"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Разам з абуджэннем прыроды ажываюць у душы i ўспамiнах пяшчотна-светлыя пачуццi. Аб гэтым сведчаць i лiсты, якiя прыходзяць на сумесны пошукавы праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i "Народнай газеты" "Помнi iмя сваё..." Помняць, кахаюць i шукаюць сваiх каханых праз дзесяцiгоддзi. Каб сказаць тое, што не асмелiлiся некалi ў маладосцi, папрасiць прабачэння цi проста паглядзець адно аднаму ў вочы. I не трэба саромецца ўзросту цi таго, як на гэта адрэагуюць родныя i знаёмыя. Успамiнайце, шукайце, а мы дапаможам.

З першага погляду
"У 1960 годзе я жыла на тэрыторыi торфапрадпрыемства "Галое" ("Галае") Добрушскага раёна, вучылася на трэцiм курсе Гомельскага педiнстытута. Летам у наша мястэчка прыехала група навучэнцаў Мiнскага ПТВ. Сярод iх быў Iгар САВIЦКI (Мiкалаевiч або Канстанцiнавiч), 1942 года нараджэння. Каханне ўспыхнула з першага погляду. Але абставiны былi супраць нас. Iгар у 1961 годзе застаўся працаваць на торфапрадпрыемстве. Увосень таго ж года яго забралi ў армiю. Служыў матросам-падводнiкам у Балтыйску, пад Калiнiнградам. Як склаўся яго лёс далей, не ведаю. Магчыма, ён вярнуўся дадому, у Беларусь. Мы ўжо сталыя людзi, але я хачу сустрэцца з iм, пагаварыць. Тамара Iванаўна Шаўчэнка".
Пазнаёмiлiся ў санаторыi
Надзея Фёдараўна Калтовiч хоча даведацца пра лёс яе знаёмага Пятра ГОРБАЧА, прыкладна 1933--1934 года нараджэння. Яны пазнаёмiлiся ў санаторыi "Крынiца". Апошнi раз бачылiся дзесьцi ў 1981--1982 годзе. Раней ён жыў у Мiнску па вулiцы Даўгабродскай, потым пераехаў у iншы раён.
Дакараю сябе
"На працягу доўгiх гадоў я дакараю сябе, што не паехала ў Расiю. Бо ўсе гады памятаю пра свайго добрага сябра. У 1967 годзе я працавала ў ваенным гарадку Сцяпянка ў ваенгандлi прадаўцом. У сакавiку гэтага ж года пазнаёмiлася з салдатам Пятром Паўлавiчам АНДРЭЕВЫМ з горада Зуеўка Кiраўскай вобласцi. Па нацыянальнасцi удмурт. Мы сустракалiся штодзённа да яго дэмабiлiзацыi ў 1968 годзе. Кахалi адно аднаго, рашылi стварыць сям`ю. Але лёс распарадзiўся iнакш. Ён не захацеў жыць у Беларусi, бо ў Зуеўцы былi мацi i сястра. Я не паехала за iм у Расiю. Пётр некалькi разоў прыязджаў, мы перапiсвалiся. А ў 1971 годзе я пераехала са Сцяпянкi ў Мiнск на iншую кватэру. Сувязь з сябрам страцiла, пiсьмы вярталiся з надпiсам "адрасат выбыў". Дзесьцi ў 1972-м ён прыязджаў на старую кватэру, але мне паведамiлi позна. Так перарвалася наша дружба. Ён быў вельмi добры чалавек, самым лепшым для мяне. Аднак, што зробiш, жыццё такое. Прайшло больш за 35 гадоў з апошняй сустрэчы, а я не магу забыць Пятра. Цiкава, як ён зараз жыве?
Адшукваю таксама сваю школьную сяброўку, выхаванку Чэрвеньскага дзiцячага дома № 1 Тамару Васiльеўну МАТВЕЕВУ, 1945--1946 года нараджэння. З ёй я вучылася з 1954 па 1962 год. Прыкладна ў 1965-м я выпадкова сустрэла Тамару ў Мiнску, у раёне парка Чалюскiнцаў. Мы загаварылiся i забылiся абмяняцца адрасамi. Валянцiна Iванаўна Чыжанькова, Барысаў".
Вярнуўся ў Кiргiзiю
Ларыса Мiхайлаўна Лазiцкая хоча знайсцi сябра юнацтва Сяргея Мiкалаевiча ЛЯСНЫХ, ураджэнца Кiргiзii. Ларыса спявала ў фабрычным хоры "Камунарка", вучылася ў Оршы. А Сяргей служыў у в/ч 55083 (вёска Усце). Яны сябравалi гады два. Сяргей вярнуўся пасля армii ў Кiргiзiю. Як склаўся яго лёс далей, невядома.
Каханая выйшла за другога
"У 1957 годзе я паступiў вучыцца ў мiнскае чыгуначнае вучылiшча № 3, якое скончыў у 1959-м. Размеркавалi ў Мiнскае вагоннае дэпо слесарам. Падчас вучобы пазнаёмiўся з вельмi прыгожай дзяўчынай Ганнай ПIНЧУК (прозвiшча па бацьку Волкава). Яна вучылася ў пятым рамесным вучылiшчы палiграфiстаў. Жылi яны тады па вулiцы Захарава, дзе быў першы тралейбусны парк. Мацi яе працавала вадзiцелем тралейбуса. Ганна -- маё першае i сапраўднае каханне. Пасля вучобы яна паехала на практыку ў горад Элiста. Некаторы час мы перапiсвалiся, а потым прыйшоў ад яе лiст, змест якога я памятаю назубок: "Больш не пiшы мне, я выйшла замуж". Праз некаторы час Ганна вярнулася жыць у Мiнск. Як склалася яе сямейнае жыццё, не ведаю. Калi яна пазнае праз столькi гадоў гэту гiсторыю, хай адгукнецца. Анатоль Iосiфавiч Свiрыдовiч, Мiнск".
Пiсьмо не адаслала
Сваё першае каханне Анатоля ЯМПОЛЬСКАГА, прыкладна 1939 года нараджэння, памятае Таiса Мiхайлаўна Разанава. "У красавiку 1961 года ён быў у адпачынку ў Луганскай вобласцi (горад Маладагвардзейск). Яго мацi была замужам за дырэктарам школы, акрамя Толi ў яе быў малодшы сын (iмя не памятаю). Толя Ямпольскi працаваў на танкеры "Чарнаўцы" у Адэсе. Праз некаторы час я пераехала жыць у горад Чарнаўцы. Пасля нашай сустрэчы я спрабавала напiсаць яму, але лiст так i не адаслала. Спадзяюся, што праз столькi гадоў мы сустрэнемся". 
Гора мацi
"27 сакавiка 2006 года мой сын Андрэй Уладзiмiравiч БУДНIКАЎ, 1984 года нараджэння, пайшоў з дому i не вярнуўся. Праз некалькi дзён яго бачылi ў Мiнску. Ён быў у сяброў, якiя вучылiся ў тэхналагiчным унiверсiтэце. Дадому не тэлефанаваў. А 21 мая Андрэй з`явiўся ў Гомелi. Больш пра яго мы нiчога не ведаем. Магчыма, хтосьцi бачыў сына, паведамiце. Андрэйка, сынок, патэлефануй цi напiшы. Мы вельмi чакаем цябе дадому. Вяртайся. Твая матуля Зоя Уладзiмiраўна Буднiкава, горад Бабруйск".
Дарагiя, родныя
"Шукаю блiзкiх i дарагiх людзей: зяця Iвана i ўнучку Наташу (прыкладна 1970--1971 года нараджэння). У 1974-м памерла мая дачка, зяць з унучкай жылi ў суседняй вёсцы, а потым пераехалi ў горад Сургут Цюменскай вобласцi. З 2001 года я пераехала да дзяцей у Гродзенскую вобласць. Некалькi разоў адпраўляла зяцю i ўнучцы пiсьмы ў Сургут, адказу не атрымала. Што здарылася з iмi? Магчыма, да кагосьцi прыязджаюць з Сургута родныя. Можа, яны дапамогуць мне? Вера Яфiмаўна Ажанiлак, Скiдзель".
"У 2003 годзе пайшоў з дому i не вярнуўся мой пляменнiк Мiхаiл Вячаслававiч ЧАРНЯЎСКI, 1980 года нараджэння. Хочам адшукаць яго цi сведак, якiя бачылi або ведаюць, дзе ён. У Мiшы застаўся сын Дзiмачка, якi вельмi чакае тату. Людмiла Савельеўна Петрыкава, Аршанскi раён".
"Больш за 20 гадоў нiчога не ведаю пра сваiх пляменнiкаў Валянцiну, Наталлю i Вячаслава КРАЎЧАНКАЎ. Валянцiна Уладзiмiраўна Краўчанка жыла ў Калужскай вобласцi. Ёсць звесткi, што яна выйшла замуж i быццам бы пераехала ў Мiнскую вобласць. Калi гэта так, то праз яе можна знайсцi Наташу i Славу. Вельмi чакаю сустрэчы. Iван Пятровiч Краўчанка, Бабруйск".
"Шукаю сваiх родных i сяброў. Генадзь Фёдаравiч БАНДАРЭВIЧ раней жыў у Вiцебскай вобласцi, вёска Поўзiкi (так у пiсьме), на той адрас пiшу пiсьмы, адказу няма. Леанiд Фёдаравiч БАНДАРЭВIЧ жыў у Сянно. Яшчэ шукаю Дар`ю Аляксандраўну ЧАШЫНСКУЮ. Хачу даведацца пра лёс Таццяны ШЫДЛОЎСКАЙ. Здаецца, яна выйшла замуж, працавала ў аддзеле кадраў МТС Сянно. Шукаю Фёдара ГАРБАЧОВА. Ён жыў раней у вёсцы Галоўск Сенненскага раёна. Некаторы час я жыла ў КССР, потым пераехалi з сям`ёй у Магiлёўскую вобласць. Надзея Iванаўна Бандарэвiч (Мiзаўцова), Дубровенскi раён".
Уладзiмiр Антонавiч Корзан шукае стрыечных сясцёр, дачок роднай цёткi Iрыны Канстанцiнаўны ПЕЦЬКI. Яны павiнны жыць у Гомелi цi Вiцебску.
"Некалькi гадоў я не бачыла брата Уладзiмiра Рыгоравiча СТУПЕНЯ, прыкладна 1942--1943 года нараджэння. Ён жыў у Гарадку Вiцебскай вобласцi. Часта прыязджаў да сваёй матулi, потым на памiнкi. Гадоў пяць таму прыехаў-такi схуднелы, хваравiты. Гэта была наша апошняя сустрэча. Я вельмi хвалююся, бо з таго часу нiчога не ведаю пра яго. У Вiцебску жылi дзве яго дачкi Алена i Iрына (дзявочыя прозвiшчы Ступень). Хай адгукнуцца. Яшчэ хачу даведацца пра лёс стрыечнай сястры Валянцiны Мiкалаеўны СТУПЕНЬ, прыкладна 1938 года нараджэння. Яна некаторы час жыла ў мяне, працавала ў дзiцячым садку. У 1960 годзе я паехала ў вёску Цялуша, а Валя выйшла замуж за Рыгора Альперына i дзесьцi ў 1962-м па размеркаваннi яны паехалi ў Чэлябiнск. Нарадзiлiся ў iх два сыны, аднаго звалi Ларык. Пакуль жыла яе мацi, яна прыязджала. У канцы 1970-х гадоў перапiска з ёй абарвалася. Валянцiна Iванаўна Лаўрыновiч (Цялуша)".
На сустрэчу з юнацтвам
Эмiлiя Iосiфаўна Камароўская i Тамара Мiтрафанаўна Карпушкiна арганiзоўваюць сустрэчу выпускнiкоў. "У 1953 годзе мы вучылiся ў Мсцiслаўскiм педвучылiшчы, пасля першага курса нас перавялi ў Крычаўскае педвучылiшча, якое скончылi ў 1957-м. На працу накiравалi ў Магiлёўскую вобласць. Цяпер жывём у Мiнску i вельмi хочам сустрэцца з юнацтвам, успомнiць студэнцкiя часы. Адгукнiцеся Лiдзiя АСТРАКОВА, Тамара БАРКОВА, Марыя БАЛЬШУНОВА, Лiдзiя ГАЎРУСЁВА, Вольга ДРАЗДОЎСКАЯ, Тамара ЖУКОЎСКАЯ, Людмiла ЕЛIСЕЕНКА, Пётр ЛЮСIКАЎ, Глафiра ЦВЯТКОВА, Нiна СIНIЦЫНА, а таксама ўсе выпускнiкi педвучылiшча 1957 года".
Знайшлiся!
Прыемная навiна адрасуецца Але (Алiне) Яцыне (Гасюль). Яна шукала аднакурснiц з Полацкага ляснога тэхнiкума (1964--1967 года навучання). З трэцяга курса яна перавялася на завочнае, а потым зусiм пакiнула тэхнiкум, таму шмат гадоў нiчога не чула пра сваiх сябровак. Адгукнулася Таiса Вiкенцьеўна Пакладок (Жалток). Таiса Вiкенцьеўна 37 гадоў адпрацавала ў Вiлейскiм лясгасе. Яна ўспомнiла гады вучобы i Алу Яцыну. Жанчына таксама хоча адшукаць аднакурснiц, з якiмi жыла ў адным пакоi: Марфу Пачэпку, Соню Каляду, Ганну Гулевiч, а яшчэ Таццяну Шчур.
Цiхан Мiтрафанавiч Русакевiч з Салiгорскага раёна шукаў дарагiх яму людзей, з якiмi служыў. Знайшоўся былы саслужыўца Вiктар Усцiнавiч Шыкароў. Расказаў пра сваё жыццё. Запрасiў сябра ў госцi.
Адгукнiцеся!
"Шукаю адрас земляка Леанiда ВАРАВЫ, магчыма, ён жыве з сям`ёй у Гомелi. Праз яго хачу даведацца пра сваiх знаёмых, якiх не бачыла гадоў 40. Пасёлка, дзе мы некалi жылi, няма ўжо (ён называўся Свабодны Чарнаокаўскага сельсавета Клiмаўскага раёна Бранскай вобласцi). Людзi параз`язджалiся, магчыма, кагосьцi няма ўжо на гэтым свеце. Але памяць пра iх я захавала. Спрабавала звязацца з сяброўкамi юнацтва -- беспаспяхова. Спадзяюся, што яны напiшуць цi патэлефануюць. Святлана Дзянiсаўна Пацукова, Мiнск".
Станiслава Фёдараўна Казачонак шукае Марыю Васiльеўну СТРЫЖЭВIЧ, з якой разам працавала ў Круглянскай школе-iнтэрнаце. Калега пераехала ў Мiнск. "У мяне доўгi час вельмi хварэў муж, таму я не магла часта падтрымлiваць сувязь з Марыяй. Прайшло ўжо шмат гадоў i я хачу даведацца, як склаўся лёс сяброўкi".
Пошукi працягваюцца
Нашы калегi зачытвалi, а мы друкавалi пiсьмо ад Iрыны. Яна шукала родных Аляксандра Анатольевiча Нiкалайчука. Нарадзiўся ён 12 чэрвеня 1971 года. Да шасцi гадоў жыў разам з мацi Валянцiнай Пятроўнай, бацькам Анатолем Iванавiчам, старэйшай сястрой i малодшымi братамi-блiзнятамi ў Слуцку па вулiцы Парыжскай Камуны. Так здарылася, што тату i мацi пазбавiлi бацькоўскiх правоў, а Сашу аддалi ў Слуцкi iнтэрнат, затым перавялi ў Крывiчы Мядзельскага раёна. Аляксандр спрабаваў адшукаць сваiх родных, але суседзi па кватэры ў Слуцку сказалi, што бацькi прадалi кватэру i з`ехалi ў Расiю, куды -- невядома. Яго мацi i бацька нарадзiлiся ва Украiне, у Чарнiгаўскай вобласцi, жылi там да 1969 года, потым пераехалi ў Слуцк.
Адгукнулася суседка Таццяна Быстрымовiч. Яна расказала, што сястра Аляксандра Святлана закончыла педiнстытут у Мiнску i што брат Сяргей таксама жыве ў сталiцы. Пасля размовы з ёй стала вядома, што Нiкалайчукi сапраўды жылi па вулiцы Парыжскай Камуны, але не ў 64-й, а ў 67-й кватэры. Зараз у ёй жыве Таццяна Фёдараўна Паксадзе, нейкая сваячка сям`i Нiкалайчукоў. Яна паведамiла, што Святлана i бацька нiбыта жывуць на Украiне, а брат Сяргей пасля заканчэння iнстытута -- у Мiнску. А братоў-блiзнят (пра якiх пiсала Iрына) у сям`i быццам не было.
Таццяна Быстрымовiч (Мiгун) папрасiла адшукаць свайго брата Аляксандра Фёдаравiча БЫСТРЫМОВIЧА, 1967 года нараджэння. У 2001 годзе ён паехаў на заробкi ў Санкт-Пецярбург. Спачатку тэлефанаваў, а ўжо чатыры гады пра яго нiчога невядома.   
Калегi збiраюцца звязацца з Iрынай, якая напiсала пiсьмо ад iмя Аляксандра Нiкалайчука, i ўдакладнiць звесткi пра яго сям`ю. Усе падрабязнасцi гэтай гiсторыi мы абавязкова паведамiм.
Пасябравалi на Камчатцы
Анжалiна Вiктараўна Дабравольская адшуквае Вiкторыю Алегаўну (4 кастрычнiка 1970 года нараджэння) i Iлону Алегаўну (5 студзеня 1976 года нараджэння) ДЗМIТРЫЕВЫХ, з якiмi вучылася ў СШ № 1 Петрапаўлаўска-Камчацкага. "У 1985--1986 гадах мы з Вiкай заканчвалi 10А клас, Iлона -- толькi чацвёрты. Жылi яны тады ў Петрапаўлаўску па вулiцы Сонечнай. Iх мацi Нiна працавала, здаецца, у iнстытуце вулканалогii, бацька Алег -- у КЭЧ. Пасля школы я паступiла на фiлалагiчны факультэт Камчацкага педiнстытута, а пасля 1-га курса разам з бацькамi i сястрой пераехалi ў Мiнск. Ведаю, што Вiка пайшла вучыцца на швачку. Мы перапiсвалiся гады два. Пасля таго як Вiка i Iлона даведалiся, што бацькi iх развялiся, перапiска абарвалася. Магчыма, яны пераехалi з Камчаткi на "мацярык". Можа, хто ў Беларусi ведае пра сям`ю Дзмiтрыевых, паведамiце. Яшчэ я шукаю звесткi пра дзядулю Цiмафея Агафонавiча КРЫСIНА, прыкладна 1906--1910 года нараджэння, ураджэнца Тамбова цi вобласцi. У гады Вялiкай Айчыннай ваяваў пад Сталiнградам, прапаў без вестак. Бацькi дзядулi -- Агафон i Кацярына Крысiны -- былi рэпрэсiраваны i сасланы ў Карэлiю. Дзед Цiмафей перад вайной жыў у Тамбове i працаваў бухгалтарам. Меў сям`ю: жонка Соф`я Iванаўна (дзявочае прозвiшча Дабравольская), дачка Лiдзiя, 1938 года нараджэння, i сын Вiктар, 1940 года нараджэння. Пасля вайны бабуля спрабавала адшукаць дзеда -- безвынiкова. Спадзяюся, што засталiся яшчэ ў жывых аднапалчане дзеда, магчыма, яны жывуць у Беларусi. Хай адгукнуцца".
Маргiта з Германii
Таццяна Мiкалаеўна Нiкiцiна (Жаркова) шукае Маргiту ТОЙХЕРТ (Вiнклер). "Яна нарадзiлася 19 сакавiка 1955 года ў Ельстэрвердзе (Германiя). Я з Маргiтай вучылася ў Тэхналагiчным iнстытуце харчовай прамысловасцi ў Маскве (1973--1978 гг.), яна добра размаўляла па-руску. Пасля вучобы Маргiта вярнулася ў Германiю, а я па размеркаваннi паехала ў Мiнск. Мы перапiсвалiся некаторы час. Я нават ездзiла да яе ў госцi ў Германiю (у 1979-м i 1983 гадах). Маргiта была замужам за Людвiгам Тойхертам, ён нарадзiўся ў Хоенштайн-Ернштале (так у электронным лiсце). У 1994 годзе Маргiта з мужам прадалi кватэру ў Берлiне i пераехалi ў прыгарад. Я некалькi разоў спрабавала аднавiць сувязь, аднак пiсьмы вярталicя без адказу. Магчыма, я няправiльна пазначыла iх адрас. Спадзяюся, што электронную старонку праекта (www.tvr.by) наведваюць i жыхары Германii. Можа, яны мне дапамогуць".
Па прозвiшчы Пянчук
Мiкалай Леанiдавiч Пянчук з Кiева адшуквае ў Беларусi людзей з такiм жа прозвiшчам. Ён хоча знайсцi сяброў цi нават родных. Бацька яго Леанiд Дзмiтрыевiч (Мiкiтавiч) Пянчук памёр у 1988 годзе, а дзед Дзмiтрый (Мiкiта) Сiдаравiч (цi Iванавiч) Пянчук прапаў без вестак у 1945-м на фронце.
Забралi ў канцлагер
Анатоль Мiкалаевiч Баталка хоча даведацца пра лёс Лiдзii Цiтаўны ЛАТЫШАВАЙ. "Яна нарадзiлася ў 1922 годзе ў вёсцы Рубеж Бешанковiцкага раёна. У канцы Вялiкай Айчыннай яе забралi ў канцлагер у Лепель. Лiдзiя Цiтаўна мела пры сабе толькi пашпарт (прозвiшча было пазначана па мужу Аксёнава). З таго часу пра яе нiчога невядома".
Прапалi без вестак
"Мой брат Генадзь Рыгоравiч БАСАЎ, 1922 года нараджэння, прапаў без вестак у гады Вялiкай Айчыннай. У армiю прызываўся ў 1940 годзе Жабiнкаўскiм райваенкаматам. Служыў у горадзе Канатопы (так у пiсьме). Нашу хату разбамбiлi немцы ў першыя гадзiны вайны. Нас эвакуiравалi ў Курганскую вобласць. З братам не перапiсвалiся. Магчыма, ён пiсаў дадому, але адрас ужо не iснаваў. Пасля вайны мы атрымалi паведамленне, што ён прапаў без вестак у красавiку 1944 года. Больш нiчога не ведаем. Але не пакiдае надзея адшукаць звесткi пра Генадзя. Можа, засталiся яго былыя аднапалчане? Людмiла Рыгораўна Кажамяка, Жабiнка".
"Па словах маёй мацi, Iосiф Канстанцiнавiч ГУРЫНОВIЧ прапаў без вестак у 1941-м. Iосiф нарадзiўся ў 1915 годзе ў вёсцы Глухое Чэрвеньскага раёна. Служыў у Заходняй Беларусi. Жонку яго звалi Тоня. Больш нiчога пра сям`ю дзядзькi невядома. Хачу адшукаць месца, дзе ён пахаваны. Генадзь Адамавiч Гурыновiч".
Звесткi пра дзядзьку Уладзiмiра Мiхайлавiча ХРАМЦОВА шукае Вера Васiльеўна Касцюшова (Косцюшава). "Уладзiмiр Мiхайлавiч нарадзiўся ў 1920 годзе ў вёсцы Шашы Вiцебскай вобласцi. У 1944-м даслаў дадому пiсьмо з фотаздымкам з Усходняй Прусii. Апошнi лiст прыйшоў 14 красавiка 1945 года. Дзядзька быў танкiстам, ваяваў пад Кёнiгсбергам. Зваротны адрас быў: палявая пошта 24456-И".

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter