стаяла ваенная дывiзiя (прыкладна ў 1946—1947 годзе). Потым салдат накiравалi ў Брэст, i сувязь памiж Арловым i дзяўчынай абарвалася.
“Хачу даведацца, як склаўся лёс Валянцiна (iмя па бацьку не памятаю) ЮРЦЭВIЧА, прыкладна 1954 года нараджэння. Мы з iм пазнаёмiлiся ў 1979 годзе, ён прыехаў у наш калгас на практыку. Аднойчы на танцах завязалася бойка, яго збiлi, ён трапiў у абласную бальнiцу. Я пасля школы спрабавала паступiць у ВНУ — правалiла i паехала ў Ленiнград. Там паступiла ў тэхнiкум сувязi. Валянцiн даведаўся мой адрас. Пачалася перапiска. Яго пасля заканчэння Горацкай сельгасакадэмii размеркавалi на працу (у Гомельскую цi ў Гродзенскую вобласць). У адным з пiсьмаў ён прапанаваў выйсцi замуж. А мне заставалася вучыцца два гады. Валянцiн прапанаваў перайсцi на завочнае, я адмовiлася i паехала на практыку ў Талiн. Так сувязь i абарвалася. У кожнага з нас, вiдавочна, зараз свае сем’i. Аднак я хачу даведацца, як жыццё-быццё Валянцiна Юрцэвiча. Хай ён напiша цi патэлефануе. Лiдзiя Жыгалiна, Магiлёўская вобласць”.
Любоў Iванаўна Галяшэвiч шукае Мiхаiла Яўгеньевiча ТАЛАНКОВА. “Раней ён жыў у населеным пункце Барань Аршанскага раёна, на вулiцы Камсамольскай, дом 6, кв. 6. Я некалькi разоў пiсала на гэты адрас, лiст мой вярнуўся без адказу. Можа, ён змянiў месца жыхарства?”
РАСКIДАЛА ПА СВЕЦЕ
“Адшукваю сваю ўнучку Марыю Васiльеўну (цi Iванаўну) СЛЮСАР. Яна разам з мацi Вольгай Мiкалаеўнай Перван (Слюсар) жыла ў Вiннiцкай вобласцi, вёска Валадоўцы. Там павiнен жыць iх знаёмы Сцяпан Каўтун (цi Коўтун). Можа, ён ведае, дзе зараз мая адзiная ўнучка? Аляксандра Iванаўна Трафiменка, Магiлёўская вобласць”.
Вольга Усцiнаўна Серада адшуквае сястру Нiну Рыгораўну ТХЕЛIДЗЭ. “Нiна нарадзiлася, вучылася i працавала ў Макарычах. Яе будучы муж Рыгор Тхелiдзэ служыў у Муляраўцы (Петрыкаўскi раён). Там яны сустрэлiся i пажанiлiся. Потым пераехалi на радзiму мужа, у Грузiю. Нiна нарадзiла траiх дзетак: Славу, Марыну i Алiка. Як былi жывыя бацькi, Нiна з сям’ёй прыязджала на радзiму, а пасля iх смерцi (прыкладна ў 1976 годзе) нiводнага разу i не прыехала. Прайшло трыццаць гадоў, я вельмi хачу даведацца, як мая сястра i яе сям’я. Можа, iм там не добра жывецца, хай вяртаюцца на радзiму, у Беларусь”.
Сваю стрыечную пляменнiцу ЛЮБУ адшуквае Ева Абрамаўна Каўфман. “Бацька Любы па нацыянальнасцi казах. Яе мацi Дуся Львоўна Арлова, 1926 года нараджэння, з сястрой Ганнай Львоўнай Арловай, 1927 года нараджэння, былi эвакуiраваны падчас вайны ў Казахстан (Сямiпалацiнская вобласць, станцыя Аягуз, раён Урджар). Потым, здаецца, пераехалi ў Алматы. Дуся выйшла замуж (як завуць мужа — не ведаю) i нарадзiлася ў iх Любачка. Праз некаторы час Дуся памерла, а Люба засталася жыць з бацькам. Хачу даведацца, як склаўся яе лёс. На жаль, нi прозвiшча, нi iмя па бацьку Любы я не ведаю. Магчыма, у Беларусi яшчэ ёсць родныя. Чакаю ад iх звестак”.

   НЕ ЗАБЫВАЕЦЦА ТАКОЕ НIКОЛI

“Напачатку сакавiка 1965 года я здавала ўступныя экзамены на экфаку завочнага аддзялення Горацкай сельгасакадэмii. Там пазнаёмiлася са студэнтам Алегам СТАНКЕВIЧАМ, якi вучыўся на другiм курсе мехфака. Пакахалi адзiн аднаго. Часта хадзiлi на танцы. Потым я паехала, i мы доўгi час перапiсвалiся. Аднойчы перапiска абарвалася, i больш лiстоў ад яго я не атрымала. Як потым даведалася, усе пiсьмы забiраў мой будучы муж, каб я забыла Алега. Я нават i не здагадвалася пра гэта. Толькi пасля замужжа даведалася. Аднак Алега я не забывала. Шмат гадоў жыла за межамi Беларусi. Але не давала мне спакою першае каханне. Часта бачыла Алега ў сне. Па маiх падлiках, ён павiнен быў скончыць акадэмiю ў 1968 годзе. Мог вярнуцца працаваць у Брагiн, дзе жыў. Калi ён прачытае мой зварот, хай ведае, што першае каханне не забываецца. I пранесла я яго праз усе жыццёвыя перашкоды. Зiнаiда Броўка, горад Барань”.

ПАХАВАНЫ Ў БЕЛЬСКУ ПАДЛЯСКIМ Мы працягваем друкаваць прозвiшчы савецкiх салдат i афiцэраў, якiя загiнулi падчас вызвалення Польшчы ў 1944 годзе i пахаваны ў Бельску Падляскiм.

БАРСУКОЎ Мiхаiл Фёдаравiч, радавы, пахаваны ў вёсцы Дзянiскi;
ДУНАЕЎ Аляксей, старшына, спачатку пахаваны ў вёсцы Локнiца;
ДУШЭНКА Пiмен Якаўлевiч, спачатку пахаваны ў вёсцы Аўгустова;
ГУСЕНКА Мiхаiл, пачаткова пахаваны ў вёсцы Праневiчы;
АБРАМАЎ Феадосiй, спачатку пахаваны ў вёсцы Бакi;
КРЫЛОЎ Iван Дзмiтрыевiч, спачатку пахаваны ў вёсцы Агароднiкi;
ЛЕШЧАНКА Iван, партызан;
МАРШЧАНКА Фёдар, спачатку пахаваны ў вёсцы Праневiчы;
АКАНЕЧНЫ Мiхаiл Аляксеевiч (альбо Аляксандравiч), спачатку пахаваны ў вёсцы Бакi;
РУБIНШТЭЙН (iмя невядома), спачатку пахаваны ў вёсцы Локнiца;
26 салдат цi афiцэраў, прозвiшчы i iмёны якiх невядомы;
27 салдат цi афiцэраў, прозвiшчы i iмёны якiх невядомы;
БАГАЧОЎ Пётр Андрэевiч, радавы;
8 салдат цi афiцэраў, прозвiшчы i iмёны якiх невядомы;
ДВОРНIКАЎ Iван Мiкалаевiч, спачатку пахаваны ў вёсцы Боцькi;
ЛУЗУНАЎ Аляксей (альбо Аляксандр) Дзмiтрыевiч, старшы лейтэнант, спачатку пахаваны ў вёсцы Нужэц;
ТУРЭХIН Пётр Iванавiч, спачатку пахаваны ў вёсцы Орля;
105 салдат цi афiцэраў, прозвiшчы i iмёны якiх невядомы;
4 салдат цi афiцэраў, прозвiшчы i iмёны якiх невядомы;
32 салдаты цi афiцэры, прозвiшчы i iмёны якiх невядомы.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”:
220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter