“Помні імя сваё”

Ачмурэлыя ад вясны салаўі кожную ночку заліваюцца-спяваюць пра каханне. Пэўна, таму ў пошце сумеснага пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё” нямала шчымлівых і хвалюючых лістоў пра маладыя гады, сціплыя ўсмешкі і нясмелыя абдымкі. Людзі сталага ўзросту імкнуцца даведацца пра лёс сваіх былых каханых. А мы стараемся дапамагчы.

Ляці, блакітны матылёк
Было гэта амаль паўстагоддзя таму назад. А ёй здаецца, толькі ўчора. Учора быў блакітны матылёк і насенне кветак, якія павінны былі расквеціць, аздобіць іх пачуцці. Але так, відаць, наканавана лёсам, што не закружыў галовы кветкавы пах, а той матылёк так і не ўзняўся ў напоенае каханнем паветра.
“Мікалай ЗАІКІН, якога я не магу забыць, 1937 года нараджэння, з вёскі Ельня Хоцімскага раёна. Мы пазнаёміліся ў пасёлку Дзянісаўка Кустанайскай вобласці. Туды  ў 1961 годзе Мікалай прыехаў пасля службы ў войску, -- успамінае тыя далёкія шчаслівыя дні Марыя Мікітаўна Іванова (Харунжая) з Крычаўскага раёна. -- У нас было ўсяго некалькі сустрэч. Ён падарыў мне блакітнага матылька -- упрыгожанне на сукенку. А яшчэ прынёс мяшэчак насення кветак. Казаў, што вельмі прыгожыя, як прыедзем у Беларусь, будзем разам сеяць. Але нашым марам, відаць, не суджана было збыцца. Праз два месяцы Мікалай прапанаваў мне выйсці за яго замуж, і я пагадзілася. Мы ўзялі заяву  ў мясцовым загсе, аднак аднесці не паспелі, яна засталася да наступнага дня ў мяне. У госці прыйшлі сябры і сяброўкі, і адзін з хлопцаў, пакуль я была на кухні, знайшоў  заяву і запоўніў яе ад свайго і майго  імя,  а  мне сказаў: “Пойдзеш са мной у загс, а не дасі згоды, замест вяселля будзе пахаванне”. Мікалай запярэчыў: “Яна не хоча за цябе выходзіць”. Але хлопец прыгразіў і яму”.
 Вось так яна  выйшла замуж. Праз два тыдні сустрэлася з Мікалаем. Ён, напэўна, заўважыў, што яго каханая ішла, схіліўшы галаву.
-- Пакінь яго, пакуль не позна, паедзем са мной, -- угаворваў дзяўчыну  Мікалай.
Але яна зноў пабаялася.
“Праз некаторы час мы з мужам прыехалі ў Беларусь, -- працягвае жанчына. -- Пазваніла ў Ельню, адкуль родам быў Мікалай.  Мне сказалі, што Заікіных у вёсцы шмат, пра Мікалая не ведалі. Быць настойлівай у пошуку я тады не змагла. Праз гады пранесла добрую памяць пра гэтага чалавека, і вельмі хачу даведацца, як склаўся яго лёс. Дапамажыце ажыццявіць маю мару!”
Дай мне тваю руку
“Знайдзіце майго  каханага Аляксандра Андрэевіча НЯХАЯ, 1929 года нараджэння. Да службы ў войску на працу ў Мінск ён ездзіў з Калодзішчаў. Я чакала яго і зараз вельмі хачу ўбачыць і пагаварыць. Даўно ўдава. Мужчыны прапаноўвалі мне руку і сэрца, але я адмаўляла, чакала  Сашу. Калі ёсць магчымасць, калі ён такі ж адзінокі, няхай адгукнецца. Ева Іванаўна Кавалёва, Мінск”.
“Шукаю сябра маладосці Паўла Палікарпавіча БАТАЛАВА, 1930 года нараджэння. З 1970 па 1980-ы год ён служыў у органах па ахове правапарадку ў горадзе Варкуце, затым перайшоў на працу ў іншае месца. Таіса Станіславаўна Станкевіч, Барысаў”.
“З Міхаілам Васільевічам СКРЫПНІКАМ  мы разам вучыліся ў школе кінамеханікаў у горадзе Сарока Малдаўскай ССР у 1960--1961 гадах. Сустракаліся, пакахалі адно аднаго. Пасля заканчэння вучылішча яго забралі ў армію. Перапісваліся. Але я выйшла замуж, і сувязь паміж намі абарвалася. Хочацца даведацца, як склаўся яго лёс. Пасля арміі ён застаўся служыць звыштэрмінова у горадзе Стары Аскол Белгародскай вобласці. Марыя Піліпаўна, Мінск”.
Што ж ты нарабіла, вайна!
“Бабуля расказвала мне, што ў 1944 годзе, пасля вызвалення Беларусі, яна атрымала дзве пахавальныя: на сына і  мужа. Мой дзядуля Васіль Барысавіч ГОРБЕЛЬ памёр ад ран у шпіталі ў Польшчы, а дзе пахаваны, не ведаем. Дзядзька Пётр Васільевіч ГОРБЕЛЬ, 1923--1924 года нараджэння, прапаў без вестак у пачатку вайны. Служыў на граніцы. Перад гэтым закончыў ваеннае вучылішча. Бабуля пайшла з жыцця, так і не даведаўшыся, дзе пахаваны яе сын і муж. Цяпер я хачу знайсці звесткі пра ваенны лёс родных  людзей. Надзея Аляксееўна Пыж, Бабруйск”.
“Мой бацька Міхаіл Сцяпанавіч ДАВІДОВІЧ, 1905 года нараджэння, з Брэсцкага раёна, быў накіраваны на фронт у ліпені 1944 года, прапаў без вестак у маі 1945-га. Паведамленне пра гэта атрымала мая маці Кацярына Міхайлаўна Давідовіч. Яна заўсёды гаварыла мне: “Твой бацька загінуў пад Берлінам”. Магчыма, наш дарагі чалавек апошняе сваё пісьмо прыслаў менавіта адтуль. Высылаем фотаздымак, на якім мой бацька ў гімнасцёрцы справа. Раіса Міхайлаўна Макарэвіч, Мінск”.
“Дапамажыце даведацца, дзе загінуў і пахаваны мой свёкар Сяргей Іванавіч МУРАТАЎ, 1912 года нараджэння, які жыў з сям’ёй у Мінску. У пачатку вайны ён быў накіраваны на фронт. Атрымалі паведамленне, што ў 1944-м прапаў без вестак. У майго свёкра ёсць дзве ўнучкі, два праўнукі і праўнучка. Вельмі хочацца, каб яны ведалі пра свайго дзядулю і прадзядулю. Рэгіна Іосіфаўна Муратава, Мінск”.
“Мой брат Уладзімір Мікалаевіч САВЕЛЬЕЎ, 1915 года нараджэння, з горада Іжэўска Удмурцкай АССР. Як сведчыць даведка з архіва, быў камандзірам аддзялення 98-й стралковай дывізіі. Прапаў без вестак летам 1941 года. Беражліва захоўваю яго апошні ліст з фронту. Уладзімір вельмі любіў мяне, усіх сваіх родных. Я зрабіла медальёны на магілу бацькі, старэйшага брата, а таксама Уладзіміра, хоць і не ведаю, дзе ён пахаваны. Надзея Мікалаеўна Бурава, Мінск”.
“Мой брат Анатоль Апанасавіч СІДАРЭНКА, 1921 года нараджэння, з вёскі Колкі  былога Капаткевіцкага раёна Гомельскай вобласці, быў лётчыкам- лейтэнантам. 11 сакавіка 1945 года  ён быў на баявым заданні, з якога не вярнуўся на свой аэрадром. Родным паведамілі, што прапаў без вестак. Вельмі хочам даведацца пра лёс дарагога чалавека і пра таго, хто быў з ім побач у экіпажы. Леанід Апанасавіч Сідарэнка, Мазыр”.
Рэабілітаваны пасмяротна
“Мой бацька Іосіф Гаўрылавіч ГУЛІНСКІ, 1892 года нараджэння, удзельнічаў у грамадзянскай вайне, ваяваў разам з Будзённым. Аднойчы ў час бою,забілі яго каня, а бацька быў паранены ў абедзве нагі, трапіў у палон. Пяць гадоў ад яго не было ніякіх вестак, але, дзякаваць Богу, вярнуўся жывы. Нам, сваім дзецям, заўсёды казаў, каб старанна вучыліся, былі добрымі піянерамі і камсамольцамі, любілі і ўмацоўвалі савецкую ўладу. У сакавіку 1937 года, ноччу, у нашым доме з’явіўся нейкі важны начальнік з трыма камсамольцамі, зрабілі вобыск і арыштавалі бацьку. З намі, чацвярымі дзецьмі, засталася маці. Калі мы прыйшлі ў школу, нас абражалі і гаварылі, што мы -- дзеці ворага народа. Праз некаторы час выключылі з піянераў і акцябрат. Мы плакалі, было вельмі крыўдна. У 1959-м, калі шукалі бацьку, нам паведамілі, што ён быў асуджаны несправядліва і зараз рэабілітаваны, пасмяротна. Затым нам прывезлі і паказалі дакумент, з якога  даведаліся, што наш дарагі чалавек  памёр 14 верасня 1941 года. Яшчэ ўбачылі дзве папкі матэрыялаў яго справы. Я ўжо сама даволі сталы чалавек. І ўсё ж вельмі хачу даведацца, дзе пахаваны  мой бацька. Алена Іосіфаўна Палюховіч, Мінскі раён”.
Блізкія людзі
“Хачу ад усёй душы падзякаваць вам за тое, што адшукалі майго адзінага брата Сцяпана Сцяпанавіча Евянка. Яшчэ дапамажыце знайсці сястру майго мужа Надзею Радзівонаўну СМАЛЬЦАР. Родам яна з Хойніцкага раёна, і да чарнобыльскай бяды мы  жылі побач. А потым раз’ехаліся. Надзея Радзівонаўна стала жыць у дачкі Марыі Аляксееўны Ярэц у Карагандзінскай вобласці. Спачатку мы перапісваліся, а цяпер адказу на мае лісты няма. Алена Сцяпанаўна Бандарэнка, Орша”.
 “У маёй бабулі Яўгеніі Сямёнаўны Багданавай-Патоцкай, 1882 года нараджэння, былі сёстры Надзея Сямёнаўна і Алімпіяда Сямёнаўна. Хачу знайсці радню па лініі Надзеі Сямёнаўны БАГДАНАВАЙ-ПАТОЦКАЙ (па мужу Вянглінскай). Жыла яна ў Буда-Кашалёве на Гомельшчыне. У яе была дачка Нюся -- Ганна. Вельмі хачу ўбачыць цётку Ганну і яе дзяцей, больш даведацца пра родных, свае карані. Прозвішча пасля замужжа ў маёй бабулі Яўгеніі Сямёнаўны было Нікіфарава. Такое ж і ў мяне ў дзявоцтве. Родныя мае, адгукніцеся! Людміла Леанідаўна Бярозкіна, Ваўкавыск”.
“Шукаю дзядзьку Аркадзя Мікалаевіча КЛЯВІНА, прыкладна 1934--1936 года нараджэння. Ён жыў у сям”і, дзе было васьмёра дзяцей, на жаль, трое з іх памерлі ўжо. Апошні раз Аркадзь Мікалаевіч прыязджаў з горада Сасноўка Львоўскай вобласці на пахаванне брата Уладзіміра. З таго часу ад яго няма ніякіх звестак. Жыў наш дарагі чалавек з жонкай Ганнай, у якой была дачка Ганна. Магчыма, яны паехалі да яе, толькі вось іх адрас не ведаем. Надзея Уладзіміраўна Лагунова, Лёзна”.
“Мой брат Зыгмунд Міхайлавіч МІТУНЕВІЧ, 1931 года нараджэння, з жонкай Наталляй і дочкамі Людмілай і Ірынай жыў у Малдавіі. Сувязь з імі страчана, а так хочацца ведаць пра іх лёс. Сабіна Міхайлаўна Кетрыс, Паставы”.
“Мая стрыечная сястра Аліна Аляксандраўна ФРАЛОВА, 1935 года нараджэння, жыве ў Маскве. Раней у нас была цесная сувязь. А зараз, магчыма, яна памяняла ці прадала кватэру, новы адрас яе я не ведаю, а хачу шмат што расказаць сястры. Аліна ў свой час закончыла кансерваторыю і працавала ў музычнай школе педагогам. Яна знаёмая ў Маскве з многімі артыстамі і іншымі вядомымі людзьмі. У яе ёсць сын Аляксандр Андрэевіч Фралоў, 1959 года нараджэння. Паехаць да родных не магу. А вось ліст паслала б з задавальненем. Наталля Уладзіміраўна Сохіна, Гомель”.
“Мая цётка Ядвіга Віктараўна ІРЧЫЦ (Садоўская) нарадзілася 9 мая 1945 года, жыла ў Іўеўскім раёне. У 1974-м паехала з сям’ёй у Казахстан. У апошні час была ў дачкі Алены ў Карагандзінскай  вобласці. Ужо даўно ад іх няма вестак. Мабыць, пераехалі ў іншае месца. Галіна Іосіфаўна Івалгіна, Ліда”.
Помнік пажаўцеў
 “На Паўночных могілках побач з маім мужам пахаваны Канстанцін Іосіфавіч Міхайлоўскі, магіла якога запала ўніз, помнік пажаўцеў.  Хачу, каб родныя гэтага чалавека адгукнуліся, я сустрэну іх і правяду да месца, дзе ён пахаваны. Таццяна Кулікоўская, Мінск”.
Дарагія сябры
“У 1951 годзе разам са мной у адным з ваенкаматаў працавала Ксенія Паўлаўна ГАЎРЫЛЕНКА. Потым яна выйшла замуж за Мікалая Пікуліна, і яны жылі  пад Мінскам. Я перайшла на працу ў вайсковую часць у Валожыне,  выйшла замуж, і мы з мужам паехалі за мяжу, у ГДР. Калі вярнуліся, пачалі шукаць сяброў, але безвынікова. Ксенія Паўлаўна Гаўрыленка -- удзельніца Вялікай Айчыннай вайны, цудоўнай душы чалавек. Хачу даведацца пра яе лёс, здароўе. Надзея Сямёнаўна Мельнікава, Валожын”.
“Дапамажыце знайсці сябра Мікалая, з якім мы праходзілі вайсковую службу ў Комі АССР, у горадзе Пячоры. Было гэта ў 1988--1990 годзе. Мікалай быў токарам. Жыў  у Беларусі, на мяжы з Польшчай. Адтуль і прызваны ў войска. Калі быў вольны час, мы з ім хадзілі ў спартыўную залу. Пра сябе паведамляю: я, Эльшан Фятула Гадшыеў, 1969 года нараджэння, з Азербайджана, з горада Баку. У час службы ў арміі запраўляў  машыны. Зараз жыву ў Мінску”.
“Шукаю сяброў маладосці Мікалая Несцеравіча ЧУБАКОВА, а таксама братоў-блізнят Васіля і Івана ЖУРАЎКОВЫХ.  Сябры 1944 года нараджэння. Усе мы  родам з Хоцімскага раёна. Марыя Цімафееўна Шасцярнёва, Бабруйск”.
Школьны вальс, студэцкая пара
“Наша група ОР-86 Магілёўскага машынабудаўнічага тэхнікума, выпуску 1959 года, просіць дапамагчы нам у пошуку  былога аднакурсніка Уладзіміра Раманавіча ЛУКАШЭНКІ, 1941 года нараджэння. Сёлета ў нас юбілей: 50 гадоў пасля заканчэння навучальнай установы. Многіх нашых выпускнікоў удалося знайсці, а яго не можам. Нас размяркоўвалі на працу па ўсім былым Савецкім Саюзе. Уладзімір Лукашэнка, здаецца, заставаўся ў Беларусі. Вельмі хочам з ім сустрэцца. Высылаем фотаздымак яго ў маладосці, спадзяёмся, ён дапаможа ў пошуку. Ад імя групы Валянціна Фёдараўна Саўчанка-Сцепаненка, Мінск”.
“У 1950--1951 годзе  мы закончылі Краснапольскую сярэднюю школу. Разам з намі вучылася Паліна Максімаўна БАБРОВА (прозвішча дзявочае). Яна выйшла замуж за чыгуначніка, працавала ў пунктах харчавання на станцыі Мінск-Пасажырскі і ў аэрапорце Мінск-1. Зараз, як і мы, на заслужаным адпачынку. Хочам арганізаваць сустрэчу сяброў, былых аднакласнікаў, і знайсці Паліну. Васіль Іванавіч Марозаў, Віктар Уладзіміравіч Кісялёў, Ніна Іванаўна Еўдакімава, Іна Паўлаўна Карпаленка, Надзея Сцяпанаўна Якубенка, Мінск”.
“Вельмі ўдзячныя вам за дапамогу ў пошуку нашай былой аднакласніцы Падалінскай. Мы з ёй ужо наладзілі сувязь. А зараз у нас другая просьба: дапамажыце сабраць на сустрэчу  ўсіх нашых былых аднакласнікаў, выпуску 1959 года. Сустракацца будзем 8 жніўня 2009 года ў гарадскім пасёлку Багушэўск. Выпускнікі 1959 года багушэўскай СШ № 1 Віцебскай вобласці.
Мы ладзім сустрэчы
Святлана Мікалаеўна Аляшкевіч з Ляхавіч больш як дваццаць гадоў не  ведала пра свайго дзядзьку Рыгора Пятровіча Бізу, 1929 года нараджэння, які жыве ў Рэспубліцы Карэлія. Там і яго дачка Галіна Рыгораўна Платонава, ад якой таксама даўно не было пісьмаў. З дапамогай кіраўніка адміністрацыі Рэспублікі Карэлія родныя знайшліся. Іх адрас высланы пісьмом.
Галіна Уладзіміраўна Маркава з Талачынскага раёна шукала брата Уладзіміра Уладзіміравіча Бацалёва, 1948 года нараджэння. Апошняе  пісьмо  ён прыслаў  у 1987 годзе з Прыморскага краю. З дапамогай выканаўча-распарадчых органаў мясцовага самакіравання адміністрацыі адной з гарадскіх акруг Прыморскага  краю стала вядома пра лёс У.У.Бацалёва.
Аляксей Фёдаравіч Мельнікаў з Мядзельскага раёна шукаў сяброўку маладосці Тамару Міхайлаўну Новікаву (Рыжову), з якой пазнаёміўіся ў горадзе Данілаў Яраслаўскай вобласці. З дапамогай кіраўніцтва Яраслаўскай вобласці Расіі просьба аб пошуку выканана. Пра вынікі -- у пісьме.
Масквіч Леанід Андрэевіч Грэбнеў шукаў звесткі пра бацьку Андрэя Мікітавіча Грэбнева, 1919 года нараджэння, з Сенненскага раёна. У мірны час ён быў трактарыстам. У вайну -- байцом партызанскіх атрадаў № 17, “Мсцівец” брыгады Данукалава. “Бацька быў добрым музыкантам, калі ішоў змагацца з ворагам, узяў з сабой гармонік. Можа, дзякуючы гэтаму хто запомніў яго”, спадзяваліся родныя, якія паведамілі, што Андрэй Мікітавіч прапаў без вестак у час прарыву варожай блакады непадалёку ад Ушач.
Калегам з радыё прыслаў ліст Кузьма Маркавіч, які паведаміў, што баец загінуў, а, магчыма, прапаў без вестак у час прарыву варожай блакады ў маі 1944 года. “Я таксама ўдзельнік гэтага прарыву, -- напісаў ён. --  Гармонік у мяне. Я захаваў яго, як і прасіў партызан. “Зберажы яго, -- гаварыў ён. -- Застануся жывы -- забяру. Калі знайшліся  родныя ўладальніка  гармоніка, я аддам яго”.
Таццяна Міхайлаўна Клачко-Матач з Баранавіч шукала былую школьную сяброўку Людмілу Мацвееўну Навасадную, разам з якой сядзела за адной партай. Але сталася так, што яны рассталіся і страцілі сувязь. Людміла Мацвееўна знайшлася, і сяброўкі ўжо размаўлялі па тэлефоне. Вырашылі больш ніколі не расставацца, ва ўсім падтрымліваць адна адну.

Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00 і ў сераду ў 21 гадзіну.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter