"ПОМНI IМЯ СВАЁ..."

У пачатку красавiка калегi з радыё зачыталi лiст ад былой выхаванкi Целяханскага дзiцячага дома Веры Арсенцьеўны Баль, якi мы друкавалi 28 красавiка. Жанчына шукала сябровак дзяцiнства. Хутка прыйшоў лiст з Барысава ад Сафii Вiкенцьеўны Булшыскай (Прыпутневiч), таксама былой выхаванкi гэтага дзiцячага дома. Тэлефонная размова з ёй гучала ў праграме за 14 мая i была надрукавана ў “НГ”. Адгукнулася Галiна Васiльеўна Трушкова (Макарава) з Пiнска. Аказваецца, яна — аднакласнiца Сафii Прыпутневiч.

ЗНАЙСЦI ЧАЛАВЕКА
— Мы разам вучылiся ў чацвёртым класе роўна 50 гадоў таму, — успамiнае Галiна Васiльеўна. — Я выдатна памятаю Соф’ю — невысокага росту, цёмненькую дзяўчынку, вельмi рухавую. Я пайшла вучыцца ў Мiнскi педiнстытут, працавала ў школах на Палессi, апошнiя 22 гады ў Пiнскiм педвучылiшчы. Магчыма, я змагу дапамагчы адшукаць аднакурснiкаў Соф’i. Яны сустракаюцца звычайна ў першую суботу на веснавых канiкулах. Я ёй патэлефаную, i ўспомнiм, што i як было.
У пошукавай справе важная кожная дэталь, неабходна пераправерыць кожную лiтару. Таму з Галiнай Васiльеўнай Макаравай доўга супастаўлялiся ўсе факты. Напрыклад, яна працавала ў Пiнскiм педагагiчным вучылiшчы. У гэтай навучальнай установе вучылася i Сафiя Прыпутневiч. Шляхi аднакласнiц перасякалiся неаднойчы, аднак яны не сустракалiся. Цяпер у iх ёсць такая магчымасць. Спадзяёмся, што Галiна Васiльеўна Макарава адшукае яшчэ адну сваю аднакласнiцу Ларысу ДОМЫС. I сумесны пошукавы праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i “Народнай газеты” “Помнi iмя сваё...” дапаможа ёй у гэтым.
НАША РОДНАЯ КРЫВIНКА
Надзея Тарасаўна Варона з Мiнскай вобласцi шукае брата Фёдара Тарасавiча БУДЧАНIНА, якi нарадзiўся ў 1947 годзе ў вёсцы Чудзiна Брэсцкай вобласцi. “Да 1968 года мы ўсёй сям’ёй жылi там. У гэтым жа годзе па сямейных абставiнах я выехала ў вёску Мiхалёўцы. Брата забрала старэйшая сястра Таня, каб працаўладкаваць слесарам цi шафёрам. Ён вучыўся па гэтых спецыяльнасцях. Пасля вучобы яго накiравалi ў Караганду. Ён там ажанiўся, нарадзiлася двое сыноў. Бацькоў нашых няма ўжо на гэтым свеце, засталiся толькi дзве сястры i брат. I мы хочам знайсцi нашу родную крывiнку — брата, з якiм мы не бачылiся 35 гадоў”. 
ДЗЕ МАЁ КАХАННЕ?
“Шукаю Вiктара Сцяпанавiча ГАРБАТАВА, 1943 года нараджэння. Некалi ён жыў у Тульскай вобласцi, у вёсцы Суханава, а потым у вёсцы Маладзёнкi (напiсана неразборлiва). Я даведалася, што Вiктар пераехаў у Наваполацк. Там сляды губляюцца. Знайшла яго бацьку, аднак ён нiчога мне не расказаў. Мы пачалi сустракацца з Вiктарам у 1966 годзе. Так склаўся лёс, што мы рассталiся. Я нарадзiла сына, Вiктар пра гэта не ведае. Мой хлопчык (хоць і дарослы) цiкавiцца, хто яго бацька i дзе ён. А што я магу адказаць, калi сама не ведаю, дзе шукаць маё каханне. Можа, дзе-небудзь у Беларусi жыве Вiктар Гарбатаў, хай ведае: яго шукаюць сын i я, Нiна Мiхайлаўна Мiлюшкевiч (цi Мiмашкевiч — напiсана неразборлiва), Бабруйскi раён”.
ПРАБАЧЦЕ, РОДНЫЯ...
“Хачу даведацца, дзе мае сыны Юрый Мiкалаевiч (1962 года нараджэння) i Iгар Мiкалаевiч (1963 года нараджэння) СТРАЛЬЧУК. Да мяне дайшлi чуткi, што Юра жыве (цi раней жыў) у Саратаўскай вобласцi (здаецца, горад Энгельс), а Iгар — у Наваузенскiм раёне, вёсцы Курылаўка. Там жыве i iх мацi Валянцiна Васiльеўна Стральчук. Так склаўся лёс, што да iх чатырнаццацiгадовага ўзросту я не меў права з iмi бачыцца. Плацiў алiменты. Знаёмыя казалi, што сыны прыязджалi неяк у Беларусь, але са мной сустрэцца не захацелi. Я ведаю сваю вiну. Прашу: прабачце, родныя. Мiкалай Iванавiч Стральчук, Брэсцкая вобласць”.
АДГУКНIЦЕСЯ, СЯБРЫ I СЯБРОЎКI!
“Шукаем сябра, якога мы не бачылi шмат гадоў, Генадзя Паўлавiча АЛIСIЕВIЧА. Нарадзiўся ў 1936 годзе ў вёсцы Дроздзiна Барысаўскага раёна. У 1960-х гадах мы разам вучылiся ў Барысаве ў школе механiзатараў, потым раз’ехалiся. Ён можа жыць у Ваўкавыску. Генадзь, адгукнiся, цябе шукаюць Мiхаiл Пятровiч i iншыя сябры”.
“З Вячаславам Адольфавiчам ВАШЧЫЛАМ мы разам былi ў Казахстане, на цалiне (Паўладарская вобласць, Жалезенскi раён, саўгас “Прыiртышскi). Ён у мяне кватараваў. Працаваў у саўгасе трактарыстам. У 1963 годзе Славу забралi ў армiю. А я ў 1964 годзе з’ехаў з Казахстана. Пасля армii Слава ў саўгас не вярнуўся. Можа, паехаў на радзiму, у Гродзенскую вобласць. Хочацца спадзявацца, што i зараз ён там жыве. Шукае яго Iван Сяргеевiч Сапсай”.
“Хачу даведацца пра лёс Ганны Iванаўны ЛОГВIН (прозвiшча дзявочае). Яна з Драгiчынскага раёна. Выйшла замуж, атрымала кватэру ў Оршы. Яе мацi — вельмi добрая жанчына, заўсёды прыходзiла на дапамогу. А Ганна была мне за сяброўку i сястру. Адшукваю таксама Нiну Сцяпанаўну ДЗЕНIСЮК. Мы ў 1958—1959 гадах разам жылi на кватэры, працавалi на цукровым заводзе ў Палтаўскай вобласцi. Нiна нарадзiлася ў Кобрынскiм раёне. Можа, мая сяброўка вярнулася на радзiму? Надзея Максiмаўна Галах”.
ХТО ВЕДАЕ, ЧУЎ, БАЧЫЎ
“Мая сястра Тэрэза Генадзьеўна КАЛАЧЫК нарадзiлася ў 1978 годзе ў вёсцы Войштавiчы Валожынскага раёна. У 1995 годзе паехала са сваiм сябрам у Масюкоўшчыну. З таго часу нiчога пра яе не ведаем. Яна магла змянiць iмя Тэрэза на Таццяну. Калi хто ведае Тэрэзу цi Таццяну Генадзьеўну Калачык, паведамiце. Яе шукае старэйшая сястра Марына.
А яшчэ наша сям’я хоча даведацца хоць што-небудзь пра Аляксандра Антонавiча БАЖКО, 1978 цi 1979 года нараджэння (вёска Мясата Маладзечанскага раёна). Ён вучыўся ў Пухавiцкiм iнтэрнаце (так пазначана ў пiсьме). У 1991 годзе ён са сваёй мацi прыязджаў у Магiлёў на канiкулы. З таго часу сувязь з iмi страчана. Анатоль i Марына Бажко, Мiнская вобласць”.
“З вайны не вярнулiся ў нашу сям’ю двое. Iван Ягоравiч ЧЭПIК, 1920 года нараджэння, прызваўся ў армiю ў 1940 годзе. Служыў у Эстонii. Часта пiсаў дадому. Перад вайной накiравалi яго ў Ленiнград для паступлення ў медыцынскую школу. Пасля вайны атрымалi пасведчанне, што ён прапаў без вестак. Лiдзiю Ягораўну ЧЭПIК, 1925 года нараджэння, прыкладна ў 1943—1944 годзе забiралi ў Германiю на прымусовую працу. Лагер, якi спачатку знаходзiўся ў Докшыцах, нашы разбамбiлi. Хто выратаваўся, збег. Лiда трапiла ў партызаны. Прыйшло паведамленне, што Лiдзiя Ягораўна Чэпiк загiнула пры выкананнi баявога задання. Чула, што яе iмя знаходзiцца на дошцы загiнуўшых у адным з заходнiх раёнаў Беларусi. Калi хто бачыў, паведамiце. Марыя Ягораўна Пазняк, Вiцебская вобласць”.
ЦI ЖЫВЫ ЕМЯЛЬЯН?
“У гады Вялiкай Айчыннай вайны да нас прыйшоў ваеннапалонны, якi збег падчас пераправы ў iншы лагер. Звалi яго Емяльян. Рэдкае для нашых мясцiн тады было iмя. Ён дапамагаў нам па гаспадарцы. А потым сабраўся на фронт. Казаў, калi застанецца жывым, пасля вайны прыедзе ў госцi. У Емяльяна быў фотаздымак жонкi i дзяцей: дзяўчынкi i хлопчыка (прыкладна 1937 года нараджэння). Жылi мы тады ў вёсцы Залессе Валявацкага сельсавета Чэрвеньскага раёна. Ён таксама лiчыўся ў нашай дамавой кнiзе. Можа, хто чуў такую гiсторыю. Вельмi хочацца даведацца, цi выжыў Емяльян. Сям’я Урублеўскiх, горад Мiнск”.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
Iван Сяргеевiч Сапсай шукае месца пахавання свайго брата Фёдара Сяргеевiча САПСАЯ, 1918 года нараджэння, якi прызваўся ў армiю ў 1939 годзе. Служыў спачатку ў 24-й мотастралковай дывiзii пад камандаваннем генерал-маёра Галiцкага. “Вайна застала брата недзе пад Маладзечнам (адтуль было некалькi пiсьмаў). У тых мясцiнах, мабыць, i загiнуў. Iх дывiзiя ваявала пад Мiнскам. Можа, ёсць брацкiя магiлы на месцах тых баёў?”
“Можа, ёсць iнфармацыя пра Уладзiмiра Андрэевiча САВАСЦЮКА, прапаўшага без вестак у гады вайны, паведамiце. Васiль Аляксандравiч Савасцюк, горад Лiда”.
“Мой бацька Фёдар Паўлавiч КУЛIК, 1905 года нараджэння, прапаў без вестак у гады вайны. Прызываўся на фронт у Бялынiчах. Хачу даведацца, дзе пахаваны, пакланiцца той зямлi. Мiхаiл Фёдаравiч Кулiк, Мiнская вобласць”.
“У 1941 годзе без вестак прапаў мой брат Iосiф Сяргеевiч Акулёнак. Потым памерла яго жонка. Засталося двое дзяцей, Валянцiн i Iрына АКУЛЁНАК. Валянцiн некаторы час жыў у Смаленску, затым пераехаў ва Украiну (здаецца, у Чарнiгаўскую вобласць). Пра Iрыну нiчога не ведаю. Дапамажыце сустрэцца з пляменнiкамi. Мне ўжо 90 гадоў, хачу прасiць прабачэнне ў iх за тое, што згубiла i не знайшла сваiх родных. Надзея Сяргееўна Акулёнак, горад Орша”.
“Мой бацька Iван Дзмiтрыевiч САЛДАТАЎ (прыкладна 1913—1918 года нараджэння) быў накiраваны на службу ў Адэсу. 16 чэрвеня 1941 года мацi атрымала ад яго грашовы перавод, а праз тыдзень — фотаздымак i добры, ласкавы лiст, у якiм ён абяцаў прыехаць, бо яшчэ не бачыў мяне з самага нараджэння. Аднак пiсьмо ў дарозе застала вайна. Мы з мацi былi эвакуiраваны з вёскi Вязьма Смаленскай вобласцi ў Пензенскую вобласць. А ў 1945 годзе прыехалi на радзiму матулi на Браншчыну. Мы ўсё жыццё шукаем тату — безвынiкова. Можа, ён жыве на Беларусi, можа, прыязджаў калi? Ала Iванаўна Кухарская, горад Мiнск”.
“Шукаю свайго бацьку Васiля Фёдаравiча ДАЙНЕКУ, 1914 года нараджэння, якi прапаў без вестак у вераснi 1944 года. Марыя Васiльеўна Федзько (Дайнека)”.
“Хачу адшукаць месца пахавання бацькi Васiля Фролавiча РУБАНА, якi нарадзiўся ў Полацку ў 1904 годзе. Прапаў у гады Вялiкай Айчыннай без вестак. Звароты ў Падольскi архiў нiякiх вынiкаў не далi. Можа, яго iмя ёсць у спiсах загiнуўшых у канцлагерах? Клара Васiльеўна Рубан, горад Магiлёў”.
Ганна Васiльеўна Казначэева з Крычава адшуквае звесткi пра бацьку Васiля Самуiлавiча КАЗНАЧЭЕВА, 1907 года нараджэння. Да вайны жыў у Чэрыкаўскiм раёне. Працаваў старшынёй калгаса. На вайну прызваўся Чэрыкаўскiм райваенкаматам. З фронту не вярнуўся. “Яго сябра расказваў, што пад Масквой накрылi iх самалёты. Бацька наказаў: калi што здарыцца, хай знойдзе сям’ю, другую жонку i папросiць, каб не пакiдала дзвюх дачок-сiротак ад першай жонкi (гэта значыць нас). Можа, дзе пад Масквой ёсць брацкiя могiлкi i там пазначана прозвiшча нашага таты, паведамiце”.
Марыя Якiмаўна Найбiч таксама адшуквае свайго бацьку Якiма (Акiма) Антонавiча БIЛЬДЗЕЙКУ (БIЛЬДЭЙКУ), 1901 года нараджэння. Быў прызваны на фронт Пружанскiм ваенкаматам.  “Камандаванне вайсковай часцi паведамiла, што 15 красавiка 1945 года бацька быў цяжка паранены на рацэ Одэр. Перапраўлены ў тыл. Больш нiчога пра яго не ведаем. Можа, не вытрымаў i памёр ад ран. Ведаць бы, дзе яго магiлка. Мне амаль восемдзесят гадоў, але набралася б сiлы i паехала на тую зямлю, дзе пахаваны бацька”.
Пётр Семёнавiч Валасюк з Брэста хоча даведацца, дзе загiнуў бацька Сямён Андрэевiч ВАЛАСЮК, 1905 года нараджэння. “Да вайны жыў у Жабiнкаўскiм раёне, працаваў начальнiкам ваенна-ўлiковага стала. У 1943 годзе па даносе здраднiкаў арыштаваны за сувязь з партызанамi i адпраўлены ў Брэсцкую турму. Мы некалькi разоў прыносiлi яму перадачы. Апошнi раз у нас нiчога не ўзялi, адказалi, што такога ў турме ўжо няма. Пасля вызвалення Брэста мы спрабавалi хоць што-небудзь даведацца пра бацьку. Па словах мясцовых жыхароў, зняволеных часта расстрэльвалi прама ў турме, некаторых адпраўлялi ў канцлагер. Цi ёсць дзе звесткi пра тых, хто быў у Брэсцкай турме? Цi выжыў хто? Я вельмi хачу сустрэцца са сведкамi тых падзей”.
ДАПАМАЖЫЦЕ, РАСIЯНЕ
“У нас падчас вайны прапаў брат Iван Цiмафеевiч НАЗАРЧЫК, 1921 года нараджэння. 5 мая 1941 года яго прызвалi ў армiю. Прыслаў толькi два лiсты. У 1944-м прыйшло паведамленне, што прапаў без вестак. Пасля вайны мацi некалькi разоў пiсала ў мiнiстэрства, каб даведацца, дзе загiнуў i пахаваны. Аднак кожны раз адказы былi розныя. Аднойчы, прыкладна ў 1955—1956 годзе, прыехала ў наш Паўлоўскi сельсавет (тады Бабруйскай вобласцi, Кiраўскага раёна) жанчына, назвалася Аленай, жонкай Iвана. У сельсавеце адказалi, што ён загiнуў. Яна ж паведамiла, што застаўся жывым. Нам Алена расказала, што сама з Краснаярскага краю. Называла i раён, i сельсавет, аднак мы не памятаем (прыгадваецца Хамутоўскi раён цi сельсавет). Па яе словах, дзядзька быў паранены ў нагу. Яна ўзгадала некаторыя звесткi пра яго дзяцiнства. Усё супадала. Ён павiнен быў прыехаць праз тры днi пасля яе. Аднак нiкога не было. З ёй размаўляў участковы i сказаў ехаць туды, адкуль прыехала. Так Алена i знiкла. Больш пра дзядзьку цi яго сям’ю мы нiчога не ведаем. Цi сапраўдная гэта была жонка? Дарагiя нашы браты i сёстры з роднай Расii, можа, вы ведаеце такога чалавека? Бранiслаў Цiмафеевiч Назарчык, горад Жлобiн”.
НЕВЯДОМАЯ МАГIЛКА
Мар’ян Баляслававiч Рыпiнскi з хутара Старая Рудня Астравецкага раёна паведамiў, што ў лесе недалёка ад яго дома пахаваны два салдаты. “Было гэта ранняй вясной 1944 года. Iх высадзiлi на парашуце, каб узарваць мост праз раку Вiлiю ля вёскi Жодзiшкi Смаргонскага раёна. Парашут з выбуховым прыстасаваннем не даляцеў. Салдаты хадзiлi па хутарах i пыталi пра груз. Знайшлiся здраднiкi, якiя данеслi палiцаям. Завязалася перастрэлка. На другi дзень, калi ўсё сцiхла, вяскоўцы пайшлi паглядзець на тое месца, дзе стралялi. I ўбачылi двух забiтых салдат у маскiровачных халатах. Iх пахавалi. Можа, знойдуцца iх родныя цi блiзкiя?
Гэты лiст мы перададзiм у пошукавы батальён. Будуць правераны ўсе звесткi, пасля чаго можна будзе дасканала займацца гэтай справай.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter