“Помні імя сваё”

Пошукі тых, хто губляецца на жыццёвых дарогах, нярэдка завяршаюцца станоўча. Мы задаволены, што адбываецца гэта і з дапамогай сумеснага пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё”

Пошукі тых, хто губляецца на жыццёвых дарогах, нярэдка завяршаюцца станоўча. Мы задаволены, што адбываецца гэта і з дапамогай сумеснага пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё”

Беларусь—Украіна--Германія
 “Мая пляменніца Юлія Ігараўна Грынкевіч (на фота) жыве ў Германіі, у Берліне. Яна просіць адшукаць яе бацьку Ігара БЯЗБОЖНАГА. Яму прыкладна 44 гады. Юля хоча скласці свой радавод, каб потым пакінуць дзецям і ўнукам памяць пра сваіх продкаў, свае карані. А таксама цікавіцца, ці ёсць у яе браты і сёстры па лініі бацькі. Маці Юлі родам з Беларусі, з Віцебскай вобласці. Калі яна была маладая, паехала працаваць у горад Севастопаль. У 1986 годзе ў ліпені-жніўні ў рэстаране пазнаёмілася з мараком Ігарам. Ён працаваў на кітабойным судне “Савецкая Украіна”. Яно было з партовага горада Ільічоўск Адэскай вобласці. У Севастопалі карабель спыніўся на рамонт. Увесь час маладыя сустракаліся. Адыходзячы ў рэйс на год, Ігар абяцаў пісаць і сустракацца. Праз два месяцы маці Юлі зразумела, што цяжарная. Гэтай навіной яна ні з кім не падзялілася, нават з лепшай сяброўкай. Нарадзіла дзяўчынку, якую назвала Юля. Калі ёй было дзесяць месяцаў, маці вырашыла шукаць бацьку Ігара. Яна паехала ў Ільічоўск і сустрэлася з ім. Але падчас збораў забылася фотаздымак дзяўчынкі, і бацька не паверыў, што ў яго ёсць дачка. На гэтым сувязь абарвалася. Маці выхоўвала Юлю адна. Цяпер яны жывуць у Берліне. Юля -- студэнтка універсітэта, амаль кожны год прыязджае на лета ў Севастопаль. Яна вельмі хоча сустрэцца з роднымі па лініі бацькі, а таксама з ім. Ірына Фёдараўна Каско, Мінск”.
Гора маці
 “Мой сын Мікалай Антонавіч ЛЕВАНЮК, 1976 года нараджэння, у пачатку жніўня 2007 года паехаў у Калінінград на заробкі. Уладкаваўся ў будаўнічую арганізацыю. Праз тыдзень пазваніў і сказаў, што даляцеў добра, што з ім заключылі дагавор на тры месяцы. З таго часу вестак ад яго не было, дадому не вярнуўся. Марыя Мікалаеўна Леванюк, Драгічын”.
Рэха вайны
“Часта езджу на Гомельшчыну -- сваю малую радзіму. Каля станцыі Лозкі знаходзіцца помнік, а крыху далей ад чыгункі -- адзінокая магіла. Кожны раз баліць сэрца: успамінаю свайго дзядзьку. Фёдар Ануфрыевіч ГВОЗДЗЬ нарадзіўся ў вёсцы Крынкі Рэчыцкага раёна. Быў машыністам. У 1942 годзе маці Фёдара перадалі: калі прыйдзе на станцыю Бабічы, то ўбачыць сына, але яна не паспела. Цягнік па дарозе пазней разбамбілі немцы. Хачу даведацца, хто пахаваны ў магіле ля станцыі, і знайсці звесткі пра дзядзьку. Валянціна Мікітаўна Мартынюк, Пінск”.
“Шукаю месца пахавання бацькі Піліпа Фёдаравіча СЕЛІВОХІ, 1911 года нараджэння. У пачатку вайны быў прызваны на фронт. Накіраваны пад Гродна, потым, падчас адступлення пайшоў разам з астатнімі на Невель Пскоўскай вобласці. У канцы ліпеня 1941-га трапіў у палон, знаходзіўся ў горадзе Дзісна Міёрскага раёна. Прапаў без вестак у кастрычніку 1941 года. Мікалай Піліпавіч Селівоха”.
 “Мой бацька Андрэй Мікалаевіч ВАЛАДЗЬКО, 1918 года нараджэння, да вайны быў прызваны на тэрміновую службу Глускім райваенкаматам з вёскі Падлужжа і служыў ў Беластоцкай вобласці. Быў медыкам. Восенню 1941-га павінен быў вярнуцца дадому, але пачалася вайна. Пасля перамогі даведаліся, што старшына Валадзько прапаў без вестак у жніўні 1944 года. Марыя Андрэеўна Вярбіцкая, Салігорск”.
“Мой дзядзька Рыгор Ціханавіч ЕРАШОНАК, 1915 года нараджэння, ураджэнец Шумілінскага раёна, жыў у Віцебску. Адтуль быў прызваны на трохмесячныя ваенныя зборы. Аднойчы дзядзьку і ўсім, хто быў з ім, загадалі сесці ў вагоны і некуды павезлі. На развітанне ён сказаў родным, што з месца прызначэння абавязкова напіша. Так і не дачакаліся ад яго вестачкі. Яшчэ прашу адгукнуцца Антаніну БУРАК, якая раней жыла ў  Бабруйску, і Ганну САПІЖУЧКА з Брэста. Мы разам ляжалі ў бальніцы. Ніна Іванаўна  Скуратава, Віцебск”.
“Наша сям’я да вайны жыла ў Мінску. Мне было ў той час пяць гадоў, брату каля трох. Мама расказвала, што бацька Міхаіл Антонавіч ТЫЛІНДУС, прыкладна 1903--1908 года нараджэння, у першыя дні фашысцкага нападу прасіўся на фронт. Яму сказалі чакаць дома. Прайшоў час, але бацьку не выклікалі. Тады ён завёз нас да сваёй маці ў вёску Клімавічы Мінскага раёна, а сам з таварышамі паехаў даганяць армію. Пасля вайны прыйшло паведамленне, што бацька прапаў без вестак. Хочацца даведацца, дзе і як. Зоя Міхайлаўна Дымская, Мінск”.
Мы ладзім сустрэчы
Уладзімір Іванавіч Міцько з горада Люберцы Маскоўскай вобласці шукаў Эльвіру Яфімаўну Краснову (прозвішча дзявочае). Яны пазнаёміліся ў 1954 годзе ў час вучобы ў Віцебскай аднагадовай сельскагаспадарчай школе бухгалтараў. Сябравалі. У 1955-м былі ў суседніх вёсках на стажыроўцы. Летам таго ж года Уладзіміра прызвалі на тэрміновую службу. Ён з Эльвірай перапісваўся. У адным з лістоў напісаў, што будзе паступаць у ваеннае вучылішча. Яна адказала, што не стане чакаць яго і выйдзе замуж. Пазней Эльвіра жыла ў Віцебску. Уладзімір вельмі перажываў з-за расстання. Эльвіра Яфімаўна адгукнулася. Яна вельмі рада, што яе не забывае сябар маладосці.
Магіляўчанка Галіна Дзмітрыеўна Шульц шукала сябра юнацтва Васіля Фралова. Васіль родам са Слаўгарада. Вучыўся ў Магілёўскім машынабудаўнічым інстытуце. Ёй было 20 гадоў, а яму -- 19. Галіна ў той час  працавала на будоўлі. Паміж імі былі самыя чыстыя адносіны, пісалі адно аднаму вершы. Фотаздымак, які ёй падарыў на памяць Васіль, яна часта бярэ ў рукі, паказвае сыну і ўспамінае той летні лівень, калі яны з пазнаёміліся на прыпынку. Адгукнулася суседка Васіля, якая расказала пра яго жыццё.
Мінчанка Вераніка Юр`еўна Абухоўская шукала родных па мацярынскай лініі. Яе прабабуля Паліна Фёдараўна Аляксеева, па мужу Дайлідава, 1898 года нараджэння, з вёскі Збароў Рагачоўскага раёна. Памерла яна ў 1977 годзе. Апошнія гады жыла ў дачкі ў Валожыне. У Паліны Фёдараўны была сястра Ефрасіння, якая жыла ў Кіеве. На зварот адгукнулася дачка яшчэ адной прабабулі па лініі маці В.Ю.Абухоўскай. Галіна Мікалаеўна Баброва мае звесткі пра родных Ефрасінні.
Блізкія людзі
“Я старэйшая сястра дзевяцярых братоў і сясцёр нашай былой вялікай сям’і. Чатыры браты памерлі ў маладым узросце, а пра лёс аднаго не ведаю. Мікалай Мікалаевіч БУЛАШ, 1942 года нараджэння, у апошні раз прыязджаў на радзіму, у вёску, дзе я зараз жыву, у 1982-м на пахаванне маці. Праз год ён быў у гасцях у брата Генадзя ў Маскве, вярнуўся дадому ў Сургут (Расія), і з таго часу пра яго нічога невядома. Працаваў ён у арганізацыі, якая будавала масты. Разам з бацькам жыў сын Андрэй, прыкладна 1967 года нараджэння. Дапамажыце знайсці брата і пляменніка. Соф`я Мікалаеўна Шашко, Стаўбцоўскі раён”.
Віктар Андрэевіч Фадзееў з пасёлка Паўднёвая Ламаватка  Луганскай вобласці (Украіна) просіць адгукнуцца свайго пляменніка Віктара Паўлавіча ІВАНІЦКАГА са Стаўбцоўскага раёна.
“Хачу аднавіць сувязь з пляменнікамі, дзецьмі брата Мікалая. Раней яны жылі ў Казахстане, у Какчэтаўскай вобласці. Калі бацька памёр, старэйшы сын Уладзімір забраў да сябе ў горад Омск брата Аляксандра і сваю маці Валянціну Мікалаеўну. Больш за пяць гадоў ад іх няма ніякіх вестак. Ганна Дзям’янаўна Берашэвіч, Сенненскі раён”.
Агеньчык кахання
“У 1961--1963 гадах непадалёку ад нашай вёскі ў лесе стаяла вайсковая часць. А мы былі маладыя, добра спявалі. Аднойчы наш калектыў паехаў з канцэртам у часць. Там я пазнаёмілася з Віктарам Іванавічам НОВІКАВЫМ. Мы з ім сябравалі тры гады. У 1963 годзе ён дэмабілізаваўся. Аднойчы Віктар прыехаў да мяне, калі я была на працы.  Прыйшоў туды, але яму адказалі, што я не хачу яго бачыць. А мне пра гэта не паведамілі. Мабыць, ён на мяне пакрыўдзіўся. Я толькі ведаю, што Віктар быў з Масквы. Так хочацца сустрэцца, пагаварыць і ўспомніць маладосць. Фядора Мікалаеўна Касянюк, Маларыцкі раён”.
“Васіль Якаўлевіч КІВЕЛЬ (на фота), 1927 года нараджэння, ураджэнец горада Ковель Валынскай вобласці (Украіна). Апошнім часам ён мне часта сніцца. Шмат гадоў мінула, але я яго так і не змагла забыць. Хочацца даведацца, як склаўся яго лёс, дзе ён зараз жыве, ці мае сям’ю. У пачатку 1948 года я працавала галоўным бухгалтарам на торфапрадпрыемстве ў вёсцы Брускаўшчына Маладзечанскага раёна, жыла на кватэры. У той час там знаходзілася вайсковая часць нумар 62111. Да майго гаспадара пасялілі двух салдат.  Абое мелі аднолькавае імя -- Васіль. Я пасябравала з адным з іх. Ён часта дапамагаў мне па гаспадарцы. Але ў хуткім часе іх часць перавялі ў пасёлак Рось Ваўкавыскага раёна. Перад ад’ездам Васіль папрасіў мой хатні адрас, мы пачалі перапісвацца. Ён мне пісаў каля трох гадоў. За гэты час Васіль паслужыў яшчэ ў Оршы, каля станцыі Зябраўка Гомельскай вобласці і ў Гомелі. Аднойчы, калі я была ў камандзіроўцы, а служба Васіля заканчвалася, мая калега атрымала ліст ад Васіля, адрасаваны мне, прачытала яго і напісала адказ. Яна паведамляла, што я выйшла замуж. Атрымаўшы яго, ён напісаў мне развітальнае пісьмо. Так з-за чужой зайздрасці закончылася наша перапіска. Ганна Пятроўна Гейсік, Маладзечна”.
“Канстанцін Міхайлавіч БАГУШЭВІЧ, 1921 года нараджэння, ураджэнец Бабруйскага раёна, падчас вайны быў партызанам. Так мы з ім і пазнаёміліся. У 1944-м іх атрад расфарміравалі, і яго пакінулі ўчастковым у вёсцы Тухавічы. Сустракаліся мы да лютага 1945 года. Затым яго накіравалі ў  Баранавічы. У верасні таго ж года я нарадзіла ад яго сына. У 1946-м ён прыслаў мне ліст з Кемераўскай вобласці з турмы і паведаміў, што будзе знаходзіцца там 10 гадоў. Увесь гэты час мы перапісваліся. У лістападзе 1948 года пісаў, што вяртаецца на волю. Пасля гэтага вестак ад яго не было. Я пісала яму, але лісты вярталіся з надпісам “адрасат выбыў”. Мы з сынам яго чакалі, ды ён не вярнуўся. Марыя Міхайлаўна Адзінец (Дзяняшчык), Ляхавіцкі раён”.
Шчасцем завецца
“Я -- ветэран працы, майстар спорту, удзельніца народнага хору, яго салістка дагэтуль. Выраслі дзеці, бегаюць унукі, а душа маладая. Часта ўзгадваю, як у свае 19 праводзіла ў армію хлопца, з якім сябравалі, а потым рассталіся. Пазнаёміліся мы ў 1963 годзе ў струнным аркестры. І зараз, калі іду спяваць, успамінаю яго. Хочацца зноў сустрэцца з ім і пагаварыць. На ўсялякі выпадак пакіну яму такія словы:
Если ты счастлив, любимый,
Будет и мне хорошо.
Только люби её крепко,
И, как меня, не бросай.
И, если можешь, хоть редко,
Нашу любовь вспоминай.
Раіса Цімафееўна Ільюшчанка, Орша”.
Праз гады і межы
“Хачу знайсці знаёмага з Польшчы Аляксандра ПАЛЕСКАГА, 1958 года нараджэння. Апошні раз мы размаўлялі па тэлефоне чатыры гады таму, а з моманту нашай апошняй сустрэчы мінула восем гадоў. У 2002-м ён павінен быў заснаваць Акадэмію марскога ратавання і выхавання ў Гайнаўцы. Святлана Станіславаўна Вырвіч (Крывель), Мінск”.
“Шукаю сябра маладосці Уладзіміра Антонавіча СУШЧЫНСКАГА, які са сваёй сястрой жыў у Алтайскім краі ў Расіі. У 1952 годзе Уладзімір праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў Брэсце, дзе мы і пазнаёміліся. Дарогі нашы разышліся, але, мяркую, і Уладзімір успамінае мяне. Вольга Трафімаўна Казакевіч, Смалявічы”.
 “Мой сябар маладосці Віктар БУЙНІЦКІ ў 60-я гады быў настаўнікам гісторыі ў адной са школ Лагойска. Віктар, адгукніся. Алімпіяда Ігнацьева, Брэст”.
Да сустрэчы
“Мы -- былыя выпускнікі 1963 года Ільіцкай сярэдняй школы Брагінскага раёна. Наш клас быў, здаецца, дружны. Але чамусьці няма ў нас ні выпускнога фотаздымка, ніводнай сустрэчы не арганізавалі. Усё гнала жыццё наперад. Цяпер усім нам за 60. Смутак і боль у сэрцах за тых, каго ўжо няма на гэтым свеце, вельмі шкада хворых і нямоглых. Чарнобыльская навала назаўсёды змяла з карты Брагіншчыны дарагія нашым сэрцам вёскі Ільічы, Нудзічы, Ясмінцы, Рафалаў, Спярыжжа, Глухавічы і нашы бацькоўскія дамы. Раз’ехаліся ўсе па белым свеце, а таму цяжка нам знайсці сваіх былых аднакласнікаў. 12 чалавек знайшлі самі, але гэта меншая палова класа. Спадзяёмся, што адгукнуцца Уладзімір АСТАПЕНКА, Васіль МАРТЫНЕНКА, Іван Міхайлавіч і Іван Іванавіч ІГНАЦЕНКІ, Зінаіда Майсееўна МАРТЫНЕНКА (раней працавала ў аптэцы ў Брэсце), Васіль ЧАРНЯК, Ева ДЗЯДЗЕНКА, Еўдакія ЯРМОЛЕНКА, Уладзімір ПАТАПЕНКА і іншыя. Любоў Барысаўна Мельнічэнка, Гомель”.
Даруй!
“Я вінаватая перад маім былым мужам Мікалаем Міхайлавічам АБРАМОВІЧАМ, 1958 года нараджэння, які жыве ў Мазыры. Хачу папрасіць прабачэння. Працуе ён вадзіцелем-дальнабойшчыкам. Раней жыў ля станцыі Козенкі Гомельскай вобласці. Ніна Мікалаеўна Лазарава, горад Уладзімір (Расія)”.
Дарагія сябры
“Сёлета спаўняецца сорак гадоў, як я закончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Вучыўся на энергетычным факультэце і жыў у інтэрнаце № 5 з Васілём Пятровічам ІНЮЦІНЫМ. Пасля заканчэння мяне накіравалі на Бярозаўскую ДРЭС, а Васіля -- у Латвію, у горад Ліепая на цукровы завод. Хачу даведацца, як склаўся далейшы лёс сябра. Аляксандр Іосіфавіч Ракавец, Белаазёрск”.
“Шукаю курсантаў вайсковай часці нумар  01084 чацвёртай роты 42-га ўзвода, якая ў 1988 годзе знаходзілася ў Крыме. Прашу таксама адгукнуцца сваіх таварышаў па службе з часці нумар 77981 (Якуцк), з якімі служыў з 1988-га па 1990-ты год. В.В.Дуброўны, Івана-Франкоўская вобласць (Украіна)”.
“Цікава, як склаўся лёс сяброў юнацтва Ганны Яфімаўны ВАСІЛЁНАК, 1943-га, Зінаіды Паўлаўны ПАЎЛЮЧЫК (Конанавай), Аляксея ЗАБАРОНКА (абое 1945--1946 гадоў нараджэння). Мы разам вучыліся ў Мінскім радыётэхнічным тэхнікуме. З Ганнай былі ў адной групе і пасля заканчэння па размеркаванні паехалі ў горад Барань. Праз год сяброўка пераехала ў Мінск. У 1972-м сувязь паміж намі перарвалася. Зіна і Аляксей вучыліся на год пазней. Пасля заканчэння тэхнікума з Лёшам я не бачылася. З Зінай мы сустракаліся, бо нашы бацькі жылі побач. Але пасля смерці майго бацькі не бачыліся. Ведаю, што Зіна разам з мужам Анатолем Паўлючыкам жылі ў Мінску. Іна Максімава (Саўчанка), Барань”.
“Мая сяброўка Таіса КОНЧЫЦ, прыкладна 1930--1932 года нараджэння, у 1954-м  працавала ў райкоме камсамола ў Чачэрску. Хачу даведацца, як склаўся яе лёс. Вольга Іосіфаўна Сіліна, Рэчыцкі раён”.
“З Антанінай МІХАСЁВАЙ і Людмілай ЦЯПЛОВАЙ (прозвішчы дзявочыя) мы вучыліся ў адной групе ў полацкім тэхнікуме, які рыхтаваў спецыялістаў для нафтавай прамысловасці. Нядаўна споўнілася 40 гадоў, як закончылі гэту навучальную ўстанову. Збіраліся на сустрэчу, а затым на юбілей горада, Людмілы і Антаніны не было. Самуіл Аронавіч Глейбярзон, Наваполацк”.

Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00 і ў сераду ў 21 гадзіну.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter